Вы тут

Алішэру Наваі прысвячаецца


Прэзентацыя ўнікальнай кнігі Алішэра Наваі «Улюбёны сэрцаў», якая была перакладзеная на беларускую мову, урачыста прайшла 16 лютага ў Выканаўчым камітэце Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Так у Беларусі ўрачыста адзначылі 580‑годдзе з дня нараджэння знакамітага асветніка. А 9 лютага супрацоўнікі пасольства Узбекістана ў Беларусі, прадстаўнікі ўзбекскай дыяспары, беларускай творчай інтэлігенцыі ўсклалі кветкі да яго помніка.


Выстава кніг з фондаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Беларусі

Надвор’е ў той лютаўскі дзень, калі ўскладаліся кветкі, камфортам не песціла: ішоў снег, ды і мароз «трымаў градус». Але нягледзячы на метэрэалагічныя ўмовы, атмасфера ля помніка вялікаму ўзбекскаму мысліцелю была цёплаю. Выступоўцы гаварылі душэўна, пранікнёна.

— Мы рады, што ў Мінску, у цэнтры горада, ёсць магчымасць хоць трохі дакрануцца да нашай культуры — дзякуючы помніку Алішэру Наваі: як роднаму творцу і для Узбекістана, і для ўсяго свету, — адзначыў саветнік пасольства Узбекістана Даніяр Абідаў. — Дзякуй, што разам з афіцыйнымі асобамі, прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў Беларусі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сюды прыйшлі пісьменнікі, а таксама ўзбекская моладзь, якая навучаецца ў Мінску.

На тым імправізаваным мітынгу лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі паэт Мікалай Мятліцкі прачытаў свае пераклады твораў Алішэра Наваі. Узбекская студэнтка, будучы стаматолаг Мухабатон Абдулажанава гаварыла з прысутнымі на роднай мове Наваі, дэкламуючы адзін з яго класічных твораў.

Юбілейная візітка

Юбілей Алішэра Наваі адзначаюць у школах Беларусі, ВНУ, бібліятэках. Дзеля таго распрацавана шырокая культурна-асветніцкая праграма з удзелам пасольства Узбекістана. Адным з месцаў, дзе ўшаноўваўся вялікі юбіляр, 16 лютага стаў Выканаўчы камітэт Садружнасці Незалежных Дзяржаў — гэта ў Мінску па вуліцы Кірава, 17. Там у гонар 580‑годдзя з дня нараджэння паэта прайшла ўрачыстасць, да таго ж была і прэзентацыя кнігі «Улюбёны сэрцаў» — знакамітай паэмы Алішэра Наваі, упершыню перакладзенай на беларускую мову. Пераклад зрабіў Дзмітрый Радкевіч. Дарэчы, яшчэ за савецкім часам некаторыя творы Наваі перастварыў па-беларуску паэт Васіль Жуковіч.

Напісаная паэтам на заходзе яго жыцця паэма «Улюбёны сэрцаў» — гэта велізарны сплаў духоўнасці й мудрасці, своеасаблівае люстэрка багатага жыццёвага вопыту стваральніка, свайго роду кодэкс гонару і маральнасці для маладога пакалення. Прычым, як тое ні дзіўна, і сёння ў Алішэра Наваі нам усім ёсць многа чаму павучыцца.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся намеснік Старшыні Выканаўчага камітэта СНД Бекетжан Жумаханаў. Ён адзначыў, што юбілей Алішэра Наваі, выбітнага прадстаўніка эпохі Усходняга Рэнесансу, з’яўляецца знамянальнай падзеяй для ўсёй Садружнасці, у якой паяднаныя краіны розных цывілізацыйных плыняў. Бекетжан Жумаханаў звярнуў увагу, што ў СНД надаецца вялікае значэнне такім імпрэзам, якія выступаюць рухаючай сілай, істотным фактарам захавання гістарычнай памяці, папулярызацыі духоўнай спадчыны.

Газетныя публікацыі пра Алішэра Наваі

Пра значэнне для ўзбекскага народа бясцэннай спадчыны Алішэра Наваі, пра шырокае святкаванне яго юбілею гаварыў Даніяр Абідаў. Ён, у прыватнасці, з гордасцю за сваю краіну адзначыў, што ў апошнія гады праводзіцца маштабная работа па глыбокім вывучэнні творчасці Алішэра Наваі. Для таго створаны Міжнародны грамадскі фонд яго імя, а ў адпаведнасці з Пастановай Прэзідэнта Рэспублікі Узбекістан Шаўката Мірзіёева 580‑годдзе паэта шырока адзначаецца ў краіне і за мяжой. І тут будзе да месца згадаць пра грунтоўнае інтэрв’ю Даніяра Таджыевіча нашаму часопісу «Мова воінаў стала мовай газеляў» (№ 11–2019). У ім доктар палітычных навук, які сам рос пад уплывам духоўнай спадчыны супляменніка, расказвае пра Алішэра Наваі як пра сонца нацыі. Так вобразна і з вялікай павагай называюць гэтага паэта, філосафа і дзяржаўнага дзеяча цюркамоўныя народы. А, як вядома, без сонца няма жыцця. У часе той шчырай, глыбокай гутаркі мы даведаліся і пра тое, што Наваі быў суфіем. А галоўнае для суфіяў, якія хацелі выхаваць ідэальнага чалавека, — гэта пошукі сэнсу жыцця… І важна яшчэ тое, гаварыў наш суразмоўца, што ягоныя творы сцвярджаюць каштоўнасць духоўнага жыцця.

Да святочнай імпрэзы была падрыхтавана візуальная прэзентацыя, прысвечаная юбіляру

У ходзе ўрачыстасці, прэзентацыі кнігі выступалі таксама Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Рачкоў, рэктар Ташкенцкага дзяржуніверсітэта ўзбекскай мовы і літаратуры Шухрат Сіражыдзінаў, перакладчык кнігі на беларускую мову, старшыня Савета імамаў Беларусі Дзмітрый Радкевіч, паслы і пастаянныя прадстаўнікі краін Садружнасці.

Інтэрв'ю для журналістаў Даніяра Абідава, саветніка пасольства Узбекістана ў Беларусі

У выступленнях падкрэслівалася, што ў сваіх несмяротных творах Алішэр Наваі апяваў высокія ідэалы гуманізму, адстойваў агульначалавечыя каштоўнасці, выкарыстоўваючы вялізныя магчымасці, багацце і прыгажосць роднай мовы, за што трывала заняў годнае месца ў сэрцах мільёнаў чытачоў.

Удзельнікі сяброўскай сустрэчы за круглым сталом

На мерапрыемстве прагучалі вершы і вытрымкі з твораў Алішэра Наваі, а ў фае будынка штаб-кватэры СНД была разгорнута выстава кніг і арганізавана дэманстрацыя слайдаў, прысвечаных яго творчасці.

Выступае рэктар Ташкенцкага дзяржуніверсітэта ўзбекскай мовы і літаратуры Шухрат Сіражыдзінаў

Дзмітрый Радкевіч, перакладчык кнігі на беларускую мову, старшыня Савета імамаў Беларусі

Дзмітрый Радкевіч, Даніяр Абідаў, Абу-Бекір Шабановіч і Віталь Бусько. Здымак на памяць.

Ладзілі гэтую святочную ўрачыстасць пасольства Узбекістана ў Беларусі, Прэзідэнцкая бібліятэка Беларусі, Выканаўчы камітэт СНД.

Сяргей Шычко, Міхаліна Чаркашына

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».