Вы тут

Попыт на электракары расце


У лютым агульная колькасць зарэгістраваных электрамабіляў у нашай краіне перавысіла лічбу ў 2500 адзінак тэхнікі. Асаблівай папулярнасцю ў беларусаў сталі карыстацца бюджэтныя кітайскія электрамабілі, якія прыбываюць да нас у вялікай колькасці.


Паводле інфармацыі ВА «Беларуснафта», па ацэнках аўтадылераў, у найбліжэйшы час у нашу краіну прыбудзе некалькі тысяч кітайскіх аўтамабіляў такіх марак, як BYD, Hіgеr, BАІС, GАС і іншых. Аднак, акрамя прывабнай цаны і разнастайнасці мадэльнага шэрагу, уладальнікі менавіта кітайскіх электракараў сутыкаюцца з нечаканымі цяжкасцямі.

Кітайскія машыны маюць сваю спецыфіку і ў некаторых аспектах сур'ёзна адрозніваюцца і ад амерыканскіх, і ад еўрапейскіх аўтамабіляў. Перш за ўсё гэта датычыцца таго, што электракары ў Кітаі маюць уласны зарадны стандарт GB/T, адпаведнай інфраструктуры для якога ў нашай краіне няма. Канектары з зарадам еўрапейскага тыпу размешчаны ў краінах Заходняй Еўропы, Аўстраліі, Паўднёвай Амерыкі, некаторых афрыканскіх краінах, станцыі з такімі канектарамі ўстаноўлены ў тым ліку і ў Беларусі. Амерыканскі і азіяцкі кантыненты аснашчаны канектарамі зусім іншых стандартаў: у Амерыцы прыняты стандарт ССS tуре, у Кітаі — GB/T.

У такой сітуацыі на выручку аўтаўладальнікам прыходзяць пераходнікі. Аднак праз тое, што многія кіроўцы карыстаюцца несертыфікаванымі пераходнікамі, пры зарадцы могуць узнікаць сур'ёзныя праблемы: замыканне пры падключэнні да станцыі праз пераходнік можа прывесці да блакавання ці нават узгарання электрамабіля.

Спецыялісты нацыянальнага аператара сеткі ЭЗС Mаlаnkа адзначаюць: штомесяц у мабільнай праграме рэгіструюцца да 200 новых карыстальнікаў. Штодня на станцыях ажыццяўляецца ў сярэднім 250 зарадных сесій, а за два апошнія месяцы іх агульная колькасць перавысіла 15 000 сесій.

Выкарыстанне несертыфікаваных пераходнікаў прыводзіць да таго, што аўтаўладальнік не можа зарадзіцца: з 10 спроб больш за палову аказваюцца няўдалымі. Для таго каб пазбегнуць праблем, спецыялісты рэкамендуюць пераабсталяваць раз'ём на еўрапейскі тып на станцыях тэхабслугоўвання. Праўда, цана пераабсталявання пачынаецца ад 400 долараў.

Працэс пераабсталявання канектараў дазволіць пазбегнуць праблем з зарадкай на тэрыторыі не толькі Беларусі, але і ў іншых еўрапейскіх краінах, куды электраўладальнікі будуць выязджаць на сваіх аўтамабілях.

— У месяц з просьбай пераабсталяваць раз'ём да нас звяртаюцца ў сярэднім пяць чалавек. Высокі кошт паслугі асабліва кітайскіх электрамабіляў абумоўлены тым, што ў «кітайцаў» ёсць асаблівасці праграмнага забеспячэння. Нават калі кіроўца лічыць за лепшае адразу пасля куплі электракара карыстацца пераходнікам, то праз месяц-другі ён усё роўна звяртаецца з просьбай аб пераробцы, бо пераходнікі багатыя на праблемы пры зарадцы. Некаторыя ЭЗС проста не распазнаюць пераходнікі, што робіць зарадку немагчымай. Таксама пры карыстанні пераходнікамі, высокая верагоднасць памылкі пры зарадцы, калі станцыя проста блакуе электрамабіль. І разблакаваць яго не заўсёды атрымліваецца пры дапамозе адаптараў. Таксама выкарыстанне пераходнікаў накладвае абмежаванне на хуткасць зараду, — удакладняе спецыяліст адной са сталічных СТА Яўген Швед.

Mаlаnkа, нацыянальны аператар сеткі ЭЗС, гатова аказваць садзейнічанне электрамабілістам. Так, начальнік аддзела эксплуатацыі зараднай інфраструктуры ВА «Беларуснафта» Максім Сусарэнка прапануе кіроўцам, якія пераабсталююць раз'ём электракара на еўрапейскі стандарт, падчас куплі і тэст-драйва свайго электракара заехаць на станцыю Mаlаnkа. Там спецыялісты сеткі аддалена прасочаць за працэсам зарадкі аўто і дапамогуць разабрацца з зараднай сесіяй ад моманту запуску станцыі да моманту поўнай зарадкі батарэі.

Акрамя таго, спецыялісты рэкамендуюць пры куплі электрамабіля пераканацца ў тым, што яго зарадны раз'ём падыходзіць пад станцыі з канектарамі Еўрапейскага рэгіёна. У выпадку выкарыстання пераходнікаў рэкамендуецца пераканацца ў наяўнасці сертыфіката ад вытворцы, які пацвярджае яго працаздольнасць і бяспеку.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.