Вы тут

Марцыбела Агінская будавала манастыры і пісала вершы


Кінем позірк з вышыні гадоў на Слонім XVІІІ стагоддзя, дзе ў той час Элеанора Агінская (з сям'і пінскіх Войнаў) мела пяцёра дзяцей. Галоўным для яе дачок было стаць добрымі жонкамі. Для дасягнення гэтай мэты, акрамя агульных навук — матэматыкі, геаграфіі і лацінскай мовы, — яны знаёміліся з дамаводствам, вучыліся іграць, танцаваць, вывучалі літаратуру. Адным словам, князёўна на выданні павінна была стаць дыяментам — на якую руку яго ні надзень, ён мусіў блішчэць.


Сучасны выгляд храма ў Лядах.

Спектакль як вясельны падарунак

Дачцы Марцыбеле падабаецца аратарскае майстэрства, яна піша вершы, чытае іх перад гасцямі. Вывучэнне лаціны вядзе яе да крыніц веры, яна захапляецца тэалогіяй, як з роўнымі вядзе размовы з каталіцкімі іерархамі, якія час ад часу завітваюць да Агінскіх. Шлюб яе не цікавіць. Гэта клапоціць бацьку, старога Казіміра Агінскага, які бярэ яе аднойчы з сабой у госці да свайго сябра Крыштофа Завішы на Міншчыну. Марцыбела і сын Завішы, Ігнась, знаёмяцца. Яны знаходзяцца ў далёкім сваяцтве, і таму бяседа ў Смілавічах (цяпер Чэрвеньскі раён, 27 км ад Мінска) атрымліваецца ненапружаная і асабліва цёплая. Агінскі лічыць Ігнася годнай партыяй, і бацькі замацоўваюць дамову застоллем.

Потым... потым стары Завіша памёр, Ігнася паклікалі ваенныя справы, і гэтае знаёмства пэўны час не перарастала ў штосьці большае. Наступны крок пасля агледзін павінен быў зрабіць ён, але справы не дазвалялі. І толькі пасля папрокаў ад маці і сясцёр ён завітаў у Слонім, каб прапанаваць руку і сэрца Марцыбеле. Самой нявесце было гадоў 20—25 (на жаль, ніводная крыніца не падае дату яе нараджэння).

Вяселле адбылося ў 1727 годзе, можна меркаваць, у Слоніме, а пры пераездзе да мужа гулялі ў Смілавічах, дзе жылі Завішы. Мінск як цэнтр староства вясельныя ўрачыстасці таксама не абышлі ўвагай. У аналах гісторыі захаваліся звесткі пра пастаноўку на сцэне ў Мінску ў гонар маладых сужэнцаў шматактовай п'есы «Саюз Мінервы і Марса, ці Мудрасці і Сілы ў Канстанціне Астрожскім, найвялікшым палкаводцы свету, палацінам Трокскім аднойчы ўбачаны...» П'есу ставілі маладыя акцёры-метагімнасты мінскіх школ езуітаў.

Канешне, у адносінах да Ігнася гэта было перабольшанне, славы Астрожскага ён не меў, але землякі ганарыліся ім як мечнікам ВКЛ. Магчыма, у арганізацыі гэтай пастаноўкі ўзяла ўдзел і сама Марцыбела.

У якасці дадатку да звычайнага мацярынскага пасагу (з коўдрамі, карункамі, падушкамі і дзявочым гардэробам) бацька адпісаў ёй сваю долю нерухомасці ў тых самых Смілавічах, дзе жылі і мелі маёмасць Завішы.

Цудадзейны абраз

Калі Марцыбела апынулася ў Смілавічах, то ўбачыла ўтульнае мястэчка з плошчай, якую акаляў шэраг яўрэйскіх крамак, каля дзясятка не надта багатых на выгляд драўляных дамоў, за якімі, аж да млына на Волме, распасціраліся звычайныя халупы з саламянымі стрэхамі. З плошчы бачыўся невялічкі мінарэт татарскай слабады; ад яе ішла прысада да царквы і невялікага палаца-замка. Палац і царкву пабудаваў у свой час яе дваюрадны дзед — канцлер ВКЛ Марцыян Агінскі. Адзінокі, ён завяшчаў усе свае маёнткі радні. У знак падзякі яго сястра залажыла недалёка ад Смілавіч вёску Марцянаўка (якая існуе і сёння і мае права на мемарыяльны знак у гонар вялікага канцлера). Само ж мястэчка тады з'яўлялася цэнтрам графства Бакшты і, за выняткам маёнтка Дукора, належала Завішам.

Сям'я мужа цёпла прыняла Марцыбелу. Свякруха, Тэрэза з Тышкевічаў, і яе дарослыя дочкі ўсяляк спрыялі адзінай нявестцы.

Праўда, мінуў год, другі, а дзяцей у маладой пары не з'яўлялася. Каб вырашыць гэта пытанне ў адпаведнасці з перакананнямі веры, Завішы вырашылі на адлегласці сямі кіламетраў ад Смілавіч, каля царквы ў Лядах пабудаваць манастыр.

Тое месца сярод лесу было намоленае з даўніх часоў. Калі хварэла сама Тэрэза, яе аўдыенцыі дабіўся селянін па прозвішчы Кірык. Ён распавёў, што ноччу яму з'явілася Багародзіца і параіла пабудаваць храм у Лядах. Маўляў, у пані маецца спіс абраза Маці Божай Жыровіцкай, але ў палатах графіні яна адчувае сябе няўтульна і сваю цудадзейную сілу можа праявіць толькі ў храме. Былі дадзены распараджэнні, і такая ўніяцкая драўляная цэркаўка паўстала, Тэрэза перадала абраз туды і, Божа! — паправілася.

Пасля гэтага выпадку пагалоска, што Лядненскі абраз вылечвае ад хвароб, у вокаімгненне разляцелася па краіне. У Ляды да абраза пацягнуліся пілігрымы, і Марцыбела актыўна ўключылася ў падрыхтоўку пабудовы манастыра. Каб павысіць значнасць задумы, яна ў 1731 годзе дабілася ў вялікага князя Аўгуста ІІ прывілей на правядзенне тут двух кірмашоў: на свята Звеставання Божай Маці і у дзень народзінаў святога Яна Хрысціцеля.

Сяброўства з царыцай

У 1732 годзе фінансаванне будоўлі набыло абрысы — Ігнась разам з маці і сёстрамі пацвердзілі ў Трыбунале пісьмова, што яны аддзяляюць ад сваёй маёмасці і запісваюць на патрэбы будучага манастыра дзве вёскі — Слабодку (Езуполле) (6 хат) і Грыву (15 хат) з халопамі і правам памолу мукі, а таксама 4000 злотых, якія павінен быў забяспечыць смілавіцкі яўрэйскі кагал. Здавалася, вось-вось будзе закладзены падмурак. Аднак здароўе Ігнася і хваляванні ў краіне, якія ўзмацніліся пасля смерці вялікага князя ў 1733 годзе, не дазволілі адразу прыступіць да будаўніцтва. Трывожную абстаноўку ўскладняла магчымая інтэрвенцыя суседняй імперыі. У 1733-1735 гадах Ігнась як пасланнік Рэчы Паспалітай неаднойчы накіроўваўся да рускай царыцы Ганны (пляменніцы Пятра І) з мэтай урэгулявання пагранічных спрэчак і прызнання ў дружалюбнасці (у Піцеры прозвішча Завішаў было добра вядомае. Аднойчы Пётр І танцаваў на вечарыне з маці Ігнася, а ў час прыёму ў Слуцку падарыў Ігнасеваму бацьку залаты партабак). У гэтых дыпламатычных місіях «старшынство» было за Марцыбелай. Царыца Ганна была яе сяброўкай. Звычайна ў Санкт-Пецярбургу яны разам забаўляліся, абмяркоўвалі навіны музыкі і тэатра. На расстанне Марцыбела атрымлівала ад Ганны падарункі — і зноў у Смілавічы, куды пазней пошта дастаўляла лісты з вензелем царыцы. Дзякуючы жонцы, у 1735 годзе ў гонар Ігнася як пасла новаабранага вялікага князя Аўгуста ІІІ, работнікі Санкт-Пецярбургскай акадэміі навук і мастацтваў склалі прывітальны верш (ён і цяпер захоўваецца ў Кунсткамеры).

Не выключана, што царыца Ганна запрашала Марцыбелу на ўрачыстасці зімой 1740 года, у тым ліку і на «вяселле» блазнаў у Ледзяным доме (апісаным у рамане Лажэчнікава).

Страты і дабрадзейнасць

У 1732 годзе памерла братавая Марцыбелы — Ганна з Карыбут-Вішнявецкіх. Яна пакінула сіротамі адно пад адно сямёра дзяцей. Праз год не стала роднага бацькі Марцыбелы, а яшчэ праз год пайшоў з жыцця і сам брат Язэп, які не перажыў страту жонкі. Марцыбела замяніла дзецям маці.

У 1738 годзе Ігнась памёр. У запавеце ўсе багацці ён не пабаяўся перадаць сваёй адзінай і любай Марцыбеле.

На цырымоніі пахавання, на якой прысутнічаў амаль увесь вялікакняжацкі двор, Марцыбела, якая славілася красамоўствам, выступіла з вершаванай жалобнай прамовай. Ордэн іезуітаў палічыў за гонар выдаць гэты твор аратарскага майстэрства. У 1740 годзе прамова Марцыбелы ўбачыла свет у Вільні асобнай кніжкай.

Энергічная, нязломная, пасля смерці мужа яна вырашыла давесці да ладу справу пабудовы манастыра, дадала да мужавых сваіх 2000 злотых з даходу мястэчка Журавічы (цяпер Рагачоўскі раён), і распачала будаўніцтва. Распрацоўка праекта і ўзвядзенне пабудоў заняло каля трох гадоў. Ужо ў 1742 годзе было складзена першае апісанне (інвентар) манастыра ў Лядах.

Аўстрыйскі дамскі ордэн. Сучасны выгляд.

Два дзясяткі лядненскіх манахаў рупілася, каб навучыць найперш, чытанню, пісьму і арыфметыцы, дзеці вывучалі тэалогію і хрысціянскую мараль. Узровень выкладання быў такі, што дазваляў адразу паступаць ва ўніверсітэты. Але найбольшы аўтарытэт Марцыбела займела пасля таго, як выстаралася ў папы Пія VІ індульгенцый для пілігрымаў, што прыходзілі ў лядненскі манастыр на святы.

У 1746 годзе (у некаторых крыніцах — 1747-м) Марцыбела за свой кошт пабудавала ў Смілавічах для ксяндзоў-місіянераў дамы, прыгожы двухвежавы касцёл і перадала ім у карыстанне 750 гектараў зямлі. Пры гэтым яна зыходзіла з пераканання, што місіянеры будуць выконваць сваю асноўную задачу — прапаведаваць Евангелле ўбогім. Пры касцёле адкрылі інтэрнат для вучняў і школу.

Рука Марцыбелы пакінула след на шматлікіх дакументах маёмасных «разборак». Яна беражліва складвала і размяркоўвала пасаг для сваіх шасці пляменніц. Пазней пяць з іх выдала замуж за вядомых у Літве-Беларусі жаніхоў. Але галоўным яе гонарам быў пляменнік — «сын» Міхал. Яна рупілася, каб пакінуць яму спадчыну ў найлепшым стане. Калі паволі лёсу маёнтак Дукора апынуўся ў руках гетмана Масальскага, яна адкупіла для Міхала гэтую колішнюю частку Бакштаў Завішаў-Агінскіх.

Рознабаковая адукацыя, на якую не шкадавала грошай цётка Марцыбела, дала свой вынік: ужо ў 11 гадоў Міхал Казімір Агінскі быў прызначаны вялікім князем на пасаду чашніка і, згодна з традыцыяй, мог удзельнічаць ва ўрачыстых дзяржаўных цырымоніях. У 15 гадоў яму была даверана пасада польнага пісара, які займаўся перапісам войска ВКЛ. Паэт, пісьменнік, драматург — гэта ад цёткі Марцыбелы. Дарэчы, атрымаўшы ў свой час вялікую спадчыну па цётцы, Міхал не забыўся на яе ласкі. У гонар сваёй другой маці ён залажыў фальварак Марцыбелішкі.

У беларускай гісторыі асоба Марцыбелы Агінскай пакуль стаіць у цені. Але наўрад ці адшукаецца іншая жаночая постаць, якая б рупілася аб народнай адукацыі і карысталася павагай сучаснікаў больш, чым яна. Ужо хворая, у 1760 годзе Марцыбела ахвяравала базыльянскаму манастыру 8000 злотых, які павінен быў забяспечыць маёнтак Дукора.

У тым жа 1760 годзе Марцыбела Агінская пайшла з жыцця. Яе душа ўзнеслася, але справы мецэнаткі яшчэ доўга ззялі і адлюстроўваліся ў цудатворным Лядненскім абразе. Захавалася песня-паэма, прысвечаная абразу Маці Божай Лядненскай. Лічыцца яна ананімнай, але бачыцца ў ёй почырк рукі Марцыбелы Агінскай:

За што ўлюбілася ў лясы?

Бо часта ў нашыя часы

па пушчах бачым.

Пэўна, самі выпіхваем

цябе грахамі

і выганяем з гарадоў?

Здаўна праслаўляюць

Жыровічы міла.

А зараз Барэны,

Сіроцін ўзлюбіла.

Браслаўе, як Супрасль,

Мегіраў і Кані,

Абрала пакойчыкамі

для пражывання.

Краснабор, Лясная

і блізкія: Дудзічы,

Лядненская пушча —

лічыць не злічыць...

Даволі.

Ў пустынях густых

адшукала ты схоў

З-за нашых нямалых

і частых грахоў...

(пераклад з польскай аўтара).

Віктар ХУРСІК

Загаловак у газеце: За што ўлюбілася ў лясы...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра.

Культура

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

«На схіле ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве даўгалетнія сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан і навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві».