Вы тут

У 483-м асобным батальёне аховы і абслугоўвання традыцыйна павіншавалі маці байца


У 483-м асобным батальёне аховы і абслугоўвання, які дыслакуецца ў сталіцы, ёсць добрая традыцыя. Перад 8 Сакавіка віншаваць маці байца, які сябе добра зарэкамендаваў падчас службы, адпраўляецца ён сам разам са сваім камандзірам. Так адбылося і сёлета.


— Камандаванне батальёна вырашыла павіншаваць маці сяржанта Аляксея Бабаніна, — расказаў камандзір узвода аховы роты аховы лейтэнант Эдуард Маркаў. — Ён у нас служыць год і тры месяцы. Купілі невялікі падарунак, кветкі, а таксама ўручылі падзячны ліст. Цікавінка нашага віншавання ў тым, што мы да апошняга трымаем яго ў сакрэце ад маці байца. Няхай гэта будзе для яе добрым сюрпрызам.

Намеснік камандзіра ўзвода, камандзір аддзялення роты аховы сяржант Аляксей Бабанін — віноўнік урачыстасці. Цікава, што ўсё жыццё ён пражыў у адным з дамоў, які знаходзіцца непадалёк ад часці. Не адзін дзясятак разоў хадзіў каля яе, а пасля прызыву аказаўся па той бок агароджы.

— Спачатку было крыху складана. Куды ні кінеш позірк — паўсюль знаёмыя месцы, а ты выйсці не можаш. Але пасля прывык.

І вось мы заходзім у адзін з пяціпавярховікаў. Маці хлопца, Юлія Вячаславаўна, адчыняе дзверы і... чуе падзяку на свой адрас ад імя камандавання часці.

— З нецярплівасцю чакаем, калі сын вернецца дадому, — кажа суразмоўніца. — І вельмі рады яго поспехам і дасягненням. Самае незвычайнае — гэта пісаць лісты сыну, які служыць літаральна за некалькі соцень метраў ад дому. Але што рабіць, такі лёс.

Аляксей Бабанін зусім хутка вернецца да маці. Звальненне ў запас ён чакае ў маі. Хлопец хоча вярнуцца працаваць па сваёй спецыяльнасці — пекарам. Але кажа, што думае перавучыцца на кухара...

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота аўтара

Загаловак у газеце: З элементам нечаканасці

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.