Вы тут

Пік-пік і Пепіта на паляванні


stihi.ru

Аднойчы прачытала котка Пепіта казку пра тое, як пасварыліся каты і мышы, і з тых часоў каты палююць на мышэй. Задумалася Пепіта: «А я, аднак, ніколі на мышэй не палявала! А я ж котка!»

І вырашыла Пепіта жыць згодна традыцыям продкаў. Тым болей, што і мышка побач ёсць: Пік-Пік.

Пачытала Пепіта яшчэ раз казку, успомніла мульцікі пра Тома і Джэры… Здаецца, паляваць належыць такім чынам: кот сядае каля мышынай норкі і чакае, пакуль з’явіцца ахвяра. Цудоўна! Пепіта ўзяла шчотку, прычасала хвост, вусы і пайшла ў Веранічкін пакой, дзе пад шафай, як вядома, знаходзілася норка мышкі Пік-Пік. Села Пепіта каля шафы і пачала чакаць. Чакала, чакала, надакучыла… Прынесла маленькае раскладное крэсліца, каб зручней было, зноў сядзіць, чакае… Нудна. Пайшла, прыхапіла вясёлы часопіс і кавалак каўбасы. Уселася ў крэсла, разгарнула часопіс, адкусіла каўбаскі… Так паляваць аказалася зусім не цяжка. Зайшла ў пакой Веранічка, папыталася:

— Што ты тут робіш, Пепіта?

— На мышку Пік-Пік палюю, — горда адказала Пепіта.

Здзівілася Веранічка, але не стала перашкаджаць, пайшла. Між тым мышка Пік-Пік чула гэтую размову і вельмі зацікавілася: як гэта Пепіта на яе палюе? Высунулася з норкі (Пепіта за чытаннем часопіса гэтага не заўважыла), і бачыць: сядзіць котка ў мяккім крэсле, есць каўбасу і чытае.

— О, паляванне вельмі добрая штука! — узрадавалася мышка. — Я таксама хачу паляваць!

Выцягнула мышка з норкі таксама маленькае крэсліца, забранае ў Веранічкіных лялек, прыхапіла кавалак газеты і пернічак. Села насупраць Пепіты, есць, чытае… Любата!

Падняла Пепіта вочы ад часопіса і здзівілася:

— А ты, Пік-Пік, што робіш?

А Пік-Пік адказвае ёй з набітым ротам:

— Як што? Хрум-хрум… Я таксама палюю… Хрум-хрум…

Пепіта разгубілася:

— На каго?!

— Як на каго? Хрум-хрум… На цябе… Хрум-хрум…

Здзівілася кошка. Нешта пра такі выпадак у казцы нічога не гаворыцца… Але, падумаўшы, Пепіта змірылася: паляваць жа так прыемна… І сядзелі мышка і кошка надалей адна супраць адной, елі і чыталі… Зайшоў у пакой Тата.

— Чым займаецеся?

— Палюем! — хорам адказалі Пік-Пік і Пепіта.

— На каго?

— Я на яе, яна на мяне!

Тата так здзівіўся, што не меў што сказаць і пайшоў, пахітваючы галавою. Між тым пернічак і каўбаска даеліся, газета і часопіс дачыталіся. Сядзець стала сумна.

— Ну што, разыдземся? — папыталася Пік-Пік калежанку.

— Хіба што… — пазяхнула Пепіта. — Добра папалявалі…

— Заўтра яшчэ папалюем! — адгукнулася мышка і схавалася ў норцы.

А Пепіта пацягнула крэсла на месца, адчуваючы, што выканала свой кашэчы доўг.

Людміла Рублеўская

Пераклад Сунь Фан Ці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?