Вы тут

Падарожжы і не толькі ад Выдавецкага дома «Звязда»


Выдавецкі дом «Звязда» працягвае радаваць кніжнымі навінкамі. Сёлета паліцы папоўніліся яскравымі, цікавымі выданнямі як для юнага чытача, так і для больш сталай аўдыторыі, якая мае свае запыты і інтарэсы. Галіна дзіцячай літаратуры няспынна развіваецца. Асартымент твораў для дзяцей у Выдавецкім доме «Звязда» папоўніўся адразу шасцю кнігамі — рознымі, але аднолькава прывабнымі, яркімі і маляўнічымі.


Алесь Жук «Лаві зайца!»

Пабачыла свет новае выданне пісьменніка Алеся Жука пад назвай «Лаві зайца!». А. Жук — адзін з самых цікавых сучасных беларускіх празаікаў. Яго творы вызначаюцца тэматычнай разнастайнасцю, філасофскай і эстэтычнай накіраванасцю. Пісьменнік звяртаецца да тэм стаўлення да прыроды, чалавечага шчасця, пераадолення жыццёвых праблем, асэнсавання чалавекам самога сябе. Па асобных творах А. Жука пастаўлены спектаклі і зняты мастацкія фільмы.

Кніга «Лаві зайца!» уяўляе сабой збор невялічкіх апавяданняў, якія расказваюць пра розныя з’явы ў  прыродзе, і прызначана для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Галоўныя героі — дзед Алесь і яго ўнук Ягорка. Яны ўсё робяць разам: дзед вучыць унука сапраўдным мужчынскім справам і тонкасцям у гаспадарцы, на паляванні і рыбалцы. У аснове сюжэтаў — цікавыя прыгоды герояў. Дзед Алесь вучыць унука (а разам з тым і чытача) чуйна ўглядацца ў навакольны свет, ведаць кожную сцяжынку ў лесе, яго жыхароў. Кніга знаёміць з разнастайным светам птушак, звяроў, раслін, ягад і грыбоў. Так, пра птушынае царства расказваецца ў апавяданнях «Зімовыя птушкі», «Хто на балоце жыве», «Дзе чыё гняздо», «Курапатка-падманшчыца», «Птушкі і вырай». Апавяданні «Лаві, дзед, зайца!» і «Жыў у дзеда заяц», здаецца, ілюструюць і расказваюць пацешныя гісторыі пра шэрых баязліўцаў, аднак вучаць вельмі важнаму: усё, што нарадзілася ў прыродзе, там павінна і жыць: зайчаня гэта, птушка ці любы іншы звер.

Асобна ў кнізе пададзены каляндар прыроды, які расказвае пра змены на працягу кожнага месяца года. Узнікае толькі пытанне, чаму аўтар вырашыў пачаць каляндар з сакавіка. Магчыма, у свядомасці яшчэ захаваўся адбітак вельмі даўняй традыцыі, калі Новы год адзначаўся 1 сакавіка. А магчыма, гэта аўтарскае адчуванне першага месяца года — вясна як пачатак новага.

Кніга «Лаві зайца!» прыгожа аздоблена ілюстрацыямі мастачкі Святланы Стахоўскай, якая ўдала стварыла асацыятыўны малюнкавы рад: галінка квітучай вішні асацыіруецца з маем, каласкі — жніўнем, галінка рабіны — кастрычнікам, пралеска — красавіком... У цэлым кніга А. Жука вельмі цікавая і каштоўная. Яна выхоўвае ў юных чытачоў пачуццё яднання з прыродай, вучыць ведаць, заўважаць і берагчы ў навакольным асяроддзі кожны жывы арганізм.

Ірына Карнаухава «У царстве свяшчэннага Байкала»

Новая кніга выйшла ў дзіцячай пісьменніцы Ірыны Карнаухавай, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, Беларускага саюза музычных дзеячаў, кіраўніка народнага клуба кампазітараў і паэтаў Мінскай вобласці «Жывіца». У яе творчым багажы 19 вершаваных зборнікаў, у тым ліку 9 для дзяцей, і два песенныя дыскі. Творы Ірыны Карнаухавай увайшлі ў шматлікія калектыўныя зборнікі, а таксама ў фотаальбомы У. Цыдзіка «Зачараваны Беларуссю» і «Бачу Беларусь такой».

Кніга «У царстве свяшчэннага Байкала» вызначаецца захапляльным сюжэтам. Кідаецца таксама ў вочы вокладка, выкананая ў шэра-блакітных тонах, з элементамі ўзораў ад марозу, — акурат тое, што адбываецца сёння за акном. Такімі ж тэматычнымі ілюстрацыямі старонкі выдання аздобіла мастачка Алеся Зяновіч.

Кніга ўяўляе сабой казку-быль пра ўнікальную прыроду возера Байкал, яго зімовую прыгажосць з цудоўнымі краявідамі, легендамі і міфамі. Возера Байкал знаходзіцца на тэрыторыі Расіі, рэдка хто можа адправіцца туды ў вандроўку. А ў віртуальнае падарожжа па старонках кнігі — калі ласка. Даступна і захапляльна.

Сюжэт казкі-былі заснаваны на тым, што сям’я галоўнага героя Сцёпы рушыць на адпачынак на самы буйны байкальскі востраў Альхон.

Гэтае месца ахутана шматлікімі таямніцамі і загадкамі, з некаторымі з іх сустракаецца наш галоўны герой. Так, напрыклад, Сцёпа, абследуючы пячоры Шаман-гары, пазнаёміўся з дзіўнымі істотамі — шуфацацікамі, а на мысе Хабой хлопчыка здзівіў невядомы голас.

«У царстве свяшчэннага Байкала» — зімовае падарожжа ў месца, незвычайнае і далёкае для нашай краіны. Таму кніга, без сумневу, будзе цікавая дапытлівым вандроўнікам, юным цікаўным чытачам, якія разам з героем змогуць адгадаць загадкі возера Байкал.

Кацярына Хадасевіч-Лісавая «Загадка прынцэсы Агнэсы»

«Аліса ў краіне цудаў» па-беларуску? — адразу думаецца пры знаёмстве з кнігай Кацярыны Хадасевіч-Лісавой «Загадка прынцэсы Агнэсы». Яшчэ і выдатныя малюнкі таленавітай мастачкі Анастасіі Балыш акунаюць у таямнічы свет, даючы палёт думкам і фантазіі. Звяртаемся да анатацыі выдання: «У гэтай кнізе жывуць прыўкрасныя прынцэсы, багатыя каралі і кемлівыя ды разумныя людзі з народу. Тры казкі і іх персанажаў аб’ядноўвае старажытная забава, якую называюць мастацтвам, навукай і гульнёй. Гэта шахматы! Яны паспрыялі героям кнігі развеяць злыя чары. Здабыць жаданае шчасце і знайсці сапраўднае каханне!» Адным словам, кніга — пра ўсё таямнічае, загадкавае, чароўнае, што адбылося з героямі праз незвычайныя шахматныя партыі.

Выданне «Загадка прынцэсы Агнэсы» пабачыла свет у адмысловай аўтарскай серыі «Казкі кніжнай феі». У  Кацярыны Хадасевіч-Лісавой сапраўды казачны вобраз. Таму, толькі адкрыўшы кнігу, адразу ўяўляеш, быццам казачніца мяккім аксамітавым голасам табе чытае: «Гэтая казка — сапраўдная машына часу, бо яна здольная адправіць сваіх чытачоў у глыб стагоддзяў. Той, хто хоча здзейсніць дзівоснае падарожжа, павінен ўважліва чытаць і ўяўляць тое, пра што я распавяду».

Аўтар размаўляе з юным чытачом на адной мове і тым самым адпавядае запытам сваёй аўдыторыі. Так, акрамя захапляльных казак, у выданні ёсць гульня «Твой ход!» — так званы інтэрактыў, які толькі падагравае чытацкі інтарэс. У дадатак на вокладцы размешчаны QR-коды, па якіх можна спампаваць і карыстацца казачнымі аўтарскімі стыкерамі.

Дарэчы, зборнік казак «Загадка прынцэсы Агнэсы» прэзентаваны на ХХVІІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы. Спяшайцеся сустрэцца з аўтарам «Казак прынцэсы Агнэсы», набыць кнігі, а таксама атрымаць ад пісьменніцы аўтограф!

Таццяна Атрошанка «Байкі ды казкі бабкі Параскі»

Кніга «Байкі ды казкі бабкі Параскі» — плён творчага тандэма пісьменніцы Таццяны Атрошанкі і мастачкі Аксаны Аракчэевай-Кіпхарт. Цікавыя і неверагодныя гісторыі, змешчаныя ў кнізе, дазваляюць чытачу трапляць разам з казачнымі героямі ў незвычайныя жыццёвыя абставіны. Юны чытач вучыцца пераадольваць цяжкасці, разважаць, лепш разбірацца ў  таямніцах чалавечай душы, больш уважліва глядзець на тых, хто побач, шырэй бачыць навакольны свет. Казкі і байкі фарміруюць правільныя ўяўленні пра сумленне, годнасць, смеласць, дабрыню, справядлівасць і шчасце.

Творы, сабраныя ў кнізе, вылучаюцца своеасаблівым аўтарскім аповедам. Складваецца ўяўны вобраз бабкі Параскі, якая быццам і сапраўды расказвае дзецям казку: «А вы ведаеце, адкуль пайшоў выраз: “Не свішчы?” Не? Тады слухайце. Жыў-быў бабёр. І такім шкодным ён быў, што крыўдзілася на яго ўся бабрыная вёска...»

Таццяна Атрошанка ў сваіх байках і казках галоўную думку аздабляе цікавымі гісторыямі, звязанымі найперш з жывёльным светам, і прадстаўляе такім чынам юнаму чытачу пляцоўку для роздуму. Вельмі важна, каб сэнс твораў не заўсёды ляжаў на паверхні — так чытач вучыцца самастойна рабіць высновы, успрымаць духоўныя каштоўнасці і маральныя арыенціры.

Нягледзячы на тое, што выданне прызначана для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту, цікавым будзе як для меншых, так і больш сталых чытачоў. Таму што казкі не губляюць актуальнасці — гэта вечная каштоўнасць, скарб, які вучыць чалавека жыццю.

Вольга Нікольская «Свецік: падарожжа ў Сетцы»

Да ліку дзіцячых пісьменнікаў, якія размаўляюць са сваімі чытачамі на роўных, адносіцца і Вольга Нікольская. Пісьменніца нарадзілася ў Мінску, скончыла Інстытут журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, зараз працуе ў Белтэлерадыёкампаніі на радыёстанцыі «Сталіца». В.  Нікольская — аўтар трылогіі для дзяцей «Мы — агенты “КаўбаФір”», «Прыгоды агентаў “КаўбаФірЖык”» і «Выкраданне шэдэўра, ці Новыя прыгоды агентаў “КаўбаФірЖык”», а таксама сучаснай аповесці-казкі «Фей па імені Свецік».

У кнізе «Свецік: падарожжа ў Сетцы» жыве ўжо вядомы чытачу герой Свецік — адзін з зубных феяў. Кожную ноч ён са сваімі братамі аблятае дамы, забіраючы з-пад падушак выпалыя ў дзяцей малочныя зубы. А наўзамен фей Свецік пакідае падарункі ці выконвае жаданні. Аднойчы пад падушкай маленькай дзяўчынкі ляжаў не звычайны зуб, а злеплены з жвачкі. З яго ўсё і пачалося: знаёмства з людзьмі-зомбі, сяброўства з вясёлымі сістэмнымі памылкамі і барацьба з выкрадальнікам чалавечых душ — страшным і жудасным БлэкСмайлам.

Сучасная аповесць-казка вылучаецца наватарствам: займальны і інтрыгоўны сюжэт, дынаміка, цікавыя героі, яскравыя ілюстрацыі мастачкі Яніны Вашчанкі — усё гэта робіць твор блізкім да дзіцячага дэтэктыва. А, як вядома, дэтэктывы — жанр літаратуры, які цікавы і дзецям, і дарослым. Таму кніга «Свецік: падарожжа ў Сетцы» прызначана шырокаму колу чытачоў.

Іна Фралова «Рамонкі на асфальце»

Пачабыла свет і новая кніга паэтэсы Іны Фраловай «Рамонкі на асфальце». Пісьменніца нарадзілася ў Мінску. Скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка. Доўгі час працавала ў дашкольных установах сталіцы. Са студзеня 2013 года — у штаце Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Іна Фралова — аўтар паэтычных зборнікаў «Чакаю першы снег», «Там, у светлых барах», «Белы бераг», а таксама кнігі перакладаў «Радка жывога пілігрымы». Дзіцячыя вершы І. Фраловай упершыню з’явіліся на старонках часопісаў «Родная прырода» і «Мишутка».

Выданне «Рамонкі на асфальце» — удалае, яркае, эмацыянальнае спалучэнне яскравага паўнаколернага ілюстрацыйнага рада ў выкананні мастака Сяргея Волкава і трапных, вясёлых вершыкаў паэтэсы, прызначаных для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.

Героі кнігі кошка Брошка, мышка-грамацейка, Параход і Кашалот выступаюць сябрамі для юнага чытача, простымі і запамінальнымі. Акрамя гэтага, І. Фралова здолела перакласці на дзіцячую мову такія недзіцячыя паняцці, як «стрэс» і «любоў». На старонках выдання юнага чытача чакаюць займальная вандроўка ў казачны лес, вясёлыя скорагаворкі, запамінальныя лічылкі і мноства малюнкаў, якія доўга можна разглядваць, даючы палёт фантазіі.

Таццяна Шамякіна «Іван Шамякін: вядомы і невядомы»

Да 100-годдзя з дня нараджэння таленавітага пісьменніка, сцэнарыста, грамадскага дзеяча Івана Шамякіна выйшла кніга «Іван Шамякін: вядомы і невядомы», аўтарам якой з’яўляецца дачка пісьменніка Таццяна Шамякіна.

Выданне ўяўляе сабой збор самых сакавітых цікавінак. Тут матэрыялы энцыклапедычнага кшталту, успаміны дачкі пра бацьку, звесткі пра радавод І. Шамякіна, адлюстраваныя ў трох планах: тэрыторыя любові (маці пісьменніка), тэрыторыя кахання (жонка пісьменніка) і тэрыторыя шчасця (дзеці пісьменніка). Асаблівую цікавасць уяўляюць урыўкі з дзённіка дачкі Таццяны пра падзеі аднаго года ў жыцці І. Шамякіна — 1980-га. Яны дазваляюць паглядзець на пісьменніка не вачыма чытача (як гэта заўсёды бывае), а вачыма дачкі  — пазнаёміцца з І. Шамякіным з іншага, раней не вядомага, боку.

У кнізе ёсць навукова-папулярныя артыкулы пра маладаследаваныя аспекты творчасці народнага пісьменніка Беларусі, эсэістычныя нататкі, у якіх вобраз І. Шамякіна яскрава і шматгранна паўстае на фоне эпохі, сяброўскіх і сямейных адносін, адлюстроўваецца стаўленне пісьменніка да архітэктуры, музыкі, выяўленчага мастацтва.

Тэрыторыя кахання, якая расказвае чытачу факталагічную гісторыю знаёмства І. Шамякіна з яго жонкай Марыяй, плаўна працягваецца мемуарнай аповесцю пісьменніка «Слаўся, Марыя!» — гісторыяй кахання, любові і жыцця. Інакш і не магло быць: усе лёсавырашальныя сустрэчы, людзі і жыццёвыя сітуацыі, што пакінулі адбітак у жыцці І. Шамякіна, пісьменнік адлюстраваў у літаратурным аздабленні і захаваў у сваёй творчасці.

Кніга «Іван Шамякін: вядомы і невядомы» прадстаўляе пісьменніка як творчую асобу ў розных, часам незвычайных, ракурсах. Таццяна Шамякіна звяртае ўвагу чытача на родзічаў літаратара, яго стасункі з людзьмі, на розныя абставіны ў жыцці пісьменніка, яго цікавасць да мастацтва — усё, што вызначала Івана Пятровіча як асобу. Між тым выданне цікавае сваім неардынарным падыходам да гісторыі грамадства, мастацкай літаратуры, таму будзе карысным усім, хто цікавіцца айчыннай культурай.

Кірыл Руды «Непадобныя: погляд на Кітай і беларуска-кітайскія адносіны»

Кнігі Выдавецкага дома «Звязда» маюць шырокі міжнародны фокус. Да ліку такіх адносіцца выданне былога Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў КНР Кірыла Рудага пад назвай «Непадобныя: погляд на Кітай і беларуска-кітайскія адносіны».

Кніга расказвае чытачу пра новую эпоху развіцця Кітая, якая пачалася ў 2013 годзе з прыходам да ўлады Старшыні КНР Сі Цзіньпіна і змяніла эпоху Дэн Сяапіна. «Непадобныя» — гэта нон-фікшн, які ўяўляе сабой адначасова навуковае даследаванне, практычны дапаможнік і дыпламатычныя мемуары. «Тое, што бачылася і адчувалася ў Кітаі, але не атрымлівалася апісаць з дапамогай статыстыкі і  вынікаў айчынных і замежных даследаванняў, у кнізе падмацоўваецца асабістым вопытам і ўспамінамі. У выніку прапаноўваецца аўтарскі погляд на Кітай і на беларуска-кітайскія адносіны для лепшага разумення гэтай не разгаданай іншаземцамі краіны», — адзначае К. Руды.

Сучасны кітайскі вопыт палітычнай цэнтралізацыі ўлады, барацьбы з карупцыяй, узмацнення кітайскай дыпламатыі, палітычнага збліжэння Кітая з Расіяй і абвастрэнне адносін з ЗША — усё гэта адлюстроўваецца на старонках кнігі. Акрамя гэтага, выданне ўзнімае пытанні карэкціроўкі Кітаем палітыкі рэформ і адкрытасці ў новую эпоху, рэфармавання неэфектыўных дзяржаўных прадпрыемстваў, будавання ІT-краіны, пераадольвання фобій на шляху рэалізацыі ініцыятывы «Пояс і Шлях», звязаных з «даўгавой пасткай», «гандлёвым дэфіцытам» і кампаніяй Huаwеі.

Выданне «Непадобныя: погляд на Кітай і беларускакітайскія адносіны» — кніга-загадка. Чытачу прапаноўваецца самастойна адшукаць схаванае на старонках падабенства Кітая ў эпоху Сі Цзіньпіна з нашай дзяржавай, а таксама ўбачыць, у чым усё ж такі беларусы не падобны да кітайцаў.

Інеса Плескачэўская «Як разгадаць Кітай»

Працягваючы гаворку пра Паднябесную, варта адзначыць новую кнігу журналісткі-міжнародніцы Інесы Плескачэўскай «Як разгадаць Кітай», якая таксама мае міжнародны фокус і з’яўляецца своеасаблівай падрыхтоўкай для падарожжа па Кітаі.

У аснову выдання ляглі аўтарскія калонкі і матэрыялы, што публікаваліся на старонках газеты «СБ. Беларусь сегодня» на працягу 12 гадоў, якія аўтар пражыла ў Кітаі. «Я хацела расказаць пра той Кітай, які спазнала і палюбіла. Мне было важна разбурыць стэрэатыпы, таму што мае ўласныя разбіваліся з аглушальным грукатам», — адзначае І. Плескачэўская.

Выданне «Як разгадаць Кітай» складаецца з дзвюх частак: «Мы ў іх» і «Яны ў сябе дома». Такое раздзяленне аўтар тлумачыць абсалютна розным успрыманнем. Да часткі «Мы ў іх» можна прыйсці толькі пасля таго, як пройдзены першы, самы складаны, этап, калі чалавек апынаецца ў краіне, дзе ніколі не зможа стаць сваім.

Кніга Інесы Плескачэўскай пра Паднябесную надзвычай маляўнічая. Гэта трэцяе па ліку выданне, дызайнам якога займаўся выдатны беларускі мастак Вячаслаў Паўлавец. У кнізе сабрана каля 130 яркіх, паўнаколерных, якасных ілюстрацый фатографа Міхаіла Пеньяўскага, якія дапамагаюць чытачу разам з аўтарам спасцігнуць кітайскую душу.

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра.

Культура

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

«На схіле ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве даўгалетнія сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан і навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві».