Вы тут

Аляксандр Лукашэнка разгледзеў кадравыя пытанні


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прызначыў Дзмітрыя Гару старшынёй Следчага камітэта, Вадзіма Сіняўскага — міністрам па надзвычайных сітуацыях, Віктара Гулевіча — начальнікам Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першым намеснікам міністра абароны, Андрэя Жука — намеснікам міністра абароны, Ігара Дземідзенку — камандуючым войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл, Аляксандра Навуменку — камандуючым войскамі Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання Узброеных Сіл.


У пачатку сустрэчы Прэзідэнт задаў пытанне дзяржаўнаму сакратару Саўбеза Аляксандру Вальфовічу, наколькі кандыдаты гатовы ўзначаліць кірункі нацыянальнай бяспекі.

«Галоўны ўпор быў зроблены на тое, што камандаваць аператыўнымі кірункамі, быць начальнікам штаба, намеснікамі міністра павінны людзі, якія, вобразна кажучы, паваявалі, былі камандзірамі», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што для такіх высокіх пасад дзяржсакратару Савета бяспекі Аляксандру Вальфовічу было даручана падабраць вопытных спецыялістаў, якія камандавалі вялікімі злучэннямі ваенных. «Гэта праявіцца. Я кажу праявіцца, таму што мы жывём у вельмі сур'ёзны і незвычайны час. Гэта не проста прапаганда. Вы людзі з войскаў непасрэдна, а генерал міліцыі — ён (Вадзім Сіняўскі, міністр па надзвычайных сітуацыях. — «Зв.») увогуле з Гродна, з перадавой і бачыць, ведае, што там адбываецца. Ды і Гара (Дзмітрый Гара, старшыня Следчага камітэта. — «Зв.») таксама на сваёй папярэдняй рабоце не адпачываў, добра ведае сітуацыю ў краіне і на гэтай пасадзе. На працягу некалькіх месяцаў праявіцца, ці правільна зрабілі гэты падбор», — сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік краіны заявіў: вельмі спадзяецца, што ні ён, ні народ не расчаруецца ў новых кіраўніках. «Мы павінны абараніць... Не будзем казаць пра суверэнітэт, незалежнасць, дзяржаву — гэта зразумела. Мы за гэта грошы атрымліваем, няхай невялікія, але атрымліваем. Мы свае сем'і павінны абараніць і сем'і нашых людзей», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, свет змяніўся, а разам з гэтым і войны атрымалі іншы характар. «Ніхто на нас не абрынецца самалётамі, верталётамі, як гэта было ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Ніхто групоўкамі на нас наступаць не будзе, як ішлі ў 41-м годзе, таму што абстаноўка змянілася. Гэта будзе залішне яўна і прывядзе да Трэцяй сусветнай вайны, калі так адбудзецца. Будуць зараз падрываць знутры», — папярэдзіў Прэзідэнт. «Паспрабавалі нас на зуб. Зуб зламалі, зараз на ўсе зубы будуць спрабаваць, спрабаваць знутры. Я вам гэта публічна кажу, што нам, ваенным людзям, прыйдзецца абараняць сваю краіну знутры. Не трэба сядзець у войсках і чакаць, што хтосьці перасячэ нашу мяжу, і тады мы возьмем стрэльбу і пачнём ваяваць. Ваяваць будзем адсюль. Вы да гэтага павінны быць гатовы», — заявіў кіраўнік краіны.

Прэзідэнт адзначыў: кіраўнікам не варта чакаць падзякі ад людзей за працу. «Дзякуй скажуць потым, калі яны паспрабуюць нечага іншага, параўнаюць і тады, магчыма, зробяць высновы, скажуць нам дзякуй. А зараз не чакайце. Мы павінны выконваць свае абавязкі, і дзейнічаць па законе», — рэзюмаваў размову з сілавікамі Аляксандр Лукашэнка.

У гэты ж дзень намеснікам кіраўніка спраў Прэзідэнта быў прызначаны Антон Краеўскі. Узгодненыя на свае пасады старшыня Іўеўскага райвыканкама Ігар Генец і старшыня Дзяржынскага райвыканкама Максім Лысенка.

На пасаду рэктара Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога ўзгоднены Артур Пуцята, Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта — Валерый Дунай, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта — Алег Раманаў.

«Новая, чарговая плеяда кіраўнікоў высокага ўзроўню ў Беларусі, хто б ні казаў, што мы тут закасцянелі. Нічога падобнага», — сказаў Прэзідэнт на прызначэнні.

Па яго словах, за апошні час практычна абнавілася ўсё кіраўніцтва краіны, у тым ліку і старшыні райвыканкамаў, і губернатары. «Гэта новае пакаленне. І вы новае пакаленне, вам прымаць эстафету ў будучым і будаваць Беларусь. Беларусь такую, якую мы вырашылі пабудаваць на Усебеларускім народным сходзе. Гэта было нефармальнае мерапрыемства для нас з вамі, ды і для ваенных, для ўсіх. Гэта арыенцір, да чаго мы павінны імкнуцца», — дадаў кіраўнік краіны.

У рабочым парадку кіраўнік краіны ўзгадніў прызначэнні Мікалая Барысевіча намеснікам міністра замежных спраў, Ігара Скрыннікава — намеснікам міністра па падатках і сборах, Таццяны Бранцэвіч — намеснікам міністра эканомікі, Дзяніса Мароза — намеснікам міністра энергетыкі, Сяргея Каліноўскага — намеснікам міністра юстыцыі, Дзмітрыя Барташэвіча — першым намеснікам старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі, Аляксандра Валіева — першым намеснікам старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта, Андрэя Бальшакова — намеснікам старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта, Эдуарда Даніловіча — намеснікам старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта, Анатоля Шаршуна — дырэктарам Дэпартамента па каштоўных паперах Міністэрства фінансаў, Яўгена Лазарава — генеральным консулам Беларусі ў Дубаі, Пятра Дулуба — першым намеснікам начальніка Беларускай чыгункі.

На пасаду міністра па надзвычайных сітуацыях Вадзім СІНЯЎСКІ прыйшоў з МУС, працаваў начальнікам УУС Гродзенскага аблвыканкама. На яго думку, у службе міліцыянера і ратавальніка ёсць шмат агульнага.

«Супрацоўнік міліцыі — галоўны ратавальнік чалавечага жыцця. Ён заўсёды на варце і гатовы прыбыць на службу. Таксама і ратавальнік. Чалавек ведае два нумары тэлефона — 101 і 102. У выпадку ўзнікнення непрадбачаных сітуацый, няважна якіх, ён звяртаецца ў гэтыя дзяржаўныя органы для аказання дапамогі. Я лічу, што няма нічога важнейшага ў жыцці любога ваеннаслужачага, чым выратаванне чалавека», — расказаў Вадзім Сіняўскі.

Па словах новага міністра, задачы ведамства застануцца ранейшыя — забяспечваць бяспеку людзей, рэагаваць на ўсе надзвычайныя сітуацыі, узаемадзейнічаць з органамі нацбяспекі Беларусі, разбірацца з пытаннямі службовай дысцыпліны, кадравым забеспячэннем.

Дзмітрый ГАРА, старшыня Следчага камітэта, адзначыў, што кардынальна змяняць работу ведамства (адносна маладога) не плануе.

«Можна палепшыць работу, не ломячы кардынальна прынцыпаў і асноў яе арганізацыі, — сказаў старшыня Следкама. — Як намеснік генеральнага пракурора па сваёй папярэдняй дзейнасці, я наглядаў за пэўным падраздзяленнем Следчага камітэта. У прынцыпе,  уяўляю, што адбываецца ў Следчым камітэце. Я знаёмы з людзьмі, сутыкаўся з кіраўнікамі Следчага камітэта. З боку гледжання пасады я арыентуюся ў тым, што там адбываецца, і думаю, будзе нескладана ўнікнуць у дзейнасць і нешта палепшыць, узмацніць».

Віктар ГУЛЕВІЧ, начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны, як і кіраўнік МНС, прызначаны ў сталіцу з заходняга рэгіёна краіны, на які апошнім часам ускладалася асаблівая адказнасць за бяспеку.

«Апошнія паўгода мерапрыемствы боепадрыхтоўкі, што праводзіліся, былі няпланавыя, але гэты фактар мабілізаваў ваеннаслужачых усіх узроўняў падрыхтоўкі, аператыўна-тэхнічных узроўняў. Праходзілі мерапрыемствы не толькі на традыцыйных палігонах, але і на ўчастках мясцовасці. Для войскаў гэта быў добры ўрок», — падкрэсліў намеснік міністра.

Ён дадаў, што такія пазапланавыя вучэнні накладаюць асаблівую адказнасць за жыцці і здароўе падначаленых, асабліва салдат тэрміновай службы.

«Мабілізацыя, высокі маральны дух нашых ваеннаслужачых дазволіў паспяхова выканаць задачы, і вынік вучэнняў быў станоўчы», — дадаў Віктар Гулевіч.

Рэктар Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта Валерый ДУНАЙ расказаў, што Прэзідэнт арыентаваў удзяляць увагу якасці адукацыйнага працэсу, сувязі працэсу навучання з навукай, практыкай і дыялогу са студэнтамі.

«Зразумела, што вектар развіцця ВНУ фарміруецца ў пастаянным дыялогу адміністрацыі, прафесарска-выкладчыцкага складу, студэнцтва. Я думаю, толькі так мы можам дасягнуць пастаўленых мэт», — сказаў рэктар.

ПДУ, па яго словах, вельмі важная рэгіянальная навучальная ўстанова, якая закрывае патрэбы ў кадрах банкаўскай сферы, добра там развіваецца актуальны кірунак — біятэхналогіі.

Старшыня Дзяржынскага райвыканкама Максім ЛЫСЕНКА ў размове з журналістамі адзначыў, што гэты раён Міншчыны няпросты, але вельмі моцны і перспектыўны. «Рэзервы ёсць. Ёсць вельмі моцная свабодная эканамічная Фаніпальская зона, куды будзем прыцягваць інвестараў, вырашаць пытанні з інжынернай інфраструктурай. Асноўны ўпор — на эканоміку і адпаведна павышэнне якасці жыцця людзей», — паведаміў Максім Лысенка.

Рэктарам Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога ўзгоднены Артур ПУЦЯТА. Адказваючы на пытанні журналістаў, ён заўважыў, што гэта ВНУ — кузня кадраў для прамысловых прадпрыемстваў Гомельшчыны, і яе спецыфіка накіравана на падрыхтоўку інжынераў розных сфер. «На мой погляд, прамысловасць — гэта рухавік. Без людзей у прамысловасці не будзе развіцця. Першасная задача — гэта сувязь, каб універсітэт узаемадзейнічаў з прамысловасцю, каб была адваротная сувязь, каб студэнты валодалі новымі тэхналогіямі, якія прыходзяць на прадпрыемствы, каб выкладчыкі ў час гэта падавалі студэнтам», — сказаў новы рэктар.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Мужчынская прыгажосць: дар прыроды альбо пільны догляд за сабой?

Мужчынская прыгажосць: дар прыроды альбо пільны догляд за сабой?

Меркаванне, што мужчынам не патрэбна даглядаць за сабой, сёння гучыць архаічна.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. У панядзелак у нефармальнай абстаноўцы можна будзе вырашыць значныя праблемы. Перад вамі могуць адкрыцца новыя магчымасці. 

Здароўе

Аздаравіць сэрца можна ў любым узросце

Аздаравіць сэрца можна ў любым узросце

Вядома, што сярод прычын заўчаснай смерці сардэчна-сасудзістыя захворванні ўпэўнена займаюць першае месца.