Вы тут

Віцебскія дызайнеры стварылі калекцыю хустак, якія можна атрымаць, зрабіўшы фота без макіяжу


Члены грамадскага аб'яднання «Беларуская палата моды» Марына Давыдава, Таццяна Яфрэмава і Наталля Балашэўская стварылі хусткі з аўтарскім прынтам, якія можна атрымаць праз сацыяльныя сеткі.

Віцебская мастацкая традыцыя стала шырока вядомай ва ўсім свеце дзякуючы Марку Шагалу, яго карцінам з глыбокімі сэнсамі і таемнымі знакамі. Менавіта гэта спадчына злучылася з карпаратыўнай філасофіяй брэнда Dove ў праекце «#покажитенас» — жанчына прыгожая апрыёры.

Стандарты прыгажосці? Эталонныя асобы? Іконы і секс-сімвалы? Не, гэта стэрэатыпы, якім не месца ў XXІ стагоддзі! Кожная жанчына ўнікальная і прыгожая. Кожная і эталон, і прыклад для пераймання, і ідэал. Кожнай жанчыне ёсць што сказаць і паказаць. Яна валодае сілай волі, любові і тварэння, а як следства — непаўторнай прыгажосцю, якая не мае межаў.

На жаль, у медыйнай прасторы ўсё яшчэ тыражуюцца крытэрыі «прыгожа» і «непрыгожа». Але мы жывём у важны час, калі самавыяўленне, гендарная роўнасць, узаемная павага людзей у грамадстве маюць вялікае значэнне і каштоўнасць. Таму дызайнеры натхніліся сімвалам свабоды — голубам. Вынікам сумеснай працы стала лімітаваная лінейка шыйных хустак і хустак-карэ з экашоўку трох розных дызайнаў.

«Сінія галубы, размешчаныя на хустцы, працягваюць ідэю кампаніі Dove: маніфест любові і свабоды жанчыны. Мэтай пры стварэнні прынтаў для хусткі было дапамагчы жанчынам зноў адчуць сябе прыгожымі і бестурботнымі. А кветкавы прынт, як ніколі, актуальны менавіта вясной», — гаворыць дызайнер Наталля Балашэўская на сайце Беларускай палаты моды.

«Хустка ў гардэробе іграе важную ролю незалежна ад таго, як яе выкарыстоўваць, — тлумачыць кіраўнік Belarus Fashіon Week, старшыня Беларускай палаты моды Яніна Ганчарова. — Яна быццам бы фіналізуе вобраз і задае яму настрой. Калі гэта шыйная хустка, то падыходзіць да дзелавых вобразаў, добра спалучаецца з касцюмамі і кашулямі. Рамантычныя асобы ўплятаюць іх у валасы або павязваюць на сумку. Хустка — ідэальны аксесуар, каб закруціць яго на каўнер паліто ці накінуць на плечы. Розныя спосабы нашэння — розныя ролі сучаснай жанчыны».

Праект ініцыяваны старшынёй Беларускай палаты моды. Творчых лэдзі падтрымаў вядомы брэнд Dove. Матэрыялізаваць дызайн дапамагла кампанія Elletto — модны брэнд з Брэста, які ўзяў на сябе вытворчы бок праекта. Больш за сто вырабаў плануецца раздаць праз сацыяльныя сеткі. Для гэтага трэба зрабіць фота без макіяжу, выкласці ў сваім інста-акаўнце і адзначыць тэгам #покажитенас, а таксама выслаць у дырэкт @modalіve.by. Пры гэтым абавязкова быць падпісантам @belarusfashіonweek і @belarusfashіoncouncіl.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?