Вы тут

Даведаліся, колькі каштуе букет на 8 Сакавіка


Восьмага сакавіка — не толькі Міжнародны жаночы дзень. Гэта яшчэ і дата, якую штогод чакаюць усе, хто заняты ў кветкавым бізнесе. Іх зорны час.

Напярэдадні Жаночага дня мы вырашылі высветліць, колькі сёлета мужчынам прыйдзецца выдаткаваць на кветкі і ці прынята ў нас дарыць «мільён алых руж» каханай.


«Кветкі цяпер — раскоша»

Ганна гандлюе кветкамі ў невялікім павільёне ў пераходзе метро вось ужо каля 10 гадоў. Большая частка яе тавару — «родам» з Нідэрландаў, Эквадора, Кеніі. Для крамаў і гандлёвых павільёнаў кветкі купляюць пачкамі — па 20—25 штучак — у буйных аптавікоў, якія маюць справу з замежнымі вытворцамі. Кошт партыі кветак для крамаў прыкладна ў два разы вышэйшы за цану першапачатковай закупкі — у яго закладзены затраты на транспарціроўку, мытныя выдаткі, фітасанітарны кантроль. І ўжо да гэтай цаны прадаўцы дадаюць свой працэнт — так фарміруецца кошт імпартнай ружачкі або хрызантэмы для пакупніка.

Зрэшты, суразмоўніца кажа, што цэны на кветкі цяпер дастаткова дэмакратычныя. Ружы — у залежнасці ад вышыні — ад 4,50 да 6,50, хрызантэмы па 6 рублёў за галінку, гваздзікі і цюльпаны — па 2,50. Раскоша накшталт шыкоўных буйных белых лілей (дарэчы, лілеі беларускія) — 20 рублёў за галінку.

Але ў асноўным, расказвае Ганна, пакупнікі аддаюць перавагу ружам. Прычым — з доўгай ножкай.

— Часам кажу пакупніку: «Вы плаціце за палку, у руж меншай вышыні бутоны таго ж памеру». Але гэта стэрэатып «дорага-багата»: чым вышэйшая ружа, тым прэстыжней яе дарыць. Асабіста мне падабаюцца ружы з кароткім сцяблом. Яны і ў вазе выглядаюць лепш. Што датычыцца колеру руж, то гэта важна для пакупніц-жанчын — калі яны купляюць кветкі сяброўцы або маме, то выбіраюць розныя колеры, часта бяруць двухколерныя ружы. Мужчыны спыняюць выбар, як правіла, альбо на чырвоных, альбо на белых ружах. Часам угаворваю падарыць каханай ружы іншых расфарбовак.

Беларускімі ружамі Ганна не гандлюе — кажа, яны дарагія ў закупцы.

— Па ідэі, яны павінны быць таннейшыя за імпартныя, але на выхадзе атрымліваецца практычна той жа кошт, — тлумачыць яна. — Наш буйны вытворца працуе сам ад сябе — вырошчвае і прадае кветкі, на вакзале ў гэтага прадпрыемства вялікія павільёны, дзе гандлююць толькі беларускімі ружамі: па 3,50, можна знайсці нават па 1,80. Я ездзіла, глядзела: ружачкі недарагія, але сцяблінкі тонкія, і бутоны не буйныя. Такіх руж у букеце павінна быць штук 25.

Ганна кажа, нашаму пакупніку больш звыкла купіць тры вялікія ружы. Часам купляюць нават адну. Замежныя вытворцы могуць дазволіць сабе выгадную для пакупніка цану, таму што ў іх велізарныя аб'ёмы, разважае яна.

Сама Ганна не вельмі любіць ружы, аддае перавагу іншым кветкам.

— Можа быць, таму што я кожны дзень гандлюю ў асноўным ружамі, самой мне хочацца нечага іншага. Часам бяру дадому цюльпаны, хрызантэмы або гваздзік-шабо. Таксама люблю альстрамерыю, яна доўга стаіць у букеце.

Зрэшты, яшчэ нашы мужчыны любяць дарыць жанчынам рамонкі.

— Часам прыходзяць хлопцы, хочуць купіць рамонкі. Я кажу, зіма, дзе ж рамонкі ўзяць? Ёсць рамонкавая хрызантэма, у яе суквецце такім «рамоначкам» — каб букет добра выглядаў, трэба пяць-сем галінак. Зараз вясна, людзі актыўна купляюць цюльпаны. Я ўжо распрадала ўсе, бачыце — зусім рэшткі. Сёння падвязуць.

Нядрэнна прадаюцца і гатовыя букеты.

— Стараешся рабіць букет так, каб не прыйшлося разбіраць яго на наступны дзень. Таму ў букеты заўсёды ідуць самыя лепшыя кветкі — буйныя ружы, хрызантэмы, герберы. Каб кампазіцыя выглядала даражэйшай, каб букет быў больш аб'ёмны. Некаторыя думаюць, што ў букеты ідуць рэшткі. Так прынята было раней, гадоў 10 таму, калі я толькі пачынала працаваць. Цяпер пакупнікоў стала менш, а канкурэнцыя ў кветкавым бізнесе велізарная. Трэба яе вытрымліваць.

Букет — аформленая фларыстычная кампазіцыя — абыдзецца ў сярэднім ад 50 да 55 рублёў.

Кветкі, якія будуць прадавацца ў гэтыя выхадныя, крамы і павільёны атрымалі ў пятніцу. Ці будуць кветкі з новай партыі даражэйшыя, прадаўцы адказаць не могуць: усё залежыць ад пастаўшчыка. Але наўрад ці цэны на кветкі «падскочаць» у сувязі са святам, кажуць прадаўцы.

— На жаль, кветкі цяпер становяцца раскошай. Досыць часта стаіць малады хлопец, думае, узяць пяць руж ці тры, лічыць грошы ў кашальку. Бывае, пытаюся мужчыну: «Колькі вам кветак?», а ён: «Пагляджу, колькі засталося грошай». Гэта кранальна, калі на кветкі каханай жанчыне аддаюць апошнія грошы. Сапраўды дарагі падарунак, ад усёй душы.

«У палюбоўніцы букет завяў, а ў жонкі стаяў два тыдні»

Ці прынята ў нас дарыць жанчынам кветкі — з нагоды і нават без нагоды?

— Думаю, так, — разважае Ганна. — Кветкі ў нас практычна кожны дзень купляюць.

Попыт на яе тавар не паддаецца логіцы, расказвае яна. Часам у будны дзень выручка большая, чым у выхадны. Ну, на 8 Сакавіка, зразумела, продажы будуць вялікія. Гэтае свята — магчымасць прадаць усё, што ёсць, нават тое, што ў іншыя дні засталося б незапатрабаванае. Хоць прадаўцы чакаюць, што продажы ў бягучым годзе не будуць такімі высокімі, як у гэты дзень яшчэ гадоў пяць-сем таму.

— Калі я пачынала працаваць, бывала, кветкі куплялі наўпрост ахапкамі і вазамі. Цяпер «мільён алых руж» каханай дораць рэдка. Хоць бывае і такое. Сёлета ў мяне і 37 руж бралі (мужчына дарыў жонцы на дзень нараджэння), і дваццаць адну. Нядаўна хлопцы ездзілі па станцыях метро, куплялі герберы. У аднаго з іх нарадзілася дачка, і ён хацеў адвезці жонцы ў роддом букет са 101-й герберы. На адным «пункце» столькі ніколі не бывае. Кветкі ж — тавар недаўгавечны, гэта не макароны.

У звычайныя дні, расказваюць прадаўцы кветак, ва «ўтыль» адпраўляецца ад 15 да 20 % іх нястойкага тавару. І гэтыя выдаткі, дарэчы, таксама закладваюцца ў цану для пакупніка.

— Колькі жыве кветка? Па-рознаму. Залежыць ад таго, як да букета будуць ставіцца. Звычайна хрызантэмы стаяць два тыдні, ружы — да пяці-шасці дзён. У хрызантэмы, напрыклад, вады трэба наліваць мала, дзесьці паўвазы ці крыху менш. А ружы трэба шмат вады, амаль цэлую вазу налівайце, інакш яна да бутона «не дап'е» і хутка завяне. Але ўсё залежыць не толькі ад дагляду за букетам. Адзін наш пастаянны кліент расказваў: купіў у нас тры аднолькавыя букеты — жонцы, дачцэ і палюбоўніцы. Дык вось, у дачкі з жонкай кветкі прастаялі два тыдні, а ў палюбоўніцы завялі на наступны дзень.

«Наколькі кахае, столькі кветак і дорыць»

— Цюльпаны не любяць ваду, налівайце ў вазу ледзь-ледзь, да узроўню лісцікаў, — папярэджвае пакупніка і дзяўчына, што гандлюе кветкамі ў пераходзе.

У яе ў асартыменце — толькі цюльпаны. Затое надзвычай розныя, дзіўных яркіх расфарбовак. Імправізаваны прылавак зроблены з кардоннай скрынкі.

Да 8 Сакавіка яшчэ пяць дзён, а ў яе ўжо аншлаг: па цюльпаны чарга, прычым большасць пакупнікоў — мужчынскага полу.

— Я прадаю свае цюльпаны, — расказвае прадавец. — Вырошчваю іх у цяпліцах у Тарасаве, недалёка ад Мінска па Гродзенскай трасе. Па два з паловай штучка. Стаяць яны шыкоўна, доўга захоўваюць свежасць.

— Не падаражэюць цюльпаны ў свята?

— Можна было б і падняць цану, але мы гэтага не зробім. З чыста чалавечых меркаванняў.

Па словах суразмоўніцы, нашы мужчыны вартыя павагі.

— Я тут круглы год гандлюю, вырошчваю розныя кветкі. І бачу, што ў нас усё яшчэ ўмеюць прыгожа заляцацца да жанчыны і дарыць каханым кветкі. Няма грошай — купяць тры кветачкі ці нават адну. А наогул, хто наколькі кахае, той столькі кветак і дорыць. Вось учора мужчына адмовіў жанчыне. Яна: «Купі мне адзін цюльпан», а ён ёй: «Абыдзешся»! А другі таксама на 8 Сакавіка летась сваёй спадарожніцы за сотню цюльпанаў падарыў.

Прадавец кветкавага магазіна, што размешчаны ў адным з буйных будаўнічых гіпермаркетаў, меркаванне дзяўчат-калег не падзяляе.

— На маёй памяці дарагіх букетаў мужчыны ў нас не куплялі. Максімум — 50 рублёў на кветкі. Гэта мяжа.

Хоць, кажа ён, продажы ў іх краме — не паказчык.

— У крамаў пераходы метро пакупнікоў забіраюць. Ды і месца ў нашага магазіна не самае ўдалае. Людзі сюды прыходзяць не па кветкі, а па будматэрыялы. Але ў пікавыя дні — напрыклад, напярэдадні 8 Сакавіка і ў сам святочны дзень — вядома, работы ў нас заўсёды шмат.

Цэны тут супастаўныя з сярэднімі па горадзе: ружы (Нідэрланды, Эквадор) — 4,99, 5,59, 6,99, самыя дарагія — са сцяблом 80 см. Герберы — 5,99 за штуку, альстрамерыя — 4,55, хрызантэмы ёсць па 6,99 і па 9.

Суразмоўнік гаворыць, што ў апошнія гады на 8 Сакавіка ўжо дораць не толькі ружы: такім букетам каханую не здзівіш.

— Гэта вясновае свята, і пакупнікі часцей, чым ружы, выбіраюць цюльпаны. І мімозу. Яе дораць саму па сабе або просяць дадаць у букеты, якія складаюць нашы фларысты. Пачым будзе мімоза, пакуль не ведаю — гэта залежыць ад таго, па якой цане яна «прыедзе».

У апошнія гады ў Еўропе замест букетаў модна дарыць кветкі ў вазонах, расказваюць прадаўцы. Але ў нас гэтая мода пакуль не прыжылася.

Парады і лайфхакі

Мы спыталі ў прадаўцоў, як сэканоміць на кветках 8 Сакавіка і зрабіць так, каб букет пражыў як мага даўжэй.

Купляйце кветкі не 8, а, дапусцім, 5—6 сакавіка. Попыт яшчэ не зашкальвае, можна выбраць найбольш прымальныя суадносіны цаны і якасці. Бо «свежыя» кветкі на прылаўку — на самай справе не такія ўжо і свежыя. Яны не менш як тыдзень «ехалі» да нас здалёк. Так што некалькі дзён нічога не зменяць. Пачакаць да свята кветкі могуць у прахалодным месцы — у гаражы, у склепе. Аптымальная тэмпература — плюс 5—8 градусаў.

Купіце кветкі оптам — атрымаеце зніжку. А потым разбераце іх на букеты для любых жанчын: жонкі, мамы, дачкі, бабулі. Можна скааперыравацца, дапусцім, з калегамі па рабоце ці з суседзямі па пад'ездзе (калі вы іх ведаеце) і знайсці аптавікоў. Тады букет абыдзецца танней.

Выбірайце ружы і цюльпаны з закрытымі бутонамі. Яны неўзабаве распусцяцца і пражывуць даўжэй, чым ужо раскрытыя суквецці. Хрызантэма не павінна губляць пялёсткі, калі яе крыху патрэсці. У архідэі на пялёстках не павінна быць плямак. І адмоўцеся ад куплі ўжо гатовых букетаў — магчыма, яны былі складзеныя не сёння. Лепш няхай фларыст складзе для вас новы букет.

Каб букет прастаяў даўжэй, у руж і астраў трэба зрабіць зрэз сцябла даўжынёй каля двух сантыметраў. У хрызантэм можна расплюшчыць канец сцябла з дапамогай малаточка для адбівання мяса. У амарылісаў варта злёгку падрэзаць сцябліны і акунуць іх у гарачую ваду. У вазу, куды вы будзеце ставіць мімозы, лепш наліць цёплую (амаль гарачую) ваду, а не халодную.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка: Беларусь і Расія сур'ёзна рушылі наперад у пытанні ўзгаднення саюзных праграм

Лукашэнка: Беларусь і Расія сур'ёзна рушылі наперад у пытанні ўзгаднення саюзных праграм

У Маскве адбылася сустрэча і перагаворы кіраўніка нашай краіны з яго калегам Уладзімірам Пуціным.

Эканоміка

За якія парушэнні могуць прыпыніць работу магазінаў?

За якія парушэнні могуць прыпыніць работу магазінаў?

МАРГ час ад часу прыпыняе работу магазінаў.

Грамадства

Еш ананасы, яблыкі жуй! Як падтрымаць імунітэт без аптэчкі?

Еш ананасы, яблыкі жуй! Як падтрымаць імунітэт без аптэчкі?

З авітамінозам у нас прынята змагацца па-старому...

Грамадства

Брагінскія кавуны з прыстаўкай «эка-»

Брагінскія кавуны з прыстаўкай «эка-»

На Гомельшчыне актыўна рэалізоўваюцца праекты па развіцці тэрыторый, пацярпелых у выніку катастрофы на ЧАЭС.