Вы тут

Нататкі шматдзетнага таткі


Адвёз дзяцей у школу, прыпаркаваў машыну каля дома (каб потым на метро ехаць на работу) і выпадкова — задняе шкло яшчэ не адмерзла — цюкнуў машыну, якая стаяла ззаду. Выйшаў, уважліва агледзеў яе на наяўнасць пашкоджанняў: нічога не выявіў. Але, разважаю, гаспадару трэба паведаміць у любым выпадку. Пачаў думаць, як знайсці ўладальніка. У выніку ўспомніў, што ў нас жа ёсць такая бессэнсоўная рэч, як дамашні чат. Напісаў туды: маўляў, гаспадар, аб'явіся.


Толькі адправіў паведамленне, падыходзіць мужык. Як высветлілася, гаспадар аўто.

Я здзіўлена:

— Як гэта вы так хутка выйшлі?

— А я недалёка стаяў, усё бачыў.

Разумеючы, што не ў маім становішчы абурацца, я проста спытаў:

— А чаго ж вы адразу не падышлі? Я тут не ведаў, як з вамі звязацца.

Адказ уразіў:

— Я думаў, вы ўцечаце...

Гэта значыць, мужык усё бачыў, назіраў збоку за маімі дзеяннямі і чакаў, што я пачну сыходзіць.

Уявіў сабе гэтую карціну: я хуткім крокам іду ў бок метро, мужык з крыкам «стой!» пачынае за мной бегчы, я таксама пачынаю бегчы. Мужык крычыць «трымайце яго!». Мне хтосьці ставіць падножку, я падаю носам у асфальт...

Не, рэальна, прасцей напісаць у дамашні чат.

* * *

Цікава, як устроены ход думкі маленькага чалавека.

Старэйшая дачка збіралася ісці гуляць з малодшай на вуліцу. У нас недалёка ад дома ёсць сажалка, у якой плаваюць качкі, і яны ходзяць гэтых птушак карміць.

Узялі яны для качак булку і ўжо сабраліся ісці. Раптам малодшая павярнулася і кажа:

— Мама, а качцы можна булачку з варэннем?

Натуральна, ні пра які клопат пра качку, як вы разумееце, гаворка ў гэтым выпадку не ішла. Сэнс быў у тым, як пад гэтую высакародную мэту выпрасіць сабе трохі радасцяў жыцця.

Выкажу здагадку, што калі б мама дала да булачкі яшчэ і варэння, то бедныя качачкі не атрымалі б нават і булачкі.

P. S. Зрэшты, не факт, што яны яе і так атрымаюць.

* * *

Чытаю зараз кнігу пад назвай «Гісторыя гадзіннікаў» (я наогул паважаю гадзіннікі). У адным раздзеле прачытаў, што адзін з першых у свеце будзільнікаў вынайшаў Леанарда да Вінчы: гэта быў мудрагелісты механізм з зубчастым валам і рычагом, які прымацоўваўся да ложка, і ў вызначаную гадзіну рычаг проста... пераварочваў ложак разам з чалавекам, які на ім спаў...

Я, вядома, здагадваўся, што Леанарда быў вялікі жартаўнік, але каб настолькі... Выкажу здагадку, што і ў наш час ложак «з убудаваным будзільнікам ад Леанарда» таксама карыстаўся б вялікім попытам (я, напрыклад, і без дапамогі Леанарда ўстаю лёгка, а вось дабудзіцца дзяцей часам па паўгадзіны не магу).

Трэба будзе загугліць пры выпадку: можа, дзе да гэтага часу прадаюцца такія цуда-ложкі — гэта ж не так даўно і было, ужо ў нашай эры. А калі і ў інтэрнэце іх няма, па-любому ёсць у «Ікеі» (толькі там самому збіраць прыйдзецца).

P. S. Ну, а ў самым крайнім выпадку можна абысціся і без Леанарда: у рэшце рэшт, перавярнуць ложак шмат розуму не трэба. Як гаварыў іншы аматар будзільнікаў Архімед, «дайце мне кропку апоры і я перавярну Зямлю».

* * *

Заходжу на кухню і назіраю наступную карціну: двайняткі ядуць суп, старэйшая сястра сядзіць насупраць і кажа важным голасам:

— Запомніце, дзяўчаткі, школа — гэта такая рэч, якую трэба проста перажыць. Проста пе-ра-жыць, разумееце?

Двайняткі ў адказ ківаюць.

І я падумаў: як усё ж такі здорава, калі ў чалавека ёсць старэйшыя брат або сястра. Бо бацькі ніколі яму не скажуць праўды, хоць самі так думаюць.

А школьныя настаўнікі хіба ў пачатку года не думаюць, што «школа гэта такая рэч, якую трэба проста перажыць»? Адназначна думаюць.

Нават дырэктар школы, я ўпэўнены, перыядычна прачынаецца ў халодным поце з крыкам: «Мама, мама, я не хачу ў школу!»

Але толькі мудрая старэйшая сястра скажа ім праўду ў вочы.

P. S. І тым самым яшчэ больш умацуе свой аўтарытэт.

* * *

Адпраўляю сына ў краму (астатнія члены сям'і зараз за горадам жывуць, так што ў нас тут утварылася невялікая дзедаўшчына). Кажу яму:

— Вось табе трыццаць рублёў, купі што-небудзь паесці.

Сын:

— Кінь мне лепш на картку. (У яго з часоў паездкі на турнір у Аўстрыю ўласная картка ма-
ецца.)

Але каб мне кінуць яму грошы на картку, гэта трэба заходзіць анлайн у праграму, уводзіць даныя карткі. А мне гэта рабіць, шчыра кажучы, лянотна.

Кажу яму:

— Бяры так, я цяпер не буду гэтым займацца.

— Ну, калі ласка, мне так зручней.

— Наступны раз пакладу на картку. Усё, ідзі.

Толькі ён сабраўся сыходзіць, мяне дагнала раптоўная думка:

— Цікава, а як бы ты мне рэшту вярнуў, калі б я табе грошы на картку кінуў?

Замест адказу — шырокая ўсмешка, якая сведчыць аб тым, што фокус не атрымаўся: тата, хоць і не фізік, але таксама аказаўся не лыкам шыты (хоць і з элементамі лёгкай замаруджанасці пасля цяжкага працадня).

P. S. Перафразуючы савецкую камедыю «тата, вядома, лапух, але мазгі пакуль што пры ім».

* * *

Сын:

— Тата, як думаеш, калі я пасля ўнівера захачу паступаць на PhD у іншую краіну, напрыклад, у Германію, мне адтэрміноўку ад арміі дадуць?

— Вядома, дадуць.

— Упэўнены?

— Сто працэнтаў. Як атрымаеш позву, ідзі ў ваенкамат (прычым, пажадана з рэчамі — каб яны бачылі, што ты не спрабуеш адкасіць) і гавары ім, што паступаеш на PhD. Толькі абавязкова ўдакладні, што ў Германію — гэта для ваенкамата важна. І ўсё, едзь у сваю Германію з чыстым сумленнем.

P. S. Знайшоў мне праблему.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

Добры настрой — гэта падмурак высокай якасці нашага жыцця.

Грамадства

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

Многія жанчыны лічаць, што макіяж ў сталым узросце рабіць не варта, таму што гэта «дадае гадоў».

Культура

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

 У сценах установы ў межах літаратурна-музычнай імпрэзы прагучалі вершы і песні.