Вы тут

Навошта беларусы мяняюць імёны, і калі гэта дазваляецца


Вінаваціць у асабістых няўдачах прасцей за ўсё не сябе, а навакольных. Аднак некаторыя перакладаюць адказнасць за няўдалы лёс на... уласнае імя і сцвярджаюць, што калі яго памяняць, то і жыццё пачнецца нанава. Такая нагода — толькі адна з прычын змены імя, прозвішча ці імя па бацьку. Сярод іншых падстаў — немілагучнасць, старамоднасць і нават імкненне афіцыйна звацца паводле свайго псеўданіма. Наколькі рэальна змяніць імя і што для гэтага трэба, расказала Вольга КЛІМКОВА, загадчык сектара архіва органаў, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, аддзела па каардынацыі прававой, кантрольнай і архіўнай работы галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гомельскага аблвыканкама.


pixabay.com

Новае імя — не панацэя

Жыла-была на свеце Марына. Да 35 гадоў ні мужа, ні дзяцей не займела. Сустрэла яна аднойчы сваю цёзку — сяброўку дзяцінства. А тая, даведаўшыся пра згаданыя акалічнасці, катэгарычна пастанавіла: справа ў імені, якое далі бацькі. Пасля размовы са знаёмай жанчына цвёрда вырашыла, што, змяніўшы імя, пачне новае жыццё. Яе тлумачэнні былі настолькі пераканаўчыя, што супрацоўнікі загса пайшлі Марыне насустрач, і стала яна Кацярынай.

Спачатку новае «шчаслівае» імя дапамагло (так ёй здавалася) сустрэць мужа, нарадзіць дачку. Аднак праз нейкі час яна расчаравалася ў сваім абранніку, скасавала шлюб і вырашыла вярнуць сабе не толькі дзявочае прозвішча, але і папярэдняе імя, якое цяпер ужо не здавалася такім кепскім.

Падобных гісторый у супрацоўнікаў загсаў мноства, як і прычын, па якіх людзі хочуць змяніць імя, прозвішча ці імя па бацьку.

— Права на змяненне прозвішча, уласнага імя або імя па бацьку, а ўсё разам гэта ўключае ў сябе паняцце «імя», утрымліваецца ў артыкуле 18 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, — расказала Вольга Клімкова. — Пры гэтым важна памятаць, што, згодна з заканадаўствам, грамадзянін можа змяніць сваё імя, аднак гэта не будзе падставай для спынення ці змены яго правоў і абавязкаў, што меліся пад папярэднім імем. Іншымі словамі, нельга разлічваць, што новае імя — панацэя, якая пазбавіць чалавека ад усіх мінулых няўдач.

Некаторыя кажуць, што жадаюць насіць імя, дадзенае ім падчас хрышчэння. Напрыклад, жанчына, якая ў пашпарце запісана як Аліса, з часам зразумела, што ёй бліжэй імя Аляксандра, з якім яе хрысцілі, расказвае спецыяліст.

Экзатычнае ці нямоднае

Нязвыклае па гучанні і цяжкае для вымаўлення ў Беларусі імя накшталт Йылмаз ці Абдулмеджыд будзе ўважлівай прычынай, каб змяніць яго на больш звычайнае, заўважыла Вольга Клімкова:

— Уладальнікі такіх экзатычных імёнаў часта звяртаюцца па іх замену, бо вымавіць правільна падобныя варыянты імёнаў мала ў каго атрымліваецца. Або ім проста прыходзіцца мірыцца з тым, што на рабоце Йылмаза ў найлепшым выпадку будуць зваць Алмазам ці яшчэ што прыдумаюць.

Аднак у змене імені могуць і адмовіць, калі заяўнік не прадставіць аб'ектыўную прычыну такога жадання.

— У пэўны момант жыцця Мікалай вырашыў памяняць сваё імя на Івана — у памяць пра свайго памерлага сваяка. Аднак такая прычына не можа ўспрымацца як падстава для працэдуры змянення імені, таму яму адмовілі, — прывяла прыклад спецыяліст.

А вось жанчыны нярэдка хочуць памяняць імя, таму што яно падаецца ім несучасным. Напрыклад, Святлана хоча стаць Ланай, Хрысціна — Цінай, Людміла — Люсіяй.

— Згодна з даведнікам уласных імёнаў, які рэкамендаваны ў якасці практычнага дапаможніка для работнікаў органаў ЗАГС, імёны Лана, Ціна і Люсія — вытворныя ад Святлана, Хрысціна і Людміла. І тое, што ўладальніц гэтых імёнаў у жыцці называюць такімі скарочанымі варыянтамі, не мае прававога значэння для змены ўласнага імя, — растлумачыла Вольга Клімкова. — У адваротным выпадку, калі ў запісе акта аб нараджэнні ўказана няпоўнае імя, то гэта падстава для ўнясення змяненняў у дадзены дакумент. Напрыклад, па пашпарце жанчына носіць імя Алёна, а фактычна яе называюць Алена.

Немілагучнае і творчае

Тым не менш часцей за ўсё жыхары Гомельшчыны звяртаюцца ў органы ЗАГС, каб змяніць прозвішча. Самая распаўсюджаная прычына — жаданне вярнуць дзявочае пасля скасавання шлюбу.

— Даволі часта людзі хочуць змяніць прозвішча, каб прывесці дакументы да аднастайнага напісання, — заўважыла спецыяліст. — Як правіла, гэта «шчасліўчыкі», якія маюць літару «ё» ў прозвішчы. Яна толькі нядаўна з'явілася ў дакументах, бо дагэтуль яе паспяхова замяняла «е», што часта прыводзіла да блытаніны ў дакументах. Пагадзіцеся, «Ёлкін» зусім не адно і тое ж, што «Елкін».

Мяняюць і немілагучныя прозвішчы. Аднак, звяртаючыся па змену, варта памятаць, што выбар новага прозвішча павінен быць абгрунтаваны, напрыклад можна ўзяць прозвішча бабулі ці дзядулі.

— Найбольш крэатыўныя прычыны на змену прозвішча заяўляюць людзі творчых прафесій, — адзначыла Вольга Клімкова. — Яны хочуць унесці ў пашпарт свой псеўданім. У такіх выпадках супрацоўнік загса будзе ўважліва вывучаць дакументы, якія прадставіць заяўнік: публікацыі, мастацкія творы, афішы і іншае. Найчасцей такія просьбы, дарэчы, задавальняюцца.

А вось калі чалавек захоча мець такое прозвішча, як у свайго куміра — мастака, музыкі ці пісьменніка, у загсе мусяць адмовіць у рэалізацыі такога жадання і пераканаць у неабгрунтаванасці заявы.

migrate24.ru

Імя па бацьку, якога не было

Не так часта, але сустракаюцца ахвотныя змяніць імя па бацьку. Як правіла, гэта падлеткі 16-18 гадоў, якія выраслі без клопату таты і такім чынам хочуць пазбавіцца ад успаміну пра біялагічнага бацьку. Замест гэтага яны хочуць узяць імя па бацьку ад імені чалавека, які замяніў ім роднага тату ці проста быў побач падчас сталення.

— Пры наяўнасці пацвярджальных дакументаў такія заявы задавальняюцца. Тым не менш хочацца заклікаць беларусаў падыходзіць да змены імя ўзважана. Чалавек павінен дакладна ведаць, якую мэту ён мае, жадаючы звацца па-іншаму, і ўсведамляць, ці варта гэта таго, — падкрэсліла спецыяліст.

Як Антаніне стаць Алісіяй

Згодна з пунктам 27 Палажэння аб парадку рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану і выдачы дакументаў і (або) даведак органамі, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану (зацверджана пастановай Саўміна ад 14 снежня 2005 г. № 1454), дазвол аб змяненні імя можа быць дадзены толькі ў выпадках, калі для гэтага ёсць уважлівыя прычыны.

— Змена прозвішча, імя, імя па бацьку — адміністрацыйная працэдура. Заявіць аб рэгістрацыі такой змены могуць толькі грамадзяне Беларусі, якім ужо споўнілася 16 гадоў. Для гэтага неабходна звярнуцца ў орган, які рэгіструе акты грамадзянскага стану, па месцы жыхарства чалавека, — абазначыла Вольга Клімкова. — Разам з заявай трэба падаць пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу; два здымкі заяўніка; пасведчанні аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, якія падлягаюць замене ў сувязі з рэгістрацыяй змянення; дакументы, якія пацвярджаюць матывацыю прынятага рашэння; квітанцыю аб аплаце дзяржпошліны (каштуе гэтая адміністрацыйная працэдура дзве базавыя велічыні — 54 рублі). Пры наяўнасці ўсіх названых дакументаў Антаніна, напрыклад, можа стаць Алісіяй, а Дурнеў — ператварыцца ў Разумнага.

Варта памятаць, што адмовіць у змене імені могуць, калі заяўнік знаходзіцца пад следствам, з'яўляецца падазраваным ці абвінавачаным у злачынстве, мае непагашаную судзімасць. А яшчэ калі ў загсе няма запісаў адпаведных актаў грамадзянскага стану (аб нараджэнні, шлюбе і г. д.) такога чалавека, або ён не прад'яўляе важкіх абгрунтаванняў патрэбы ў змене.

Канчатковае рашэнне па змяненні імені прымаецца галоўным упраўленнем юстыцыі і звычайна разглядаецца на працягу двух месяцаў.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: «Не хачу я быць Святланай, стану лепш сучаснай Ланай»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.