Вы тут

Вершы-гімны Беларусі


Уздым, а, па сутнасці, станаўленне беларускай класічнай літаратуры ХХ ст. мы справядліва звязваем з імёнамі Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і многіх іншых зорак айчыннага пісьменства, якія акрэслілі культурны абсяг Беларусі ў межах чарговага адраджэння. Адной з асаблівасцей гэтага адраджэння быў зварот да эмблематычнай паэзіі, у якой раскрывалася разуменне, значэнне, а  галоўнае — перспектыва культурнага будаўніцтва на аснове засваення вобразна-сімвалічнай сістэмы як фундаментальнай каштоўнасці ў справе аднаўлення ці стварэння дзяржавы.


Вось чаму многія вершы класікаў беларускай літаратуры пачатку ХХ ст. набываюць гімнічнае гучанне. Гэта, па сутнасці, не вершы, а «песні», паводле вызначэння большасці іх творцаў. Аднак нельга не заўважыць не характэрныя для гімнаграфічнай творчасці аб’екты і  суб’екты для назапашвання адпаведнай знакавай сістэмы сімволікі. Сярод іх — вобразы-канцэпты мужыка, прылад для сялянскай працы і побыту, «сялянская доля» з  несумненным атрыбутам маркіраванага супрацьпастаўлення «мужык» — «пан».

У мэтах асэнсавання працэсаў стварэння свецкай гімнаграфіі возьмем для параўнання тры вершы-гімны, напісаныя ў адзін час: «Літоўскі гімн» 1907 г. Атона Завішы (1844—1910) на польскай мове, а таксама «А хто там ідзе...» 1908 г. Янкі Купалы (1882—1942) і «Пагоня» (1913) Максіма Багдановіча (1891—1917) на беларускай мове.

«Літоўскі гімн» Атона Завішы ў сваім трэцім перапрацаваным варыянце быў выдадзены ў 1907 годзе ў друкарні Марціна Кухты — дарэчы, у той жа, у якой друкаваўся і «Вянок» Максіма Багдановіча ў  1913 г. «Літоўскі гімн», паўтаруся, напісаны на польскай мове, хаця Атон Завіша, які меў тэхнічную адукацыю і шмат часу правёў у Пецярбургу, несумненна, валодаў таксама мовай беларускай, быў яе прыхільнікам і абаронцам. Пра гэта сведчаць наступныя радкі: «Kto się swoej mowy wstydzi / Tylko polskiej wlada; Kto w swym sercu ze swych szydzi / Ten w swym kraju — zwada» (Хто саромеецца сваёй мовы і валодае толькі польскай; хто ў  сваім сэрцы насмяхаецца з сваіх, той у  сваім краі стаўся крыніцай сварак). Для А. Завішы радзіма-дзяржава — гэта Вялікае Княства Літоўскае (Літва) у межах, якія вызначае аўтар: Валынь, Палессе, Падолле, Жмудзь, а «таксама Белая Русь». Гэта, на яго думку, часткі Літвы, якія складаюць яе «пастаянную цэласнасць». У сучасным стане, у якім знаходзіцца Вялікая Літва, вінаватыя, на яго думку, самі ліцвіны, «co strаcili narodowość bez przegranej bitwy» (якія страцілі сваю нацыянальную прыналежнасць без прайгранай бітвы).

Важнымі кампанентамі дзяржаўнасці і самаідэнтыфікацыі для А. Завішы з’яўляюцца нацыянальная гісторыя і  культура. Такімі знакавымі сімваламі нашай культуры, яе пікам ён лічыць Адама Міцкевіча і Тадэвуша Касцюшку  — «Nasza gleba ich wydała» (іх нарадзіла наша зямля), таму нам ёсць за што змагацца — гэта наша маці-зямля, нашы курганы, склепы, магілы «з бацькоўскім прахам». Паэт выступае супраць навязаных нашаму краю недарэчных дэфініцый  — такіх, як, напрыклад, «польскі ліцвін» польскага пісьменніка Баляслава Пруса (1847—1912), які, як сцвярджае А. Завіша, «больш нас раздзірае на дзве палавіны, чым нагайка Руса». Таму ён заклікае сучаснікаў не прыпадабняцца да імператара Нерона, які абыякава глядзеў на палаючы перад яго вачыма Рым.

У адрозненне ад Янкі Купалы і Якуба Коласа, у Атона Завішы поўнасцю адсутнічаюць так званыя «антыпанскія» інвектывы. Адраджэнне дзяржавы ён звязвае з паяднаннем у барацьбе ўсіх саслоўяў. «ЛіМ»-эксклюзіў Сацыяльнае яднанне на грунце адзінага гістарычнага мінулага — першая неабходная ўмова для перамогі. Гісторыя для Атона Завішы — гэта далёка не гісторыя гаротнага мужыка-беларуса. «Czoło naszse — stara slachta» (Нашы правадыры — старая шляхта), — заўважае А. Завіша. Менавіта яна павінна дапамагчы ўзняць старадаўні герб «Пагоня», і толькі тады запраменіцца над нашай зямлёй зорка.

Маладыя — будучыя народныя — паэты Беларусі Іван Луцэвіч (Янка Купала) і Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас) у адрозненне ад Атона Завішы не звязвалі мінулае свайго краю ні з продкамі-шляхцічамі, ні з так званай «панска-магнацкай» гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага. Яны абралі іншы, «нулявы» адлік гісторыі беларусаў, запачаткаваны Францішкам Багушэвічам і засвоены яго аднадумцамі. Беларусь «мужыцкую» трэба было не адраджаць, а ствараць. Яны стваралі абсалютна новы геакультурны ракурс.

Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец) інакш, чым Атон Завіша, уяўляе межы, дзе жывуць беларусы. У сваёй «Прамове» ад 1893 г. ён пісаў: «Гэй, хлопцы, брацця мае, а сыны Зямлі Беларускай, каторая раскінулася ад Гродны да места Смаленска і ад Прыпяці аж на другі бок ракі Дзвіны перакінулася». Ён амаль поўнасцю паўтарыў Францішка Багушэвіча: «… гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак». Як бачым, аб’яднаўчым фактарам з’яўляецца мова і тэрытарыяльныя межы (не Вялікага Княства Літоўскага).

Галоўным носьбітам беларушчыны з’яўляецца мужык-беларус. Праз вобраз мужыка раскрываецца і новы культурнагістарычны код беларусаў — бедных, гаротных, прыніжаных. У сваёй песні Янка Купала звяртаецца да падобнай маніфестацыі.

А хто там ідзе, а хто там ідзе

У агромністай такой грамадзе? —

Беларусы.

<…>

А чаго ж, чаго захацелася ім,

Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім? —

Людзьмі звацца.

Зразумела, што тут ідзе гаворка не пра Радзівілаў, Сапегаў, Хадкевічаў ці Агінскіх, для якіх не стаяла праблема «людзьмі звацца». Наадварот, для Беларусі мужыцкай гэты верш-песня адразу зрабіўся гімнам. Неўзабаве пасля яго з’яўлення на словы гэтай песні ў 1910 г. польскі кампазітар Людамір Міхал Рапоўскі (1881—1954) напісаў музыку, а «Жалейку» (1908) Янкі Купалы яго знаёмы А.  Ф.  Посах (1885—1945) адправіў разам з нотамі Максіму Горкаму. Відаць, на гэтай падставе пралетарскі пісьменнік і зрабіў выснову пра гімнаграфічнасць твора і двойчы (у лісце да ўкраінскага пісьменніка М. Кацюбінскага і ў пасляслоўі да свайго перакладу на рускую мову) называў яго то «...что-то вроде белорусского гимна», то лічыў, што ён «…может быть, на время станет народным гимном белорусов». Надалей ніводная манаграфія ці артыкул, прысвечаныя разгляду гэтага варша, не абыходзілі тэму «гімна народа». Аднак дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што Максім Горкі ўбачыў у песні сацыяльную заангажаванасць і культурна лакалізаваную накіраванасць, якая не дазволіла б надалей быць гімнам беларускага народа. Разам з тым беларусы Вільні ў пачатку ХХ ст. успрымалі гэтую песню як гімн. Менавіта гімнам была яна і для патрыётаў Заходняй Беларусі да 1939 г.

Сапраўды, на геакультурнай карце Еўропы заявіў пра сябе ў друку новы, яшчэ не спазнаны суб’ект — беларусы, якіх было да таго ж «… не адзін мільён». Аднак паўстае пытанне, дзе дзяржава гэтых мільёнаў людзей, калі яна існавала, і што з ёю сталася; якія геаграфічныя параметры гэтай дзяржавы, хто яе гістарычныя ўладары? У песні адказаў на гэтыя пытанні няма. Для Янкі Купалы Беларусь пачатку ХХ ст. — гэта не дзяржава, а край, дзе жывуць і спрадвек жылі-бедавалі беларусы. Сацыякультурны код беларусаў звязваецца і  асацыюецца выключна з мужыком. Піша свае песні не паэт, а пясняр — ды яшчэ ад імя мужыка. У вершы «Я мужык-беларус» перад намі не проста мужык у  сваёй маркіраванай іпастасі, ён — «пан касы і сахі». Па сутнасці, ідзе замяшчэнне ідыяматычнага кола, з’яўляецца метафарызаваны «пан», які валадарыць не над дзяржавай і яе людам, а над прадметамі далёкімі ад шляхецка-панскага набытку. Маркіраванае прадметнае поле мужыка — гэта каса, саха, шнур і г. д. Па сутнасці, з’яўляюцца своеасаблівыя гербаўтваральныя элементы эмблематычнага верша. Калі так, то хто такі творца, які апявае мужыка, яго долю, яго побыт, яго бясконцую бяду і пакуту? Адказ на гэтае пытанне дае верш Янкі Купалы «Я не паэта» са зборніка «Жалейка»:

Я не паэта, о крый мяне Божа!

Не рвуся я к славе гэткай німала.

Хоць песенку-думку і высную можа,

Завуся я толькі — Янка Купала!

Несумненна, Янка Купала быў знаёмы са зместам «Оды да Мельпамены» Гарацыя, якую мы ўмоўна называем «Помнік» у перакладах Максіма Багдановіча або ў перакладах ці пераспевах рускіх паэтаў ад Ламаносава да Брусава. Сапраўдны паэт, згодна з арыстоцелеўскай паэтыкай і яе інтэрпрэтатарамі, — гэта творца, які адлюстроўвае не сапраўдныя падзеі ці рэчы, а толькі праўдападобныя, напаўняючы іх асацыяцыямі ў сувязі з рэальнымі падзеямі. У  гэтай паэме не толькі адсутнічае гарацыянскае «…Ўсе заслугі мае, Муза, з пашанай зліч // І лаўровым вянком мне валасы прыкрый» (пераклад М. Багдановіча), але маніфестуецца новая эстэтычная парадыгма: «славу паэтаў разносяць па свеце, // Вянкі ўскладаюць і звоняць пахвалай» іншым творцам, а не такім, як ён, Янка Купала. Ён, у адрозненне ад паэтаў, не створыць, а «выснуе песеньку», ён «ціхай грае... той мовай убогай».

Другі беларускі паэт пачатку ХХ ст. Якуб Колас яшчэ выразней падкрэслівае падобнае крэда ў вершы «Пясняр»:

Я спяваю, як умею,

Я пра радасць пець не здаўся.

Вянцом гімнатворчасці беларускіх паэтаў пачатку ХХ ст. стаў верш Максіма Багдановіча «Пагоня» (датуецца 1913, 1916, 1917 гг.). Відавочна, маладому беларускаму паэту «чыстай красы» давялося прайсці складаны шлях ад песняра«плакальшчыка» да паэта-трыбуна.

Вацлаў Ластоўскі звяртаўся да сучасных яму беларускіх творцаў у 1913 г. у  сваім артыкуле «Сплачвайце доўг». Сярод тых, хто, на яго думку, «абясслаўліваў нашу харошую прыроду», аўтар прыводзіць радкі з твораў «аднаго з іх» — Я. Мурашкі (радкі: «Куры, свінні, гною кучы… // Так і кажуць: «Усюды бруд»), «другога» Якуба Коласа (радкі: «Край наш бедны, край наш родны, // Гразь, балота ды пясок»), «яшчэ іншага» Янкі Купалы (радкі: «Невясёлая старонка // Наша Беларусь, // Людзі: Янка ды Сымонка. // Птушкі: дрозд ды гусь...») і, нарэшце, Максіма Багдановіча, якога ён называе «нехта чуткі» (радкі: «Край ты мой родны, // Як выкляты Богам…»). Вацлаў Ластоўскі, як няцяжка заўважыць, выбудоўвае своеасаблівую чараду «аліндарак»-плакальшчыкаў, хаця сучаснікі ведалі, хто стаіць за гэтымі «нехта». Гэты артыкул, надрукаваны ў «Нашай Ніве» (ліпень 1913 г.), выклікаў дыскусію, у якой прынялі ўдзел Янка Купала, Лявон Гмырак, Максім Гарэцкі і інш. Такой неадназначнай падзеі ў асяродку беларускіх пісьменнікаў і паэтаў прысвяціў адзін са сваіх апошніх артыкулаў Міхась Мушынскі  — «Нашаніўская дыскусія 1913 года і  яе роля ў сучасным літаратурна-творчым жыцці». Пра рэакцыю з абодвух бакоў мы ведаем, а вось наколькі паўплывала яна на творцаў, змог адказаць толькі вірлівы час ХХ ст.

Важна іншае: у гімнаграфічным вершы «Пагоня» Максіму Багдановічу ўдалося злучыць, звесці ў адзінае ўяўленні Францішка Багушэвіча пра «Беларусію» ў федэратыўнай дзяржаве — «каралеўстве» Гедыміна, «…дзе ў сярэдзіне Літвы, як тое зярно ў гарэху, была наша зямліца Беларусь», і Беларусь «цяперашнюю»  — «гдзе наша мова жывець». Максім Багдановіч поўнасцю адышоў ад так званай «краёвасці», «тутэйшасці» або «панліцвінскасці». Ён адным з першых загаварыў паэтычным словам пра дзяржаўнасць, краіну Беларусь, якая мае поўнае права на спадкаемства дзяржаўнай сімволікі Вялікага Княства Літоўскага  — Пагоні. Коні, якія «праносяцца», «лятуць», «рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць», а таксама «срэбнай зброяй далёка грымяць» — гэта не знявечаныя цяжкай працай на зямлі «конікі», а сімвал «Старадаўняй Літоўскай Пагоні». Яе коннікі панесліся за новай (не краем!) краінай Беларуссю, за яе дзецьмі, якія будуць паміраць не ад гора-галечы, бяды, а ў бітвах за «Маці-краіну».

Феномен М. Багдановіча, паэта-гімнографа, тлумачыцца перш за ўсё яго філасофска-этычнымі поглядамі і перакананнямі. Пясняр (паэт) павінен пісаць, ствараць, а не «пець» ці «снаваць» вершы, узяўшы за прыклад «мудры і кіпучы верш Анакрэонта». Паэт павінен звяртацца «к рандо і санетам», якія, зразумела, панясуць свае гукі не «пад стрэхі», а да Парнаса «на крылатых конях».

Унікальнасць геапалітычнага становішча земляў Беларусі ад Полацкай дзяржавы Варагвалода і яго нашчадкаў, каралеўства і рэспублікі Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай Літоўскай, Рэчы Паспалітай абедзвюх дзяржаў, Расійскай імперыі вымагала ад нацыянальнай інтэлігенцыі пакутлівых пошукаў самаідэнтыфікацыі і яе ацэначных прыярытэтаў. Сярод іх — і народная, і  дзяржаўная атрыбутыка, якія патрабавалі знакава-сімвалічнага напаўнення. Адсюль — такія розныя падыходы да яе ўвасаблення (пакуль што ў мастацкай практыцы) у творах Атона Завішы, Янкі Купалы і Максіма Багдановіча. Адсюль і сённяшнія пошукі маркіраваных вобразаў, сімвалаў, падзей, што складаюць гісторыю нацыі і яе дзяржаўнасці. Без інтэлектуальна-духоўнага паразумення на глебе не толькі ведання, але і засваення нацыянальнай гісторыі без падзелу на «сваю» і «чужую» вельмі цяжка, я б сказаў, немагчыма прыйсці да нацыянальнадухоўнай кансалідацыі ў век палітычнай шматвектарнасці, якая патрабуе наканаванага айчыннай гісторыяй выбару.

Уладзімір КАРОТКІ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.