Вы тут

Кніга аб’ядноўвае людзей і краіны


Гэты свайго роду сучасны тэзіс у поўнай меры пацвердзіла Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш, якая па традыцыі вось ужо колькі гадоў менавіта ў лютым праходзіць у беларускай сталіцы.


2021-ы — год 30‑годдзя стварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Гэтая акалічнасць паслужыла ініцыятывай абвясціць Цэнтральным экспанентам XХVІІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу менавіта Садружнасць Незалежных Дзяржаў. Дарэчы, Рэспубліка Беларусь у юбілейны год старшынствуе ў СНД.

Варта адзначыць, што ў розныя гады Цэнтральным экспанентам Мінскай кніжнай выставы станавіліся Расія, Украіна, Ізраіль, Казахстан, Францыя, Германія, Венесуэла, Кітай, Арменія, Вялікабрытанія, Сербія, ЗША. Кожная краіна прадстаўляла ў сталіцы Беларусі сваё кнігавыданне, прыўносіла на выставу новыя фарматы, забяспечвала яркую прэзентацыю сваёй краіны, што нязменна прыцягвала шматлікіх наведвальнікаў Мінскай выставы. Злучаныя Штаты Амерыкі, напрыклад, запрашалі ў свет кнігі ЗША праз «прыдарожнае кафэ». Расійская Федэрацыя здзіўляла багаццем творчых кніжных навінак і іх прэзентацыяй знакамітымі аўтарамі, прапаноўвала жадаючым паспрабаваць сябе ў якасці ўдзельніка стварэння аўдыёкніг. Рэспубліка Сербія прыцягвала ўвагу да свайго стэнда прэзентацыяй кніжных навінак у спалучэнні з маладзёжнай субкультурай — графіці.

2021 год не стаў выключэннем: прыхільнікаў кніг чакалі новыя імёны, новыя фарматы, новыя праекты.

Такім чынам, менавіта галоўны экспанент — Садружнасць Незалежных Дзяржаў — прадвызначыў дэвіз цяперашняй Мінскай выставы: «Кніга аб’ядноўвае людзей і краіны». А яе цэнтральную экспазіцыю сімвалічна аформілі ў стылі адзінага агульнага дома, які, натуральна, складаецца з пакояў. Гасцёўня, напрыклад, была аддадзена пляцоўцы СНД, на якой наведнікі з цікавасцю знаёміліся з тымі выданнямі, якія сталі ўладальнікамі Гран-пры міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» СНД за ўсе 17 гадоў правядзення. Акрамя гэтага, падчас выставы краіны Садружнасці на стэндах шырока дэманстравалі свае сённяшнія найбольш яркія кніжныя праекты.

Экскурсія па цэнтральнай экспазіцыі выставы станавілася вельмі займальнай. Вось адзін з пакояў — кабінет пісьменніка. Тут арганізатары прадставілі лепшыя кнігі ўсіх 11 краін СНД па гісторыі, культуры, мастацтву. Тут жа прайшлі цікавыя сустрэчы пісьменнікаў з наведвальнікамі выставы.

А вось дзіцячы пакой. Традыцыйна дзіцячая кніга з’яўляецца самай запатрабаванай у наведнікаў выставы, зрэшты, як і кнігарняў. На гэтай пляцоўцы была прадастаўлена магчымасць не толькі ўбачыць кніжныя навінкі, даведацца аб стварэнні кніг, але і цікава правесці час бацькам з дзецьмі.

І, вядома ж, нельга было прайсці міма імправізаванай кухні, якая стала самай «кніжнай часткай» цэнтральнай пляцоўкі выставы. Тут была прадстаўлена максімальная колькасць кніг Беларусі, выдадзеных за 2020 год. Між іншым, усяго ў гэтым годзе ў краіне выпушчана каля 8200 кніг.

Наведнікі выставы мелі выдатную магчымасць для зносін з аўтарамі кніг, маглі пагрузіцца ў творчы працэс іх стварэння. На гэтай жа пляцоўцы прайшоў адбор праектаў для прыярытэтнага выдання дзяржаўнымі выдавецтвамі работ, якія перамаглі ў літаратурным стартапе LіtUP, старт якога быў абвешчаны ў студзені. LіtUp прапаноўваў усім жадаючым паспрабаваць свае сілы, запаліць сваю творчую зорку падчас выставы.

Штогод Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш збірае дзясяткі краін. Так, 2021‑ы стаў асаблівым па прычыне эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце, але арганізатары змаглі правесці мерапрыемствы ў рамках выставы значна больш шырока з дапамогай анлайн-фарматаў. Па традыцыі міжнародны сімпозіум «Пісьменнік і час» запрасіў на свае дыскусійныя пляцоўкі творчых людзей — прадстаўнікоў пісьменніцкіх колаў усіх краін СНД, блізкага і далёкага замежжа, — у абласных цэнтрах, у культурнай сталіцы Беларусі 2021 года — горадзе Барысаве. Трансляцыя сімпозіума вялася на youtube-канале, дзе можна было адрасаваць пытанні непасрэдна яго ўдзельнікам. Іх выступленні па выніках сімпозіума ўжо запланавана выдаць у электронным і кніжным фарматах.

Беларусь у 2021 годзе багатая на юбілейныя даты беларускіх літаратараў, што паслужыла падставай для прэзентацыі вялікай колькасці кніжных праектаў ад беларускіх выдавецтваў, пагрузіла ў іх творчасць наведнікаў Мінскай выставы. Традыцыйна яе арганізатары забяспечылі працу паэтычнага аўтобуса, што дазваляла не толькі даехаць да месца правядзення выставы, але і пачуць ужывую творы аўтараў падчас паездкі. Па сутнасці гэты паэтычны аўтобус стаў для многіх пісьменнікаў сапраўднай прасторай для творчасці.

На цэнтральнай жа сцэне выставы па традыцыі прайшлі прэзентацыі найбольш значных кніжных праектаў, узнагароджанне пераможцаў Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі», як і пераможцаў міжнароднага конкурсу маладых літаратараў «Першацвет».

Нельга не сказаць і аб тым, што ў тэатрах і кінатэатрах Мінска, на тэлеканалах у дні працы XХVІІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу прайшлі паказы фільмаў, спектакляў паводле твораў як вядомых пісьменнікаў Беларусі, так і літаратараў з іншых краін.

Адной з мэтаў, якія пераследуе Мінская кніжная выстава з году ў год, з’яўляецца папулярызацыя чытання сярод дзяцей і падлеткаў. У сувязі з гэтым падчас цяперашняй выставы беларускае выдавецтва «Народная асвета» правяло імправізаваны «шосты школьны дзень», на які прыйшло нямала настаўнікаў са сваімі вучнямі. У межах гэтай жа акцыі праводзіліся розныя пазнавальныя мерапрыемствы. У прыватнасці, быў арганізаваны конкурс «Працягні прыказку». Для самых жа маленькіх наведнікаў ва ўзросце ад трох да сямі гадоў правялі конкурс малюнкаў «Самыя ўсмешлівыя персанажы». Кніга, якая набрала больш за ўсё смайлікаў, у апошні дзень выставы была разыграна ў латарэю. Дарэчы, не забыліся тут і пра дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, прыгатаваўшы для іх цікавыя кніжныя падарункі.

У цэлым XХVІІІ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш адрознівалася ад папярэдніх. Сваю ролю, вядома ж, адыграла пандэмія каранавіруса. Магчыма, на цяперашняй выставе ў Мінску не было такога вялікага замежнага прадстаўніцтва, бо арганізатары павінны былі выконваць супрацьэпідэміялагічныя меры. У той жа час гэта дазволіла ім задумацца пра фармат выставы. Не сакрэт, што многія мінчане маглі трапіць на яе і пагутарыць з выдаўцамі толькі ўвечары. А таму і быў зменены рэжым працы: кожны дзень выставы працягнулі на гадзіну. У выніку наведаць яе стала нашмат прасцей. Такія меры спаўна апраўдалі сябе. Колькасць жадаючых прыйсці на сустрэчу з кнігай, а ў многіх выпадках — і з яе аўтарам, прыкметна ўзрасла. І гэта, несумненна, было на карысць усёй зацікаўленай аўдыторыі.

Аляксандр Піменаў

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.