Вы тут

Як будзе змяняцца сістэма нарматыўна-прававых актаў у галіне рэгулявання ядзернай і радыяцыйнай бяспекі?


Неабходнасць стварэння ў Беларусі ядзернага права, сістэма нарматыўна-прававых актаў у галіне рэгулявання ядзернай і радыяцыйнай бяспекі і падрыхтоўка новага Закона «Аб рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі» — пра гэтыя і іншыя моманты расказалі эксперты падчас брыфінгу ў БелТА.


Рэгуляванне і ліцэнзаванне

Сістэма нарматыўна-прававых актаў Беларусі ў галіне рэгулявання ядзернай і радыяцыйнай бяспекі прадстаўляе сабой класічную піраміду, уверсе якой знаходзяцца міжнародныя канвенцыі і дагаворы.

— Сістэма нарміравання і рэгулявання ў галіне ядзернай і радыяцыйнай бяспекі краіны пачала складвацца яшчэ ў савецкія часы. Па шэрагу міжнародных дакументаў наша дзяржава стала пераемніцай міжнародных пагадненняў, якія былі прыняты ў СССР і пазней ратыфікаваны ў межах Рэспублікі Беларусь, — абазначыў Рыгор АСТАШКА, намеснік начальніка Дзяржатамнагляда.

На наступнай прыступцы — акты найвышэйшай заканадаўчай сілы: законы Беларусі.

— На заканадаўчым узроўні сістэма краіны пачала фарміравацца ў 1998 годзе, калі ў незалежнай Беларусі з'явіўся Закон «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва». Ён быў падрыхтаваны на падставе мадэльнага закона, распрацаванага ў межах СНД. Перыядычна ў яго ўносілі змяненні, у прыватнасці, калі ў 2008-м з'явіўся Закон «Аб выкарыстанні атамнай энергіі» (пасля прыняцця рашэння аб будаўніцтве АЭС), — дадаў Рыгор Асташка.

Сярод значных заканадаўчых актаў Алена ЖЫГАЛКА, начальнік сектара прававога забеспячэння Дзяржатамнагляда акрэсліла, напрыклад, Указ № 62 ад 2015 года «Аб забеспячэнні бяспекі пры збудаванні і эксплуатацыі Беларускай атамнай станцыі». У ім абазначаны пытанні арганізацыі нагляду, уведзены такі інстытут, як грамадскія слуханні, прадугледжана магчымасць карэкціроўкі тэрмінаў экспертызы бяспекі ў залежнасці ад аб'ёму прадстаўленых дакументаў. А таксама Указ № 450 ад 2010 года, які зацвердзіў палажэнні аб ліцэнзаванні.

— Цяпер рыхтуецца новы закон аб ліцэнзаванні, і ў межах гэтага працэсу Дзяржатамнагляд выходзіць з агульнага рэгулявання. Новы ўказ, якім будзе зацверджана палажэнне аб ліцэнзаванні дзейнасці ў галіне выкарыстання атамнай энергіі і крыніц іанізавальнага выпраменьвання, ужо падрыхтаваны і ўнесены на разгляд у Адміністрацыю Прэзідэнта. Гэты ўказ мае комплексны характар і прадугледжвае карэкціроўку Указа № 1 ад 1999 года, якім зацверджаны адзіны прававы класіфікатар. На жаль, цяпер у гэтым класіфікатары адсутнічае такая галіна, як заканадаўства аб ядзернай бяспецы, а заканадаўства аб радыяцыйнай бяспецы падпарадкоўваецца заканадаўству аб ахове навакольнага асяроддзя. Па ўзгадненні з Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі на дадзеным этапе ў нас будзе асобная самастойная галіна, — расказала эксперт.

Актуальнасць дакументаў часоў СССР і рэвізія расійскіх ТНПА

Наступная прыступка піраміды — пастановы Саўміна. Адны з самых важных для атамнай галіны датычацца экспертызы дакументаў і парадку правядзення дзяржнагляду. У прыватнасці, пастанова Саўміна 2015 г. № 133, якая прад'яўляе дэталёвыя патрабаванні да парадку правядзення нагляду непасрэдна на атамнай станцыі.

Пастановы МНС — чарговыя ў іерархіі. Гэтымі дакументамі зацвярджаюцца нарматыўныя прававыя акты, у тым ліку інструкцыі, якія датычацца парадку навучання і праверкі ведаў; уліку і кантролю крыніц іанізавальнага выпраменьвання; крытэрыяў аднясення гэтых крыніц да катэгорый па ступені радыяцыйнай небяспекі.

Пастановы датычацца таксама ТНПА: нормаў і правілаў па забеспячэнні ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, а таксама кіраўніцтваў па бяспецы.

— У Беларусі дзейнічаюць 25 пастаноў МНС, якімі зацверджаны 39 нормаў і правілаў у галіне забеспячэння ядзернай і радыяцыйнай бяспекі. Для забеспячэння бяспекі непасрэдна на БелАЭС распрацавана 29 нормаў і правілаў, а адпаведным Указам Прэзідэнта ад 2010 года на перыяд збудавання станцыі дапускаецца выкарыстанне расійскіх ТНПА ў галіне атамнай энергіі. Карыстаюцца таксама правіламі і нормамі, якія створаны яшчэ ў СССР, — распавёў Дзмітрый ПАЎЛАЎ, начальнік аддзела навукі і інфармацыі Дзяржатамнагляда. — Гэта не азначае, што дакументы неактуальныя. Наадварот, у той час яны былі настолькі добра падрыхтаваныя, што дагэтуль не страцілі актуальнасць.

Разам з тым, з нагоды плануемага ўводу ў эксплуатацыю першага энергаблока была праведзена рэвізія пераліку тэхдакументаў Расіі. Асноўная іх частка ўжо перапрацавана і зацверджана пастановамі. Астатнія — на ўзгадненні і будуць прынятыя ў найбліжэйшы час.

Дзеючыя і новыя

Беларусь — удзельніца большасці канвенцый у галіне ядзернай бяспекі. У прыватнасці Канвенцыі аб ядзернай бяспецы 1994 года, Аб'яднанай канвенцыі аб бяспечным абыходжанні з адпрацаваным ядзерным палівам і бяспецы абыходжання з радыеактыўнымі адходамі 1997 года, а таксама Венскай канвенцыі аб грамадзянскай адказнасці за ядзерную шкоду 1963-га і іншых. Цяпер у краіне дзейнічаюць два базавыя законы: «Аб радыяцыйнай бяспецы» і «Аб выкарыстанні атамнай энергіі», расказала Алена Жыгалка:

— Закон «Аб радыяцыйнай бяспецы» ўступіў у сілу ў чэрвені 2020-га. Сярод асноўных яго навел — устанаўленне дыферэнцыраванага падыходу ў залежнасці ад ступені бяспекі крыніцы, вызначэнне сістэмы нармавання, ТНПА ў галіне забеспячэння радыяцыйнай бяспекі. Гэтым законам быў уведзены новы інстытут кансультавання ў галіне ядзернай бяспекі. А таксама адміністрацыйная працэдура — рэгістрацыя тыпаў крыніц іанізавальнага выпраменьвання.

З моманту прыняцця Закона «Аб выкарыстанні атамнай энергіі» прайшло ўжо 13 гадоў. Змяненні, унесеныя ў гэты дакумент у 2011-м, былі кропкавыя і неканцэптуальныя. Разам з тым, рэалізацыя праекта па стварэнні БелАЭС і маючы адбыцца этап яе эксплуатацыі паскорылі працэс карэкціроўкі гэтага закона, падкрэсліла яна:

— Пунктам 21 Плана падрыхтоўкі законапраектаў на 2021 год прадугледжана падрыхтоўка новага Закона «Аб рэгуляванні бяспекі пры выкарыстанні атамнай энергіі». Прыярытэт у гэтым законапраекце будзе скіраваны менавіта на забеспячэнне бяспекі. У дакуменце таксама будуць максімальна ўлічаны рэкамендацыі і прапановы па выніках місій МАГАТЭ.

Па выніках міжнародных місій МАГАТЭ ў дачыненні да нашага заканадаўства сур'ёзных нараканняў няма. Аднак ядзернае права неабходна ўдасканальваць, удакладніў Рыгор Асташка:

— Усе тыя моманты, якія, на думку і МАГАТЭ, і міжнароднай суполкі ў цэлым, павінны быць дакладна прапісаны, будуць празрыста абазначаны ў адзіным дакуменце. У прыватнасці, вызначаць сферу адказнасці эксплуатуючай арганізацыі за наступствы дзейнасці, якая ажыццяўляецца ёй. А таксама пытанні, звязаныя з рэгуляваннем ядзернай і радыяцыйнай бяспекі. У Палату прадстаўнікоў гэты законапраект трапіць у сакавіку 2022-га.

Мяркуецца, што ў найбліжэйшыя два гады праграму развіцця ядзернага права ўключаць у праект нацыянальнай палітыкі ў галіне ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, якая будзе падрыхтавана ў межах дзяржпраграмы. А сёлета распрацуюць прыкладна 20 нормаў і правілаў і каля дзясятка кіраўніцтваў па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».