Вы тут

Па «зорачкі» на радзіму Шагала. Самы вопытны хормайстар Віцебшчыны Барыс Кажэўнікаў у свае 72 гады ездзіць з Віцебска ў Лёзна на работу


Самы вопытны хормайстар Прыдзвінскага краю Барыс Гаўрылавіч Кажэўнікаў у свае 72 гады тры разы ў тыдзень па чыгунцы ездзіць з Віцебска ў Лёзна на работу. Канешне, мог бы выкладаць у абласным цэнтры або даўно ўжо адпачываць на пенсіі. Але вырашыў што лепш будзе запальваць «зорачкі» ў правінцыі. Карэспандэнт «Звязды» правёў дзень з гэтым вельмі цікавым чалавекам.


З часоў Івана Грознага

У Кажэўнікава шмат рэгалій. Напрыклад, ён у 2002 годзе быў лаўрэатам Спецыяльнай стыпендыі Прэзідэнта за шматгадовую педагагічную дзейнасць і далучэнне моладзі да жанру харавых спеваў.

Пачалі размову ў дызелі па дарозе ў гарадскі пасёлак (адлегласць ад Віцебска прыкладна 45 км), дзе жыве каля 6,7 тысячы чалавек. Суразмоўнік запэўніў, што менавіта там ёсць юныя «зорачкі», якія праславяць Беларусь як выканаўцы класічнай музыкі. Тут, дарэчы, спяваюць дзеці нават на латыні, а яшчэ на французскай, англійскай, нямецкай, канешне ж, беларускай і рускай мовах. Спяваючыя паліглоты здзівяць нават самых дасведчаных слухачоў, якім пашчасціла наведаць найлепшыя залы свету.

Барыс Гаўрылавіч нарадзіўся ў Берліне, дзе служыў яго бацька, які падчас Вялікай Айчыннай вайны ваяваў у складзе 2-га Беларускага фронту. Ганарыцца тым, што тата быў не толькі прафесійным ваенным, які змагаўся з ворагам пад камандаваннем Георгія Жукава, але і цудоўна іграў на некалькіх музычных інструментах і спяваў. Бацька быў тройчы паранены, пры гэтым пражыў 87 гадоў.

Барыс вучыўся ў Казанскай дзяржаўнай кансерваторыі. А другую вышэйшую музычную адукацыю атрымаў у Польшчы. Дыплом дазволіў выкладаць у любой краіне Еўропы. Ён чытаў лекцыі, у прыватнасці ў французскай нацыянальнай кансерваторыі.

З жонкай, матэматыкам па адукацыі, пазнаёміўся ў Казані. Яго малодшая сястра, якая даўно жыве ў Даніі, таксама музыкант. Дачка ў Рызе працуе стылістам адзення, хоць у яе і вышэйшая музычная адукацыя. Унучка — школьніца і вучыцца ў музычнай школе.

Сын — юрыст у Мінску, спецыяліст у вобласці медыяцыі. Цікава, што ён займаецца вывучэннем радавода. І настолькі паспяхова, што знайшоў продкаў ажно з часоў Івана Грознага. Адшукаў і выяву герба Кажэўнікавых. Унук, які жыве ў Мінску, медык, вучыцца ў ардынатуры.

Сябра пляменніка Булгакава

Барысу Кажэўнікаву пашанцавала займацца музыкай — нават калі служыў на флоце, быў галоўным хормайстрам ансамбля песні і танца Чырванасцяжнага
Ціхаакіянскага флоту.

Любімая справа зводзіла яго з вельмі цікавымі і знакамітымі людзьмі. У прыватнасці, ён сябраваў з родным пляменнікам Булгакава — Вячаславам, таксама хормайстрам і дырыжорам. Добра ведаў славутага беларускага музыказнаўца і дырыжора Генадзя Іванавіча Цітовіча. Сябраваў з беларускім кампазітарам, збіральнікам фальклору Аляксандрам Рашчынскім. Ганарыцца тым, што быў сябрам Ігара Лучанка. Рабіў перакладанні (прымяненне складанай партытуры да выканання на якім-небудзь інструменце, напрыклад фартэпіяна) для розных харавых саставаў яго песень.

А вучыўся і быў у блізкіх стасунках з выкладчыкамі і кампазітарамі першай велічыні. Напрыклад, лёс звёў яго з Натанам Рахліным, які ў свой час быў галоўным дырыжорам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра СССР. Георгій Аляксандравіч Струвэ, заснавальнік студыйнага руху ў Расіі, стваральнік унікальнай сістэмы масавага навучання музыцы і харавым спевам высока цаніў талент Кажэўнікава.

Вучыўся Барыс Гаўрылавіч і ў прафесара, родапачынальніка казанскай харавой школы Сямёна Абрамавіча Казачкова. І вельмі ганарыцца акадэмічнасцю сваёй адукацыі. Вядучы метадыст Расіі па музычным выхаванні Уладзіслаў Лук'янаў вучыў Кажэўнікава дырыжорскаму майстэрству. Упэўніў яго, што трэба спецыялізавацца на дзіцячых харавых спевах. На сёння ён загадчык кафедры харавога дырыжыравання. Гэты прафесар па лініі ЮНЕСКА на міжнародным узроўні прадстаўляе дзіцяча-юнацкае харавое выхаванне Расіі.

Барыс Гаўрылавіч займаецца ўсім, што звязана з харамі, ужо каля паловы стагоддзя. Прадстаўляў нашу краіну з выхаванцамі і як педагог, член журы конкурсаў і фестываляў у многіх краінах Еўропы.

Культурны код

Суразмоўнік пасля вучобы ў Казані працаваў у Баранавічах. Да таго як пачаць выкладаць у Лёзне, быў дацэнтам кафедры музыкі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.

Ён можа пра карысць харавых спеваў расказваць бясконца. Упэўнены, што трэба як мага раней дзецям пачаць вучыцца спяваць. І менавіта гэта паўплывае на фарміраванне высокаінтэлектуальнай асобы, чалавека культурнага, які будзе адрозніваць высокае мастацтва ад халтуры.

Ён любіць цытаваць карыфеяў музыкі. А словы Рахманінава «Музыкі хопіць на ўсё жыццё. Але жыцця не хопіць на музыку» вялікімі літарамі напісаны на сцяне кабінета, дзе займаецца Кажэўнікаў з вучнямі.

Першымі прыйшлі на заняткі дзяўчаткі з 3-4 класаў. Адразу адчувалася, што яны вельмі любяць свайго прафесара, як яго тут называюць. Распяваліся. Выканалі песні на розных мовах. У тым ліку і нашу «Купалінку». А пасля ў канцэртнай зале школы мастацтваў двое вучняў уразілі выкананнем класічных твораў, у тым ліку на латыні і французскай мове.

Яго выхаванцы ганарацца тым, што спецыяльна дзеля іх гэты чалавек прыязджае з Віцебска. Ён вучыў спяваць дацкіх, славацкіх, чэшскіх і з іншых краін дзяцей, і, канешне, мог бы за мяжой застацца, але абраў іншы жыццёвы шлях.

Кажэўнікаў падчас заняткаў з дзецьмі, на якіх мне пашчасціла пабываць, акампаніраваў на фартэпіяна. Дарэчы, ён лічыць, што мінусавая фанаграма музыкі — вораг для выканаўцаў. І, калі ёсць магчымасць, лепш абысціся без яе.

Выкладчык займаецца апрацоўкамі песень. Менавіта апрацоўкай пад канкрэтны ўзрост, а не аранжыроўкай, падкрэслівае ён. Барыс Гаўрылавіч вядомы не толькі на постсавецкай прасторы тым, што ён аўтар больш як дзесяці зборнікаў для хароў. З асаблівым настроем і піетэтам працаваў над беларускімі песнямі. Ён вельмі палюбіў багатую музычную спадчыну нашай краіны. Лічыць, што трэба больш распавядаць пра таленавітых беларускіх кампазітараў мінулага: здымаць пра іх дакументальныя і мастацкія фільмы, выдаваць кнігі, друкаваць артыкулы.

Цудоўная аўра

Лёзненская дзіцячая школа мастацтваў, дзе працуе Кажэўнікаў больш за 60 гадоў, адкрылася 1 верасня 1960-га.

Тут займаюцца 240 навучэнцаў. Прыкладна палова вучыцца іграць на музычных інструментах: фартэпіяна, гітары, баяне, акардэоне, цымбалах, балалайцы, духавых. Каля пяці гадоў таму ў школе пачалі праводзіць конкурс ансамбляў «Іграем разам», які з часам атрымаў статус міжрэгіянальнага. У ліку іншых у ім бяруць удзел выканаўцы з суседняга Руднянскага раёна Смаленскай вобласці.

Тры гады таму перад векавым юбілеем віцебскага музычнага каледжа імя І. І. Салерцінскага хор пад кіраўніцтвам Кажэўнікава паказваў майстар-клас для кіраўнікоў хароў Віцебшчыны. Гонар калектыву — цудоўная музычная бібліятэка з вельмі багатым фондам.

У глыбінцы ёсць добрая магчымасць развіць талент. Лёзна, дарэчы, вядомае на ўвесь свет дзякуючы Шагалу, які зрабіў творы, прысвечаныя гэтаму мястэчку. Тут ёсць помнік сусветна вядомаму мастаку. Не аднойчы даводзілася чытаць, што Шагал родам менавіта адсюль, а не з Віцебска. Пакуль знатакі яго жыцця і творчасці перыядычна ўступаюць у дыскусіі, у тым ліку і ў інтэрнэце, у ціхім пасёлачку дапамагаюць рэалізаваць сябе адораным дзецям. Яны абавязкова праславяць Лёзна!

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.