Вы тут

Чым мы абавязаны Яўхіму Карскаму


Энцыклапедыст, заснавальнік беларусазнаўства, навуковага айчыннага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, дыялектолаг, славіст, адзін з аўтараў статута Інстытута беларускай культуры, кіраўнік камісіі па стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, педагог і рэктар Варшаўскага ўніверсітэта, акадэмік расійскай і чэшскай Акадэмій навук, дырэктар Музея антрапалогіі і этнаграфіі... Заслугі Яўхіма Карскага можна пералічваць доўга. Навуковая спадчына Я. Ф. Карскага — 1052 асабістыя працы і 18 публікацый у суаўтарстве. І як заўважыла падчас «круглага стала», прысвечанага 160-годдзю выдатнага вучонага і 100-годдзю Інбелкульта, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі Вераніка Курцова, якія б яго працы мы ні называлі, усе яны вельмі каштоўныя не толькі для нацыянальнага мовазнаўства, але і для ўсёй нацыянальнай культуры.


Нам засталася спадчына

— Навуковая спадчына Карскага, яго фундаментальныя працы, стварэнне Інстытута беларускай культуры, а пасля на яго базе — Нацыянальнай акадэміі навук, — гэта тыя важныя вехі, якія забяспечылі развіццё беларускага мовазнаўства, апісанне сістэмы беларускай мовы і вывядзенне яе да канца ХХ стагоддзя на ўзровень высакаразвітай літаратурнай мовы, якая можа паспяхова абслугоўваць розныя сферы жыцця грамадства. Усё гэта дазволіла беларускай мове стаць дзяржаўнай у нашай краіне і заняць месца ў славянскай і культурнай прасторы, — заўважыў акадэмік Аляксандр Лукашанец.

За тыя сто гадоў, што прайшлі з часу напісання Карскім «Беларусаў», гуманітарная навука назапасіла каласальны досвед. Але, як заўважыў дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Іван Саверчанка, і сёння ніводзін даследчык у галіне мовазнаўства і літаратуразнаўства і нават сумежных дысцыплін не можа абысціся без напрацовак Яўхіма Карскага. Яго работы дапамагаюць фарміраваць мысленне чалавека, асобу навукоўца.

Не трэба забывацца, што ў другой палове ХІХ стагоддзя, калі Карскі пачынаў даследаванні, нашы землі знаходзіліся ў складзе Расійскай імперыі і тагачасная навука афіцыйна не прымала самастойнасці існавання беларусаў як асобнага народа. Менавіта працы Яўхіма Фёдаравіча ляглі ў падмурак вывучэння беларускай мовы.

Яго манаграфія «Обзор звуков и форм белорусской речи» стала першым сістэмным даследаваннем такога кшталту. «Будучы прыродным беларусам, атрымаўшы выхаванне і адукацыю ў асяроддзі беларусаў, значыць, з самага дзяцінства да апошняга часу знаходзячыся амаль толькі ў беларускім асяроддзі, аўтар набыў некаторую вопытнасць у беларускіх гаворках, якую потым падмацаваў знаёмствам з запісанымі творамі беларускай мовы, — пісаў у прадмове да сваёй навуковай працы Яўхім Карскі. — Але чым больш даводзілася знаёміцца з імі, тым часцей кідалася ў вочы нездавальняльнасць запісу гэтых твораў; зусім ненавуковая, а часта нават зусім скажоная перадача гукаў беларускіх. Прычына такой бязрадаснай з'явы зусім зразумелая. Браліся за вывучэнне беларускай мовы людзі збольшага толькі павярхоўна знаёмыя з ёй, тыя, хто загадзя склаў пра яе скажоныя меркаванні... Што ж датычыцца навуковых даследаванняў па беларускай мове, то іх, можна сказаць, яшчэ не існуе...» Гэта 1885 год, праца напісана і выдадзена Карскім, калі ён навучаўся ў Нежынскім гісторыка-філалагічным інстытуце. Малады даследчык акрэсліў тэрыторыю рассялення беларусаў, вылучыў асноўныя дыялекты беларускай мовы, апісаў яе спецыфічныя рысы.

Наогул пытанням беларускага мовазнаўства вучоны аддаў амаль паўстагоддзя. Кожны тэзіс ён падмацоўваў фактамі. Для гэтага перачытаў і прааналізаваў неверагодную колькасць крыніц, прычым імкнуўся працаваць з арыгіналамі пісьмовых помнікаў. Даследаваў скарбы царкоўнай кніжнасці і духоўнай літаратуры, прысвяціў дысертацыю перакладам Псалтыра на беларускую мову, якія рабіліся на працягу ХV—ХVІІ стагоддзяў, дзе звярнуў увагу на тое, што калі такія папулярныя кнігі, па якіх раней вучыліся чытаць, з царкоўнаславянскай мовы былі перакладзены на старабеларускую — гэта найлепшае сведчанне важнасці і запатрабаванасці мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім.

Яўхім Фёдаравіч — заснавальнік беларускай палеаграфіі. У сваіх працах ён вызначыў асноўныя заканамернасці змен у абрысах кірылічных літар у старабеларускім пісьменстве на працягу ХІV—ХVІІ стагодзяў, правёў вялікую пошукавую работу і ажыццявіў палеаграфічны аналіз шматлікіх унікальных тэкстаў. Каб вывучыць старадрукі і рукапісы, ездзіў у Варшаву, Кіеў, Маскву, Санкт-Пецярбург і іншыя гарады. Ён быў першым беларускім літаратуразнаўцам, прааналізаваў усе віды і жанры старога беларускага пісьменства, глыбока вывучаў летапісы, знаёміўся з творчасцю пісьменнікаў, якія тварылі ў пачатку ХХ стагоддзя.

Рэвалюцыя

Карскі шмат падарожнічаў па Беларусі, праводзіў палявыя даследаванні, занатоўваў фальклор і моўны матэрыял. Яго паездкі па памежных тэрыторыях мелі яшчэ адну практычную мэту — вызначыць межы рассялення беларускага этнасу і тэрыторыю пашырэння беларускіх гаворак. Асновай для вывучэння граніц этнічнай беларускай тэрыторыі Карскі лічыў выключна мову: «Навука валодае помнікамі матэрыяльнай археалогіі, данымі народнага побыту і асабліва багаццямі мовы... Далей за мову не пашыраецца ніводная з крыніц». Уласна кажучы, і сёння яго даследаванні не трацяць актуальнасці. Узрастае роля беларускай мовы як фактару адзінства і яднання нацыі.

Яго фундаментальная праца «Беларусы» — а гэта тры тамы, кожны па некалькі частак (у сукупнасці сем кніг) — да нашага часу застаецца найбуйнейшым даследаваннем у галіне беларусістыкі. У выданні ён апісаў асаблівасці беларускай мовы, вуснай народнай творчасці, пісьменства, культуры і гісторыі беларускага народа. Акрамя работы непасрэдна з літаратурнымі помнікамі, вучоны прагледзеў безліч работ розных даследчыкаў, фальклорна-этнаграфічных запісаў ХІХ—пачатку ХХ стагодзя і, галоўнае, удзяляў увагу вывучэнню жывой беларускай мовы ва ўсёй яе разнастайнасці.

Наогул, такіх грунтоўных даследаванняў у галіне вывучэння славянскіх народаў яшчэ не было, ды і амаль не створана да нашага часу. Карскі паказаў, што беларуская мова роўная сярод іншых славянскіх моў, мае свае адметныя рысы і гісторыю развіцця. Для таго часу такая заява была рэвалюцыйнай. У выніку шматлікіх экспедыцый (па падліках навукоўцаў, Карскі пабываў больш чым у ста пунктах) былі створаны дзве карты, якія ён змясціў у першым томе «Беларусаў» — «Этнаграфічная карта беларускага племені» і «Этнаграфічная карта беларускага племені. Беларускія гаворкі». На другой адлюстравана тэрыторыя пашырэння разнастайных фанетычных з'яў беларускай мовы і зроблена класіфікацыя беларускіх дыялектаў. З гэтага пачалася новая галіна ў беларускім мовазнаўстве — лінгвагеаграфія.

Да таго ж акадэмік пакінуў праграму для наступных даследчыкаў. У першым томе «Беларусаў» ён гаварыў, што неабходна выдаць слоўнік беларускай мовы. Яго планы па стварэнні слоўнікаў жывой дыялектнай мовы і старабеларускай мовы не былі спраўджаны. І справа не толькі ва ўзросце і здароўі вучонага, за савецкай уладай пачаліся цкаванні акадэміка. Яго звольнілі з пасады прафесара Мінскага педагагічнага інстытута як чалавека з нядобранадзейнай «палітычнай фізіяноміяй». У 20-х гадах у часопісах быў надрукаваны шэраг гнеўных артыкулаў, у тым ліку і рэцэнзія на ІІІ том «Беларусаў», дзе нейкі Уладзіслаў Дзяржынскі (Чаржынскі) нават абвінаваціў акадэміка ў «павярхоўнасці» ведання сучаснай беларускай літаратуры...

Хоць адукаваныя людзі высока цанілі Яўхіма Карскага. Распрацоўкі вучонага былі выкарыстаны слоўнікавай камісіяй Інбелкульта пры падрыхтоўцы праектаў па сітэматызацыі беларускай лексікі. Сцяпан Некрашэвіч прапаноўваў акадэміку ўзначаліць Інбелкульт, выкладаць у БДУ.

Акрамя таго, і пытанні аб вызначэнні граніц нашай краіны, этнагенезу народа таксама немагчыма было б вырашыць без работ Карскага.

Асэнсаванне

Характарызуючы навуковую спадчыну «акадэміка № 1», Міхаіл Булахаў пісаў: «У працах Я. Ф. Карскага лінгвіст знойдзе ўзорнае апісанне стараславянскай, старажытнарускай і сучасных славянскіх моў; палеограф — сістэматычнае даследаванне старажытнай гісторыі славянскай пісьменнасці і яе трансфармацыю ў пазнейшую эпоху; літаратуразнавец — яскравую карціну развіцця вуснай народнай творчасці і мастацкай літаратуры беларусаў са старажытнасці да першай чвэрці ХХ ст. уключна». Менавіта Міхаіл Булахаў вельмі шмат зрабіў у галіне даследавання спадчыны акадэміка, ён вёў актыўную перапіску з зяцем Карскага — Віктарам Баркоўскім. Апошні ў адным з допісаў прызнаваўся, што ўвайшоў у сям'ю акадэміка, калі марыў аб фізіка-матэматычным факультэце ўніверсітэта ці аб тэхнічнай ВНУ. Але сустрэча з Яўхімам Фёдаравічам, размовы аб беларускай мове і літаратуры і палымяная перакананасць вучонага, што філолаг патрэбны Радзіме не менш за іншага спецыяліста, абумовілі тое, што Баркоўскі абраў шлях мовазнаўца.

У 80-х гадах навукоўцы не раз уздымалі пытанне аб тым, што імя Карскага павінна быць дадзена вышэйшым навучальным установам. Тады ж з'явілася ідэя правядзення Карскіх чытанняў, з 1991 года яны сталі міжнароднымі, і гэта сведчыць пра значнасць вялікай і рознабаковай навуковай спадчыны акадэміка не толькі для беларусаў.

Праўнук славутага акадэміка Аляксандр Карскі таксама шмат часу правёў у архівах, даследуючы жыццё свайго продка. Унікальныя фатаграфіі, дакументы, звесткі ён падаў у двух тамах, прысвечаных біяграфіі Яўхіма Карскага. Гэтая работа — яшчэ адзін ключык да разумення асобы вучонага, яе станаўлення, тут багата звестак пра ранні перыяд жыцця, дзяцінства Яўхіма Фёдаравіча, мясціны, у якіх ён пабываў.

Не ўся спадчына акадэміка была шырока даступная для навуковай супольнасці, што выпраўляе яшчэ адно новае выданне, падрыхтаванае навукоўцамі, — «Жыццё і дзейнасць акадэміка Я. Ф. Карскага. Зборнік дакументаў і матэрыялаў». Тут змешчана таксама перапіска вучонага са знанымі дзеячамі таго часу па пытаннях гісторыі і культуры, напрыклад, лісты, дзе Янка Купала просіць Яўхіма Фёдаравіча, каб той «звярнуў увагу на пераклад «Песні аб паходзе Ігара», і адказ, у якім вучоны ўхваляе работу пісьменніка. Таксама тут змешчаны дакументы сям'і, а з дзённіка, што Яўхім Карскі вёў падчас камандзіроўкі 1918—1920 гадоў, мы даведваемся, з якімі праблемамі давялося сутыкнуцца знакамітаму вучонаму і ў якім запусценні ён заспеў гарады падчас змены ўлад. «Вясной 1918 года ў Петраградзе асабліва моцна даў сябе адчуваць голад. Хлеба сталі адпускаць па 1/4 фунта, затым па 1/8 на чалавека, а здараліся дні, што і такіх водпускаў не было. Бульбы таксама не было, а іншыя прадукты сталі паступова знікаць. Асобе, якая жыве толькі на сваё дараванне, абсалютна стала немагчыма існаваць. Мы з жонкай і дачкой моцна схуднелі... Раз нават я страціў прытомнасць на вуліцы. Зразумела было, што далей заставацца ў Петраградзе немагчыма». У Нежыне яго засмучае заняпад інстытута, у якім ён раней вучыўся. У Варшаве прафесар застае сваю кватэру разнесенай і разрабаванай, важныя дакументы былі раскіданыя па падлозе, а значная частка кніг распрададзена букіністам... А таксама з дзённіка мы бачым, як у Мінску, нягледзячы на ўсе нягоды і пошукі розных падпрацовак, каб элементарна здабыць харчаванне, вучоны не перастае дбаць пра асвету і навуку.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: «Будучы прыродным беларусам...»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра.

Культура

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

«На схіле ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве даўгалетнія сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан і навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві».