Вы тут

Ці можна запаволіць развіццё парадантозу?


Да стаматолага мы прызвычаіліся хадзіць у асноўным для лячэння зубоў, радзей — для прафілактыкі. Але вельмі важна сачыць і за станам тканкі, якая абкружае зуб — парадонтам. Парадантоз і парадантыт — захворванні, якія паражаюць зубное «атачэнне». Зубная тканка перастае выконваць функцыю ўтрымлівання, што можа прывесці да страты зубоў. І калі парадантыт звычайна «паказваецца» адразу, то заўважыць парадантоз няпроста. Як на яго своечасова звярнуць увагу і ці магчыма вылечыць, расказала стаматолаг-хірург 7-й гарадской стаматалагічнай паліклінікі Вольга Комар.


Фота Яна Хведчына.

— Вольга Раманаўна, што за захворванне — парадантоз? Як яно сябе праяўляе?

— Нярэдка яго блытаюць з парадантытам. Але гэта розныя захворванні. Парадантыт — паражэнне мяккіх і косных тканак, якія акружаюць і падтрымліваюць зуб. Яно наступае пасля гінгівіту — запалення і кроватачывасці дзясны. Пры дрэннай гігіене стан пагаршаецца, запаленне прагрэсуе, уцягваюцца новыя ўчасткі парадонта, у выніку змяншаецца аб'ём коснай тканкі. Усё гэта суправаджаецца кроватачывасцю і гнойнымі выдзяленнямі. У большасці выпадкаў так працякае парадантыт.

Парадантоз сябе паводзіць па-іншаму: дзясна бледная і светлая, але таксама адбываецца змяншэнне коснай тканкі. Гэта хранічнае захворванне, і пры пачатковых стадыях пацыент нават не падазрае аб яго развіцці. Бадай, адзінае, што можа ўсхваляваць, — невялікая кроватачывасць пры гігіене поласці рота. Яркіх запаленчых клінічных праяў тут няма. Звычайна пацыент звяртаецца да ўрача, калі заўважае, што паміж зубамі з'яўляюцца цёмныя трохкутнікі — захворванне зайшло ўжо далёка.

І калі парадантыт сустракаецца ў 90 % насельніцтва, то парадантоз — нашмат радзей, усяго ў 3 %.

— Ад чаго вакол зубоў утвараюцца трохкутнікі?

— Дзясна апускаецца, змяншаецца косная тканка, і знешне гэта праяўляецца ў выглядзе цёмных трохкутнікаў.

— Ці можна неяк заўважыць хваробу да з'яўлення трохкутнікаў?

— У асноўным гэта толькі кроватачывасць: чысціш зубы, а дзясны крываточаць. Акрамя таго пры схільнасці да парадантозу дастаткова хутка ўтвараецца зубны камень. Спачатку гэта мяккі зубны налёт, які толькі раздражняе дзясну, але пры недастатковай гігіене пакрысе ён мінералізуецца і ператвараецца ў зубны камень. А гэта ўжо цвёрдая структура, якая цісне на дзясну і косць, і, як правіла, адбываецца змяншэнне коснай тканкі ў апікальнай (перад'язычнай) вобласці. Падкрэслю, гэта дастаткова хуткі працэс, таму варта сачыць за ўтварэннем зубнога каменя.

— У чым прычыны парадантозу?

— Яны могуць быць розныя. У асноўным гэта парушэнне кровазабеспячэння коснай тканкі. І трэба разабрацца, чаму так адбываецца. Гэта або нейкае сістэмнае захворванне, напрыклад, цукровы дыябет, ВІЧ, гепатыт — тое, што парушае трофіку тканак. Або прымяненне пэўных лекавых прэпаратаў, якія маюць такі ўплыў. Курэнне моцна пагаршае трофіку мяккіх тканак, нярэдка ў курыльшчыкаў узнікае такая праблема. Прычынай можа быць і траўматызацыя — артапедычнай канструкцыяй ці пломбай. Няправільны прыкус ці змененае становішча зуба ў дузе таксама выклікае траўміраванне і, адпаведна, змяншэнне коснай тканкі.

Акрамя таго, у кожнага з нас свой біятып дзясны. Калі яна тонкая, трэба пацыента папярэджваць, што яна можа траўміравацца нават падчас няправільнай гігіены. Нанесці шкоду можна не толькі зубной шчоткай, але і зубным каменем, пры правядзенні рэстаўрацыі — калі ставіцца пломба. Такая сама па сабе тонкая кволая дзясна траўміруецца пры нязначным уздзеянні. У тым ліку і з-за няправільнага становішча зуба.

Трэба сказаць, што ў старэйшага пакалення праблемы з парадонтам былі больш распаўсюджаныя. Бо ніхто на гэтым не засяроджваўся, ды і чысціў зубы далёка не кожны ў пасляваенны час. Цяпер гэта актуальная тэма ў стаматалогіі, і пры жаданні праблемы можна вырашыць.

— Парадантоз можна вылечыць?

— Нельга сказаць, што цалкам, хіба што лёгкую ступень. У залежнасці ад ступені цяжкасці парадантозу падбіраюцца розныя методыкі лячэння, якія дазваляюць спыніць яго развіццё. Таму стабілізаваць захворванне можна. Калі пацыент звяртаецца з гіперыміраванай ацёчнасцю слізістай дзясны ці невялікім зрушэннем, але няма яркіх клінічных праяў, то захворванне можна стабілізаваць, вывесці на нейтральны ўзровень, і, ведаючы, што маецца схільнасць, назіраць і карэктаваць стан.

— Такім чынам, калі заўважыў пры чыстцы зубоў кроў...

— ...трэба звярнуцца да стаматолага і высветліць прычыну. Ні ў якім разе не займацца самастойным лячэннем, як у нас некаторыя робяць. Ёсць спецыяльны кірунак у стаматалогіі, і парадантолагі займаюцца лячэннем дзяснаў. Тактыку вызначае ўрач. Калі пачатковая стадыя, то гэта якасная гігіена. Акрамя таго, збіраецца анамнез пацыента. Калі ёсць пэўныя сістэмныя захворванні, то назіранне робіцца з ухілам на гэта.

Развіццю захворвання садзейнічае патагенная мікрафлора ў поласці рота. У ЗША было праведзена даследаванне, у якім удзельнічала каля пяці тысяч студэнтаў. Іх праверылі на наяўнасць патагеннай мікрафлоры, якая выклікае парадантоз. Даследаванне паказала, што ўмоўна-патагенная мікрафлора ёсць ва ўсіх, а вось захворванне развіваецца толькі ў 3 %. Таму на пачатковай стадыі важная гігіена. І калі ёсць сістэмнае захворванне — гэта карэкціроўка яго лячэння ці назіранне.

Медыкаментознае лячэнне пачынаецца пры сярэдняй і цяжкай ступенях. Сярэдняя ступень цяжкасці характарызуецца змяншэннем коснай тканкі, маюцца нязначныя міжзубныя прамежкі, цёмныя трохкутнікі, нязначная рухомасць — 1-2 ступені. Тады, акрамя гігіены, робяцца павязкі і аплікацыі, а таксама шуніраванне. Зубы ўмацоўваць шкловалакном — па ўнутранай паверхні наклейваецца палоска, якая мацуецца на фотаматэрыял, дзякуючы чаму зубы знаходзяцца ў звязку і становяцца менш рухомыя. Калі адсутнічае пэўная колькасць зубоў, з дапамогай артапедычных канструкцый адбываецца стабілізацыя. Ёсць шыны рознай накіраванасці ў залежнасці ад ступені захворвання — ад тэрапеўтычных фоташын да больш складаных артапедычных канструкцый.

— Парадантоз ускладняе імплантацыю?

— Безумоўна. Некаторыя думаюць, што выдаляць зубы і паставяць імпланты. Ёсць вялікі нюанс: імплантацыя пры наяўнасці парадантозу ўскладняецца, бо косная тканка зменшаная і не дазваляе паставіць імплант. Калі цяжкая ступень захворвання, то варта рабіць косную пластыку, да таго ж важная сама дзясна — яе шчыльнасць і стан. Калі побач з адсутным зубам — запалены парадантозны зуб, то гэта супрацьпаказанне да імплантацыі, бо імпланты могуць не прыжыцца.

Пры цяжкай ступені прымяняецца хірургічны метад лячэння. Робіцца кюрэтаж кішэняў: адкрываецца лоскут, чысціцца патагенная мікрафлора; калі моцна зменшана дзясна, робіцца аперацыя па нарошчванні аб'ёму дзясны. Ёсць розныя методыкі: калі зуб мае шмат каранёў, і пад ім адсутнічае косць, падсыпаецца штучная, або робіцца забор невялікай часткі ўласнай косці. Сёння магчыма амаль усё.

Але зноў-такі, тут вельмі важная гігіена. Калі ў пацыента нездавальняючая гігіена пры хірургічных аперацыях, то працэнт поспеху адразу змяншаецца. Таму спачатку ўрач матывуе і навучае пацыента.

— Колькі можа заняць лячэнне пры парадантозе?

— Калі пачатковая стадыя, на працягу аднаго-двух месяцаў пацыент выконвае рэкамендацыі і назіраецца. Калі ўдалося прыпыніць захворванне, і запаленчых працэсаў няма, то раз на паўгода-год трэба наведваць стаматолага проста для прафілактыкі. Калі больш цяжкая ступень, то наведваць урача прыйдзецца часцей. Калі цяжкая, то лячэнне займае да двух гадоў — там ідуць косныя аперацыі, пластыка. Усё гэта — працэс няхуткі: зрабіў аперацыю — тры месяцы вывучаецца дынаміка, потым выконваецца наступнае ўмяшанне. Усё ж поласць рота — вільготнае асяроддзе, дзе адначасова ўсе аперацыі не зробіш.

У любым выпадку, пры парадантозе трэба назірацца, і сам урач вызначае, як часта яго наведваць. Акрамя асноўных сродкаў гігіены — шчоткі і пасты — патрабуюцца дадатковыя. Гэта ёршыкі, ірыгатары, тут таксама трэба кансультавацца з урачом, адпаведныя сродкі падбіраюцца індывідуальна. Наогул, такое захворванне нельга пакідаць на самацёк. Пры належным доглядзе і назіранні поспех будзе.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Калі знікаюць дзясны...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».