Вы тут

Маладзёжная тэматыка — у топе дзейнасці сенатараў


Сустрэчы сенатараў з моладдзю — добрая дапамога ў вывучэнні існуючых праблем у масяроддзі і выпрацо-ўцы падыходаў па іх вырашэнні

Прыклад у гэтай справе дэманструе старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, якая ўжо неаднойчы сустракалася і вяла актыўны дыялог са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта як у сценах гэтай вядучай навучальнай установы краіны, так і ў будынку верхняй палаты парламента. Прымала яна і дэлегацыю навучэнцаў Полацкага каледжа Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, рэгулярна цікавіцца і дапамагае развіццю Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь. У актыве Наталлі Качанавай — зацікаўленая і плённая размова з удзельнікамі VІІІ Беларуска-расійскага маладзёжнага форуму, шмат іншых падобных мерапрыемстваў.


Фота БЕЛТА.

Можна сказаць, што сёння маладзёжная тэматыка ўвогуле знаходзіцца ў топе дзейнасці сенатараў. У рамках рэалізацыі праекта «Школа актыўнага грамадзяніна» старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец, так бы мовіць, на сваёй тэрыторыі, у памяшканні верхняй палаты сустрэўся з вучнямі мінскай сярэдняй школы № 117. Паводле водгукаў юных гасцей, яны былі ўражаны змястоўнай экскурсіяй па музеі Савета Рэспублікі, аповедам пра спецыфіку работы верхняй палаты Нацыянальнага сходу, шчырымі адказамі Сяргея Сіўца на пытанні.

Пазней расказалі журналістам, што засталіся задаволеныя ўбачаным і пачутым у Савеце Рэспублікі. Вось два меркаванні. Дзмітрый Сацэвіч: «Вельмі добра, што нас сюды паклікалі, бо моладзь трэба знаёміць з палітыкай». Ілья Ясенскі: «Гэта была цікавая і пазнавальная сустрэча. Мяне заўсёды цікавіла гісторыя Беларусі, нашы традыцыі». Такія сустрэчы ў Савеце Рэспублікі мяркуюць зрабіць традыцыйнымі.

У сваю чаргу, Сяргей Сівец называе карыснымі падобныя мерапрыемствы. У моладзі з'яўляецца магчымасць адчуць сябе непасрэднымі ўдзельнікамі заканатворчага працэсу. Яны знаёмяцца з гісторыяй верхняй палаты парламента і Нацыянальнага сходу ў цэлым, нібы прапускаючы праз сябе ўсю тую адказнасць, з якой сутыкаюцца парламентарыі. І, вядома, гэта сур'ёзна пашырае светапогляд і кругагляд маладых людзей, лічыць Сяргей Сівец.

Апошнім часам пачасціліся кантакты членаў Савета Рэспублікі з моладдзю і ў рэгіёнах краіны. Такія сустрэчы дазваляюць сенатарам лепш і з першых вуснаў пачуць аб тым, што на самай справе хвалюе юнакоў і дзяўчат. У выніку ўдаецца абмеркаваць даволі шырокае кола пытанняў, выслухаць аўтараў ініцыятыў і прапаноў.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч у рамках рабочай паездкі на Гродзеншчыну ў фармаце дыялогавай пляцоўкі правёў сустрэчу з навучэнцамі Навагрудскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя. Сенатар і яго суразмоўцы абмяняліся думкамі аб тым, як зацікавіць маладых людзей авалодваць рабочымі спецыяльнасцямі, як увогуле павысіць прэстыж рабочых прафесій.

Напрыклад, у ліцэі і яго філіяле 300 юнакоў і дзяўчат атрымліваюць прафесіі повара, афіцыянта, трактарыста, электрагазазваршчыка і іншыя. Паспяхова развіваецца таксама навучанне па аграрных спецыяльнасцях. Увогуле цікавасць да рабочых прафесій трэба прывіваць яшчэ нават з дзіцячага садка, а ўжо ў школе ствараць умовы для іх асваення, адзначыў у ходзе размовы парламентарый.

Заўважана, што ўсё большую цікавасць у юнакоў і дзяўчат выклікае дзейнасць так званых маладзёжных парламентарыяў. Яны таксама па меры магчымасці ладзяць сустрэчы з маладымі людзьмі ў рэгіёнах. Так, у Брэсцкім раёне на базе дзіцячай школы мастацтваў і сярэдняй школы аграгарадка Клейнікі адбылася дыялогавая пляцоўка «Беларусь будучыні». На сустрэчу з членамі камісіі па пытаннях адукацыі, навукі і культуры Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Вікторыяй Саляйчук і Максімам Сыцэвічам былі запрошаны вясковыя вучні і педагогі.

Школьнікі з цікавасцю слухалі гасцей, якія расказвалі аб паўнамоцтвах членаў Маладзёжнага парламента, яго задачах, удзеле ў распрацоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў, што закранаюць законныя інтарэсы моладзі, аб асаблівасцях маладзёжнай палітыкі дзяржавы і іншым.

Цяжка пералічыць усе прыклады ўзаемадзеяння членаў верхняй палаты парламента з моладдзю, яе грамадскімі аб'яднаннямі ў рэгіёнах. Вось яшчэ асобныя факты. Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Алег Жынгель сустрэўся са студэнтамі Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Таццяна Палушкіна ў Полацку паўдзельнічала ў дыялогавай пляцоўцы «Ва ўстойлівую будучыню — разам!». Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Юрый Дзеркач наведаў Аршанскі раённы цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, азнаёміўся з дзейнасцю асноўных лабараторый «Камп'ютарныя сеткі і тэлекамунікацыі», «3D-мадэляванне і камп'ютарная графіка», «Робататэхніка і нейрапілатаванне». Ва ўстанове навучаецца больш за 500 дзяцей.

На такіх сустрэчах маладыя людзі задаюць самыя розныя, часам вострыя, пытанні і звычайна атрымліваюць шчырыя адказы. А сенатарам такія дыскусіі дазваляюць на месцы выслухаць аўтараў цікавых і, магчыма, нестандартных ініцыятыў і прапаноў, абмеркаваць з імі новыя ідэі, каб потым выпрацаваць меры па вырашэнні тых пытанняў, якія сёння найбольш хвалююць моладзь Беларусі.

Леанід Тугарын

Загаловак у газеце: Моладзь — у топе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».