Вы тут

Шукальнік тэкстаў Міхал Бараноўскі


Сябры і калегі Міхала Бараноўскага не раз заўважалі яго са стосамі старых кніг, набытых у прыватных асоб ці ў букіністычных крамах. Бачылі, як ён беражліва бярэ выданні ў рукі, гартае, захапляецца ўбачаным і дзеліцца радасцю. Кніг у яго вельмі шмат: і ў працоўным кабінеце, і дома. Пра тое, з чаго ўсё пачыналася, Міхал Бараноўскі расказаў у гутарцы з карэспандэнтам «ЛіМа».


— Як вы адзначалі ў ранейшых інтэрв’ю, цікаўнасць да калекцыянавання кніг пачалася з перакладчыцкіх серый. То-бок было імкненне сабраць скарбы сусветнай літаратуры па-беларуску? Як далей трансфармаваўся гэты інтарэс?

— Сапраўды, для мяне было адкрыццём, што з класікай сусветнай літаратуры можна знаёміцца праз беларускія пераклады і што многія з іх не халтура, а  па-мастацку зробленыя тэксты, з багатым слоўнікам і добрым адчуваннем мовы. Нядзіўна, што мне захацелася пазнаёміца з наробкам у гэтай сферы. Так паціху сабраліся серыі «Скарбы сусветнай літаратуры», «Бібліятэка замежнай прозы», «Паэзія народаў свету», «Паэзія народаў СССР» і паасобныя выданні. Паступова інтарэс пачаў пераключацца на беларускіх аўтараў, кнігі рэпрэсіраваных пісьменнікаў, першыя выданні нашых класікаў, у тым ліку з аўтографамі. Цікава збіраць і «маладыя» кніжкі. Варта прызнаць, што цікавасць да беларускай літаратуры выдатна ілюструецца накладамі выданняў. Адпаведна многія добрыя кнігі з накладам 200—300 асобнікаў ператварыліся ў рэдкасць амаль адразу пасля з’яўлення.

— Калі да перакладаў: што і ў якіх айчынных пісьменнікаў вы лічыце найбольш удалым?

— Гэта вельмі суб’ектыўна і кароткім адказам ахапіць усё, што падабаецца, не атрымаецца, але не магу не згадаць «Гульню шкляных перлаў» Гесэ ў перакладзе Васіля Сёмухі, шэкспіраўскіх «Атэла» і «Гамлета» пераствораных Юркам Гаўруком, перакладзеную Хведарам Шынклерам з рускай мовы на сакавітую беларускую 20-х гадоў раман Рэмарка «На заходнім фронце без перамен». З кніг, якія выходзілі нядаўна, адзначыў бы колькі зборнікаў з найлепшай на мой погляд паэтычнай перакладчыцкай серыі «Паэты планеты»: Марк Валерый Марцыял — у перакладзе Антона Францішка Брыля, а таксама Фернанда Песоа, зробленай калектывам аўтараў, у тым ліку маёй Шукальнік тэкстаў Міхал Бараноўскі любімай перакладчыцай Кацярынай Маціеўскай. Увогуле, можна канстатаваць, што за апошнія гады ў Беларусі адбыўся сапраўдны выбух перакладной літаратуры. Толькі ў згаданай серыі «Паэты планеты» выйшла больш за 70 кніжак, сярод якіх многія — проста выдатныя. З’явілася папулярная замежная літаратура па-беларуску — «Гары Потэр», «Вядзьмар» і шмат чаго яшчэ. У часы СССР пра такое можна было толькі марыць. Таму добрае выданне было амаль не знайсці. «Лісце травы» Уітмена па беларуску выходзіла накладам 2000 асобнікаў, а «Санеты» Шэкспіра — 1000. Я магу памыляцца, але наўрад ці яны залежваліся тады на паліцах...

 — Што прымушае пісьменніка брацца пераствараць на родную мову той ці іншы твор?

— Пераклад быццам выклік, таму, мне падаецца, гэта само па сабе цікавая творчая задача, выдатнае поле для словаўтварэння. Да таго ж мы пашыраем эстэтычнае поле беларускай літаратуры, калі перакладаем творы з нераспрацаванай у нас вобразнасцю і тэхнікай выканання. Цяпер, калі ў мяне ёсць выбар, на якой мове пазнаёміцца з творам, я, безумоўна, спынюся на беларускім варыянце.

 — Вы прачытваеце ўсё, што набываеце?

— Стараюся, каб кніжкі не пыліліся на паліцах, але хораша, калі прачытана траціна з іх. Многае выкарыстоўваецца ў даследчай дзейнасці і неабходна проста мець пад рукой. Нешта прачытваецца адразу, ледзь не па дарозе з крамы. Нейкія кнігі чакаюць, калі зацікаўлюся пэўнай тэмай, і тады праглынаюцца запар. Некаторыя проста прыемна мець, ведаць, што іх трымаў у руках твой любімы аўтар, разглядаць аўтографы. Добрыя кнігі паэзіі перачытваюцца па некалькі разоў, быццам правяраеш сябе, ці нічога не прапусціў.

— Некаторыя вядомыя букіністы часам робяць выстаўкі сваіх калекцый. Ці не планавалі вы нешта падобнае?

— Раблю ў гэтай сферы толькі першыя крокі, таму нечым хваліцца асабліва не выпадае. Старыя кніжкі асабліва не пачытаеш, таму большасць рарытэтаў трапляе ў фонды Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Да таго ж мяне ўсё болей захапляе змест. У пэўным сэнсе я лічу сябе збіральнікам і шукальнікам тэкстаў, а не кніг. Знаходзіць пад просценькай вокладкай свайго аўтара і дзяліцца гэтай радасцю з сябрамі ды ў сацыяльных сетках… Асаблівую радасць даюць імёны, якія не на слыху: Іван Давыдкаў, Аляксандр Чакс, Алесь Наўроцкі, Таццяна Сапач, Юлій Таўбін, Майсей Кульбак... Вельмі люблю нечаканыя творы і пераклады ад нашых класікаў.

— Ці падзяляе сям’я вашы захапленні?

 — Мы даволі шмат чытаем. І пры ўсёй любові да кніг стараюся, каб яны не выжывалі нас з кватэры. Часам збіральнікі кніжак, сапраўды, не знаходзяць паразумення з блізкімі. Колькі выпадкаў, калі пасля іх смерці ўсё выкідаецца на сметнік альбо ў лепшым выпадку распрадаецца. Вельмі шкада, калі добрыя выданні знікаюць назаўсёды.

Гутарыла Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.