Вы тут

Заробкі і пенсіі павінны вырасці, беспрацоўе — зменшыцца


Зарплаты ў медыкаў, настаўнікаў і іншых работнікаў бюджэтнай сферы ў найбліжэйшыя пяць гадоў павінны вырасці. Стымуляваць да работы незанятых у эканоміцы грамадзян плануецца эканамічнымі механізмамі. Нязменнай застаецца і задача дасягнуць 40-працэнтных суадносін пенсій да сярэдняй зарплаты. Як паведамляе БелТА, на выніковай калегіі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны паставілі новыя задачы на найбліжэйшую пяцігодку і расказалі пра выкананне папярэдніх планаў.


pixabay.com

Зарплата ў найбліжэйшай пяцігодцы вырасце

Зарплата ў краіне ў намінальным выражэнні вырасла за пяцігодку ў 1,9 раза, у бюджэтнай сферы — гэтак жа. Суадносіны зарплаты ў бюджэтнай сферы да сярэдняй зарплаты па краіне на канец 2020 года складалі 80,4 %. Такім чынам, узровень заробкаў бюджэтнікаў дасягнуў адной тысячы рублёў.

На новую пяцігодку даведзены новыя параметры, прычым па асобных катэгорыях работнікаў бюджэтнай сферы. Так, урачы і прафесарска-выкладчыцкі састаў павінны атрымліваць 150 % сярэдняй зарплаты па краіне, настаўнікі — амаль 106 %, работнікі фізічнай культуры і спорту — 105 %, педагагічныя работнікі — 100 %, сярэдні медперсанал — 90 %, работнікі сацыяльнай абароны, культуры — 80 %.

Як сказала міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, у рэальным выражэнні зарплата ў бюджэтнай сферы вырасце ў сярэднім у 1,3 раза.

Стымуляваць да работы будуць эканамічнымі механізмамі

Узровень беспрацоўя ў Беларусі знізіўся з 5,8 % у 2016 годзе да 4 % па выніках 2020 года. «Узровень занятасці ў 83 % — гэта высокі паказчык», — падкрэсліла міністр.

Сістэма органаў занятасці працягне займацца грамадзянамі, якія з'яўляюцца як актыўнымі беспрацоўнымі, так і пасіўнымі. За мінулую пяцігодку ўдалося працаўладкаваць больш за 740 тысяч чалавек. Прафесійную падрыхтоўку прайшло каля 40 тысяч беспрацоўных, больш за 9 тысяч атрымала фінансавую падтрымку для адкрыцця сваёй справы.

— Частка грамадзян прыходзіць у службу занятасці, частка знаходзіць работу самастойна. Для гэтага ёсць і агульнарэспубліканскі банк вакансій, дзе на сённяшні дзень 74 тысячы вакансій, і паслугі амаль 200 агенцтваў па працаўладкаванні, — пералічыла Ірына Касцевіч. Яна падкрэсліла, што працаваць плануецца і з пасіўнымі грамадзянамі: праз навучанне, перападрыхтоўку, пошук работы ў наймальніка. Але перш за ўсё павінна быць цікавасць у самога чалавека. І каб прастымуляваць чалавека да работы, будуць дзейнічаць эканамічныя механізмы.

— Калі мы па базе незанятых у эканоміцы бачым, што ёсць людзі, якія не працуюць па 10–15 гадоў, гэта выклікае заклапочанасць. У тым ліку таму, што, хутчэй за ўсё, яны занятыя ў ценявым бізнесе. Наша задача — легалізаваць іх працоўную дзейнасць, растлумачыўшы, што гэта ў тым ліку іх будучыя пенсійныя гарантыі.

Змяненні ў Працоўным кодэксе

У студзені 2020 года запрацаваў вялікі блок змяненняў, унесеных у Працоўны кодэкс. Закладзены і заканадаўча замацаваны такія важныя новаўвядзенні, як дыстанцыйная занятасць і часовы перавод работніка на іншую работу з яго згоды на тэрмін да шасці месяцаў за год. З'явілася і такая норма, як тры дні адпачынку для работніка без дакументаў, якія пацвярджаюць хваравіты стан. Гэтыя змены прыйшліся да месца падчас складанай эпідсітуацыі. Ёй жа было абумоўлена і прыняцце Указа № 178, накіраванага на падтрымку калектываў і асобных людзей. Гэта даплата з бюджэту да мінімальнай зарплаты і ўзмацненне дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі людзям, у якіх сярэднедушавы даход ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму. Амаль 55 тысяч чалавек атрымалі фінансавую падтрымку на агульную суму восем мільёнаў рублёў.

Дасягнуць 40-працэнтных суадносін пенсій да зарплаты

На 2021 год запланавана амаль 15 мільярдаў на выплату пенсій (гэта каля 9 % ВУП). На пенсійным фондзе вялікая нагрузка з улікам таго, што 27 % грамадзян краіны з'яўляюцца атрымальнікамі з яго. На люты, па словах Ірыны Касцевіч, сярэдні памер пенсіі склаў 513 рублёў. І хоць так і не атрымалася дасягнуць суадносін памеру сярэдняй пенсіі да памеру сярэдняй зарплаты ў 40 %, на працягу пяцігодкі паказчык набліжаўся да гэтага значэння. Задача на новую пяцігодку не здымаецца.

«Але мы павінны разумець, што на гэтыя суадносіны ўплываюць не толькі тыя грошы, якія накіроўваюцца на выплату пенсій. Гэта залежыць яшчэ і ад партрэта пенсіянера. Чым больш у сістэму будзе прыходзіць пенсіянераў, у якіх была высокая зарплата, вялікі стаж, тым лягчэй забяспечыць гэтыя 40-працэнтныя суадносіны», — падкрэсліла міністр.

Насельніцтва Беларусі няўмольна старэе, як і ў большасці краін свету. Людзей ад 65 гадоў і старэйшых ужо больш за 15 %. Па прагнозах, да 2030 года кожны пяты жыхар нашай краіны перасягне
65-гадовую мяжу.

У 2020 годзе ў Беларусі прынята Нацыянальная стратэгія «Актыўнае даўгалецце — 2030», якая дасць магчымасць не толькі змякчыць наступствы старэння насельніцтва, але і выкарыстаць патэнцыял пажылых грамадзян. Будуць створаны ўмовы для больш працяглага працоўнага жыцця праз рэалізацыю прынцыпу «адукацыя праз усё жыццё», развіццё медыка-сацыяльнай і герыятрычнай дапамогі, сацыяльнага абслугоўвання. Тым часам, усё больш пажылых людзей будзе мець патрэбу ў доглядзе і клопаце.

У Беларусі функцыянуюць 92 дамы-інтэрнаты і 146 тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання. Больш за 130 тысяч чалавек атрымлівае сацыяльныя паслугі дома, у дамах-інтэрнатах пражывае больш за 20 тысяч.

У плане на новую пяцігодку — унесці сур'ёзныя змяненні ў Закон «Аб сацыяльным абслугоўванні».

— Неабходны новыя сучасныя падыходы: па вызначэнні патрэб, па ўключэнні ў аказанне сацыяльных паслуг прыватнага камерцыйнага сектара, які ўжо развіваецца. Мы павінны бачыць такога партнёра і працаваць з гэтым сегментам, — паясніла Ірына Касцевіч. — Будзем пераймяноўваць дамы-інтэрнаты, укараняць сучасныя паслугі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».