Вы тут

Мадэль натуральнай прыгажосці, ці Як дамагчыся поспеху ў гэтай прафесіі


Шаснаццацігадовая Вольга ГРЭЧНАЯ з Івацэвіч — прафесійная мадэль. Некалькі гадоў таму рэкруцёры вядомага агенцтва Fashіon models заўважылі яе, зацікавіліся і запрасілі да сябе на сумоўе. Пагутарыўшы, прапанавалі школьніцы падпісаць кантракт. Бацькі дачку падтрымалі, — і зараз адзінаццацікласніца паспяхова сумяшчае вучобу і любімы занятак.


— Мэтанакіравана стаць мадэллю не планавала. Калі мне было 14 гадоў, я была падпісана на профіль майго цяперашняга мадэльнага агенцтва ў Іnstagram, але нават падумаць не магла, што яно ім з'яўляецца. Мне проста падабаліся іх фатаграфіі. Праз некаторы час мой акаўнт у сацсетцы выпадкова заўважылі і запрасілі ў офіс на сумоўе. Неўзабаве пачаліся першыя тэставыя фотасесіі, мне ва ўсім дапамагалі, вучылі дэфіліраваць, пазіраваць. Усяго за некалькі тыдняў я даведалася аб усім, пра што павінна ведаць мадэль. Тады не цалкам разумела, што з сябе ўяўляе гэтая прафесія, але хутка загарэлася ідэяй развівацца ў гэтым кірунку і стаць паспяховай у мадэлінгу.

Год таму дзяўчына адправілася ў сваю першую рабочую паездку ў Бангкок на тры месяцы. Хадзіла на кастынгі, удзельнічала ў цікавых мерапрыемствах, фотасесіях для азіяцкіх брэндаў.

— Ехала туды са свабодным веданнем англійскай мовы, таму пытанняў з адаптацыяй і камунікацыяй не было. З іншымі мадэлямі мы жылі ў катэджы, які арандавала наша мадэльнае агенцтва. Шмат дзяўчынак было з Беларусі, усе вельмі добразычлівыя. У горадзе праводзілася не вельмі многа кастынгаў, але па тры-чатыры ў дзень магло быць. Тайцы — народ, які любіць адпачываць. Да таго ж, ковід нікуды не дзеўся, таму ў нас было дастаткова вольнага часу. Першыя тыдні за мяжой — маральна самыя цяжкія. Дапамагала тое, што побач знаходзіліся мадэлі, якія ўжо былі ў Тайландзе не адзін раз. Хутка з'явілася дастаткова новых знаёмых, сяброў, і стала нашмат лягчэй. Ужо потым плакала з-за таго, што не хацела адтуль з'язджаць. Зразумела, на радзіме засталася вучоба. Не хацелася адстаць ад аднакласнікаў, таму на час паездкі мяне перавялі на самастойнае навучанне — сама разбірала параграфы, новыя тэмы. У выніку стала прэтэндаваць на залаты медаль. Дарэчы, пасля Бангкока павінна была паляцець у Еўропу, але ў сувязі з эпідэмічным становішчам прыйшлося ўсё прыпыніць на нявызначаны час. Вельмі чакаю, калі змагу прыступіць да работы.

Да кожнай мадэлі ў агенцтве ёсць патрабаванні. Штодзень — абавязковае вымярэнне параметраў.

— Мой рост — 1,79 метра, таму дазваляецца аб'ём таліі не больш за 63 сантыметры. Набраць лішнія адзін-два сантыметры — гэта значыць, атрымаць адмову ад патэнцыйнага кліента. Таму ў такой прафесіі амаль усе імкнуцца правільна харчавацца, займацца спортам, хоць я, напрыклад, не схільная да паўнаты. Калі трэба пахудзець, аддаю перавагу бегу, ён добра дапамагае. Зразумела, важна сачыць за станам скуры, валасоў. Калі ў дзяўчыны або хлопца акнэ або ёсць вугрысты сып, хутчэй за ўсё ў мадэльны бізнес патрапіць будзе вельмі складана. Ніхто не будзе разбірацца, калі пройдуць высыпанні на твары ці знікне лішняя вага, аддадуць перавагу тым, у каго ідэальна чыстая скура і гладкія валасы, і такіх вельмі шмат. Дарэчы, бывае, што хочаш абрэзаць валасы або іх пафарбаваць, але ўсё трэба ўзгадняць з мадэльным агенцтвам. Сама я ў звычайным жыцці аддаю перавагу натуральнасці. Амаль не фарбуюся, цаню сваю прыродную прыгажосць. І на кардынальныя змены ў знешнасці пакуль не згодная! Хоць... дакладна не буду сцвярджаць.

Самая любімая частка работы суразмоўніцы — фотасесіі, падрыхтоўка да іх займае не так многа часу, як да паказаў. «Бывае, што адкрыццё апошняга можа быць запланавана на позні вечар, а на месцы трэба быць а сёмай гадзіне раніцы», — кажа яна. Куміры ў мадэльным бізнесе ў дзяўчыны таксама ёсць — вядомыя Кендал Джэнер і Эльза Хокс.

— У такой прафесіі трэба быць вельмі стрэсаўстойлівым, з моцным характарам. Канкурэнцыя тут шалёная. Гэта сапраўдная школа жыцця, многія мадэлі пачынаюць сваю кар'еру ў 14-15 гадоў. Затое так хутка развіваецца самастойнасць і ўпэўненасць: не звяртаеш увагі на ўсе меркаванні, каб не збіцца са сваёй дарогі. Важна давяраць толькі тым, хто табе дарагі і, у першую чаргу, сабе, каб дамагчыся поспеху. У складаныя моманты мне дапамагаюць бацькі, яны мая апора і падтрымка. Мама заўсёды кажа: «Ідзі да сваёй мэты і нічога не бойся», я прытрымліваюся гэтай устаноўкі.

Дарэчы, Вольга з дзяцінства любіла спяваць, выступала ў КВЗ, іграла на фартэпіяна, да таго ж, была актыўнай удзельніцай школьных івэнтаў, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Цяпер гераіня прасоўвае свой блог у Іnstagram, дзе дзеліцца прыгожымі фотаздымкамі і паказвае будні мадэльнага жыцця, піша аб харчаванні і разважае на розныя тэмы. У будучыні суразмоўніца хоча звязаць сваё жыццё з турызмам або рэкламнай дзейнасцю, паралельна працягваючы займацца мадэлінгам: «Тут галоўнае не здавацца, верыць, што ўсё атрымаецца. Удача любіць тых, хто ясна выкладае свае ідэі, думкі, выказвае жаданні і ставіць задачы. Мець вышэйшую адукацыю для мадэлі важна. Менавіта я скіраваная да завочнай формы навучання ў нашай краіне, каб было лёгка ўсё сумяшчаць. А ўвогуле мая мара — работа ў цэнтры моды, у Парыжы. Вельмі прыгожы горад!»

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота з асабістага архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?