Вы тут

Такая аптымістычная рэальнасць, альбо жыццё ў адлюстраванні статыстыкі


Сёння вельмі важна разумець, як выглядае грамадства ў колькасных паказчыках. Без такога роду інфармацыі не абысціся, у прыватнасці, калі надыходзіць пара складаць бліжэйшыя і доўгатэрміновыя планы развіцця. У цэлым тэндэнцыяй нашага часу стала пастаяннае павелічэнне аб’ёму інфармацыі. У спецыялістаў расце патрэба ў лічбах, якія з’яўляюцца асновай для прыняцця рашэнняў у галіне эканомікі, сацыяльнай сферы і дзяржаўнага будаўніцтва ў цэлым. У грамадзян — патрэба аналізаваць факты і падзеі, якія адбываюцца. Сёння міжнародныя стандарты такія, што ацаніць, напрыклад, толькі валавы ўнутраны прадукт і палічыць сярэднюю зарплату па краіне ўжо недастаткова. Рэаліі патрабуюць збору і аналізу вялізнага аб’ёму дадзеных аб дзейнасці дзяржавы і грамадства.


Такім чынам, пачнем з таго, што кажуць вынікі апошняга перапісу, праведзенага ў 2019 годзе. Усяго нас 9 мільёнаў 413 тысяч чалавек, у тым ліку 4 мільёны 351 тысяча мужчын і 5 мільёнаў 62 тысячы жанчын. Як і для ўсёй Еўропы, для Беларусі таксама актуальным з’яўляецца пытанне старэння насельніцтва. Перапіс паказаў, што за мінулыя 10 гадоў сярэдні ўзрост жыхароў краіны павялічыўся на 1.2 года і склаў 40.7 года.

Сёння ў Беларусі пражываюць прадстаўнікі 156 нацыянальнасцяў. Самымі шматлікімі з’яўляюцца беларусы — 84.9 працэнта (па дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года 83.7 працэнта), рускія, палякі і ўкраінцы.

Што тычыцца прыемных тэндэнцый, то абавязкова варта адзначыць той факт, што апошнім часам у Беларусі значна вырасла колькасць дыпламаваных спецыялістаў. Калі быць дакладней, кожны чацвёрты жыхар краіны сёння мае вышэйшую адукацыю, амаль кожны трэці — сярэднюю спецыяльную. Для параўнання: у 2009 годзе гэта быў кожны пяты і чацвёрты адпаведна.

Калі разглядаць сітуацыю праз сацыяльны зрэз, то, несумненна, стабільнымі сталі звесткі аб сямейным становішчы беларусаў, якія сведчаць аб тым, што ў краіне захоўваюцца традыцыйныя нормы сямейных стасункаў. Па выніках перапісу 2019 года 62 працэнты мужчын і 53 — жанчын ва ўзросце 15 гадоў і старэй знаходзяцца ў зарэгістраваным шлюбе ці ў незарэгістраваных адносінах. Амаль такія ж лічбы былі і ў 2009‑м (62 працэнты мужчын і 52 — жанчын).

Зададзімся і такім пытаннем: якая доля малога і сярэдняга бізнесу ў агульнай структуры эканомікі краіны апошніх гадоў, наколькі інтэнсіўна ён развіваецца, у прыватнасці, у рэгіёнах?

Атрымліваецца, што сёння суб’екты малога прадпрымальніцтва фарміруюць каля чвэрці ВУП краіны, і іх доля павялічылася з 23.4 працэнта ў 2015 годзе да 25.6 у 2019‑м. Пры гэтым малыя прадпрыемствы і мікраарганізацыі фарміруюць больш за палову валавой дабаўленай вартасці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Што тычыцца рэгіёнаў, то ўстойлівую тэндэнцыю росту долі суб’ектаў малога прадпрымальніцтва ў валавым рэгіянальным прадукце на працягу апошніх пяці гадоў можна назіраць у Мінскай, Брэсцкай, Магілёўскай абласцях і горадзе Мінску.

Па выніках 2019 года вышэй ўзроўню ў сярэднім па краіне (25.6 працэнта) унёсак малога і сярэдняга бізнесу ў фарміраванне эканомікі рэгіёна традыцыйна адзначаўся ў Мінску і Мінскай вобласці: 44 і 32.3 працэнта адпаведна. Пры гэтым найбольш інтэнсіўны рост у сталіцы — плюс 4.4 працэнта (у 2015 годзе — 39.6).

Статыстычныя паказчыкі кажуць пра тое, што мінулы год быў дастаткова складаным у дачыненні да знешнеэканамічнай дзейнасці: адбіваліся праблемы, звязаныя з нестабільнасцю на фінансавым рынку, каранавірусам і гэтак далей. Па гэтых прычынах зніжэнне аб’ёму экспарта было непазбежна, але варта адзначыць, што ён зніжаўся меншымі тэмпамі, чым імпарт. Па выніках 11 месяцаў мінулага года краіна выйшла на станоўчае сальда ў памеры двух мільярдаў долараў — вельмі нядрэнны вынік. У фізічным выражэнні за гэты перыяд экспарт знізіўся ўсяго на 1.7 працэнта. Нават у такі складаны час айчынныя прадпрыемствы ў большай ступені працавалі не на склад, а на экспарт, што па выніках года прывяло да памяншэння запасаў гатовай прадукцыі.

Апошнія дадзеныя статыстыкі сведчаць, што па экспартна-імпартных пастаўках мы сёння супрацоўнічаем з больш чым 200 краінамі. Геаграфія беларускага экспарту пастаянна пашыраецца. За пяць гадоў выраслі яго аб’ёмы ў краіны Еўразійскага эканамічнага саюза, Украіну, Польшчу, Бразілію, Узбекістан, ЗША.

З улікам вывадаў спецыялістаў і экспертаў перад суб’ектамі гаспадарання пастаўлена актуальная задача ажыццяўляць экспарт па трох кірунках роўнымі часткамі: трэць — у краіны ЕАЭС, трэць — у Еўрасаюз і трэць — у іншыя краіны. Прадпрыемствы прыкметна нарошчваюць аб’ёмы экспарту на азіяцкі рынак: у Кітай, Манголію, Афганістан, Малайзію, Тайланд. І гэта нягледзячы на існуючыя агульнасусветныя праблемы.

Вядома, цікава ведаць як паўплывала сітуацыя з каранавірусам на занятасць насельніцтва. Між тым, як сведчаць статыстычныя дадзеныя, рашэнні на вышэйшым дзяржаўным узроўні па недапушчэнні спынення дзейнасці прадпрыемстваў у перыяд пандэміі далі свае вынікі. У краіне захоўваецца высокі ўзровень занятасці насельніцтва — 67.5 працэнта, асабліва сярод грамадзян працаздольнага ўзросту — 83 працэнты.

У рэйтынгу краін свету па ўзроўні занятасці ў 2019 годзе (база дадзеных Міжнароднай арганізацыі працы) Беларусь займала пятае месца. Дастаткова высокі вынік. Пры гэтым узровень занятасці жанчын працаздольнага ўзросту некалькі вышэйшы, чым мужчын, а наяўнасць дзяцей не перашкаджае кар’ернаму росту: сярод жанчын-кіраўнікоў працаздольнага ўзросту больш за палову маюць дзяцей да 18 гадоў.

Варта мець на ўвазе, што сярэдні ўзрост занятых складае 41 год. Пры гэтым кожны чацвёрты з іх — да 30 гадоў. А самай маладой па ўзроставай групе з’яўляецца сфера ІT-тэхналогій, у якой амаль палова работнікаў — ва ўзросце да трыццаці гадоў.

Па дадзеных перапісу, па статусе занятасці ў краіне пераважаюць наёмныя работнікі. Значную частку сярод іх займаюць тыя, хто працуе па кантракце.

Калі ж казаць пра беспрацоўе, то яго ўзровень у Беларусі па метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы ў 2020 годзе склаў 4 працэнты ад колькасці працоўнай сілы. Год таму гэты паказчык быў 4.2 працэнта.

Беларускі беспрацоўны — гэта, як правіла, мужчына. Сярэдні ўзрост беспрацоўнага — 37 гадоў, у шлюбе не знаходзіцца, адукацыя — прафесійна-тэхнічная. Узровень беспрацоўя мужчын працаздольнага ўзросту — 4.8, жанчын — 3.2 працэнта.

Цікава, наколькі змяніўся ўзровень жыцця беларусаў у параўнанні з мінулымі перыядамі? Як высветлілася, грашовыя даходы насельніцтва нават з улікам пэўнага росту цэнаў за апошняе пяцігоддзе выраслі на 14.4 працэнта.

Паводле дадзеных выбарачнага даследавання, па ўзроўні жыцця ў 2020 годзе з усіх спажывецкіх выдаткаў сярэднестатыстычнай хатняй гаспадаркі на харчаванне прыходзілася каля 39 працэнтаў. Гэта менш, чым было, напрыклад, у 2015‑м — 42 працэнты. Пры гэтым узровень спажывання асноўных прадуктаў харчавання практычна не змяніўся.

Як вядома, характэрнай рысай сучаснага грамадства з’яўляецца актыўнае выкарыстанне насельніцтвам інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Дык вось, сёння персанальны камп’ютар маюць 71.2 працэнта хатніх гаспадарак, у той час як у 2015 годзе — 63.1. А карыстальнікамі інтэрнэту з’яўляюцца 85.1 працэнта (у 2015‑м — 67.3).

І ўсё ж такі, ці выклікае асцярогу дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі? Пачнем са станоўчага. У адпаведнасці з дадзенымі Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у апошні час адзначаецца добрая тэндэнцыя: амаль кожны пяты жыхар краіны ўваходзіць ва ўзроставую групу 0–15 гадоў. Яе колькасць павялічылася за дзесяць гадоў на 172.6 тысячы чалавек, што сведчыць пра эфектыўнасць рэалізацыі праграм, скіраваных на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі. Пры гэтым сёння можна назіраць прасяданне ў нараджэнні першага і другога дзіцяці. Адбіваюцца зніжэнне колькасці жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту, інтэнсіўнасць нараджэння дзяцей, а таксама ўплыў тэндэнцый, якія вельмі папулярныя ў Заходняй Еўропе, калі моладзь на першае месца ставіць фінансавае становішча і кар’ерны рост, а пытанне нараджэння дзяцей адкладваецца на пазнейшыя тэрміны. Адпаведна, павялічваецца ўзрост жанчын пры нараджэнні першага дзіцяці.

У той жа час меры па падтрымцы шматдзетных сем’яў, што прымаюцца ў Беларусі, спрыяюць павелічэнню нараджальнасці ў жанчын ва ўзросце 40–44 гадоў. У 2019 годзе ў іх нарадзілася амаль у два разы больш дзяцей, чым у 2010‑м. Пры гэтым больш за 52 працэнты гэтых дзяцей — трэція і наступныя. У цэлым па краіне доля дзяцей, народжаных трэцімі і наступнымі, павялічылася за апошнія пяць гадоў амаль на сорак працэнтаў.

А гэта, пагадзіцеся, вельмі аптымістычная статыстыка. Як і сама рэальнасць.

Аляксей Фядосаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».