Вы тут

Вандроўка ўглыб калейдаскопа


Адна з найбольш значных і сусветна вядомых частак беларускай культуры — выяўленчае мастацтва пачатку ХХ стагоддзя. Кожны, хто адкрываў школьны падручнік гісторыі, ведае, хто такі Марк Шагал, і чуў імя яго настаўніка Юдэля Пэна. Але за самымі вядомымі фігурамі стаяць тыя, чые імёны на слыху менш, але ўнёсак такі ж грунтоўны. Каб разумець мастацтва, варта бачыць кантэксты, у якіх яно стваралася, бачыць супольнасць, у якой вырас і жыў творца. Таму так важна вывучаць мастацтва ў розных праявах і асобах, з разрозненых пазлаў складаючы карціну часу і развіцця мастацтва.


У Нацыянальным мастацкім музеі да пачатку красавіка можна наведаць выставачны праект «Давід Якерсон. Скульптура. Графіка», прымеркаваны да 125-годдзя мастака.

Экспазіцыя — вынік супрацы Нацыянальнага мастацкага з Віцебскім абласным краязнаўчым музеем. Большасць твораў — а іх у дзвюх залах сабралі больш за 100 — прадастаўлена віцебскім музеем, які ў 1980-я атрымаў іх ад удавы мастака Алены Кабішчэр-Якерсон. Дзякуючы гэтаму атрымаўся ўнікальны праект, які дазволіў паказаць багатую на мастацкія пераасэнсаванні эпоху. Тое, што спадчына Якерсона захавалася, — унікальны і асаблівы выпадак.

Каштоўны матэрыял нельга было выставіць проста так, таму яму прыдалі адмысловы фармат — не менш каштоўны для сучаснага беларускага мастацтва куратарскі праект. Кіраўніком выступіла загадчыца аддзела беларускага сучаснага мастацтва, кандыдат мастацтвазнаўства Кацярына Ізафатава.

«У кантэксце гэтай працы вырашана было паказаць Якерсона максімальна рэтраспектыўна, наколькі гэта дазваляе калекцыя Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Таму што шырокаму колу гледачоў, вядома, супрэматычны Якерсон добра знаёмы сваімі эксперыментамі і выхадам супрэматызму ў  аб’ём. Але нам хацелася паказаць гэтую поліфанію і складанасць, супярэчлівасць тых тэндэнцый, якія існавалі ў 1910—1930-х гадах. І работы Якерсона красамоўна дэманструюць гэта. Таму вы ўбачыце на выстаўцы і Якерсонаскульптара-драўляншчыка, і лабараторную графіку канца 1920-х, і студэнцкія архітэктурныя замалёўкі. Такая складаная поліфанія, якая прадстаўлена ў адзінай экспазіцыі, — у дзвюх залах. І віцебская калекцыя — сапраўды ўнікальная з’ява, асабліва ў кантэксце велізарных страт нашых культурных каштоўнасцей першай паловы ХХ стагоддзя. Вялікі дзякуй Віцебскаму краязнаўчаму музею за магчымасць так шырока прадэманстраваць гэты перыяд, папрацаваць з  творчасцю Давіда Якерсона, даследаваць яго. Яшчэ цікавей тое, што побач —у суседніх залах — праходзіць выстаўка да 125-годдзя Міхаіла Філіповіча. Гэта значыць, іншая мастацкая сцэна, іншы мастацкі цэнтр — Мінск. Яны судакранаюцца ў нейкіх творчых інтэнцыях, у чымсьці супрацьлеглыя, але тым не менш. У нас з’явілася магчымасць паказаць гэты яркі перыяд, які, на жаль, дайшоў да нас купіравана, двума рэтраспектыўнымі выстаўкамі», — распавяла куратар.

Кампазіцыя выставачнай прасторы пабудавана канцэптуальна. Тут няма храналагічнага парадку, але створаны ўсе ўмовы для падрабязнага знаёмства з аўтарам. Давід Якерсон нарадзіўся ў Віцебску і быў адным з вучняў легендарнага Юдэля Пэна. Біяграфія мастака напоўнена адпаведнымі яго часу абрэвіятурамі: ВМАТЭМАЙС у Маскве стаў месцам навучання пасля эвакуацыі, УНОВІС — большасць яго самых вядомых работ — супрэматычных — датуецца 1920-м, часам удзелу ў суполцы. З 1926-га Якерсон звяртаецца да скульптуры. Шлях мастака цяжка ўціснуць у сухія біяграфічныя звесткі. А праз развіццё яго пакручастага і разнастайнага творчага метаду можна прасачыць, як змянялася эпоха.

На ўваходзе ў экспазіцыю сустракаюць партрэты — жонкі мастака і самога творцы, вялізны стэнд з біяграфічнымі звесткамі. Ён размешчаны на знешняй сцяне  — так, каб прачытаць біяграфію можна было і заходзячы на выстаўку і  выходзячы з яе. Увогуле, па агульнай пабудове экспазіцыі заўважна поліфанія, згаданая куратарам. Поўная свабода рэцэпцыі — можна выбіраць паслядоўнасць і аспект, на якім засяродзіць увагу.

Першая зала цалкам прысвечана супрэматычным работам. Антрапаморфны і аб’ёмны супрэматызм у графіцы — нязвыклае праяўленне гэтай плыні. Не менш значная якасць супрэматызму Якерсона — дынаміка. У яго фігур, незалежна ад аформленасці ў вобраз, ёсць канкрэтны напрамак руху, што дазваляе лёгка счытваць гэты рух з карцін.

У пераходзе паміж заламі — стэнд з арнаментамі і архітэктурнымі графічнымі эскізамі. Маленькія накіды, пошукі свайго стылю, зафіксаваныя пад шклом… Развіццё гэтых невялікіх спроб можна ўбачыць далей, у другой частцы экспазіцыі.

Другая зала разгортвае перад гледачом цэлы альбом ці нават партфоліа майстра на ўсе рукі: у работах Якерсона сыходзяцца архітэктура, драматургія, псіхалогія і яшчэ безліч навук, у якіх не абысціся без навыку ўяўлення. Графіка экспрэсіўная: у выявах дрэва, лесвіцы ёсць эмоцыя і характар. Сюжэты, аформленыя падобна да арнаменту ці мазаікі, — і рэлігійныя, і фантастычныя, і пралетарскія, — увасабляюць не толькі своеасаблівы падыход да тэхнікі, але і літаратурную фантазію аўтара. Партрэтныя накіды балансуюць паміж класічнымі і авангарднымі плынямі. Экспрэсіянісцкія выявы ярка адрозніваюцца ад астатніх работ. Але колеру хапае ва ўсім, што тут прадстаўлена. Аловачная графіка кампенсуе недахоп у колеры моцным яскравым контурам, кантрастам. Другая зала насычана сюжэтамі і харызмай формы. Каля кожнай карціны хочацца затрымацца, каб прачытаць яе. У гэтай зале і ствараецца поліфанія жанраў і плыняў, гэта сэрца праекта.

Хаця ў размяшчэнні твораў няма дакладнай структуры, якая б дыктавала Вандроўка ўглыб калейдаскопа гледачу паслядоўнасць прагляду, у ёй і ў афармленні залаў можна прасачыць сімвалізм. Насупраць увахода, на паверхні, — усім вядомы супрэматычны Якерсон. У зале вельмі светла — графіка раскрываецца пры наўпрост накіраваным белым святле. Ідзём глыбей  — другая зала ў паўзмроку, а на сцяну трансліруюцца архіўныя дакументальныя кадры з падрыхтоўкі да святкавання першай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1918-м (Якерсон удзельнічаў у афармленні Віцебска пад кіраўніцтвам Марка Шагала). Прастора змяшчае творы мастацтва ў часавы кантэкст. У прасторы няма акцэнтаў на чымсьці канкрэтным, поліфанія пры ўсёй сваёй разнастайнасці павінна быць аднароднай. Таму, калі атмасфера першай залы нагадвае музейную вітрыну, то другая — гэта акварыум з мноствам разнастайных каляровых і чорна-белых рыбак, якія плаваюць з рознай хуткасцю і  па-рознаму варушаць хвастамі ў памяці гледачоў.

І на музейнай вітрыне, і ў акварыуме ўвагу найперш прыцягвае самы буйны камень, чым бы ён ні быў: проста дэкарацыяй ці самым старым і важным экспанатам. У выставачным праекце таксама ёсць тыя якары, што чапляюць глядацкую ўвагу і звязваюць маршрут па залах у адну лінію, адзначаючы кропкі, як у спартыўным арыентаванні. Гэта драўляныя скульптуры — выявы твараў розных узростаў і расавай прыналежнасці. Кожны твар прапрацаваны, прарэзаны мноствам рыс і праз іх распавядае сваю гісторыю. Як самае насычанае і заўважнае, што ёсць у экспазіцыі, скульптуры размешчаны па ўсёй прасторы раўнамерна. Гэта больш познія работы — найлепшыя прыклады спробы расшыфраваць прыгажосць сваімі рукамі. Скульптуры ў большасці монаэмацыянальныя, іх асноўная экспрэсія менавіта ў рознасці форм, у саміх выявах людзей.

Дырэктар Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Таццяна Старынская лічыць, што мастацтва прадстаўнікоў Віцебскай школы імкнулася да спрашчэння, абагульнення, прыбірання лішняга. І дэвіз «Нас зразумеюць праз 100 гадоў» спрацоўвае, бо ў сучасным свеце многія рэчы таксама спрашчаюцца, і гэтым абумоўлены рост цікавасці да мастацтва таго часу. Магчыма, справа сапраўды ў спрашчэнні. Можа, у тым, што з часам людзі пачынаюць бачыць сэнсы пры мінімуме сімвалаў. Невядома, як гэта адаб’ецца на нашым звычайным жыцці. Але калі ў нас ёсць шанц наблізіцца да загадкавага авангарднага мастацтва, значыць, мы выбралі, прынамсі, цікавы кірунак развіцця.

Дар’я СМІРНОВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».