Вы тут

Дзмітрый Шулюк. Рубінавыя радкі


Закон

Я ўжо расказваў, што з задавальненнем глядзеў цыкл лекцый пра «Справядлівасць» з Гарвардскага ўніверсітэта. Глядзеў, мабыць, паўгода таму, а ў галаве дагэтуль спрабую разабраць, зразумець, выцягнуць з гэтага правільнае, толькі зноў і зноў падаецца, што гэтага цвёрдага правільнага не існуе: усё размыта, усё цячэ, часцей у берагах закону, але бываюць прылівы і адлівы, і рэчка наша то шырэй, то глыбей, то хутчэй. Паспрабую крыху разабрацца ў гэтым.


Для пачатку пару слоў пра музыку, як звычайна. Ёсць шмат музычных гуртоў і выканаўцаў, пра якіх я не магу пісаць у дадзенай калонцы. Напрыклад, шэраг вельмі правых рускіх гуртоў. Нават не буду згадваць назвы, бо ў сябе ўнутры, у сваім сумленні, буду лічыць гэта рэкламай, прапагандай нацызму. Атрымліваецца самацэнзура. Узнікае чарговае пытанне да таго, наколькі свабода слова — свабода. Ці могуць уключацца ў гэтае паняцце словы нянавісці да пэўнага народа, да пэўных груп людзей? І дзе ўсё ж такі праходзіць мяжа паміж сатырай і той жа нянавісцю? Дзе праходзіць мяжа паміж высмейваннем стэрэатыпаў і проста высмейваннем? Праз якія словы?

Закон. Бачна з загалоўка, што я хачу расказаць (паспрабаваць), што такое закон і якая ў ім патрэба. Пачнём не з «Закона Божага», а з кардынальна іншага боку. З шымпанзэ. Літаральна на днях глядзеў відэа, дзе выдатны антраполаг Станіслаў Драбышэўскі дзяліўся ведамі пра закон у жывёлак (у першую чаргу ў прыматаў) і дайшоў да судовай часткі. У нас закон заўсёды звязаны з асуджэннем, прысуджэннем і пэўнай структурай, якая за гэта адказвае. Бо калі кожны сам пачне судзіць… але пра гэта пазней. У шымпанзэ не ведаюць пакарання за парушэнне законаў, бо і законы дакладна не сфармуляваны, і статкі невялікія, таму рабіць нейкае глупства бессэнсоўна і сабе ж горш, але бывае. Вось у адным статку дзве самкі (маці і дачка) пачалі займацца, мякка кажучы, глупствам: есці чужых дзяцей. Аднойчы за гэтай справай іх злавіла маці ахвяры і, зразумела, кінулася за дапамогай, прывяла моцнага самца, а той выказаў сваю нязгоду з такім вось харчаваннем, і на гэтым усё. Канібалкі працягнулі канібаліць, што прывяло да аслаблення і развалу дадзенага статку.

Музыка. Тэксты. Узроставы цэнз, папераджальныя надпісы, пэўны час, у які песня можа гучаць на радыё. Я вельмі шмат чытаў пра гэта, як чытаў зборнік інтэрв’ю Фрэнка Запы. Нядзіўна, што пасля хіпі, Вудстоку, ЛСД, усіх накрыла цішынёю. Са словам «усіх» я перабольшваю, але вы разумееце, што такое змена пакаленняў. Па сутнасці, тыя ж людзі, якія ў юнацтве аддавалі сябе свабодзе, пачалі кантраляваць гэтую свабоду. Такая логіка гісторыі. Падаваць у суд на аўтараў і выканаўцаў твораў альбо на радыёстанцыі за выкананне, за выстаўленне ў эфір чагосьці, што нехта можа палічыць мярзотным, празмерна правакацыйным і дакладна тым, што нельга слухаць дзіцячаму ці юначаму вуху.

Закон. Неяк Маісей вывеў свой народ з Егіпта, і яны пасунуліся ў доўгі шлях праз пустыню. На гэтым шляху Маісей даў нам (у тым ліку нам) Закон. Вялікі спіс злачынстваў і пакаранняў за гэтыя злачынствы. Чаму? Навошта? Давайце не будзем адкідваць варыянт з Богам, а наадварот, скарыстаемся ім. Навошта Бог даў гэты Закон? Ці можам мы проста пагадзіцца з тыповым павярхоўным меркаваннем, што калі б не было Бога і яго Закону, то ўсе рабілі б што хацелі? Няўжо людзі, як і шымпанзэ са згаданага статка, проста самі знішчылі б сябе? На маю думку, Закон павінен быў аб’яднаць. Рака таго народа мела гісторыю, пэўны выток, мэту, але патрэбна было рэчышча. Неабходна было звязаць гэтыя два пункты адны патокам і не разліцца бессэнсоўна па пустыні. Патрэбна заключыць саюз, дагавор кожнага прадстаўніка з агульнай суполкай, як пасля — кожнага грамадзяніна з дзяржавай. Сказаць, на якіх умовах ён можа ісці з усімі і быць часткай усіх. Парушыўшы ж гэтыя ўмовы, ён абавязаны згодна з законам прыняць пакаранне альбо адразу адмовіцца і…

Музыка. Настаўнікам вельмі складана, як і святарам, і іншым выкладчыкам. Яны павінны быць цалкам цэнзурнымі. Іх публічна агучаныя меркаванні не могуць выпадаць з унармаваных, як бы яны не хацелі, але ім прыходзіцца заўсёды апранацца, есці, хадзіць у краму, пісаць допісы ў Фэйсбук ці «УКантакце» або відэа на Ютуб ад імя сваёй сацыяльнай ролі. Як маці і тата заўсёды ў першую чаргу з’яўляюцца бацькамі і (доўгі час) арыенцірам, так і дадзеныя людзі абавязаныя гэта рабіць. Бо пра якую выхаваўчую мэту можа казаць нявыхаваны чалавек? Бо як можна дзень за днём аб’ядноўваць калектыў, калі ты ярка выражаны індывідуал? Можа, я што блытаю. Можа, да чаго-небудзь не даходжу, але галоўнае, каб гэтыя фрагменцікі з маіх пошукаў і роздумаў разбудзілі пошукі і роздумы ў вас. Разбудзілі пытанні, на якія хацелася б мець просты адказ, але яго няма.

Закон. Ёсць вядомы выраз: Dura lex sed lex. Закон суровы, але гэта закон. Чаму? Вернемся да тэмы з нейкай далёкай мінулай калонкі. Антыгероі. Напрыклад, Дэкстар з аднайменнага серыяла. Думаю, тут да месца будуць некалькі радкоў пра сюжэт з Вікіпедыі: «В возрасте трёх лет Декстер Морган (Майкл Си Холл), ставший свидетелем кровавой расправы над своей матерью, был усыновлён выдающимся полицейским Майами Гарри Морганом (Джеймс Ремар), который, вовремя распознав социопатические наклонности Декстера, научил его направлять растущую жажду убийства в полезное русло — убивать только тех, кто этого заслужил: преступников, избежавших правосудия из-за лазейки в законах или нехватки улик». Упс. Мне падаецца ці гэта прапаганда самасуду? Прапаганда парушэння гэтага самага закону, пра які я пісаў вышэй. Уявіце, як нейкі самец шымпанзэ на аснове сваіх асабістых назіранняў ходзіць і душыць самак, якія, на яго думку, робяць штосьці не так? Вы думаеце вынік будзе адрознівацца ад той, першай, сітуацыі? Уявіце, што Маісей не загадаў стварыць пэўную іерархію з наглядчыкаў за выкананнем закону, а проста прагаварыў законы, пакаранні і даў права караць кожнаму.

Музыка. Цэнзура. Нямузыка. Дэкстар. Атрымаў рэйтынг на тэлебачанні 14+. Я не магу сказаць, што дакладна разумею, як працуе ўзроставы цэнз, але ў «Маладосці» 16+. Зразумела, што, выпускаючы серыял на адкрытае тэлебачанне, стваральнікі павыразалі ўсю ненарматыўную лексіку, мноства сцэн гвалту і не толькі, але хіба гэта мае адносіны да таго, што твор заклікае нас суперажываць серыйнаму забойцу і ў нейкім сэнсе прымаць яго амаральную філасофію?

Закон. Давайце я ў чарговы раз паспрабую ўсё спрасціць. Утрыраваць. Мы — людзі. Мы — цывілізацыя. Мы разам ідзём наперад. Для гэтага патрэбныя абмежаванні, каб ні адно «я» не перашкаджала ісці наперад «мы». Каб кожнае «я» магло падтрымаць гэтае «мы»і рэалізаваць сябе, стаць хваляй у гэтай чалавечай рацэ. Але рака бяжыць, і на месца Старога Запавету прыходзіць Новы. Там, дзе раней можна было забіць суседку, бо яна ведзьма, або цемнаскурага за тое, што ён на цябе паглядзеў… Там нас ужо няма і не будзе. І сярод гэтага ўсяго і нараджаецца свабода слова. Можна свабодна казаць пра ўсё тое, што дапаможа нам пры гэтых абмежаваннях. Заклікаць да людажэрства — гэта не свабода слова. Кепска сфармуляваў. Расплывіста. Але, можа, гэтыя фрагменцікі хоць для каго разгоняць туман над агульным малюнкам.

Дзмітрый ШУЛЮК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».