Вы тут

Моцнай паводкі на Гомельшчыне не прагназуецца


Да веснавой паводкі ў рэгіёне традыцыйна рыхтуюцца па максімуме. Цяпер цяжка спрагназаваць, наколькі складанай будзе паводкавая сітуацыя на тэрыторыі вобласці, але падтапленні домаўладанняў ужо рэгіструюцца. Аб наяўнасці вады ў дамах паступіла каля 30 заяў ад домаўладальнікаў. Пакуль самым сур'ёзным можна лічыць становішча ў Петрыкаўскім раёне, дзе Прыпяць з прытокамі Случ, Убарць, Пціч традыцыйна адна з самых небяспечных у плане паводкі. На Петрыкаўшчыне ёсць верагоднасць падтаплення аўтадарогі. Між тым у Лоеўскім раёне на пойму выйшаў Дняпро, што таксама прыцягвае ўвагу ўсіх адказных структур і ведамстваў. На кантролі — гатоўнасць месцаў для магчымай эвакуацыі насельніцтва, стварэнне рэзерву харчавання ў праблемных раёнах, а таксама забеспячэнне спецтэхнікай.


Фота з архіва «Звязды».

На абласной селектарнай нарадзе, якую правёў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей, кіраўнік рэгіёна акцэнтаваў увагу на тым, што Гомельшчына павінна быць гатовая да ўсіх магчымых варыянтаў развіцця сітуацыі. Дробязяў у гэтай рабоце няма. Да таго ж многае будзе залежаць ад стану паводкі на рэках на тэрыторыі суседніх краін — Расіі і Украіны, адкуль можа прыйсці «вялікая вада». Як падкрэсліў Генадзь Салавей, гэты факт таксама неабходна абавязкова ўлічваць.

Найбольш значная нагрузка пры ліквідацыі наступстваў паводкі ў рэгіёне прыходзіцца на дзве службы — жыллёва-камунальную гаспадарку і ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Па словах ратавальнікаў, незалежна ад паводкавых прагнозаў, Гомельскі гарнізон да праходжання паводкі гатовы ў поўным аб'ёме. Для прыняцця мер аператыўнага рэагавання збор і аналіз інфармацыі аб паводкавай сітуацыі традыцыйна ажыццяўляецца ў кругласутачным рэжыме. У выпадку неабходнасці для зніжэння наступстваў паводкі будуць задзейнічаны плавальныя сродкі, водаадводная, інжынерная і іншая спецтэхніка, а таксама арганізуецца комплекс мерапрыемстваў па часовым адсяленні насельніцтва з зон падтаплення і эвакуацыі сельскагаспадарчай жывёлы ў месцы для часовага размяшчэння.

— Для правядзення першачарговых ратавальных работ у паводкавы перыяд на тэрыторыі Гомельскай вобласці створаны пяць зводных атрадаў, якія гатовы да перадыслакацыі ў любы пункт вобласці і краіны, — адзначыў начальнік Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Дзічкоўскі.

Між тым, па даных філіяла «Гомельаблгідрамет» дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі цэнтр па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя», на гэты момант сітуацыя на вадаёмах вобласці спакойная.

— На пачатак бягучага тыдня на большасці рэк Гомельскай вобласці назіраецца рост узроўню вады з сутачнай інтэнсіўнасцю ад 1 да 10 сантыметраў. Толькі на рацэ Прыпяць, у раёне вёскі Чэрнічы, адзначаецца роўны ход, узровень вады не хістаецца, — растлумачыла начальнік аддзела гідралогіі і аграметэаралогіі філіяла «Гомельаблгідрамет» Вольга Калугіна. — На большасці рэк рэгіёна адзначаецца ледастаў з праталінамі, на асобных участках прытокаў Сожа і Прыпяці — заберагі і рэдкі шугаход, некаторыя ўчасткі прытокаў адзначаных рэк поўнасцю ачысціліся ад лёду. Поўны ледастаў захоўвацца на рацэ Бесядзь у раёне населенага пункта Свяцілавічы. На пойме вада знаходзіцца на рацэ Дняпро каля горада Лоева, на Пцічы каля вёскі Першая Слабодка, на Убарці каля населенага пункта Краснабярэжжа, на Случы каля пасёлка Ленін.

Як адзначаюць спецыялісты «Гомельаблгідрамета», максімальны ўзровень вады вясновай паводкі на Гомельшчыне шмат у чым будзе залежаць ад умоў надвор'я. Калі ўначы будзе падмарожваць, а ўдзень — падтаваць, то, нягледзячы на багацце снегу, паводкавая сітуацыя мусіць працякаць спакойна.

Спадзявацца на падарункі надвор'я — не выйсце. У Гомелі на пасяджэнні камісіі па надзвычайных сітуацыях пры гарвыканкаме абмеркавалі пытанне праходжання вясновай паводкі. Вядома, што ўжо вызначаны месцы, дзе ў выпадку прыходу «вялікай вады» змогуць часова размясціцца грамадзяне, чые домаўладанні ў зоне рызыкі. Падчас работы назіральных камісій у адміністрацыях раёнаў Гомеля ўдакладняюцца спісы тых, каму можа спатрэбіцца адсяленне, наяўнасць на падворках грамадзян сельгасжывёлы і птушкі, вызначаецца, ці ёсць у людзей магчымасць самастойна выехаць на час падтаплення, калі спатрэбіцца. У Гомелі вызначаны месцы размяшчэння спецыяльных пастоў, дзе ў выпадку затаплення вуліц будуць кругласутачна дзяжурыць ратавальнікі, прадстаўнікі таварыства выратавання на водах, супрацоўнікі міліцыі. Вызначаны таксама месцы размяшчэння плавальных сродкаў і іншых неабходных у падобных сітуацыях рэчаў.

Між тым Гомельскае абласное ўпраўленне МНС арганізуе правядзенне тактыка-спецыяльных вучэнняў. Галоўная іх мэта — вызначыць гатоўнасць органаў кіравання, сіл і сродкаў раённага звяна да ліквідацыі надзвычайных сітуацый, звязаных з праходжаннем вясенняй паводкі. Месцам правядзення вучэнняў у рэгіёне абрана тэрыторыя каля паромнай пераправы Петрыкаў — Вялаўск. Паводле легенды, у выніку рэзкага павышэння ўзроўню вады ў Прыпяці адбыліся падтапленне шэрагу населеных пунктаў, разбурэнне палатна аўтамабільнай дарогі да паромнай пераправы, разбурэнне цела дамбы, якая абараняе населеныя пункты, ёсць пацярпелыя.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Напярэдадні «вялікай вады»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.