Вы тут

Чаму растуць цэны на паліва?


З 10 сакавіка цана на аўтамабільнае паліва павялічылася на адну капейку. Гэта ўжо шостае змяненне цэн у 2021 годзе ў бок павелічэння. «Белнафтахім» спасылаецца на тэндэнцыю росту сусветных каціровак нафты, «сярэдняе значэнне якіх з 1 да 4 сакавіка 2021 года дасягнула 65,4 долара ЗША за адзін бараль і ў параўнанні з узроўнем каціровак за студзень 2021 года вырасла на 19 працэнтаў». Адпаведнае паведамленне з'явілася на сайце «Белнафтахіма» 9 сакавіка.


Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Дзяніс КАРАСЬ наступным чынам пракаментаваў сітуацыю для СМІ:

«Аўтамабільнае паліва з пачатку года падаражэла на 6 капеек, або на 3,2 працэнта.

З 10 сакавіка кошт 1 літра бензіну АІ-92 складае 1 рубель 76 капеек, АІ-95 — 1 рубель 86 капеек, ДП — 1 рубель 86 капеек.

Чаму ж даражэе паліва? Прывядзём толькі факты.

У структуры рознічнай цаны на нафтапрадукты больш за 50 працэнтаў займае кошт нафты, прыкладна 10 працэнтаў — вытворчыя і збытавыя выдаткі вытворцаў і каля 30 працэнтаў — падатковы складнік.

Беларускія НПЗ купляюць расійскую нафту танней, чым яна каштуе на сусветным рынку. Аднак падатковы манеўр у нафтавай галіне Расійскай Федэрацыі, які прадугледжвае паступовае абнуленне экспартнай пошліны на нафту і павышэнне стаўкі падатку на яе здабычу, з кожным годам набліжае беларускія НПЗ да сусветных цэн на нафту.

У 2021 годзе нашы НПЗ купляюць расійскую нафту па цане, якая складае 85 працэнтаў ад сусветнай. Пры гэтым цэны на паліва ў Рэспубліцы Беларусь па-ранейшаму застаюцца амаль на 50 працэнтаў ніжэйшыя, чым у сумежных еўрапейскіх краінах з рыначным цэнаўтварэннем на нафту і нафтапрадукты.

Нафтавы рынак мае свае асаблівасці. Нафту набывае НПЗ па цане, якая знаходзіцца ў прывязцы да сусветных каціровак. У 2020 годзе па наяўных у канцэрне даных сярэдняя каціроўка аднаго бараля нафты склала 41,7 долара, а ў студзені-лютым 2021 года — каля 58 долараў або амаль на 40 працэнтаў больш. У першых чыслах сакавіка сярэднія значэнні каціровак выраслі да 64,7 долара.

Цэны на паліва ў Беларусі ўстанаўліваюцца ў беларускіх рублях, а амаль 90 працэнтаў затрат на вытворчасць нафтапрадуктаў залежыць ад курса долара, у якім вылічваюцца і кошт сыравіны, і транспартныя выдаткі, і кошт энергарэсурсаў, і кошт тэхналагічнага абсталявання, якое набываецца для вытворчасці якаснага прадукту, прысадак, каталізатараў, іншых матэрыялаў і запасных частак. За апошнія 12 месяцаў за кошт курсавых ваганняў беларускага рубля выдаткі вытворцаў нафтапрадуктаў павялічыліся на 16,9 працэнта, а цэны на паліва — на 1,3 працэнта.

Аднак гэта не значыць, што НПЗ плануюць перакласці ўсе праблемы на сваіх спажыўцоў. За мінулы год за кошт рэалізацыі аптымізацыйных мерапрыемстваў вытворцы сэканомілі больш за 90 мільёнаў рублёў, а бюджэт захаваў на нязменным узроўні падатковую нагрузку для НПЗ. Каб захаваць кошт паліва на прымальным узроўні пасля завяршэння падатковага манеўру, ад збірання акцызаў на аўтамабільнае паліва могуць і зусім адмовіцца. Пра гэта ўжо неаднаразова інфармаваў Мінфін.

Кошт паліва на ўнутраным рынку Беларусі рэгулюецца канцэрнам «Белнафтахім» шляхам вызначэння гранічных максімальных цэн. Гэта значыць, АЗС могуць прадаваць паліва танней, але ўзровень цэн у першую чаргу вызначаюць большыя затраты. Дарэчы, для АЗС рознічныя продажы паліва — гэта ў першую чаргу магчымасць прыцягнення пакупнікоў на аб'екты гандлю, а не цэнтр прыбытку.

Як і канцэрн, лічу абгрунтаваным устанаўленне цаны на маторнае паліва як мінімум на ўзроўні, які кампенсуе затраты НПЗ, каб не спыніць працэс фінансавання іх дзейнасці і планаваць паэтапныя змены цэн на аснове маніторынгу рынкавай кан'юнктуры і эканамічнай сітуацыі на НПЗ.

Такі падыход дасць магчымасць збалансаваць інтарэсы вытворцаў нафтапрадуктаў і спажыўцоў, зрабіць працэс індэксацыі цэн на паліва прадказальным, а выдаткі на паліва кіраванымі.

Канцэрн заўсёды загадзя інфармуе спажыўцоў аб змене цэн на нафтапрадукты».

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Прэв’ю: blizko.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.