Вы тут

Аляксандр Лукашэнка пра «МотаВелаЗавод»: За пяцігодку завод павінен грымець на ўвесь свет


«За пяцігодку завод павінен грымець на ўвесь свет». Такую задачу-абяцанне агучыў Прэзідэнт у гутарцы з калектывам ТАА «МотаВелаЗавод».


Традыцыйна адказваючы на пытанне пра мэту візіту Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Так жыць нельга. І вы так больш жыць не будзеце».

Ён паведаміў, што даручыў кіраўніцтву завода да зімы стварыць нармальныя ўмовы работы ў цэхах, якія зараз працуюць без ацяплення.

«Што тут будзе зроблена? 27 гектараў тэрыторыя. Папярэдне (амаль канчаткова, бо прапрацоўка доўжыцца некалькі месяцаў) тут будзе створаны Мінскі тэхнапарк. Гэта арганізацыя, на пляцоўцы якой асноўная вытворчасць - "Мотавелазавод", -- патлумачыў кіраўнік дзяржавы. - Гэта мая асабістая і дзяржаўная справа".

Прэзідэнт заўважыў, што заўсёды ганарыўся беларускімі брэндамі: МТЗ, МАЗ, БелАЗ і МотаВелаЗавод.

«Мы спрабавалі шмат і прыйшлі да высновы, што ніякаму прыватніку мы не патрэбныя. Мала добрых прыватнікаў, якія гатовыя сёння працаваць для людзей (гэта маё перакананне, вы можаце інакш думаць). Таму было прынята рашэнне на дзяржаўным узроўні: аднавіць тую славу велазаводу, якая была ў савецкі час», — адзначыў беларускі лідар.

У тэхнапарку галоўным будзе «МотаВелаЗавод», паўтарыў ён. Вытворчасць будзе створана на базе трэцяга корпусу — «добрае, прыгожае, перадавое прадпрыемства», на якім за пяцігодку ўдвая павялічыцца выраб тэхнікі.

«У цэнтры горада мы захаваем гэтую пляцоўку як вытворчую. Але чыстую. Тут не будзе ні ліцця, ні нафтапрадуктаў ніякіх», — абазначыў Прэзідэнт.

Другая асаблівасць тэхнапарку будзе заключацца ў тым, што гэта будзе выключна вытворчасць.

«Ніякіх пасрэднікаў і нават ніякага гандлю, за выключэннем, калі тут будуць базіравацца людзі, якія будуць гандляваць на экспарт», — дадаў Аляксандр Лукашэнка, маючы на ўвазе экспарт у першую чаргу «МотаВелаЗавода».

Лішнія плошчы будуць аддадзеныя і пад іншую вытворчасць, але менавіта вытворчасць, падкрэсліў ён.

Дрэнныя часы для «МотаВелаЗавода» павінны скончыцца да восені-зімы бягучага года, паабяцаў кіраўнік дзяржавы і распарадзіўся запланаваць на гэты час сюды візіт.

«Другая частка корпуса павінна мадэрнізавацца пад лакалізацыю. Мы павінны камплектуючыя запчасткі ў цэлым вырабляць тут, — лічыцца Аляксандр Лукашэнка. — Усё, што належыць зборцы ў Мінску, павінна вырабляецца ў Мінску», паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.

Цягам трох гадоў тэрыторыя мотавелазавода павінна цалкам быць прыведзеная ў ідэальны стан, паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. Усе лішнія будынкі будуць знесеныя ўжо летам.

«За тры гады будзе створана вельмі добрая вытворчасць. За пяцігодку завод павінен грымець на ўвесь свет, як некалі было ў савецкія часы», — рэзюмаваў беларускі лідар.

«Гэта будзе, — не сумняваецца Аляксандр Лукашэнка. — У мяне ўжо быў такі вопыт на „Камволі“».

Ацяпляць цэхі плануецца з дапамогай электрычнасці, паведаміў Прэзідэнт.

«Гэта немалыя грошы, будзем збіраць іх паціху, каб мы маглі нармальна працаваць», — падсумаваў сваю ўступную прамову беларускі лідар.


Прэзідэнт падзяліўся думкамі, як магчыма развіваць веласіпедны рух у Беларусі

З такім пытаннем да Аляксандра Лукашэнкі звярнуліся супрацоўнікі «МотаВелаЗавода» падчас яго сустрэчы з калектывам. На думку кіраўніка краіны, пачаць неабходна з «перабудоўвання розуму».

«Я з дзяцінства на веласіпедзе і зараз таксама, нягледзячы, што я Прэзідэнт, не забываю пакруціць педалі. Асабліва, калі растала лыжня, няма снегу. Па мокрым асфальце на лыжаролерах не прабяжыш, я бяру веласіпед ці іду на велатрэк. Вельмі шкадую, што я трэніруюся не на „Aist“ і не на „Мінску“», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Але ён запэўніў, што адзін веласіпед брэнда „Aist“ у яго ёсць — атрымаў у падарунак. Не так даўно, падзяліўся кіраўнік краіны, яму прэзентавалі 30 самых сучасных карбонавых веласіпедаў замежнай маркі. Іх накіраваў юным спартсменам у секцыі.

«Мой веласіпед увесь свет бачыў, лічылі, колькі ён каштуе. Мне таксама яго падаравалі гадоў пяць таму, але ён зноў жа не ваш. Зноў карбонавы. Я папрасіў, каб уважліва паглядзелі на вытворчасць карбонавых рам для веласіпедаў. Спачатку збіраць будзем, а далей, можа і ствараць. Канкурэнцыя там вельмі вялікая», — заявіў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што веласіпедны спорт — самая карысная актыўнасць для здароўя, лепш чым футбол і хакей. Ды і сетка веладарожак у сталіцы, па яго словах, пабудавана дастатковая.

«Я прыхільнік развіцця вытворчасці веласіпедаў і веласіпеднага спорту, бо ён даступны ўсім», — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік краіны заявіў, што ўраду неабходна прапрацаваць праграму на ахове беларускага рынку веласіпедаў. Гэту задачу, па яго словах, неабходна вырашыць за першае паўгоддзе.

«Атрымліваецца мы прадаем невядома дзе гэтыя веласіпеды, а ў Беларусі іх усяго 30 працэнтаў (айчынных веласіпедаў — «Зв.»). Так, неабходна ў гэтай пяцігодцы выйсці на 50–60 працэнтаў і далей развівацца. Будзе якасць нармальная. Нам неабходна свой рынак заняць і нікому не аддаваць. Як гэта зрабіць, справа ўрада», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заявіў, што справа вытворцаў — якасць.

«Зрабіце якасны тавар. Мы вам дапаможам з гэтым, пабудаваўшы новы цэх. Ён абыдзецца ў 30–40 мільёнаў долараў, там будзе і абсталяванне. Кажуць, што неабходна 5–7 мільёнаў долараў на абсталяванне — дапаможам яго купіць, каб вы на годным абсталяванні маглі рабіць веласіпеды», — дадаў кіраўнік краіны.


Прэзідэнт адказаў на чуткі пра свой палац

Па яго словах, апазіцыя выкарыстоўвае такія ўкіды, каб падбухторыць людзей для пратэстных выступленняў увесну.

«У Лукашэнкі палацаў няма, — дадаў Прэзідэнт. — Мы кантралюем сітуацыю, бачым. Яны беспілотнікі выкарыстоўваюць, падымаюць, фатаграфуюць. Дайшлі да таго, што прыватныя дамы, дзе дом большы, імкнуцца яго сфатаграфаваць і карцінку вывесіць. Як рэагаваць на гэта? Я запрашу незалежных гэтых журналістаў у гэты палац і ўсё пакажу».

Прэзідэнт запрасіў любога, хто знойдзе «палац Лукашэнкі», адразу засяляцца.

«Адразу едзьце і засяляйцеся. Але ім трэба раскачаць народ. А як? Трэба нешта знайсці супраць улады, а перад усім неабходна знесці галаву, а галава — гэта Прэзідэнт. Вось і ўся іх палітыка», — мяркуе Аляксандр Лукашэнка.

Ён растлумачыў, які дом лічыць сваім палацам.

«У мяне ёсць палац — сем на восем (метраў — «Зв.») домік, дзе я вырас з маці. Вось гэта мой палац, — сказаў кіраўнік краіны. — Прыязджайце, ён адкрыты для таго, каб чалавек змог прыйсці і паглядзець, дзе нарадзіўся Прэзідэнт. Усё астатняе належыць дзяржаве».  

Усё робіцца для таго, каб зламаць краіну, упэўнены беларускі лідар.

«Украіна рухнула. Па перыметры ўсе постсавецкія рэспублікі разваліліся, а вось гэтая Беларусь яшчэ трымаецца, — сказаў ён. — Але яны ж цудоўна разумеюць, прабачце за нясціпласць маю, што трымаецца яна ў асноўным за кошт таго, што Лукашэнка перашкаджае. Таму яго трэба зваліць. Калі б я вам яшчэ расказаў… Гэта яшчэ Камітэт дзяржбяспекі вам у бліжэйшы час раскажа: колькі сюды тратылу завезлі. І нават пластыду. Хто спецыяліст, той ведае. Гэта не Аўтуховіча (падазроны ў тэрарызме апазіцыянер — «Зв.») група. Гэта ўжо новыя. Добра, што іх прыкрылі. І там арсеналы. Навошта? Таму ім трэба зламаць, а нам трэба выстаяць. І мы гэта зробім».


Прэзідэнт даручыў даць дзецям супрацоўнікаў «МотаВелаЗавода» магчымасць мэтавага накіравання ў ВНУ

Кіраўнік краіны мяркуе, што такім чынам удасца прыцягнуць на прадпрыемства маладыя перспектыўныя кадры.

«Каб развіваўся „МотаВелаЗавод“, неабходныя адданыя кадры, спецыялісты. Вызначыцеся і адпраўце мэтавым чынам іх дзяцей у беларускія ВНУ, перад усім у Мінску. З такой умовай, што там яны атрымаюць адукацыю, а сюды вернуцца на працу», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.


Рашэнне разгледзець перспектывы праблемнага прадпрыемства на месцы было прынята Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам на нарадзе ў Палацы Незалежнасці два тыдні таму. Пляцоўка завода абцяжарана пазыкамі, знаходзіцца пад кіраўніцтвам антыкрызіснага менеджара. Уласнае канструктарскае бюро заводу кампенсуюць два спецыялісты на аўтсорсінгу.

З 2016 года на завод увялі знешняе кіраўніцтва, генеральным дырэктарам стаў Мікалай Ладуцька. Варыянтам вырашэння сітуацыі з велізарнай пазыкай быў выхад у банкруцтва «Мотавела» і стварэнне новага прадпрыемства «МотаВелаЗавод».

У 2020 годзе на заводзе выраблена амаль 70 тысяч веласіпедаў і 3000 адзінак мотатэхнікі, асвоены выпуск электравеласіпедаў. Колькасць супрацоўнікаў павялічылася цягам апошніх чатырох гадоў да 120 чалавек, вынікі гаспадарчай дзейнасці за мінулы год станоўчыя. Цікавасць для экспарту вела- і мотатэхнікі ўяўляе еўрапейскі рынак, ёмістасць якога штогод складае 30 мільёнаў адзінак. Але, як паведаміў пасля нарады ў кіраўніка краіны віцэ-прэм’ер Юрый Назараў, неабходна прыйсці на заходні рынак з якаснай прадукцыяй, а на існуючых пляцоўках і пры гэтых тэхналогіях стварыць сучасны прадукт ужо немагчыма.

Ды неабходна нешта вырашыць з велізарнай пляцоўкай у цэнтры сталіцы. Незапатрабаваныя плошчы мотавелазавода мяркуюць аддаць Мінскаму гарадскому тэхнапарку.


Даведка

Згодна разлікам Еўрапейскай веласіпеднай федэрацыі (ECF), укладанні ў веласіпедную інфраструктуру ў 8 разоў больш эфектыўныя за ўкладанні ў інфраструктуру для аўтамабіляў.

Веласіпедная інфраструктура ўключае ў сябе сістэму веладарожак, велапаркоўкі, указальнікі, святлафоры, дарожныя знакі для веласіпедыстаў, месцы адпачынку, пункты пракату, сістэму падтрымкі і развіцця веласіпеднага руху.

Стымуляванне росту папулярнасці выкарыстання веласіпедаў і арганізацыя адпаведнай інфраструктуры нясе шэраг пераваг: змяншаецца ўзровень шкодных выкідаў у атмасферу, больш разнастайнай робіцца транспартная сістэма, стымулюецца фізічная актыўнасць людзей.

Веласіпедная галіна прыносіць у эканоміку Еўрапейскага саюза больш за 513 мільярдаў еўра штогод.

У рамках рэалізацыі нацыянальнай праграмы ў Рэспубліцы Беларусь чакаецца стварэнне да 2025 года да 500 працоўных месцаў у сферы вытворчасці і продажу велатэхнікі, з улікам сумежных галін — да 2000 працоўных месцаў.

Згодна дадзеным стратэгіі развіцця веларуху ЕС, выкарыстанне веласіпедаў як асноўнага сродку перасоўвання па шляху на працу зніжае страты па непрацаздольнасці на 30 працэнтаў.

«МотаВелаЗавод» прапануе рэалізаваць Нацыянальны праект развіцця велаінфраструктуры з выкарыстаннем элементаў развіцця краін ЕС.

Дзеючая праграма развіцця веларуху ў горадзе Мінску мае на ўвазе дасягнення да 2025 года долі ўнутрыгарадскіх паездак на сродках малой мабільнасці да 5 працэнтаў. ТАА «МотаВелаЗавод» прапануе да разгляду рэалізацыю нацыянальнай праграмы давядзення долі ўнутрыгарадскіх паездак на індывідуальных сродках малой мабільнасці да 15 працэнтаў цягам 25 гадоў. У Капенгагене гэты паказчык ужо зараз складае 41 працэнт, Амстэрдаме — 29, Берліне, Гамбургу, Лейпцыгу і Стакгольме — 15.

Штогадовы прырост карыстальнікаў такімі сродкамі ў Беларусі больш за 10 працэнтаў.

«МотаВелаЗавод» гатовы прыняць удзел у стварэнні сістэмы аўтаматычных пунктаў пракату ў Беларусі. Размовы пра сістэму, якая дазваляе арэндаваць веласіпед на адным з пунктаў пракату, здзейсніць паездку і вярнуць веласіпед у любы пункт пракату ў горадзе. Мэта такога праекту — даць магчымасць карыстацца веласіпедамі для кароткіх паездак па горадзе (напрыклад, ад дома да метро). Праект прадугледжвае пасля стварэння сістэмы аўтаматычных пунктаў пракату веласіпедаў паступовую рэалізацыю падобных сістэм для пракату электрасамакатаў, электрамабіляў і воднага транспарту па ўсёй краіне.

(Будзе дапоўнена)

Марыя ДАДАЛКА

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.