Вы тут

Ах, вадэвіль, вадэвіль!..


Беларускаму дзяржаўнаму акадэмічнаму музычнаму тэатру — 50 гадоў. Юбілей адсвяткавалі традыцыйна: вялікім канцэртам. У ім прынялі ўдзел усе артысты тэатра, у тым ліку народная артыстка Наталля Гайда і заслужаны артыст Васіль Сердзюкоў, якія ў свае 80 з невялікім працягваюць спяваць на сцэне.


Магчыма, пяцьдзясят гадоў — не такі ўжо і тэрмін для тэатра. Да прыкладу, Вялікі тэатр Беларусі паўстаў у трыццатых гадах мінулага стагоддзя. А Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы — 130 год. Але ж калі мы гаворым пра тэатр, то маем на ўвазе не проста месца сустрэчы артыстаў з гледачамі. І, вядома, не «вешалку», хоць з яе, як той казаў, «усё пачынаецца»… Мы гаворым пра з’яву ў свеце мастацтва. Мне нават бачыцца гэткая магутная энергетычная плынь, што ўзнікла 50 гадоў таму. А чаму б і не? Бо ўжо вядома, што ўсё прыгожае, створанае рукамі чалавека, здольнае напаўняць нас духоўнай энергіяй, сілай… А пасля таго, як апускаецца заслона і мяккім цёплым святлом загараецца ў глядзельнай зале велізарная, уся ў крышталях жырандоля, адчуваеш у душы гармонію і любоў.

Упэўненая, падобныя эмоцыі адчуваю не толькі я. Бо ў зале Белдзяржтэатра музкамедыі ў той зімовы, юбілейны вечар не было ніводнага свабоднага месца. І гэта ў перыяд пандэміі каранавіруса! Відавочна, што многім хацелася трапіць у атмасферу ўрачыстасці і зарадзіцца пазітывам, перад якім ні адзін вірус, хацелася б думаць, не ўстаіць.

Тое было нядаўна…

Але нараджалася гэтая з’ява — Музычны тэатр, цяжка. Пра тое згадваў пасля юбілею Уладзімір Рылатка — у мінулым першы намеснік дырэктара Нацыянальнага тэатра оперы і балета Беларусі, першы намеснік міністра культуры 1996–2010, прафесійны музыкант. Адбывалася гэта так: пасля расфарміравання Магілёўскага абласнога тэатра музычнай камедыі ў 1970 годзе — а гэта заўсёды драматычная падзея ў творчым жыцці — частка артыстаў з трупы з’ехала ў Мінск. Пад дахам тагачаснага акруговага Дома афіцэраў яны пачалі рыхтавацца да адкрыцця свайго першага сезону. На суд гледачам вырашылі прадставіць апрабаваны варыянт: гераічную камедыю Юрыя Семенякі «Спявае «Жаваранак». Раней, на гастролях Магілёўскага абласнога тэатра паказвалі яе мінскім гледачам. Спадабалася… Праз гады спектакль абнавілі, назвалі прэм’ерным. А потым пачаліся бадзянні. Гралі спектаклі на базе Клуба Дзяржынскага, Палаца прафсаюзаў, Палаца чыгуначнікаў, Палаца трактарнага завода, Палаца аўтазавода…

У свой уласны «дом» творчая група ўсялілася толькі праз дзесяць гадоў. Тады Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР пераехаў у асобны будынак, дзе і размяшчаецца дагэтуль: вуліца Мяснікова, 44.

Бытавыя праблемы, звязаныя з адсутнасцю «даху над галавой» не самым лепшым чынам адбіваліся і на рэпертуары, і на выканальніцкім майстэрстве. Тэатр заставаўся трохі… старамодным. Уладзімір Рылатка ўспамінае: «Каб з Тэатра аперэты стаць Музычным тэатрам, трэба было асвоіць новае. Можа быць, для многіх гэта было ўжо старое, але мы тады толькі пачыналі». Тым не менш, у 2000‑м тэатр назвалі Музычным, ён атрымаў званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь». А яшчэ праз дзевяць гадоў — стаў акадэмічным.

Мюзіклы ў сучасным разуменні гэтага жанра з’явіліся ў тэатры гадоў дзесяць таму. Па словах саміх артыстаў, перанастройвацца было няпроста. Вось як распавядае пра тое лаўрэат міжнароднага конкурсу Наталля Дзяменцьева: «Каб перайці на эстрадную манеру, трэба добра валодаць акадэмічным спевам. Было цяжка, але з цягам часу мы навучыліся. Бо нават рок-опера «»Юнона» і «Авось»» у нас усё роўна выконвалася больш акадэмічнымі галасамі. «Шклянка вады» Уладзіміра Кандрусевіча таксама лічыцца мюзіклам, але твор напісаны ў больш акадэмічнай манеры. А вось нядаўняя прэм’ера — «Рамэа vs Джульета. ХХ пасля» на музыку Аркадзя Укупніка (расійскі поп-спявак, музыкант. — Аўт.) ці «Джэйн Эйр» Кіма Брэйтбурга (расійскі музычны прадзюсар, аранжыроўшчык. — Аўт.) — гэта творы ўжо зусім іншага стылю: там патрабуецца чыста эстрадны вакал».

Пачынаючы з 2010 года калектыў тэатра больш за 60 разоў выязджаў за межы Беларусі, удзельнічаў у міжнародных культурных праектах. Артысты пабывалі ў краінах СНД і Прыбалтыкі, у Польшчы, Чэхіі, Іспаніі, Партугаліі, Германіі, Кітаі.

Сёння ў складзе Тэатра музкамедыі 39 артыстаў-вакалістаў, з іх 16 лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, дзве балетныя трупы (класічны балет, а таксама балет аперэты і мюзікла), прафесійны сімфанічны аркестр. У рэпертуары — шмат разнастайных спектакляў, пачынаючы ад класічных аперэт і заканчваючы эксперыментальнымі пастаноўкамі.

У планах тэатра… рэканструкцыя будынка. Дырэктар Пукіта Сяргей спадзяецца, што сёлета будуць зацверджаны архітэктурны і будаўнічы праекты, потым пачнуцца ўсе падрыхтоўчыя этапы. І артыстам давядзецца шукаць сабе іншую сцэну на даволі працяглы час.

…Тое было даўно

Калі задумваешся пра такую??круглую дату як 50 гадоў, разумееш: артыстам, якія аддалі паўжыцця тэатральным падмосткам — яшчэ больш. І нумары на тэму хуткаплыннасці часу, якія выконвалі яны ў юбілейны вечар, глядзець было крыху тужліва. Хоць канцэрт быў, у цэлым, вельмі вясёлы. Якое важнае і складанае ўменне — усміхацца, а не тужыць, гледзячы ў твар старасці! На мой погляд, віртуозна з гэтай задачай на сцэне справіліся Ірына Заянчкоўская і лаўрэат міжнароднага конкурсу Дзяніс Нямцоў. Яны сыгралі ў дуэце Мурышкіну і Цара (аперэта «Рускі сакрэт»). Па сюжэце састарэлы Цар выклікаў да сябе любімую фрэйліну свайго бацькі, каб тая нагадала слова, якое Цар забыўся. Але фрэйліна ж таксама не маладая!.. Прыкаваная да інваліднага крэсла, засынае на хаду і пакутуе ад хваробы Паркінсона. Тым не менш, унутранага агню і запалу ў гэтай бабулі ў ажурным чэпчыку хапіла на тое, каб у канцы нумара ўстаць з крэсла і пайсці ў скокі, нягледзячы на радыкуліт, які перыядычна пра сябе нагадваў. Зала рагатала, і я даўно так не смяялася! Але разам з тым было трошкі няёмка ад таго, што смяемся ж мы з сябе, над чалавечай нямогласцю.

А калі на сцэну выпырхнула птушкай у раскошнай сіняй сукенцы Наталля Гайда — яна спявала ў «Жаваранку» ў дзень адкрыцця тэатра 50 гадоў таму — глядзельная зала літаральна замерла. Быццам баючыся спудзіць міраж: на сцэне спявала беларуская легенда. Пасля песні «О, сцэна, табе я верная» (П. Абрахам, словы С. Цырук) усе ўсталі са сваіх месцаў ды выкупалі ў авацыях артыстку, літаральна давялі яе да слёз. Хоць, прызнаюся, плакала не толькі яна. Камяк у горле ад чуллівага моманту быў і ў мяне. Таксама хто-ніхто справа, злева цішком падносіў насоўку да вачэй…

Увогуле, юбілейны канцэрт атрымаўся! Відовішчна ўсё было і проста ўзрушаюча! Прызнацца, даўно не адчувала я такога яднання артыстаў і гледачоў. Не пабаюся сказаць, што гэта было фенаменальна. Двухактны канцэрт прайшоў як на адным дыханні, у канцы вядучым нават даводзілася паўтараць, што прадстаўленне ўжо скончылася — але авацыі іх заглушалі.

Ну што ж, шлях у паўстагоддзя пройдзены, а наперадзе ў Тэатра музкамедыі шмат праектаў. Таму пажадаем усім, хто служыць мастацтву, рэалізацыі задуманага, доўгіх гадоў жыцця — як у творчасці, так і ў самым рэальным зямным існаванні. Ну і, вядома ж, удзячных гледачоў!

Аліса Гюнгер

Фота з архіва Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».