Вы тут

Чым прыцягвае чытачоў часопіс «Алеся»?


Які ён, партрэт сучаснай беларускай жанчыны? Што яе цікавіць? У чым крыніцы яе пазітыву і што надае сіл? Ці ёсць сёння час на чытанне і чаму яна аддае перавагу ў сучасным патоку інфармацыі? Гэтыя і іншыя тэмы першы намеснік галоўнага рэдактара «Звязды» Наталля Карпенка і журналіст Алена Кравец абмеркавалі напярэдадні Міжнароднага жаночага дня з Ларысай Ракоўскай, галоўным рэдактарам самага жаночага часопіса нашай краіны — «Алеся», якая з'яўляецца пераемніцай легендарнай савецкай «Работніцы і сялянкі».


Н.К. — Ларыса, перад часопісам цяпер няпростая задача: настрой жанчынам псуюць пандэмія, маскі, ды і надвор'е пакуль яшчэ не надта вясновае... Чым вы радуеце чытачак і адкуль самі чэрпаеце пазітыў?

Л.Р. — Кожны чалавек —  сам крыніца свайго шчасця, гэтак жа як і няшчасця. А пазітыўных людзей вакол нас, і нашых аўтараў у тым ліку, вельмі шмат. Нямала тых, хто зрабіў сябе сам, адбыўся насуперак абставінам, дапамагае ў гэтым іншым, знаходзіць радасць у штодзённых рэчах і з гэтага ўмее зрабіць свята для сябе і для іншых. «Алеся» — часопіс Беларускага саюза жанчын, і ў гімне БСЖ ёсць такія словы: «Мы жанчыны, і мы за ўсё ў адказе». Пад гэтымі словамі можа падпісацца, напэўна, любая жанчына. І мы ў сваёй рабоце імкнёмся арыентавацца на такіх людзей, якія ўмеюць вакол сябе ствараць астравок пазітыву, бяспекі, пэўных сэнсаў. Хоць мы пішам і пра мужчын, бо нам цікавы іх погляд на свет жанчыны.

Так што персон — адметных, пазітыўных, разумных, сучасных, скіраваных у заўтрашні дзень, тых, хто сёння робіць будучыню, вельмі многа. І аб'ёмаў нашага часопіса часам не хапае, таму штосьці ідзе ў інтэрнэт-версію. Прычым цікавыя жанчыны ёсць усюды, незалежна ад геаграфіі. Пазітыўныя людзі вакол сябе ствараюць пазітыўную атмасферу, якую можна выразіць словамі «дзе я, там і добра», да іх цягнуцца, пра іх цікава чытаць.

Н.К. — А што для вас і вашага часопіса азначае пераемнасць? Нярэдка здараецца, што прыходзіць новы рэдактар, адмаўляецца ад ранейшых падыходаў і пачынае ўсё нанова: я буду рабіць так, як я гэта бачу.

Л.Р. — Напэўна, жадання рабіць усё па-свойму цалкам пазбегнуць цяжка. Падчас маёй работы ў «Алесі» было ўжо два юбілеі часопіса: 90- і 95-гадовы. І на свята мы запрашалі ўсіх рэдактараў, якія працавалі да мяне. І было відаць, наколькі прыемна маім папярэдніцам, што пра іх не забываюць. Было надзвычай цікава паслухаць іх успаміны і даведацца пра іх бачанне. Марыя Іосіфаўна Карпенка, якая рэдагавала часопіс на працягу 28 гадоў, расказала, як адзначалі юбілей у часы яе рэдактарства. Гэта былі паспяховыя савецкія гады: яны ўсім калектывам проста «скінуліся» па зарплаце, каб дастойна сустрэць высокіх гасцей. Прытым, што тыражы «Работніцы і сялянкі»  некалькі дзесяцігоддзяў таму пераўзыходзілі тыражы сённяшняй «Алесі» нават не на адзін парадак.

Увогуле, пераемнасць — вельмі суб'ектыўнае паняцце. Я, напрыклад, лічу, што не магу не быць пераемніцай Марыі Карпенкі, Раісы Баравіковай. Для мяне гэта проста вялікія жанчыны. Але калі параўноўваць часопіс таго часу і сённяшні, то зразумела, што яны моцна адрозніваюцца, бо гэта розныя эпохі, і мы звяртаемся да розных пакаленняў.

Магчыма, і пра сённяшні наш часопіс на паперы некаторыя могуць сказаць, што гэта несучасна. Даводзіцца часам чуць, што ўсё можна прачытаць у інтэрнэце. Але ў інтэрнэце ты прачытаў і тут жа забыў, а каб не забыць, усё роўна штосьці раздрукоўваеш ці робіш закладкі. А часопіс — гэта матэрыяльная рэч, своеасаблівы дакумент эпохі, які застанецца. Можна прыйсці ў бібліятэку і пагартаць часопісы 20-х гадоў мінулага стагоддзя, і ты адчуеш, як і чым жылі тады. Таму тут пераемнасць такая — на кончыках пальцаў. Нельга сказаць, што мы ідзём пад тым жа сцягам, што быў у «Работніцы і сялянкі» ці «Алесі» 20—30 гадоў таму.

Н.К. — Але штосьці нязменнае ўсё роўна застаецца...

Л.Р. — Гэта жанчына і яе праблемы, яе погляд. Толькі гэта ўжо погляд нашай сучасніцы. У кожным часе ў жанчыны свае праблемы, і часопіс на іх рэагуе. Нягледзячы на тое, што ёсць у нас і грамадска-палітычная, і літаратурна-мастацкая тэматыка, але сацыяльная праблематыка чырвонай ніткай праходзіць з 1924 года.

Н.К. — Мы ўжо крыху закранулі мужчынскую тэму. Нягледзячы на тое, што часопіс «Алеся» жаночы, ці ёсць на яго старонках месца для мужчын? Ці могуць яны нешта пачытаць?

Л.Р. — У меру сваіх магчымасцяў мы праводзім сацыялагічныя апытанні, каб зразумець, куды рухацца далей. І пакрысе рыхтуемся да 100-гадовага юбілею. Мы папрасілі заняцца апытаннямі бібліятэкі. Там наш часопіс карыстаецца вялікай папулярнасцю, хоць, на жаль, не ўсе сельскія бібліятэкі могуць яго выпісваць. І тады раённыя бібліятэкі праводзяць «Тыдзень «Алесі». Дык вось, дзякуючы бібліятэкам мы і атрымліваем зваротную сувязь. Наш часопіс чытаюць і жанчыны, і мужчыны — паводле тых сацыялагічных звестак, якія нам даступныя.

Мы стараемся, каб ён быў сямейным і яго маглі чытаць усе: мама, бабуля, дачка, і тата каб нешта для сябе знайшоў. У нас цікавыя субяседнікі, сітуацыі, падарожжы і мясціны. Мы стараемся як мага шырэй закранаць праблемы, каб гэта было своеасаблівае акно ў беларускі свет.

У «Алесі», дарэчы, склаўся пул сяброў. Мы рады, што з намі супрацоўнічаюць нашы вядомыя фотамастакі Альфрэд Мікус і Сяргей Плыткевіч. Яны з задавальненнем адклікаюцца на ўсе просьбы. Напрыклад, да юбілею «Алесі» з Альфрэдам Мікусам мы рабілі сумесную выстаўку жаночага партрэта. Яму гэтая тэма цікавая, і гэта мужчынскі погляд, а мы, у сваю чаргу, бачым, як ён паказвае жанчыну. Такая своеасаблівая зверка гадзіннікаў.

З вялікім шкадаваннем кажу пра мастака Валерыя Шкарубу, якога, на жаль, ужо няма з намі. Ён быў героем нашых матэрыялаў, яго карціны былі ў нас на вокладках. Гэта адзін з нямногіх беларускіх мастакоў, які вельмі дакладна перадаў беларускі характар у жывапісе, прычым не праз партрэты, а праз пейзажы. Успрыманне нашых пораў года, міжсезоння выклікае не смутак, а захапленне. Я вельмі рада, што ў нас быў такі сябар і нашы чытачы праз наш часопіс дакрануліся да яго жывапісу.

А.К. — Ларыса, а ці ёсць у сучаснай жанчыны час на часопісы? Якім павінен быць часопіс, каб зацікавіць сёння?

Л.Р. — Я сябе адношу да прафесійных чытачоў, бо, як і многія людзі майго пакалення, заўсёды вельмі шмат чытала. А апошнім часам злавіла сябе на тым, што чытаць стала менш. Кнігі проста назапашваюцца ў папяровым і электронным выглядзе. Здаецца, і час можна знайсці, і патрэба ёсць, а ўнутраных сіл няма. Бо чытанне — гэта інтэлектуальная праца. Часопіс у гэтым сэнсе — аблегчаны варыянт: там ёсць усяго патрошкі.

У мяне на тумбачцы побач з ложкам ляжаць кніга па асобасным росце, «Эмацыянальны інтэлект» па псіхалогіі (нядаўна купіла і пакуль далей за першыя старонкі не прасунулася), жаночыя раманы для заспакаення душы, дэтэктывы. Я разумею, што кнігі збіраюцца, а часу няма. А вось чытаеш тую ж «Алесю» — як птушка, збіраеш па зярнятку: штосьці па псіхалогіі, асобасным росце, парады псіхолагаў, юрыстаў, і за нешта «чапляешся». Інтэрв'ю з уладальнікам аграсядзібы чытаеш і ловіш сябе на думцы: а гэта нядрэнная ідэя, трэба з'ездзіць. Хтосьці займаецца прыкладнымі мастацтвамі, хтосьці карціны піша. Чытаеш і думаеш: «Было б у мяне шмат часу, таксама гэтым занялася б», ці «Пайду на пенсію і буду рабіць гэтак жа». Такія матэрыялы бадзёраць і пашыраюць кругагляд. Мы ж усё на сябе прымяраем: а чаму я так не раблю?

Наша сяброўка Алена Брава, а яна, на мой погляд, складаная для чытача сучасная пісьменніца, узнімае тэмы, якія хвалююць маладых жанчын: сексізм, фемінізм — рэчы, якія жанчын майго пакалення не вельмі турбуюць, бо мы фарміраваліся ў іншы час. А яна як пісьменніца прэпаруе іх на ўзроўні навукі. І я аддаю гэтаму належнае, бо гэта важна і цікава нашаму маладому чытачу. Гэта тое, што цяпер вельмі хвалюе моладзь. Мы вельмі рады, што Алена Брава вядзе ў нас літаратурны агляд. Я для сябе таксама адкрываю новыя гарызонты: даведваюся, што цікава сучаснай жанчыне, і ў дадзеным рэчышчы думаю, як фарміраваць парадак дня ў часопісе з улікам гэтых павеваў.

А.К. — Якія тэмы ў часопісе ў першую чаргу прыцягваюць увагу? Прыгажосць і здароўе, турызм і адпачынак, кулінарыя, сад-агарод, дызайн?

Л.Р. — Атрымліваецца, што колькі жанчын, столькі і меркаванняў. Для кагосьці сад-агарод — хобі і жыццёвы сэнс, мы пра гэта пішам. І гэта бяспройгрышны варыянт. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца жаночыя расказы. Мне як прафесійнаму чытачу гэта не вельмі цікава. Але ў нас шмат тых, для каго гэта вельмі жыццёва, і па пісьмах гэта відаць. Некаторых такія расказы нават падштурхоўваюць да ўласных літаратурных спробаў — свае жыццёвыя гісторыі пакласці на паперу. Гэта таксама адчуваецца ў нашай пошце.

Нам увогуле часта прыходзяць пісьмы, якія ўзрушваюць. Быў ліст з Расіі, з Урала. Жанчына, а ёй за 60, чытае матэрыялы з Беларусі. І вырашыла падзяліцца сваёй гісторыяй. Калі ёй было 20 з нечым, і яна працавала на камсамольскай будоўлі, ёй сімпатызаваў хлопец-беларус. Але той не асмеліўся да яе падысці. Так і раз'ехаліся яны ў розныя канцы Саюза. Яна нічога пра яго не ведае, памятае толькі, што завуць яго Мікалай. Жанчына пражыла сваё жыццё, мае дзяцей і ўнукаў. Але гэтая гісторыя сядзіць у ёй стрэмкай, гэты Коля-беларус, як несыграная пласцінка. Мы надрукавалі гэтае пісьмо ў «Алесі», бо тут гатовая жаночая гісторыя. І пад ёй маглі б падпісацца многія жанчыны — такія ўспаміны ёсць, бадай, у кожнай.

А.К. — Ларыса, а якія асобы сёння цікавяць чытачак? Актрысы і тэлевядучыя або звычайныя жанчыны, якія «зрабілі сябе самі»?

Л.Р. — Гэта пытанне нават не да чытачак, а да нашых аўтараў. Журналісты — таксама чытачы і яны шукаюць сваіх герояў, якія ім цікавыя. Вядома, што мы распешчаныя кантактаваннем, і здзівіць нас чымсьці складана, бо вельмі шмат даводзіцца мець зносін. Мы заўсёды абмяркоўваем рэдакцыйны партфель: ці цікава, ці карысна гэта будзе чытачу.

Паколькі мы — часопіс Беларускага саюза жанчын, нашы гераіні — гэта лідары грамадскага меркавання. Гэта жанчыны, якія прыйшлі ў самую буйную жаночую грамадскую арганізацыю, чагосьці дасягнулі, да нечага імкнуцца, бачаць сябе ў грамадскім жыцці, а не толькі дома і на рабоце. Таму мы з вялікім задавальненнем расказваем пра лідараў грамадскага меркавання, тых жанчын, што натхнілі сябе і натхняюць навакольных — свецяць, свецяцца, дапамагаюць тым, каму складана і хто ўстроены так, што сам сябе за валасы з бяды не выцягне.

Адна з нашых аўтараў расказвае пра жанчын складанага лёсу, якія прайшлі праз жыццёвыя выпрабаванні, але не зламаліся, выйшлі з іх і служаць прыкладам іншым. Такія гісторыі паказальныя: ты хандрыш, а паглядзі, як было ёй, але яна справілася, знайшла ў сабе сілы. Пра такіх гераінь цікава, карысна і павучальна чытаць і ведаць. Часам бывае, што гераіня гэтая жыве ў тым жа горадзе і можна звярнуцца да яе, атрымаць дапамогу, спытаць парады. Так мы і звязваем нашых чытачоў.

Н.К. — Цікава, а як вы шукаеце герояў на вокладку?

Л.Р. — Усе памятаюць цудоўную гісторыю, як выйшла замуж спявачка Сафія Ратару. Яна трапіла на вокладку часопіса. А яе суайчыннік, які дзесьці далёка служыў у войску, убачыў яго і сказаў: вось якія цудоўныя ў нас дзяўчаты, прыйду з войска і з ёй ажанюся. Так і адбылося.

Пэўны стэрэатып — «дзяўчына з вокладкі» — дагэтуль жывы. У нас на вокладцы не проста прыгожая дзяўчына, а асоба. І гэта наша сучасніца. А яны вельмі розныя: народная майстрыха з Дома рамёстваў Глыбокага, удзельніца народнага ансамбля танца з райцэнтра Магілёўскай вобласці, юная балерына, якая праз некалькі гадоў, магчыма, стане сусветна вядомай, оперная спявачка Аксана Волкава, якой захапляецца ўвесь свет, жаночы лідар. Але гэта дакладна не толькі актрысы, тэлевядучыя, але і простыя працаўніцы. Іх захапленні, майстэрства маштабуюць. І гэтым яны цікавыя.

Як атрымалася адна з нашых вокладак? Я папрасіла нашу журналістку напісаць матэрыял пра маляванкі. Яна паехала ў Глыбокае, і там у Доме творчасці пагутарыла з майстрыхай. І калі прывезла яе фотаздымак, я зразумела: гэта ж вокладка! Фота такое цёплае, жанчына свеціцца знутры. Вось так і робяцца нашы вокладкі. І я разумею, што для невялікага Глыбокага гэта, магчыма, і своеасаблівая міні-сенсацыя.

Напэўна, часам мы і памыляемся. Творчы чалавек не можа без сумненняў. Я таксама заўсёды сумняваюся ў тым, што раблю. І не магу на 100 % сказаць, што гэта абсалютна ўсім цікава — так не бывае. Іншае пытанне, з кім мы канкурыруем. Жаночых часопісаў цяпер шмат: і беларускія, і расійскія, і агульнаеўрапейскія. Мы не можам і не імкнёмся з імі канкурыраваць. Там іншы падыход і іншыя мэты. Глянец — часопіс пра недасягальнае, пра тое, да чаго, магчыма, і не варта імкнуцца. Як Мона Ліза, на якую можна паглядзець, натхніцца, але неабавязкова валодаць гэтай карцінай. Той жа Vogue — гэта як высокае мастацтва. Наш часопіс прыкладны: ён пра жыццё тут і цяпер, пра тых людзей, якія жывуць вакол нас і на якіх можна раўняцца.

А.К. — А хто сучасная чытачка «Алесі»?

Л.Р. — Мы пазіцыянуем сябе як сямейны часопіс, таму немагчыма вызначыць узрост нашага чытача. Дома яго чытаюць усе: і бабуля, і маці, і дачка знойдуць там штосьці для сябе. Таму «Алеся» такая эклектычная, бо мы стараемся быць карыснымі для ўсіх. І нашы аўтары рознага ўзросту: ад зусім маладзенькіх дзяўчат да сталых жанчын. Таму і чытацкая аўдыторыя дастаткова шырокая. Большасць, напэўна, жанчыны старэйшага ўзросту, якія не так актыўна карыстаюцца інтэрнэтам. Не трэба забываць, што бібліятэкі ў невялікіх населеных пунктах выконваюць ролю клубаў. Гэтак жа як на Захадзе жыхароў аб'ядноўвае паб, так у нас у сельскай мясцовасці і невялікіх гарадах вакол бібліятэк утвараюцца свае клубы па інтарэсах.

Калектыў «Алесі» і нашы сябры — музыканты, мастакі, іншыя творчыя людзі, нярэдка запрашаюць у такія бібліятэкі па ўсёй краіне на тэматычныя вечары. Праз эпідэмію мы цяпер пакуль не ездзім у рэгіёны, а абмежаваны Мінскам, але, мяркую, гэтая традыцыя адновіцца. Я бачу, што на сустрэчу прыходзіць чытацкі пул бібліятэкі, яны задаюць такія цікавыя пытанні — пра герояў публікацый, пра жыццё, пра палітыку — усё, што хочаце. Выдатна, што бібліятэкі выконваюць сацыяльную функцыю. Гэта цікавы трэнд, і мы яго ўлічваем у сваёй рабоце.

Н.К. — Ларыса, вы як рэдактар сустракаецеся з вялікай колькасцю жанчын. Які ён, партрэт сучаснай беларускі? Чым нашы жанчыны адметныя і што вам у іх падабаецца?

Л.Р. — Мне ўвогуле вельмі падабаюцца беларускія жанчыны. Я 10 гадоў пражыла ў Маскве, у такім своеасаблівым еўрапейска-азіяцкім агламераце. І гэты вопыт, і вопыт журналісцкага кантактавання дае мне падставы сапраўды захапляцца беларускімі жанчынамі. Партрэт сучасніцы — гэта і разумніца, і прыгажуня. Усё, што можна сказаць станоўчага ў найвышэйшай ступені, — гэта пра беларускую жанчыну.

У юнацтве я пазнаёмілася з беларускай, якая жыла ў Севераморску. Яе муж — падводнік. Паколькі яны сыходзяць на некалькі месяцаў на вахту, шлюбы часта развальваюцца, і распаўсюджаны паўторныя. Але ў тых сем'ях, дзе жонкі — беларускі, як правіла, усё добра. Таму вельмі шмат калег яе мужа пабраліся другім шлюбам з беларускамі. Мяне тады гэта ўразіла і засталося ў памяці.

А з гадамі я назірала жыццё і вярталася да гэтай гісторыі. Беларускі — гэта такія ўсходнія жонкі. Яны, здавалася б, і не выходзяць уперад мужа, не ставяць рукі ў бокі, а застаюцца той «шыяй», на якой трымаецца «галава». Хоць і нас закрануў агульнасусветны трэнд: нельга сказаць, што ўсе сем'і захоўваюцца. Але беларускі ўмеюць стварыць вакол сябе астравок спакою, самі праменяць годнасць і ўпэўненасць і ведаюць, што з мужам ці без яго ім трэба ісці наперад. І гэтае ўменне жыць прыгожа, шчасліва, весела не можа не захапляць. Сённяшняя жанчына ведае, чаго яна хоча ад жыцця, ад сябе, ад грамадства. Жанчыны актыўныя паўсюль, прытым што ніхто з іх не здымаў клопат аб доме і дзецях. Таму беларускія жанчыны для мяне ашаламляльныя.

І на старонках нашага часопіса менавіта такія гераіні: і дома яна цікавая, і на рабоце яна лідар, і хобі ў яе ёсць, а яшчэ яна і мама, і ў яе шмат дзяцей. І для ўсіх хапае і цярпення, і цяпла. Вось такая наша сучасніца — яркая, выдатная жанчына.

А.К. — Вы пачалі расказваць пра пісьмы... А якія матэрыялы атрымалі жывы водгук у аўдыторыі? Аб чым просяць чытачкі ў сваіх пісьмах?

Л.Р. — У нас склалася такая практыка, што ў ліпені мы робім літаратурны выпуск. У многіх гарадах і раёнах ёсць літаратурныя аб'яднанні, і мы друкуем іх найлепшыя, на наш погляд, вершы. І гэта заўсёды выклікае водгук: нас пасля завальваюць пісьмамі з вершамі. Цяжка тут ацэньваць мастацкую вартасць, але з'яўляецца шквал лістоў, і відавочна, што людзі хочуць самавыявіцца і пачуць ацэнку. Ты разумееш, што з літаратурнага пункта погляду гэта не самы моцны твор, але як можна здзьмухваць пылок з крылаў? У чалавека павінен быць палёт, і няхай ён будзе такі.

Вельмі любяць нашага аўтара Ларысу Мятлеўскую, якая расказвае пра народныя стравы. Яна вядзе і тэлеперадачу, прысвечаную беларускай кухні. Спачатку вядоўца прыходзіць у дом праз тэлевізар, а потым людзі бяруць часопіс і там знаходзяць яе кулінарныя парады і рэцэпты. Ведаю па нашай чытацкай пошце, што гэта вельмі падабаецца. Хтосьці згадвае, што так гатавала бабуля, хтосьці эксперыментуе: а няўжо так можна было? Гэта заўсёды цікава.

Бяспройгрышная тэма, як я казала, — сад-агарод. Вельмі цікавяцца нашы чытачкі вышыўкай, вязаннем — тыя рэчы, якія людзі могуць рабіць самі, але заўсёды вабіць нешта новае: а ці змагу я так?

Н.К. — Калісьці тады яшчэ «Работніца і сялянка», каб павялічыць тыраж, пачала друкаваць выкрайкі. І гэта спрацавала: жанчыны ва ўмовах дэфіцыту адзення пачалі самастойна выкройваць і шыць. Тыраж «Работніцы і сялянкі» рвануў за мільён. Гэта быў бяспройгрышны ход. Цяпер патрэба ў выкрайках адпала, а ў тыражах — засталася. Чым вы сёння «чапляеце» чытача? Якое жыццёвае крэда часопіса?

Л.Р. — Быць цікавымі для як мага больш шырокага кола жанчын рознага ўзросту, рознай прафесійнай і сацыяльнай прыналежнасці. «Алеся» — часопіс Беларускага саюза жанчын. У БСЖ 140 тысяч чалавек, і гэта наша мэтавая аўдыторыя. Калі б часопіс выпісала кожная «пярвічка» арганізацыі, было б цудоўна!

Алена КРАВЕЦ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.