Вы тут

Як рыхтуюцца да абласных «Дажынак» на Віцебшчыне?


Сёлета абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі Падзвінскага краю пройдзе ў Шуміліне. Абласны штаб па падрыхтоўцы да свята ўзначальвае старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. Нядаўна правялі пашыранае пасяджэнне аргкамітэта, у якім узяў удзел памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч.


Нагадаю, летась «Дажынкі» правялі ў абласным цэнтры. Цяпер эстафету прыме гарадскі пасёлак з насельніцтвам больш за 7,5 тысячы чалавек, які можна назваць спадарожнікам Віцебска — ад абласнога цэнтра да яго толькі 40 км. У рамках падрыхтоўкі да «Дажынак» будзе зроблена многае, каб невялічкі гарадок стаў адным з самых прыгожых на поўначы краіны.

Між іншым, некаторыя ведамствы загадзя здалі «дажыначныя» аб'екты ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі. Напрыклад, пазалетась запрацаваў мадэрнізаваны будынак пошты. Тут пры мінімуме затрачанага часу можна атрымаць багаты спектр паслуг.

Усяго да «Дажынак» адрамантуюць і добраўпарадкуюць каля ста аб'ектаў. У прыватнасці, яшчэ больш прывабная стане «ўязная брама» населенага пункта: аўта- і чыгуначны вакзалы.

Зробяць нямала і ва ўстановах адукацыі — дзвюх школах і чатырох садках, а таксама ў паліклініцы Шумілінскай цэнтральнай раённай бальніцы, мясцовых музеі, бібліятэцы.

Другое жыццё атрымае стадыён. Там уладкуюць новыя бегавыя дарожкі, трыбуну, якая адначасова зможа ўмясціць 250 заўзятараў, пляцоўкі для варкаўта і хакея.

Літаральна будзе не пазнаць Шумілінскі раённы цэнтр культуры. Гэтая ўстанова стане сапраўднай крыніцай захапленняў і мастацтваў, месцам для раскрыцця талентаў, не горшая знешне і па ўнутраным напаўненні, чым у буйных гарадах.

Паралельна будзе весціся добраўпарадкаванне вуліц з заменай там, дзе трэба, падземных камунікацый.

Зменіцца архітэктурна-планіровачная канцэпцыя цэнтральнага парку. Там будзе больш цікава бавіць час усёй сям'ёй, прагульвацца з дзецьмі, з'явяцца новыя магчымасці для арганізацыі свят. Ёсць цікавыя ідэі для рэалізацыі ў гэтым месцы і па азеляненні. Напрыклад, была агучана прапанова па ўстаноўцы ахоўных канструкцый, якія будуць схаваныя пад раслінамі. Унутры будзе вельмі камфортна ў спякоту. Ды і наогул гэта адзін з сусветных трэндаў аздаблення прасторы населеных пунктаў.

У 45 жылых дамах прадугледжаны капітальны і бягучы рамонты. Пры планаванні рамонту некалькіх дзясяткаў двароў быў праведзены маніторынг меркаванняў і запытаў жыхароў. Хуткімі тэмпамі будуецца 40-кватэрны дом.

Кіраўнік «абласнога парламента» канстатуе зладжанасць дзеянняў усіх адказных за свой участак і кірунак работы. У гэтым гарантыя поспеху.

Анатоль Ліневіч нагадаў, што трэба зрабіць многае, каб выканаць своечасова вялікі аб'ём работ, безумоўна, на высокім якасным узроўні.

Традыцыйна добраўпарадкаванне будзе весціся не толькі ў месцы правядзення свята, але і ва ўсім раёне. Мясцовая ўлада разумее важнасць таго, каб кожны жыхар адчуў, што і пра яго не забылі. Усё робіцца, як той казаў, не напаказ, а каб маштабнае мерапрыемства запомнілася надоўга не толькі афіцыйнай і культурнай часткамі праграмы. «Дажынкі» — гэта шанц для надання імпульсу развіццю невялікіх гарадкоў і пасёлкаў. І час паказвае, што так яно і ёсць, і будзе заўсёды.

Зразумела, што паляпшэнне інфраструктуры спрыяе і развіццю турызму. Райцэнтр знаходзіцца ў вельмі зручным месцы: уздоўж трасы, якая вядзе з Віцебска ў старэйшы беларускі горад — Полацк. Калі няма свайго аўто — не праблема, бо вельмі добра дабірацца ў Шуміліна на грамадскім транспарце: цягніках, аўтобусах, маршрутках. Можна зацікавіць патэнцыйных гасцей, сярод іншага, і тым, што менавіта на Шуміліншчыне знаходзіцца самы вялікі ў Беларусі валун (мяркуецца, што яго вага каля 300 тон).

Чыгуначны вакзал з пазамінулага стагоддзя цудам захаваўся да нашых дзён, і яго абавязкова трэба наведаць.

Аграрныя сядзібы прапануюць не толькі адпачынак на прыродзе, але і цікавыя праграмы, заснаваныя на культурных традыцыях беларусаў.

І, безумоўна, «Дажынкі» самі па сабе — вельмі добрая нагода для экскурсійнага туру.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Будзе свята!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.