Вы тут

20-гадовы юбілей святкуе самая вялікая арганізацыя БСЖ


Сёння свой 20-гадовы юбілей святкуе самая вялікая арганізацыя Беларускага саюза жанчын — аб'яднаная арганізацыя ААТ «ААБ Беларусбанк». Яна аб'ядноўвае тысячы супрацоўніц гэтай установы ў розных пунктах краіны. Пра ініцыятывы і добрыя справы, якія штодзень ладзяць актыўныя і нераўнадушныя жанчыны, мы паразмаўлялі з кіраўніком арганізацыі Алай Райцэс.


— Ала Аляксандраўна, ваша арганізацыя з'яўляецца самай буйной у Беларускім саюзе жанчын. Як яна стваралася?

— Першае структурнае падраздзяленне Беларускага саюза жанчын у банку было створана ў цэнтральным апараце (цяпер гэта галаўны офіс) 5 сакавіка 2001 года і налічвала 76 членаў. Ідэйнай натхняльніцай жаночага руху ў нашай сістэме стала Надзея Андрэеўна Ермакова, а першым і доўгі час нязменным яе кіраўніком была Наталля Іванаўна Петрачкова.

«Пярвічка» расла, і 15 гадоў таму стала аб'яднанай арганізацыяй ААТ «ААБ Беларусбанк» грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын», якая складаецца са 128 пярвічных арганізацый, у тым ліку створаных у даччыных кампаніях банка — «ААБ Лізінг», «ААБ Кансалт», «Санаторый Спадарожнік». Сёння ў арганізацыі 7 752 жанчыны, а гэта, між іншым, амаль у тры разы больш, чым у наступнай за намі па колькасці арганізацыі.

— Беларускі саюз жанчын вядомы сваімі дабрачыннымі мерапрыемствамі. Якія ініцыятывы рэалізуе ваша арганізацыя?

— Аб'яднаная арганізацыя банка аказвае дапамогу хворым, а таксама дзецям, жанчынам і іншым катэгорыям грамадзян, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю. Таксама садзейнічаем жанчынам у абароне іх правоў і законных інтарэсаў, павышэнні іх ролі ў грамадскім, эканамічным, сацыяльным і культурным жыцці банка. Наша арганізацыя ўзяла актыўны ўдзел у акцыі «Марафон падтрымкі» па аказанні дапамогі медыцынскім работнікам ва ўмовах пандэміі СОVІD-19, у навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» ў сацыяльных прытулках, дзіцячых дамах, дамах сямейнага тыпу (банк, дарэчы, пабудаваў і курыруе 16 такіх дамоў). У рамках гэтай акцыі нашы жанчыны наведалі 229 устаноў, а падтрымка аказана на 56,5 тысячы рублёў. Штогадовымі і традыцыйнымі сталі акцыі «Дабро не мае межаў» (яна ахоплівае дзяцей-сірот памерлых работнікаў банка, а ў нас іх 52), «Збяром партфель разам». Арганізацыя цесна супрацоўнічае з Рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтрам для дзяцей-інвалідаў. Дзевяць дзяцей-інвалідаў работнікаў банка з розных рэгіёнаў прайшло бясплатную медыцынскую рэабілітацыю ў гэтай установе.

У лютым 2021 года пярвічныя арганізацыі Саюза жанчын банка правялі акцыю «Марафон добрых спраў» для падтрымкі ўразлівых слаёў насельніцтва і бяздомных жывёл. Марозная зіма сама падказала вектар работы. Былі сабраны прадметы першай неабходнасці, пасцельныя рэчы, зімовая вопратка і абутак, якія перадалі манастырам і касцёлам, у дамы начнога знаходжання, сем'ям, што маюць патрэбу, дамам сямейнага тыпу і спецыяльным інтэрнатам. Калегі-мужчыны, акрамя матэрыяльнай падтрымкі, дапамаглі нам з пагрузкай і дастаўкай сабраных рэчаў і корму для жывёл у рэгіёны. Дастаўляць, дарэчы, давялося грузавым транспартам. Для бяздомных жывёл мы перадалі ў зоаабарончыя арганізацыі, дзяржаўныя прадпрыемствы і валанцёрам сотні кілаграмаў кармоў, лекі, вакцыны, латкі, сурвэткі, памперсы. Многіх жывёл удалося ўладкаваць, напрыклад у Воранаве знайшлі прытулак для кацянят. Наша ініцыятыва ўразіла многіх, нам дагэтуль тэлефануюць і пытаюць, як можна забраць тую ці іншую жывёлу.

— Вы былі дэлегатам VІ Усебеларускага народнага сходу. Падзяліцеся ўражаннямі, што з агучаных ініцыятыў актуальна і цікава для Беларускага саюза жанчын, ды і для жанчын у цэлым.

— Прэзідэнт сказаў: «Як толькі нас падзеляць у нашым уласным доме — мы будзем асуджаны, мы загінем. Мы не павінны дапусціць гэтага падзелу. Трэба сціснуць зубы, сабрацца і перажыць гэты складаны і нявызначаны перыяд».

Гэтыя словы запалі ў душу і не пакінулі абыякавымі ў зале ніводнага чалавека, у тым ліку жанчын. «Пакуль мы адзіныя — мы непераможныя» — гэта не проста лозунг. У ім закладзены глыбокі сэнс, гістарычны вопыт і гістарычная памяць нашага народа. У процівагу яму можна згадаць іншы, уласцівы захопнікам — «Падзяляй і ўладар». Пакуль мы ўсе разам (няхай розныя, няхай у кожнага свае мэты і погляды), мы можам многае: захаваць цэласнасць і незалежнасць краіны, прызнаць памылкі і пайсці далей. У адваротным выпадку нас напаткае лёс суседніх краін, якія страцілі тэрыторыі і трапілі ў залежнасць ад іншых дзяржаў (як Украіна, Грузія).

Многія блізкія нам прыгранічныя краіны страцілі да 40 % насельніцтва сваёй тэрыторыі за кошт працоўнай міграцыі. Насельніцтва з'ехала за мяжу ў пошуках работы і, як правіла, гэта моладзь. Але кім яны працуюць? У большасці сваёй на рабочых месцах, якія не патрабуюць высокай кваліфікацыі, з невысокай аплатай. Скажыце, якая жанчына застанецца абыякавая да таго, што адбываецца? Хто з нас захоча адправіць «на бойню» або ў працоўнае рабства свайго мужа ці дзяцей?

Жанчыны Беларусі мудрыя і справядлівыя. Па сваёй сутнасці жанчына — стваральніца, а не разбуральніца, яна цэнтр сусвету. Яна заклікана нараджаць і выхоўваць дзяцей, уладкоўваць дом, клапаціцца пра старых і дапамагаць слабым. Веру, што жанчыны не дапусцяць расколу нацыі і распаду краіны, страты дома і сваёй сям'і.

— Сімвалічна, што юбілей самая буйная арганізацыя Беларускага саюза жанчын святкуе напярэдадні Міжнароднага жаночага дня. Што пажадаеце сваім калегам і ўсім жанчынам?

— Ад усёй душы віншую кожную жанчыну з Міжнародным жаночым днём! Я не перастану паўтараць, што жанчыны Беларусі самыя адукаваныя і разумныя, самыя ініцыятыўныя і таленавітыя, самыя ўнікальныя і непаўторныя, адкрытыя і добрыя, цярплівыя і мудрыя. Нідзе такіх больш няма.

Незалежна ад прафесіі і пасады, жанчыны краіны не баяцца цяжкасцяў, заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу, узяць на сябе адказную і складаную работу і давесці даручаную справу да канца! Я пераканана, што ўсе памкненні жанчын ідуць ад чыстага сэрца і з найлепшымі намерамі. І будзьце ўпэўненыя, што ўсё дабро, якое жанчына нясе навакольным, абавязкова ёй вернецца.

Няхай усе выдатныя якасці кожнай з нас, памножаныя на тысячы, і ў будучыні застаюцца візітнай карткай жанчын нашай краіны. З надыходзячым святам вясны! Усміхайцеся і радуйцеся кожнаму дню!

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: «Жанчыны Беларусі ўнікальныя і непаўторныя»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

Добры настрой — гэта падмурак высокай якасці нашага жыцця.

Грамадства

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

Многія жанчыны лічаць, што макіяж ў сталым узросце рабіць не варта, таму што гэта «дадае гадоў».

Культура

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

 У сценах установы ў межах літаратурна-музычнай імпрэзы прагучалі вершы і песні.