Вы тут

Радасць пазнання, або Па крупінках аднаўляючы мінулае


Кандыдат гістарычных навук Кірыл Сыцько не любіць слова «сенсацыя» ў дачыненні да работы вучонага. Ён лічыць, што проста дапаўняе карціну свету дадатковымі ведамі.

Робіць ён гэта вельмі паспяхова. Цыкл артыкулаў старшага навуковага супрацоўніка аддзела спецыяльных гістарычных даследаванняў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, прысвечаных дакументам і матэрыялам парафіяльных архіваў рымска-каталіцкага касцёла Беларусі ў XVІ — XX стагоддзях, адзначаны спецыяльнай прэміяй НАН Беларусі імя Усевалада Макаравіча Ігнатоўскага для маладых навукоўцаў за мінулы год.

Належным чынам ацаніць унёсак Кірыла Сыцько ў айчыннае крыніцазнаўства, безумоўна, здольныя толькі калегі-спецыялісты. Але на самай справе яго даследаванні ўзбагацілі кожнага дапытлівага беларуса. І вось чаму.


Жыццё парафій у рэдкіх дакументах

— Касцёл на тэрыторыі ВКЛ пачаў ствараць архівы фактычна адразу ж пасля з'яўлення першых парафій (каталіцкіх прыходаў) у Абольцы, Крэве, Медніках, Немянчыне, Гайне і іншых населеных пунктах у 1387 годзе, — расказвае Кірыл. — У асноўным гэта былі дакументы, якія маглі занатоўвацца ў выглядзе копій-картулярыяў у кнігі пад назвай Lіbrі fundatіonum. Да нашых дзён яны амаль не дайшлі. Да пачатку XVІ стагоддзя ў беларускіх касцёлах да актаў і дыпломаў, што датычацца пытанняў стварэння парафій, дадаліся маёмасныя акты (інвентары, візітацыі і іншае). У канцы XVІ — пачатку XVІІ стагоддзя — метрычныя кнігі, а таксама падушныя спісы (Status anіmarum), розныя матэрыялы, якія адносяцца да дзейнасці брацтваў і рэлігійных рухаў. З часам з'яўляліся новыя віды дакументаў, сярод якіх — парафіяльныя хронікі, матэрыялы аб сапраўднасці захаваных у касцёлах рэліквій, кнігі рэгістрацыі цудаў, эга-матэрыялы ксяндзоў і іншае. Можна назваць каля 90 відаў гістарычных крыніц, якія асядалі ў архівах каталіцкіх парафій.

Усяго ў архівах касцёлаў у пачатку ХХ стагоддзя знаходзілася некалькі мільёнаў адзінак крыніц па гісторыі Беларусі. Аднак з прыходам савецкай улады пачаліся іх канфіскацыі. У дзяржаўныя архівы трапіла нязначная частка дакументаў, бо вялікую колькасць знішчылі на фабрыках па перапрацоўцы другаснай сыравіны. Так, некаторыя беларускія гісторыкі 1930-х гадоў выступалі за знішчэнне ўсяго, што не адносіцца да новай савецкай культуры. Частка касцельных архіваў згарэла падчас Другой сусветнай вайны ў пажарах, шмат чаго было вывезена і згубілася. Штогадовая здача гістарычных крыніц у макулатуру практыкавалася да распаду Савецкага Саюза. У выніку ў двух архівах краіны захавалася каля 1,6 мільёна крыніц, з якіх касцельных актаў — вельмі нязначная частка. Для параўнання — у маленькай Эстоніі архівы налічваюць каля сямі мільёнаў адзінак захоўвання.

— Многія ксяндзы спрабавалі зберагчы тое нямногае, што паказвала багатую шматвяковую гісторыю касцёла, — удакладняе суразмоўнік. — Яны хавалі дакументы на гарышчах, аддавалі на захоўванне мясцовым жыхарам, спрабавалі вывезці ў бяспечнае месца. І вось менавіта такія я шукаў, збіраў іх па крупінках. Сёння частка матэрыялаў (1030 адзінак захоўвання) перададзена ў калекцыі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Цэнтральнага навуковага архіва НАН Беларусі. Большасць з іх ужо аблічбавана.

У адрозненне ад суседняй Польшчы, дзе парафіяльныя хронікі ХХ стагоддзя добра вядомыя, у нас ніхто з навукоўцаў пра іх не ведаў. Кірыл значна папоўніў сістэму гістарычных звестак, падаў калегам цалкам новыя дакументы, вартыя ўважлівага вывучэння. Гэтыя матэрыялы даказваюць, што каталіцкія прыходы аж да 1990-х гадоў захоўвалі багатыя традыцыі летапісання, фіксацыі паўсядзённага калякасцельнага жыцця.

— Часам, зразумела, пастаянныя пераезды з аднаго месца ў іншае дастаткова стамлялі, — прызнаецца малады навуковец. — Але адначасова яны падарылі масу новых захапляльных уражанняў. Я размаўляў з жыхарамі маленькіх і вялікіх вёсак, гарадскіх пасёлкаў, назіраў ментальныя асаблівасці ў розных рэгіёнах Беларусі. Усяго атрымалася праехаць каля 170 населеных пунктаў, і ў кожным сустракаў нешта ўнікальнае. А яшчэ я знаёміўся з архівамі Польшчы, Літвы, Санкт-Пецярбурга.

Кнігі цудаў і мемуары ад ксяндзоў

Вы калі-небудзь чулі пра кнігі рэгістрацыі цудаў і эга-матэрыялы? Прызнаюся шчыра, я — не. А гэта дзіўныя дакументы! У кнігах цудаў фіксаваліся прыклады неверагодных з'яў і падзей, звязаных з цудадзейнымі абразамі, фрагментамі мошчаў, крыжамі. Копіі такіх дакументаў перадаваліся ў біскупства, а адтуль інфармацыя распаўсюджвалася па ўсіх парафіях.

— Напрыклад, зафіксавана сем цудаў, якія здарыліся пад фрагментам цудадзейнага крыжа ў Цвірмах, у тым ліку вяртанне зроку, — адзначае мой суразмоўнік. — У сантуарыі (месцы шанавання цудатворных рэчаў) парафіі Рось Ваўкавыскага раёна ёсць цудадзейная фігура Езуса Журботнага, якая, як сведчыць кніга цудаў, дапамагала лячыць хваробы і аднойчы нават уваскрасіла немаўля. Фіксаваліся ў кнігах як самі цуды, так і імя тых, хто ахвяраваў касцёлу нешта ў знак удзячнасці.

Шкада, але ў Беларусі кніг цудаў амаль не захавалася. Частка знікла з прыходам да ўлады бальшавікоў, частку перадалі ў архівы Вільні, Пецярбурга.

Эга-дакументы — гэта матэрыялы, у якіх асоба выказвае свае меркаванні: мемуары, біяграфіі, перапіска. У XVІІ—XХ стагоддзях многія ксяндзы ў сваіх успамінах занатоўвалі звесткі аб наваколлі і мясцовых жыхарах.

— Не ўсё ў гісторыі можна растлумачыць аб'ектыўнымі прычынамі, — упэўнены Кірыл Сыцько. — Сёння гістарычная навука больш скіравана на асобу. Мы больш цікавімся гісторыяй штодзённасці, пабудаванай на суб'ектыўнасці. Асоба святара, безумоўна, уплывала на навакольны асяродак, на жыхароў. Многія з ксяндзоў досыць маляўніча апісвалі тое, што бачылі, шчыра перажывалі за сваю паству і спрабавалі выкараніць тое, што лічылі чымсьці заганным. Напрыклад, вось што пісаў у парафіяльнай хроніцы пра жыхароў мястэчка Дуды ў 1934 годзе ксёндз Сікст Ганусоўскі: «Насельніцтва мясцовае, і жанчыны, і мужчыны, вельмі неахайныя, у рухах гультаяватыя і спакойныя. Твары маюць сумныя і маркотныя. Заўсёды прыгнечаныя, заўсёды задумлівыя і апатычныя... Не знайсці ў іх шчырасці і радасці. Калі і смяюцца, то толькі злосна і іранічна. Сардэчна смяяцца не ўмеюць...»

Мала хто ведае, што метрычныя кнігі ствараліся ў чатырох асобніках: алтарным, парафіяльным, дэканацкім, кансісторскім. Разыходжанне паміж іх запісамі часам складае да 40 працэнтаў. Адна з задач крыніцазнаўства — зверыць гэтыя кнігі, прааналізаваць, чаму здарыліся памылкі.

Кірыл Сыцько плануе працягнуць пачатую справу. Каб «белых плямаў» у нашай гісторыі стала менш, каб мы глыбей ведалі, лепш разумелі сваё мінулае, патрэбна знайсці ўсе дакументы, якія захаваліся да нашага часу. Маладога вучонага зусім не бянтэжыць, што на шляху да навуковага поспеху не ўсё і не заўсёды бывае гладка. Радасць пазнання — адна з самых вялікіх у яго жыцці. Той, хто аднойчы ў поўнай меры яе адчуў, ужо наўрад ці зможа добраахвотна ад яе адмовіцца.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра.

Культура

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

«На схіле ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве даўгалетнія сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан і навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві».