Вы тут

Іван Хруцкі атрымаў залаты ланцуг, але прафесарам не стаў


Іван Хруцкі (1810—1885) — мастак, які тварыў у сярэдзіне ХІХ стагоддзя, а творы яго былі ацэнены толькі напрыканцы ХХ стагоддзя. Яго прызналі заснавальнікам акадэмічнага нацюморта ў рускім жывапісе. Аднак творчасць Хруцкага мае шырокі дыяпазон, апроч нацюрмортаў — гэта партрэты, пейзажы, інтэр’еры, сакральны жывапіс, і яна даволі значная (каля 120 палоцен, і цяпер знаходзяцца яшчэ невядомыя працы мастака). Творчасць Івана Хруцкага прыйшла да шырокага кола аматараў мастацтва.


Мастацкія здольнасці ў Івана Хруцкага праявіліся рана, што і паўплывала на выбар адукацыі — ён вучыўся маляванню ў Полацкім вышэйшым піярскім вучылішчы, працягваў навучанне ў Пецярбургу, спачатку быў вучнем знакамітага ваеннага партрэціста, англійскага мастака Джорджа Даў, а пасля вольным слухачом наведваў Акадэмію мастацтваў. Па-сутнасці мастацкую адукацыю Хруцкі атрымліваў самавукам.

Першыя вядомыя нам нацюрморты Івана Хруцкага носяць вучнёўскі характар, яму яшчэ не ўдаецца «ажывіць» натуру, насыціць каларыт гульнёй святлаценяў. Ён працягвае ўпарта ўдасканальваць сваё майстэрства, шмат капіруе старых мастакоў. Першым прызнаннем стала ўзнагарода сярэбраным медалём, якім савет Акадэміі мастацтваў у 1836 годзе адзначыў яго нацюрморт «Кветкі і плады».

Нацюрморт не стаў адзіным жанрам, у якім ствараў мастак. Ён працуе ў жанрах партрэта і пейзажа і атрымлівае ў тым жа 1836 годзе званне вольнага мастака. Пэндзаль майстра бачны ў «Партрэце маладой жанчыны з кошыкам» (1835 г.), дзе ён спалучае жанры партрэта, нацюрморта і пейзажа. Загадкай застаецца гэтая невядомая жанчына, якая намалявана Хруцкім, і ў партрэтах «Невядомая» (1830-я гг.) і «Невядомая з кветкамі і садавінай» (1838 г.) мастак стварыў цудоўны вобраз жаночай прыгажосці, напоўнены ўзвышанай гармоніяй і душэўнай чысцінёй — бяспрэчна шэдэўры беларускага жывапісу.

Сентыментальным і настальгічным выглядае «Старая, якая вяжа панчоху», заклапочаны і стомлены твар у апошняга ўніяцкага мітрапаліта Іясафата Булгака, і валявы і халодны выгляд яго бліжэйшага памочніка — Іосіфа Сямашкі. Гэтыя партрэты, напісаныя ў 1838 годзе, сведчылі не толькі пра мастацкі ўзровень Хруцкага, але яго ўменне стварыць вобраз, вызначыць у ім адметнае. За партрэт «Старая» і нацюрморт «Кветкі і плады» Іван Хруцкі ў 1838 годзе атрымаў залаты медаль, а за партрэты «дзяцей, што гандлююць гароднінай» сам імператар Мікалай І узнагародзіў мастака залатым ланцугом для заахвочвання для далейшай працы.

Напрыканцы 1830-х гадоў Іван Хруцкі стаў даволі папулярным мастаком. Крытыка адзначала яго творы: «Так прыгожа, так радуючы вочы, стварыў сваім майстэрскім пэндзлем цэлыя букеты, кашы кветак і гародніны». Карціны мастака набываюць вядомыя калекцыянеры. Менавіта нацюрморты Хруцкага адзначыў савет Акадэміі пры наданні яму ў 1839 годзе звання акадэміка жывапісу «за выдатныя працы ў партрэтным, пейзажным і асабліва ў жывапісе пладоў і гародніны».

На жаль, талент Хруцкага так і не раскрыўся поўнасцю. Магчыма, сам мастак палічыў, што дасягнуў дасканаласці, таму не рабіў захадаў для атрымання звання прафесара жывапісу. А магчыма, жыццёвыя акалічнасці (клопат аб малодшых братах, жаданне мець сваю сям’ю) вымусілі яго ў 1844 годзе вярнуцца на радзіму і пасяліцца ў набытым маёнтку Захарнічы на возеры Шчалапок. Ён ажаніўся на Ганне Бямбноўскай, той, якую лічаць «невядомай» на яго славутых партрэтах.

Хруцкі прымае ў 1846 годзе прапанову Іосіфа Сямашкі, цяпер ужо праваслаўнага літоўскага і віленскага архіепіскапа, упрыгожыць царкву ў яго рэзідэнцыі каля Вільні. «Аматар мастацтва» не вельмі хацеў траціцца на мастацтва, прапанаваў тысячу рублёў, пражыванне і сталаванне. Па-сутнасці, Хруцкі робіцца яго прыдворным мастаком, пазбаўлены творчай свабоды. Ён піша абразы для цэркваў, капіруе для мітрапаліта яго ўлюблёныя карціны (пераважна гэта тагачасная «папса»), працуе над галерэяй з партрэтаў 32 ерархаў праваслаўнай царквы, большасць з іх былі копіі з ранейшых партрэтаў ці літаграфій — словам, ніякай арыгінальнай творчасці. Але майстар застаецца майстрам, нават калі займаецца рамяством. Сапраўдным шэдэўрам стаў псіхалагічна-эмацыянальны партрэт іераманаха Вікенція Лісоўскага. Хруцкі стварыў цэласны і прыгожы вобраз яднання ў малітве чалавека і Бога!

Шмат асацыяцыі выклікае яго «Сямейны партрэт» (1850 г.), дзе праявіўся талент мастака-партрэціста і пейзажыста. Мастак стварае шэраг партрэтаў мясцовай творчай эліты — гісторыкаў Мікалая Маліноўскага і Мікалая Балінскага, літаратара Плацыда Янкоўскага, аматараў мастацтва Міхала і Севярына Ромераў і іншых.

Іван Хруцкі стаў прызнаным мастаком, але нечакана ў 1855 годзе пераязджае з Вільні на сталае жыццё ў Захарнічы. Выклікае здзіўленне не гэта, а тое, што мастак амаль занядбаў жывапіс. Вядома ўсяго 8 твораў, напісаных Іванам Хруцкім пасля 1855 года. Магчыма, Іван Хруцкі дасягнуў свайго жыццёвага ідэала. Пакінуўшы жывапіс, якім ён зарабляў на жыццё, Хруцкі стаў свабодным і шчаслівым. Цяпер яму не трэба было дагаждаць чужым густам і пісаць заказныя рэчы. А можа, ён зразумеў, што нічога новага і адметнага ўжо не створыць, а паўтарацца не хацелася. Маляваць жа партрэты шляхты і самазадаволеных губернскіх чыноўнікаў не хацеў з-за грэблівана стаўлення да іх. Душа яго ляжала маляваць людзей блізкіх, любых яму, напрыклад, сына Іосіфа, унукаў, ці паэта Адама Міцкевіча.

Апошнім творам Івана Хруцкага лічыцца «Аўтапартрэт», напісаны ў 1884 годзе, за дзевяць месяцаў да смерці 13 студзеня 1885 года. «Аўтапартрэт» сведчыць аб нязгасным таленце мастака. Перад намі сціплы і просты чалавек, з мудрым поглядам добрых вачэй, чалавек, які ўсведамляе сваю годнасць, упэўнены ў тым, што пражыў сваё жыццё з карысцю для людзей, сям’і, самога сябе, «храма Божага» і мастацтва. Па адзенню ён пан, а па напрацаваных руках, якія стомлена ляжаць на каленях, — працаўнік.

Прастата, шчырасць, цеплыня палотнаў Івана Хруцкага, у якіх ён паказваў каштоўнасць і вартасць штодзённага жыцця, былі больш блізкія і зразумелыя людзям, чым палотны акадэмікаў «велікага мастацтва», з антычнымі біблейскімі страсцямі, дзе адлюстроўваліся не жыццё, а міфы, часам незразумелыя для простага чалавека. Таму талентам убачыць прыгожае ў штодзённым жыцці і ўменнем выявіць гэта на палотнах увайшоў Іван Хруцкі ў гісторыю мастацтва, у прыватнасці, беларускага, і як самы значны беларускі мастак сярэдзіны ХІХ стагоддзя.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.