Вы тут

Таямніца музейнага бюста. Як беларускі скульптар зляпіў адзіны прыжыццёвы скульптурны партрэт кітайскага мудраца


Часам даўно знаёмы твор мастацтва выдае нечаканую неспадзяванку. Даўно ў экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі стаіць бюст кітайскага жывапісца Цы Байшы аўтарства савецкага скульптара, народнага мастака БССР Сяргея Селіханава. Але толькі нядаўна ўдалося даведацца яго цікавую гісторыю. Усё пачалося з 3D-сканавання твора для заняткаў з наведвальнікамі са слабым зрокам. Мяркуецца, што яны могуць узяць у рукі пластыкавую копію скульптуры і старанна яе абмацаць, бо «бачаць» рукамі. Копія ў паменшаным выглядзе была зроблена, і на ёй адбіўся кітайскі тэкст, які мяне зацікавіў. Каб растлумачыць гледачам, што там напісана, трэба было яго перакласці.


У Кітай — за помнік Заслонаву

Дапамагла захавальнік беларускай скульптуры Анастасія Карнейка, якая прынесла рэдкую кніжачку «Тры месяцы ў Кітаі», выдадзеную ў 1959 годзе, з успамінамі пра тое, як 39-гадовы Сяргей Селіханаў у 1956 годзе ездзіў у Кітай у творчую камандзіроўку ў складзе савецкай дэлегацыі. Яму як таленавітаму скульптару, былому франтавіку, ардэнаносцу (меў ордэны Вялікай Айчыннай вайны і Чырвонай Зоркі), парторгу Саюза мастакоў БССР, прапанавалі гэтую паездку на тры месяцы, паколькі ўсім спадабаўся помнік Канстанціну Заслонаву ў Оршы і рэльеф на помніку Перамогі на Круглай плошчы. Селіханаў, ураджэнец Петраграда, вучыўся ў Віцебску і асеў у Беларусі яшчэ да вайны. Паводле гэтых успамінаў, напісаных адразу ж пасля паездкі, аказалася, што Селіханаў асабіста сустракаўся з Цы Байшы і ляпіў яго не па фатаграфіях, як я меркавала, а непасрэдна з натуры.

Імя Цы Байшы тады грымела, ён быў вялікі кітайскі мудрэц, паэт, філосаф і каліграф, лаўрэат Міжнароднай прэміі міру ў 1956 годзе, сябра Маа Цзэдуна. Ён быў героем шматлікіх легендаў. Гаварылі, што ў час японскай акупацыі закрыў майстэрню, каб не прадаваць сваіх твораў ворагам. Мала хто ведае, што карціны Цы Байшы да гэтага часу на аўкцыёнах цэняцца нароўні з творамі вялікага Пікасо і Эндзі Уорхала. Усе музеі свету мараць мець яго творы ў стылі «гохуа» — кветкі і птушкі.

Шаснаццаць пэндзляў мастака

Селіханаў, зразумела, паспеў убачыць шмат прыкладаў жывапісу «гохуа» Цы Байшы, які дзівіць еўрапейцаў рафінаванасцю і лаканізмам. Ён разумеў, што кітайскі мастак — гэта адначасова і жывапісец, і паэт, і каліграф. Кожная выява суправаджаецца пячаткай з паэтычным тэкстам у выглядзе іерогліфаў. Мастак, па словах Цы Байшы, павінен растварыцца ў прыродзе, ён «купаецца ў архідэевай вадзе, мые валасы водарам кветак». У «гохуа» выкарыстоўваюць не палатно альбо кардон, як у Еўропе, а рысавую паперу ці шоўк, асаблівыя пэндзлі, туш і фарбы мінеральнага або расліннага паходжання. Мастак, які працуе ў стылі «гохуа», звычайна выкарыстоўвае 16 розных пэндзляў. Цы Байшы быў арыгінальным мысляром: «Я звычайны чалавек, падобны травам і раслінам, і толькі сліва мэйхуа здольная зразумець мяне да канца».

Натуральна, што таварышы з савецкай дэлегацыі марылі пабачыцца з Цы Байшы. Нягледзячы на тое што яму на той час было 93 года, ім не адмовілі. Цы Байшы жыў у цэнтры Пекіна, і дэлегацыю з СССР правялі праз шэраг маленькіх кітайскіх падворкаў, дзе за шкляной сцяной была кватэра вялікага мастака. Цы Байшы чакаў, седзячы ў крэсле, але пакуль чакаў, задрамаў. Сын з жонкай пабудзілі майстра, і ён ажывіўся, пачаў размову з гасцямі праз перакладчыка. Гасцям па кітайскай традыцыі прапанавалі гарбату. Селіханава ўразіла аблічча мудраца, яго маршчыністы, але вельмі выразны твар, жывыя, нягледзячы на ўзрост, вочы, пранізлівы погляд.

Шэдэўр за тры дні

Скульптар загарэўся, задумаў неверагоднае — зляпіць партрэт мудраца з натуры. Разумеючы, што цяпер гэта немагчыма, паколькі праграма прадугледжвала наведванне некалькіх правінцый, вельмі настойліва прасіў дазволу прыехаць пазней, на зваротным шляху. Калі атрымаў запрашэнне, быў вельмі ўзрадаваны і праз два месяцы вярнуўся ў знаёмую кватэру.

Трэба сказаць, што фотаздымкаў Цы Байшы і яго партрэтаў было мноства, а скульптурнага партрэта ніхто не ляпіў. Менавіта гэта і зацікавіла старога майстра, які сам у маладосці займаўся разьбой па камені. Селіханаў узяў з сабою гліну з мастацкага інстытута ў Пекіне, станок і тры дні без стомы ляпіў з натуры. Яму і далі толькі гэтыя тры дні, прычым кожны сеанс цягнуўся 40 хвілін, каб не стамляць старога. Балазе, што Селіханаў заўсёды працаваў хутка, тэмпераментна. Скульптура атрымалася вельмі эмацыянальная і дынамічная, амаль імпрэсіяністычная. Канцэнтрацыя ўвагі і пачуццё адказнасці былі гэтак абвостраныя, што скульптар за тры дні стварыў шэдэўр. У ім было ўсё — і мудрасць старасці, і хваравітасць, цяжар гадоў і годнасць майстра, і прастата, і натуральнасць вялікага чалавека, і трагічнае прадчуванне канца жыццёвага шляху.

Аўтограф на гліне

Цы Байшы час ад часу па-старэчы засынаў, і Селіханаў потым прызнаўся сябрам, што аднойчы падышоў і прыўзняў яму павекі, каб удакладніць разрэз вачэй... Нарэшце, работа была завершана. Стары майстар быў уражаны падабенствам — і партрэтным, і духоўным, і эмацыянальным. Цы Байшы пазнаў сябе. Ён папрасіў падняць яго з крэсла і падвесці да партрэта. Узяў у скульптара стэку і напісаў на сырой гліне некалькі іерогліфаў, сваё імя — «Цы Байшы», такім чынам засведчыўшы прыняцце партрэта. Сяргей Селіханаў быў шчаслівы, што яго бюст спадабаўся, і абяцаў Цы Байшы даслаць у Кітай бронзавую адліўку ў падарунак. Але не паспеў. Праз некалькі месяцаў Цы Байшы памёр.

Селіханаву спадабалася сама ідэя роспісу, і ён прасіў ставіць аўтографы непасрэдна на гліне і іншых сваіх мадэляў. Вынікам паездкі ў Кітай стаў так званы кітайскі цыкл Селіханава — 36 партрэтаў прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі і простых жыхароў Кітая. Усе яны засталіся ў Пекіне і былі адліты ў гіпсе, старанна запакаваны ў скрыні і адпраўлены цягніком у Маскву, а адтуль — у Мінск. У 1957—1959 гадах 12 найлепшых гіпсаў — твораў кітайскай серыі — былі набыты ў мастацкі музей. Сярод іх — «Кітайскі кулі», «Селянін з Ханчжоў» і, вядома, гіпсавы партрэт Цы Байшы (гіпсавых адлівак з бюста Цы Байшы было зроблена тры). Гіпсы вельмі цэняцца, нягледзячы на іх далікатнасць, бо ствараюцца непасрэдна з аўтарскай лепкі, на іх бачныя нават адбіткі пальцаў скульптара, якія нівеліруе бронзавая адліўка.

Толькі ў 1970 годзе згодна з планам у музеі паўстала пытанне аб пераводзе партрэта Цы Байшы ў трывалы матэрыял — бронзу. Селіханаў дамогся, каб партрэт адліваўся ў найлепшай ліцейцы ў Ленінградзе найлепшымі майстрамі. У скульптара ў майстэрні засталіся дзве гіпсавыя адліўкі. Адна з іх пасля была падораная ўнукам скульптара Канстанцінам Селіханавым Нацыянальнаму Полацкаму музею-запаведніку, другая была перададзена ў Пінскі краязнаўчы музей.

Пасля Селіханаў стаў шырока вядомы ўсім як аўтар помніка «Няскораны чалавек» у Хатыні. Сяргей Селіханаў раптоўна памёр у 1976 годзе ад інфаркту, не дажыўшы да 60 гадоў. Скульптура Цы Байшы доўга захоўвалася ў запасніку, але да 90-гадовага юбілею скульптара з'явілася ў экспазіцыі.

Гіпсавая мадэль адпраўляецца ў Пекін

Новы імпульс беларуска-кітайскіх адносін, будаўніцтва пад Мінскам комплексу «Вялікі камень» зноў прыцягнулі ўвагу да кітайскага цыкла Сяргея Селіханава. Вырашана было разам з кітайскімі калегамі зрабіць выстаўку твораў Селіханава ў Пекінскім нацыянальным музеі. Сам бронзавы бюст не адважыліся адправіць у Кітай, паехала толькі гіпсавая мадэль.

У 2017 годзе ў Нацыянальным мастацкім музеі Кітая адбылося ўрачыстае адкрыццё маштабнага праекта «Сляды памяці аб Кітаі» са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, прысвечаная 25-годдзю з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай, у тым ліку і выстава беларускай скульптуры Сяргея Селіханава і Канстанціна Селіханава. Кітайцы папрасілі дазволу ўнука скульптара зрабіць яшчэ адну адліўку ў бронзе, якая ўжо ўсталявана ў дворыку Нацыянальнага мастацкага музея ў Пекіне.

Такім чынам, мы налічылі пяць копій партрэта Цы-Байшы. У Мінску і Пекіне — бронзавыя, Полацку і Пінску – гіпсавыя, і адна гіпсавая – у калекцыі ўнука скульптара. У Кітаі шмат помнікаў Цы Байшы, але, як высветлілася, селіханаўскі — адзіны прыжыццёвы скульптурны партрэт.

На жаль, у нашым музеі няма карцін Цы Байшы. Затое яго аўтограф — у такім незвычайным выглядзе, адліты ў бронзе, — ёсць!

Сёлета выйдзе альбом пра народнага скульптара Беларусі, падрыхтаваны яго ўнукам, у 2019 годзе ў Пекіне выйшаў каталог гістарычнай кітайскай выстаўкі 2017 года твораў двух беларускіх скульптараў Селіханавых — дзеда і ўнука.

Надзея УСАВА, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.