Вы тут

У Польшчы стартуе чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы


Спартыўная вясна пачынаецца важнай падзеяй — чэмпіянатам Еўропы па лёгкай атлетыцы ў памяшканні, які з 4 па 7 сакавіка пройдзе ў Торуні (Польшча). Гэта першы буйны міжнародны турнір за паўтары гады і выдатная магчымасць заваяваць ліцэнзіі на Алімпійскія гульні ў Токіа. Беларусь на кантынентальным першынстве прадставяць 22 спартсмены. Прапаноўваем пазнаёміцца з імі бліжэй.


Вышэй і далей

Незабыўныя эмоцыі сваім аматарам падораць скакуны. Лідар айчынных скачкоў у вышыню Максім Недасекаў зараз займае другі радок еўрапейскага рэйтынгу, куды яго падняў новы нацыянальны рэкорд — 2,34 метры. Карына Дзямідзік пасля доўгага перапынку трыумфальна вярнулася ў сектар для скачкоў у вышыню. На турніры ў Славакіі спартсменка паўтарыла асабісты рэкорд — 1,94 метр. А перад вымушаным перапынкам Карына ўзлятала і на 2 метры.

На мінулым тыдні Ірына Жук стварыла своеасаблівую тэндэнцыю ў скачках з шастом – за адно выступленне двойчы перапісала нацыянальны рэкорд. На турніры ў Францыі ў першай спробе яна ўзляцела на 4,68 метры, а ў трэцяй — на 4,73 метры. У лютым ліцэнзію на Алімпійскія гульні ў Токіа заваявала Віялета Скварцова, якая выступае ў трайным скачку. Вынік, якога хапіла для кваліфікацыйнага нарматыву, 14,39 метра — гэта нацыянальны рэкорд, другі радок еўрапейскага рэйтынгу і чацвёрты сусветнага. Кампанію Віялеце ў сектары складзе Ірына Васькоўская, яе лепшы вынік у сезоне — 13,84 метры. Максім Несцярэнка перамог на чэмпіянаце Беларусі ў памяшканні з вынікам 16,64 метры. Яго лепшы вынік сезону — 16,92 метры. А нарматыў для алімпійскай пуцёўкі — 17,14 метраў.

Свае сілы ў сектары для скачкоў у даўжыню паспрабуе Уладзіслаў Булахоў. Летам на чэмпіянаце Беларусі ён пераскочыў адзнаку ў 8 метраў, што доўга не атрымлівалася ў беларускіх спартсменаў. Але нядаўнія вынікі больш сціплыя. Сёлета на чэмпіянаце краіны ў Магілёве ён праляцеў толькі 7,94 метраў. Настасся Мірончык-Іванова даўно зарэкамендавала сябе як зорка сектару для скачкоў у даўжыню. Апошнім часам яна не займае месцы ніжэйшыя за трэцяе. Лепшы вынік Настассі ў гэтым сезоне ў памяшканні — 6,73 метры.

Бачу мэту — не бачу перашкод

Сапраўднае бітва разгорнецца ў бегуноў. Уся ўвага беларускіх аматараў будзе прыкавана да жаночых спаборніцтваў у бегу на 60 метраў з перашкодамі. Чэмпіёнка Еўропы 2018 году Эльвіра Герман падчас перапынку значна адпрацавала сваю форму. Новы асабісты рэкорд спартсменкі — 7,91 метраў — трэці вынік еўрапейскага сезону. Кампанію і канкурэнцыю Эльвіры складуць яе калегі па камандзе Святлана Парахонька і Руслана Рашкаван з лепшымі вынікам 8,03 і 8.05 адпаведна. Спаборніцтвы ў гэтай дысцыпліне маглі быць яшчэ цікавейшымі, калі б у Торунь прыехала Аліна Талай, якая разагналася да 8,01. Але праз траўму вырашыла прапусціць турнір. Бар’ерысту Віталю Парахоньку з яго асабістым рэкордам 7,68 метраў змагацца за медалі будзе значна цяжэй, чым яго калегам-дзяўчатам.

Спрынтары Юры Забалотны, Дзяніс Блізнец і Максім Богдан на чэмпіянаце Еўропы будуць больш набірацца вопыту на 60 метрах, чым змагацца за медалі. Чаго нельга сказаць аб іх калезе Крысціне Ціманоўскай, якая гэтай зімой падбегла да асабістага рэкорду, паказаўшы 7,28 метраў. Ганна Міхайлава і Крысціна Мулярчык упершыню прабягуць 400 метраў на топ-турніры. На летнім чэмпіянаце Беларусі Дар’я Барысевіч выйграла забег на 1500 метраў з вынікам 4 хв. 28,45 сек.

У спаборніцтвах па штурханні ядра выступіць чэмпіёнка Беларусі 2020 Алёна Дубіцкая. І хоць на нядаўнім чэмпіянаце краіны Алёна закінула снарад толькі на 18,40 метраў, яе лепшае зімовае дасягненне — 18,94 метраў. У мужчын у гэтай дысцыпліне Беларусь прадставіць Дзмітрый Карпук, чый лепшы вынік 20,13 м. Мнагаборац Максім Андралойць зараз значыцца ў шасцёрцы мацнейшых у Еўропе. Яго лепшы вынік — 6057 балаў, з ім ён перамог на чэмпіянаце Беларусі па лёгкаатлетычным мнагабор’і 2021 году.

Усяго за медалі будуць змагацца больш за 730 спартсменаў з усёй Еўропы. Можна не сумнявацца, гэты чэмпіянат па лёгкай атлетыцы ніяк не пакіне раўнадушным аматараў спорту і яго каралевы.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БФЛА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?