Вы тут

«Санаторый» пад адкрытым небам. Гродзенка Тэрэза Белавусава марыць стварыць лекавы парк у заказніку


Не адно дзесяцігоддзе Тэрэза Белавусава займаецца вывучэннем і аднаўленнем крыніц у ландшафтным заказніку «Гродзенская пушча». Па яе ініцыятыве навукоўцы выявілі ў экасістэме і мінеральныя крыніцы, і сапрапелі. Цяпер справа за тым, каб прыроднае багацце служыла здароўю чалавека.


Серабрыстая вада для Элізы

У Тэрэзы Іосіфаўны сабраны вялікі архіўны матэрыял. Тут і альбомы, і карты, і нарматыўныя дакументы, і рашэнні — пастановы розных інстанцый. Здаецца, у гэтай справе задзейнічаны дзясяткі структур і ўстаноў. Актывістка крок за крокам рухаецца да сваёй галоўнай мэты — стварыць на тэрыторыі ландшафтнага заказніка лекавы парк, бясплатныя зоны адпачынку, аснову якім паклала сама прырода.

Гэты блаславёны куток, да якога так беражліва ставіцца наша гераіня, знаходзіцца на самым ускрайку «Гродзенскай пушчы», амаль што на мяжы з Літвой. Адсюль да курорта Друскінінкай усяго кіламетраў дзесяць, а мо і таго менш. Многія ведаюць, што ён знакаміты сваімі мінеральнымі водамі, а тое, што падобныя крыніцы знаходзяцца і тут, у Беларусі, мала каму вядома. Тэрэза Белавусава імкнецца гэту акалічнасць змяніць і пазнаёміць беларусаў, і не толькі іх, з лекавай экасістэмай заказніка.

Што ж тоіць у сабе гэта тэрыторыя? Па-першае, унікальныя крыніцы. Побач з трасай Гродна — Друскінінкай знаходзіцца Нёманская нізіна — самае нізкае месца ў Беларусі — толькі 80 метраў вышэй за ўзровень мора. Па легендзе, сюды пад зямлю пайшоў горад, а замест яго пачала біць крыніца. Яна мае назву Райгарад і з'яўляецца помнікам прыроды. З імем Элізы Ажэшкі звязана яшчэ адна крыніца, якая знаходзіцца ў цэнтры вёскі Прывалка, таксама ў заказніку. Сюды па ваду часта наведвалася вядомая пісьменніца, якая жыла ў Гродне. Кажуць, што вада тут мае серабрыстае адценне. А ўсяго такіх «імянных» крыніц тут чатыры. Вада прайшла ўсе клінічныя выпрабаванні, а яе якасць і лекавыя ўласцівасці пацверджаны афіцыяльна. Адбор проб правёў Інстытут прыродакарыстання НАН Беларусі. Напрыклад, вада, якая так і называецца — «Крынічная», з'яўляецца слабамінералізаванай, з утрыманнем цэлага комплексу мікраэлементаў. Яе рэкамендуецца ўжываць штодзённа, абмежаванняў няма. Карысная пры многіх захворваннях. Вада з усіх чатырох крыніц не мае аналагаў у Беларусі. Лекавыя крыніцы, дзякуючы намаганням Тэрэзы Белавусавай, увайшлі ў склад вельмі прыгожага зборніка «Крыніцы Беларусі», які выйшаў у свет у канцы мінулага года. Дарэчы, у Беларусі сёння зарэгістравана амаль 1200 крыніц, і колькасць іх зніжаецца.

Гразь, якая лечыць

Але аднымі крыніцамі мясцовыя багацці не абмяжоўваюцца. Тут унікальная не толькі вада, але і глеба. У экасістэму ўваходзіць торфа-сапрапелевае радовішча «Райста», пранізанае мінеральнымі падземнымі водамі. Іх гаючая сіла, па словах суразмоўніцы, вядомая даўно. Яшчэ яе бабуля, якая родам з гэтых мясцін, прыходзіла на поле лячыць ногі — часамі стаяла ў водна-тарфяных гразях і сваіх вясковых жанчын да гэтага прывучыла.

У савецкі час радовішчам зацікавіліся навукоўцы. У 90-х гадах мінулага стагоддзя існавала дзяржаўная праграма па яго распрацоўцы. Для даследавання вады былі нават прабураны свідравіны — усяго два дзясяткі. Але справа далей не пайшла. Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў са свідравін цякла салёная вада, куды часам прыходзілі вясковыя каровы і злізвалі соль. Як аказалася, яна вельмі карысная.

— Тут праводзіліся даследаванні навукова-вытворчым цэнтрам па геалогіі, бо раён знаходзіцца побач з вядомым літоўскім курортам Друскінінкай. Вучоныя прывезлі спецыяльныя прылады, узялі пробы з некалькіх метраў глыбіні, — расказвае Белавусава. — І вось у мяне ёсць усе заключэнні, што гэта гразь прызнаная сапрапелевай, лячэбнай, што ёй няма аналагаў, бо падтрымліваецца падземнымі жывымі крыніцамі. Вучоныя распрацавалі методыку лячэння, выдалі тэхнічныя ўмовы і меркавалі правесці клінічныя выпрабаванні. Гэта складаны працэс. Але сапрапелі трапілі ў абласную праграму па асваенні месца здабычы. На жаль, не знайшлі інвестара.

Цяпер грамадская актывістка імкнецца ўзнавіць гэтую справу. Праўда, свідравін тут ужо не засталося, іх пазразалі. Але ёсць архівы, і да гэтых матэрыялаў можна звярнуцца, — лічыць яна. На даследаванні ўжо ўкладзена вельмі шмат сродкаў. А ў той жа час вада, якая магла б прыносіць карысць людзям, проста цячэ па полі.

Патрэбен гаспадар

Гэтыя крыніцы і сапрапелевае радовішча — залатое дно, упэўнена суразмоўніца. І яго магчыма скарыстаць на здароўе чалавека. Але для гэтага трэба стварыць адпаведную ўстанову, якая возьме на сябе гаспадарчыя функцыі. І тут, па словах Белавусавай, сышліся ведамасныя супярэчнасці. Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя дае гэтае права Гродзенскаму аблвыканкаму, але заказнік знаходзіцца на землях Гродзенскага раёна і падпарадкоўваецца райвыканкаму. Каб выйсці з тупіка, трэба мяняць нарматыўную базу, якая тармозіць развіццё заказніка. Ёсць і іншыя фармальнасці. Напрыклад, пераводзіць землі лясгаса ў іншую катэгорыю.

— Лекавы парк створаны самой прыродай, трэба толькі правільна выкарыстаць гэта, — упэўнена грамадскі дзеяч. — Ёсць і канцэпцыя экалагічнага санаторыя, які будзе працаваць у фармаце аздараўленчага турызму.

Дарэчы, дзесяць гадоў таму быў нават распрацаваны праект санаторна-курортнай зоны, які прадугледжваў гразе- і водалячэбніцу, аквапарк, гасцініцу, СПА-цэнтры... Праўда, у прыродаахоўнай зоне такое будаўніцтва забаранілі. Белавусава схіляецца да стварэння экалагічнага парку, які, між тым, таксама быў у праекце. Гэта добраўпарадкаванне крыніц, разліў мінеральнай вады, здабыча і апрацоўка сапрапеляў. Саму зону таксама добраўпарадкаваць — пракласці аздараўленчыя сцежкі, паставіць лаўкі, альтанкі.

Але, зразумела, для разгортвання бізнес-ідэі патрэбны інвестары. Дзякуючы намаганням грамадскага таварыства Мінпрыроды выйшла ў Гродзенскі райвыканкам з прапановай па стварэнні дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Гродзенская пушча», што дазволіць каардынаваць работу заказніка, распрацаваць план, прыцягваць вучоных, валанцёраў, інвестараў. Пры тым, што прэцэдэнт будаўніцтва тут ёсць. Якраз непадалёку размясціўся двухпавярховы аб'ект прыдарожнай кавярні з гасцініцай. Праўда, лічыцца, што ён па-за межамі заказніка. Але для экалагічнага парку такіх пабудоў і не трэба. Для «санаторыя» пад адкрытым небам хопіць «лёгкай» інфраструктуры.

Спачатку будуць шыльды…

Пакуль пытанне вырашаецца, наша гераіня не сядзіць склаўшы рукі. Яна разгарнула работу па інфармацыйным забеспячэнні будучага экалагічнага парку. Сабрала творчы калектыў. Эскізы стэндаў з апісаннем крыніц рыхтуе гродзенскі краязнавец Ян Паруліс. Вядомыя гродзенскія скульптары — Мікалай Скляр і Уладзімір Панцялееў — зробяць з дрэва стыльныя ўказальнікі-шыльды для чатырох крыніц. Ляснікі для гэтых мэт падрыхтавалі дубовае бярвенне. На шыльдах з'явіцца і лагатып будучай установы — выява аленя, з рагоў якога сцякаюць кроплі вады. Фон — хвоя і лісце. Аўтар лагатыпа — Юрый Губараў. Усе эскізы прайшлі рэгістрацыю і зацверджаны ў Інстытуце па біярэсурсах. Фінансавую падтрымку забяспечвае Савет ветэранаў Кастрычніцкага раёна пад кіраўніцтвам Уладзіміра Цюцюнніка.

Тэрэза Іосіфаўна рада кожнаму, хто адгукаецца на яе просьбу. Сама яна працуе на грамадскіх пачатках. І займаецца гэтай справай амаль чвэрць стагоддзя. А крыніцамі захаплялася яшчэ з дзяцінства. Добра памятае, як з бацькам ездзілі з Гродна за 13 кіламетраў на возе сюды па ваду.

— Бацька нас з братам будзіў у тры гадзіны раніцы, бо трэба было набраць вады да ўзыходу сонца — яна тады самая карысная. Пасля ўзыходу мы бралі ваду для прыгатавання страў. Дома пілі толькі крынічную, я на ёй вырасла. Мае продкі жылі больш за 100 гадоў. І бабка мая, і маці ведалі аб гаючых якасцях вады і лячылі людзей. І мая мэта — выкарыстаць гэта багацце для здароўя чалавека. У мяне такі сямейны наказ — захаваць крыніцы. Да таго ж многія, хто мяне ведае, просяць не пакідаць гэтай справы, а давесці яе да канца. У сваю чаргу, і я са сваім характарам, сваёй упартасцю не магу стаяць убаку, і са мной лічацца, — кажа жанчына.

Тэрэза Іосіфаўна ў каторы раз раскладвае перада мной фотаальбомы, зборнікі, карты, папкі з афіцыйнымі перапіскамі і дакументамі, публікацыі ў СМІ, шматлікія падзякі. За кожнай такой «паперкай» — няпростая работа па ахове крынічнай экасістэмы ў Гродзенскім раёне. У апошнім выданні беларускай энцыклапедыі «Хто ёсць хто» пералічана безліч яе абавязкаў, у ліку якіх — грамадскі інспектар па ахове прыроды, член творчага калектыву Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, стваральнік аб'яднання «Крыніца», удзельнік многіх рэспубліканскіх і міжнародных форумаў. І ўсюды яна расказвае аб «сваіх» крыніцах, планах, ідэях, а галоўнае — аб тым, што чыстая вада — даволі значнае пытанне.

Каментарый у тэму

Анатоль Кароль, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Гродзенскага райвыканкама:

— У схеме комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі Гродзенскага раёна вызначаны і перспектывы развіцця ландшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння «Гродзенская пушча». Тут трэба ўлічваць заканадаўства і тыя рэгламенты, якія звязаны з гэтым статусам. А такія рэгламенты прадугледжаны для ўсяго, што тут знаходзіцца, — вёскі, хутары, лясніцтвы, прадпрыемствы. У складзе пушчы і Аўгустоўскі канал, і частка Нёмана, і рэчкі, і палі, і аграсядзібы. Тут шмат гаспадароў, работу якіх каардынуе Гродзенскі райвыканкам. Калі будзе створана адміністрацыя пушчы, яна атрымае больш вузкія паўнамоцтвы кантролю за станам тэрыторыі. Пакуль такога органа тут няма.

Дзмітрый Лебядзеў, начальнік аддзела кантролю за аховай і карыстаннем зямель, нетраў, біяразнастайнасці асабліва ахоўных тэрыторый Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

— На тэрыторыі заказніка можна праводзіць адпаведныя работы, калі ёсць рашэнне, што тут ахоўны рэжым не парушаецца. Спачатку праект павінен прайсці экалагічную экспертызу. Гэта тыповая працэдура. Для заказніка такія моманты пралічваюцца, бо гэта асаблівая тэрыторыя. Усе рашэнні па праектах рыхтуе райвыканкам. Увогуле, у заказніках могуць быць месцы адпачынку, турыстычныя маршруты, сцежкі, экамаршруты. Але ўсе гэтыя пытанні вырашаюць мясцовыя ўлады. Вось і заказнік «Гродзенская пушча» знаходзіцца ў распараджэнні выканкама, які адказвае за яго. Эколагі больш займаюцца кантрольнымі функцыямі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара і з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Мужчынская прыгажосць: дар прыроды альбо пільны догляд за сабой?

Мужчынская прыгажосць: дар прыроды альбо пільны догляд за сабой?

Меркаванне, што мужчынам не патрэбна даглядаць за сабой, сёння гучыць архаічна.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. У панядзелак у нефармальнай абстаноўцы можна будзе вырашыць значныя праблемы. Перад вамі могуць адкрыцца новыя магчымасці. 

Здароўе

Аздаравіць сэрца можна ў любым узросце

Аздаравіць сэрца можна ў любым узросце

Вядома, што сярод прычын заўчаснай смерці сардэчна-сасудзістыя захворванні ўпэўнена займаюць першае месца.