Вы тут

На Віцебшчыне больш увагі нададуць эфектыўнаму выкарыстанню нерухомасці


У новай пяцігодцы на Віцебшчыне больш увагі будуць аддаваць пытанню эфектыўнага выкарыстання нерухомасці. А самы эфектыўны спосаб зносу аб'ектаў будуць распаўсюджваць.


Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў канстатуе, што тэма знаходзіцца на пастаянным кантролі ў народных абраннікаў. І нагадвае, што для кіраўнікоў райсаветаў арганізуюць выязныя пасяджэнні — менавіта там, дзе навучыліся актыўна знаходзіць новых гаспадароў будынкаў і збудаванняў, інвестараў. (У прыватнасці, вопытам дзяліліся жыхары Глыбоччыны, пра што мы распавядалі ў «МС».)

Усяго летась у параўнанні з пазамінулым годам стала на 92,1 тысячы «квадратаў» менш агульнай плошчы нерухомасці, якая не выкарыстоўваецца, — а гэта каля 10 %. Летась прыкладна 25 % з усіх праведзеных (каля 580) аўкцыёнаў былі ўдалыя. З «малатка» сышло 140 аб'ектаў — на трэць больш, чым у 2019-м. Ад рэалізаванага ў бюджэт паступіла 3,6 мільёна рублёў. Прадалі мэтава (на агульную суму каля 2 мільёнаў рублёў) нерухомасць і тым, хто яе арандуе больш чым тры гады і не мае запазычанасці па арэнднай плаце. Такім чынам, пастаянных гаспадароў знайшло дваццаць аб'ектаў.

Кіраўніцтва абласной «вертыкалі» адзначае добрую работу на Аршаншчыне. Прэзідэнт Беларусі ў канцы 2018 года падпісаў Указ № 506 «Аб развіцці Аршанскага раёна Віцебскай вобласці», якім сцвярджалася праграма развіцця гэтага рэгіёна на перыяд да 2023 года. І за два гады тут здзейснены каласальны аб'ём работ па ўсіх кірунках. Калі казаць пра нерухомасць, то пасля прыняцця ўказа ўключана ў гаспадарчы абарот каля 520 аб'ектаў, у тым ліку прыкладна 30 % — у 2020 годзе. Супрацоўнікі камітэта «Віцебскаблмаёмасць» і райвыканкама прааналізавалі сітуацыю, быў складзены спіс аб'ектаў нерухомасці Аршаншчыны, якія на пачатак бягучага года не выкарыстоўваюцца, або выкарыстоўваюцца неэфектыўна — усяго ў яго ўключана больш за 170 будынкаў і збудаванняў. І па ўсіх вызначаны тэрмін і спосаб уключэння ў гаспадарчы абарот...

Нядаўна старшыня аблвыканкама Мікалай Шарснёў патрабаваў паскорыць знос таго, што ўжо дакладна не зацікавіць патэнцыйных пакупнікоў. Па апошняй інфармацыі з 243 аб'ектаў, з якімі трэба было развітацца, знесена пакуль 199.

Каб актывізаваць знос, у «Віцебскаблмаёмасці» вывучылі вопыт дзейнасці тых, хто гэтым займаецца. Правялі папярэднія перагаворы з трыма прадпрымальнікамі: з Оршы, Полацка і Віцебска, якія спецыялізуюцца на гэтым відзе бізнесу.

У якасці прыкладу вельмі цікавага вопыту ў камітэце прыводзяць супрацоўніцтва Сенненскага райвыканкама з аршанскім індывідуальным прадпрымальнікам. Ён арганізаваў знос старога дзіцячага садка плошчай 1000 «квадратаў», які не выкарыстоўваўся з 2014 года. У якасці аплаты дзелавы чалавек у кошт усіх работ — 12 тысяч рублёў — узяў будаўнічыя матэрыялы, якія атрымаў у ходзе дэмантажу. Сярод іншага былі вывезены 300 «кубоў» буту — на падсыпку дарог да сельскагаспадарчых аб'ектаў, праведзена рэкультывацыя зямельнага ўчастка. Вопыт будзе прапанаваны для пераймання ў іншых раёнах Віцебшчыны.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Добрае — выкарыстаць. А непатрэбнае — ліквідаваць

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.