Вы тут

У Беларусі пачынаецца Масленічны тыдзень


Заканчваецца зіма, а разам з ёй завяршаецца цыкл зімовых абрадавых святаў. Сёлета вясёлы Масленічны тыдзень, які праводзіць зіму і клікае прыгажуню-вясну, пачынаецца 8 сакавіка і будзе доўжыцца да Даравальнай нядзелі — 14 сакавіка. Масленіца — старажытнае свята славянскіх народаў, звязанае з культам прыроды i адраджэннем пладаносных сіл зямлі. Гэтае святкаванне сімвалізуе праводзіны зімы, сустрэчу вясны, забеспячэнне багатага ўраджаю i дабрабыту ў гаспадарцы. Абрады Масленіцы накіраваны на магічнае закліканне цяпла, абуджэнне прыроды, падрыхтоўку жывёлы ды будучых палявых работ. Сёння мы вам раскажам аб народных традыцыях і асаблівасцях святкавання ў Беларусі. 


На блінцы — да цёшчы, ці што за звычай «вазіць бабу на пачастунак»?

Масленіца не мае канкрэтнай даты святкавання i адзначаецца на восьмым перадвялікодным тыдні, напярэдадні Вялікага посту. Сёлета Масленічны тыдзень пачынаецца 8 сакавіка. Ад панядзелка да надзелі тыдзень называюць Масляны, або Сырны, паколькi карова да гэтага часу паспявае ацялiцца. Падчас святкавання маслу, тварагу і сыру надавалася вялікае значэнне. Нягледзячы на веснавую сціпласць харчовых запасаў беларускага селяніна, у ежы ў гэты час вельмі значнае месца займалі бліны і аладкі. Масленка патрабавала асабліва багатага частавання. Менавіта сытнай ежы надаваўся магічны сэнс для таго, каб паўплываць на добры вынiк новага працоўнага года, які пачынаўся з прыходам вясны.

Традыцыйна сяляне на Масленіцу пяклі аржаныя, аўсяныя ці ячныя бліны. Бліны атрымлівалiся цяжкімі, наздраватымі. Звычайна на стол падаваўся цэлы стос бліноў. Гаспадар разразаў гэты стос крыж-накрыж, на чатыры часткі, а затым кожны член сям’і браў чвэрць бліна, скручваў яго і апускаў у міску з растопленым каровіным маслам ці тварагом. Тварог звычайна разводзiлi з чым-небудзь. Напрыклад, у Стаўбцоўскiм раёне было прынята размешваць у малацэ, кiслым малацэ (так званай прастаквашы), смятане. Бедныя сяляне, якія не мелі тварагу, змазвалі свае бліны канапляным маслам. 

Блiны не толькi елi з дамачадцамі, але i хадзiлi на бліны ў госцi. Так, да нашых дзёнь захавалася добрая традыцыя, калi зяць ездзiць на блiны да цёшчы. У Барысаўскім, Сенненскім і Лепельскім паветах існаваў звычай «вазіць бабу на пачастунак». Гэта выконвалі ўнукі, якія або самі запрагаліся ў саначкі і ўрачыста везлі сваю бабу-павітуху да сябе на бліны, але часцей прыязджалі па яе на конях. Кожны з хлопцаў вазіў тую бабку, якая яго спавівала.

Вясёлыя забавы моладзі

Адметнай забавай масленічных гульняў быў звычай катання на санках і саначках. Калі ў вёсцы ці паблізу была гара, то яе за некалькі дзён палівалі вадой. Калі не было натуральнай гары, рабілі штучную. Каталіся на санках, кавалках ільду, высечаных з ракі, на лаўках. На Масленіцу існаваў звычай абкатваць новыя сані. Калі яны вытрымлівалі вялікую гурму моладзі, што ўсаджвалася на іх, і зляталі з гары цэлымі, то лічыліся годнымі ў гаспадарцы. У апошнія дні Масленіцы, у суботу i нядзелю, каталіся на конях, упрыгожаных стужкамі і бомамі.

Аднак прынятыя на Масленіцу катанне з гор, катанне на конях, якія сімвалізуюць развітанне з зімой, са снегам, з саннай дарогай, не былі асабліва папулярнымі сярод беларускіх сялян. Значна шырэй адзначалі Масленіцу ў шляхецкіх сем’ях. Адной з галоўных традыцый быў так званы кулiг (кулік) — карнавальная забава шляхты. Было прынята раз’язджаць на санках вялікімі кампаніямі ў масках, наведваючы суседзяў. Падрыхтоўка да кулiга пачыналася за некалькі тыдняў. Увесь санкавы маршрут старанна прадумваўся. Сані падарожнічалі ад сядзібы да сядзібы, iх станавілася ўсё больші i больш. Гэтая своеасаблівая забава суправаджалася музыкай, спевамі і весялосцю і магла доўжыцца некалькі дзён.

У некаторых раёнах Беларусі, як адзначае этнограф Адам Кіркор (1818–1886 гг.), быў звычай, калі вечарамі моладзь на Масленіцу вялікімі кампаніямі хадзіла пад вокнамі дамоў, спявала святочныя песні. Песні былі прысвечаны дзвюм тэмам: першая — гэта заклік вясны, чаканне яе прыходу і пачатку палявых работ, другая — жыццё замужняй жанчыны з яе радасцямі і нягодамі. Нярэдка ў масленічных песнях адлюстроўваўся сум дзяўчыны, якая так і не выйшла замуж, скаргі замужніх жанчын на цяжкае жыццё ў чужой сям’і. 

Вечарамі на Масленіцу асобна збіраліся дзяўчаты на вуліцы і спявалі масленічныя песні, асноўны матыў якіх быў шлюб, сямейнае жыццё. Апошнія песні часцей за ўсё выконваліся пад вокнамі «маладых», якія нядаўна павянчаліся. «Маладыя» маглі запрасіць спяваць дзяўчат да сябе ў хату і пачаставаць іх. У хаце дзяўчаты выконвалі жартоўныя і дакорлівыя песні ў адрас прыдзірлівых свякрухі або свёкра, як бы заступаючыся за сваю сяброўку.

На дварэ бабы сядзелi,
Кулаком зямлю прабiлi,
Пра нявестачак судзiлi:
А мая нявестка шэльма была:
Цэлую клетку добра звяла!

Які быў першапачатковы абрадавы сэнс у абходзе на Масленіцу двароў «маладых», цяжка патлумачыць. Хутчэй за ўсё, гэта было абрадава-магічнае дзейства, накіраванае на ўмацаванне маладой сям’і.

Як адзначае Яўхім Карскі (1860–1931 гг.), у мясцовасцях, памежных з Польшчай і Украінай, існаваў звычай на Масленіцу, асабліва ў нядзелю, калі замужнія жанчыны хадзілі па ўсіх хатах, дзе былі нежанатыя хлопцы або паўналетнія дзяўчыны, каб прывязаць ім калодку — звычайны абрубак дрэва ці невялікія палкі. Моладзь імкнулася схавацца, але яе падпільноўвалі знянацку. Калодку трэба было незаўважна прывязаць да нагі або рукі хлопца ці дзяўчыны. Калі гэта ўмова была выканана, то абавязкова пры гэтым патрабаваўся выкуп з пачастункаў гарэлкай і блінамі. Калодка магла быць заменена іншымі прадметамі: кветкамі, стужкамі, каробкамі цукерак.

Калодка, якая прывязвалася нежанатым, з’яўлялася быццам пакараннем для тых, хто не паспеў ажаніцца або выйсці замуж. Між тым калодкі прывязвалі як хлопцам, так і дзяўчатам, калі яны не выйшлі замуж, нават калі гэта адбылося і не па іх віне. Гэтай традыцыі адпавядаў старадаўні звычай у Германіі ў так званую «Папяльцовую сераду» — першы дзень Вялікага посту — прывязвалі знятыя з завес дзверы на спіну дзяўчатам, якія дасягнулі ўжо трыццацігадовага ўзросту, прычым з гэтай ношай прымушалі іх хадзіць па вёсцы.

Конскае свята і першыя жаўрукі

 

У чацвер на Масленіцу ў некаторых мясцовасцях Беларусі адзначалі «конскае свята». У гэты дзень на конях не працавалі і давалі ім лепшы корм. Таксама ў гэты дзень прынята было аб’язджаць маладых коней. Існавала прыкмета: калі ў каня або каровы ў гэты дзень быў пануры выгляд, то гэта азначала, што скаціна не пражыве і года — альбо воўк з’есць, альбо сканае. Таму лічылася, што такую жывёлу лепш збыць. 

Па павер’і беларусаў у гэты дзень павінен першы раз заспяваць жаваранак. Трэба адзначыць, што паводле ўяўлення беларусаў, жаваранак не ляціць у вырай, а замірае да наступнай вясны дзе-небудзь ва ўтульным месцы на полі, пераважна пад мяжой. Таму ён і з’ўляецца на полі раней за іншых — «як толькі адтаюць межы».

Як адзначае Яўхім Карскі, у Беларусі не было прынята вазіць размаляваныя дрэвы і пудзілы, якія сімвалізуюць Масленіцу. Такі абрад, як спальванне пудзіла, што ўяўляла сабой зіму, меў на Беларусі лакальное пашырэнне (больш вядомы на паўднёвым усходзе). 

Шэраг даследчыкаў адзначаюць, што на Беларусі існавалі самы розныя формы знішчэння пудзіла (ці таго, што ў дадзенай мясцовасці завецца Масленіцай): спальваннне, патапленне ў палонцы, закопванне ў снезе (пудзіла, кола, посцілак, рыззя, старых рэчаў). На спальванне Масленіцы для агульнага вогнішча кожны прыносіў старую салому, посцілкі, на якіх спалі ўсю зіму, рыззё. Агні, вакол якіх вадзіліся карагоды, мелі магічна-ачышчальны характар. Магчыма, у глыбокай старажытнасці яны запальваліся для таго, каб магічна наблізіць цяпло, прыход вясны. Абрад спальвання ўяўляў сабой не толькі важныя моманты ачышчэння агнём, але і своеасаблівы момант калектыўнай псіхатэрапіі. Канцэнтрацыя энергіі і вера ўсіх супольнікаў была накіравана на выгнанне смерці, хваробаў, голаду, нечысці, пазбаўлення ад бяды.

Пачуць, як размаўляе жывёла

Чалавек заўсёды імкнуўся прадбачыць і змяніць свой лёс. З Масленічным тыднем быў звязаны цэлы шэраг прыкмет. Існаваў звычай на «конскае свята» наладжваць «гойданку». Раней «гойданка» наладжвалася пры браме, якая вяла з двара. Да таго ж гойдацца маглі толькі хлопцы і дзяўчаты. Пры гайданнях на арэлях чым вышэй узляталі на іх пары, тым большы і даўжэйшы абяцаў быць лён.

Гэтак жа вызначалі і час сеяння пшаніцы. У які дзень на Масленіцу будзе яснае, сонечнае надвор’е, у той дзень тыдня трэба сеяць пшаніцу. Тады яна будзе і добрая, і чыстая.

Вечары на Масленічным тыдні зваліся «святымі вечарамі». Удзень працаваць у гэты тыдзень дазвалялался, а вось увечары — нельга. У апошні дзень Масленіцы, у нядзелю пасля вячэры, са стала нічога не прыбіралі, а ўсё пакінутае на стале перш закрывалі абрусам, а пасля футрам з вывернутай уверх воўнаю. Так рабілася для таго, каб увесь год у сям’і не было спрэчак. Пры гэтым кожны член сям’і прыкмячаў пакінутую на стале сваю лыжку, а на другі дзень глядзеў: чыя лыжка перавернецца, той у гэтым годзе павінен памерці.

Існаваў і іншы звычай даведацца пра свой лёс. Пасля вячэры, не выходзячы з-за стала, усе кідалі свае лыжкі пад стол: чыя лыжка ўпадзе перавернутая галоўкай на кут, той не дачакаецца Масленіцы на наступны год.

Чалавек заўсёды імкнуўся зазірнуць у невядомы яму свет. Лічылася, што ў ноч з чацвярга на пятніцу Масленічнага тыдня хатняя жывёла размаўляе. Той, хто хоча падслухаць іх размову, павінен закапацца ў гной у час адыходу скаціны на вадапой, праляжаць там усю ноч і выйсці у час вадапою ў пятніцу.

Ні шыць, ні прасці, ні часацца 

Паводле вераванняў, можна было даведацца нават тое, хто з’яўляецца ведзьмай. Для гэтага трэба было пад канец вячэры пакінуць у роце кавалак сыру на ўсю ноч, а раніцай наступнага дня высушыць яго і зашыць у адзенне, якое не здымаць да Вялікадня. Увесь пост гэты чалавек не павінен быў ні з кім ні вітацца, ні адказваць на пытанні і паводзіць сябе так, быццам ён носіць пеўневае яйка. На Вялікдзень у царкве трэба было стаць каля парогу і трымаць у руках захаваны кавалачак сыру. Як толькі скажуць: «Хрыстос васкросе!», трэба адказаць, трымаючы сыр: «А ў мяне сыр ёсць!» У тую самую хвіліну замест хустак на галовах у ведзьмаў з’явяцца даёнкі. Але далей ісці не трэба: калі паказаць на ведзьму рукою — рука ўсохне, калі кіўнуць на яе галавою — шыя «закалянеець» і не разагнецца, калі паказаць «міргамі» — акрывеюць вочы. Наколькі неверагоднай была мэта гэтых дзеянняў, настолькі невыканальнымі яны былі для ўсякага разумнага чалавека.
Вельмі важным быў апошні дзень Масленіцы — загавіны. На загавіны нельга было:

  • шыць – бо на пальцах будуць задзеры альбо нарывы,
  • прасці – бо згніе масла,
  • часацца – бо куры пачнуць разграбаць агарод.

І той, хто ў загавіны не засне да поўначы, той будзе прасыпаць тэрміновыя работы ўлетку.

Як адзначалі Адам Кіркор і Яўхім Карскі, у Беларусі Масленіца не была шырока распаўсюджана, асабліва сярод сялян. У нас Масленіцу адзначалі сціпла, а не з такім размахам, як нашы ўсходнія суседзі. Напрыклад, у вёсцы Жукоў Барок Стаўбцоўскага раёна зроблены запiс, што Масленiца — «не вясковае, не мясцовае свята, а назыўное». 

У той жа час у канцы ХХ стагоддзя запiсана масленiчная песня ў вёсцы Новы Свержань Стаўбцоўскага раёна:

А ў нас сёння маслёнка, 
А ў нас сёння маслёнка, 
Наша дзевачка красненька, 
Наша дзевачка красненька.
Сядзела масленка на палу, 
Сядзела масленка на палу, 
Кідала масла на лаву, 
Кідала масла на лаву.
А хто ўхопя, дык таму,
А хто ўхопя, дык таму.
Красна Кацечка ўхапіла, 
Красна Кацечка ўхапіла, 
А ў чарапочку тапіла,
А ў чарапочку тапіла.
Свайго Віцечку карміла,
Свайго Віцечку карміла.

Заканчваўся масленiчны тыдзень дараванай нядзеляй, калi ўсе прасiлi прабачэнне адзiн у аднаго. У адказ трэба было казаць: «Бог даруе».

Таццяна ВАРОНІЧ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, Людміла КАМАРОЎСКАЯ, загадчык аддзела эксурсійна-метадычнай работы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.  

Фота з архіва «Звязды»; носяць ілюстратыўны характар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра.

Культура

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

«На схіле ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве даўгалетнія сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан і навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві».