Вы тут

Бацька з сынам адкрылі бізнес у Хойніцкім раёне. Ці ёсць поспехі?


Гомельскім абласным Саветам дэпутатаў зацверджаны рэгіянальны комплекс мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржпраграмы «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва», разлічаны на перыяд да 2025 года. Сярод прыярытэтных задач — навучанне асновам прадпрымальніцтва і папулярызацыя дзелавой ініцыятывы. У Хойніцкім раёне жыхароў горада і сельскай мясцовасці актыўна стымулююць да прыватнай дзейнасці. Ёсць над чым працаваць, але ёсць і добрыя прыклады для іншых раёнаў.


Бізнес з нуля

Намеснік дырэктара ТАА «Спецславія», дэпутат Хойніцкага раённага Савета дэпутатаў Дзмітрый Барысенка.

Аграгарадок Судкова, што ў трох кіламетрах ад райцэнтра Хойнікі, — месца прапіскі аднаго з самых буйных у рэгіёне прыватных прадпрыемстваў па выпуску спецвопраткі для работы пры высокіх тэмпературах. Амаль дзесяць гадоў таму ТАА «Спецславія» адкрылі бацька і сын Барысенкі. Яны адрамантавалі будынак былой племянной станцыі, наладзілі швейную вытворчасць. Сёння іх прадукцыя пастаўляецца па ўсёй Беларусі. Для вытворчасці выкарыстоўваюць пераважна айчынныя матэрыялы. На прадпрыемстве ў Судкове працуюць 16 чалавек, яшчэ 12 — работнікі Мазырскага філіяла прадпрыемства. На пытанне, што стала стымулам для адкрыцця ўласнай справы ў глыбінцы, Дзмітрый Барысенка адказвае, што гэта быў выклік лёсу.

— Аднойчы наступіў пераломны момант, калі мне захацелася працаваць на самога сябе. У мяне да таго часу быў пэўны вопыт кіраўніка, і я вырашыў, што змагу, — кажа мой суразмоўнік.

Дзесяць гадоў таму Дзмітрый Алегавіч для развіцця ўласнай справы прамяняў сталіцу на сваю малую радзіму, Хойнікі:

— Я пачынаў «раскручваць» свой бізнес пад Мінскам, але потым бацька прапанаваў перабрацца ў Хойнікі. Аб чым я ніколькі не шкадаваў, наадварот, вельмі рады. Там ты ўсё роўна на чужыне, а тут і сцены дапамагаюць, — падкрэслівае прадпрымальнік.

Ён адзначае, што важную ролю ў развіцці прыватнай ініцыятывы адыграла падтрымка раённых улад:

— Вынік за гэтыя дзесяць гадоў перасягнуў усе мае чаканні. Калісьці разлічваў, што будзе працаваць чалавек сем, а цяпер у нас 30 работнікаў і мы думаем над пашырэннем штату, — прызнаецца Дзмітрый Барысенка, між іншым дэпутат сельскага і раённага Саветаў дэпутатаў, а таксама дэлегат шостага Усебеларускага народнага сходу.

Сярод удзельнікаў народнага веча, якія прадстаўлялі Хойніцкі раён, — дэпутат Стралічаўскага сельскага Савета дэпутатаў Мікалай Чубянок. Ён вядзе прыватны бізнес у галіне сельскай гаспадаркі: дае не толькі работу на вёсцы, але забяспечвае сваіх супрацоўнікаў дастойнай заработнай платай. Уладкавацца ў яго фермерскую гаспадарку «Родны шлях» — прэстыжна.

— Пачынаў з прадпрымальніцтва, якое і вывела мяне на фермерства. Спачатку стварыў фірму па продажы частак на грузавую спецтэхніку. У 2014 годзе раённыя ўлады прапанавалі адкрыць фермерскую гаспадарку. Нам выдзелілі ў бясплатную арэнду на 25 гадоў ферму пад стварэнне рабочых месцаў. Умовы мы выканалі, — адзначае Мікалай Чубянок. Яго гаспадарка правяла рэканструкцыю фермы, пасля закупілі пагалоўе жывёлы.

— Кароў набывалі ў людзей, закупілі малакаправод і ўсё неабходнае абсталяванне. На працягу двух з паловай гадоў атрымлівалі малако класа «экстра».

З часам змянілі стратэгію, вырашылі больш актыўна развіваць раслінаводства, каб у першую чаргу быць са сваімі кармамі.

— Прадалі ўсю жывёлу, каб набыць тэхніку. Нам выдзелілі зямлю, на якой мы вырошчваем кукурузу, збожжавыя і бабовыя. Цяпер у нас ёсць усе магчымасці для таго, каб сеяць, апрацоўваць, прыбіраць сельскагаспадарчыя культуры і развівацца далей, — гаворыць дырэктар прыватнай гаспадаркі Мікалай Чубянок.

Пачынаць з малога

Сустрэча старшыні Хойніцкага раённага Савета дэпутатаў Галіны Бондар з навучэнцамі Хойніцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя.

Наогул, сёння ў Хойніцкім раёне адчувальны вынік актыўнай інфармацыйнай работы з насельніцтвам па заахвочванні да адкрыцця прыватнай справы. Свой унёсак у папулярызацыю дзелавой ініцыятывы робяць дэпутаты раённага Савета дэпутатаў. Штомесяц яны сустракаюцца з жыхарамі населеных пунктаў сваёй выбарчай акругі. На сельскіх сходах у тым ліку падымаюцца пытанні аб адкрыцці сваёй справы, высвятляюцца магчымасць спрошчанага парадку выплаты падаткаў, нюансы падатковага ўліку для тых, хто жадае займацца рознымі відамі бізнесу, але не мае статусу індывідуальнага прадпрымальніка.

— Пэўны час таму ў раёне былі скептычныя меркаванні, што прыватны бізнес не пойдзе ў вёску, — адзначае старшыня Хойніцкага раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар. — Я шчыра ўдзячная нашым прадпрымальнікам, якія не толькі пайшлі працаваць у сельскую мясцовасць, яны зрабілі свой уклад у тое, каб жыццё на вёсцы стала больш камфортнае. Сёння на тэрыторыі Хойніцкага раёна 11 гандлёвых аб'ектаў размешчана ў сельскай мясцовасці. Цяпер многія жыхары райцэнтра едуць туды па пакупкі.

Стралічава, Веляцін, Казялужжа, Судкова, Віць... Усё гэта — населеныя пункты на тэрыторыі Хойніцкага раёна, дзе актыўна развіваецца прыватны гандлёвы бізнес. У вёсцы Віць Барысаўшчанскага сельсавета індывідуальны прадпрымальнік адкрыў буйны гандлёвы пункт на рэканструяваным аб'екце нерухомасці, які доўга не выкарыстоўваўся. Астатнія крамы на вёсцы — новыя аб'екты.

— Сёння мы прапануем людзям развіваць пэўныя кірункі бізнесу, якія вельмі запатрабаваныя ў нашым раёне. Сярод іх — паслугі лазні «на колах», мабільнага пункта паслуг цырульні для работы ў сельскай мясцовасці, вельмі запатрабаваныя ў раёне паслугі масажыста дома. Для райцэнтра, напрыклад, актуальна развіваць рынак комплексных паслуг цырульні дома. Перспектыўны і такі варыянт самазанятасці, як стварэнне прыватных міні-садкоў трэба вучыцца, атрымліваць адукацыю і не баяцца прапанаваць сваю актыўнасць на вёсцы, — звяртае ўвагу кіраўнік дэпутацкага корпуса Хойніцкага раёна.

Галіна Віктараўна адзначае, што сёння ў раёне 283 індывідуальныя прадпрымальнікі. Калі раней з насельніцтвам прыходзілася праводзіць асобную інфармацыйную работу, каб людзі прапаноўвалі свае бізнес-планы і выкарыстоўвалі субсідыі для адкрыцця ўласнай справы, то цяпер такі від падтрымкі вельмі папулярны ў раёне.

— Летась 11 жыхароў раёна скарысталіся для адкрыцця ўласнай справы субсідыяй, якая выдзяляецца праз упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Хойніцкага райвыканкама. З пачатку бягучага года ўжо чацвёра грамадзян звярнулася па адзначаны від падтрымкі прыватнага бізнесу, — удакладніла старшыня Хойніцкага раённага Савета дэпутатаў.

Між тым сёння субсідыя для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці даецца ў памеры 11-кратнай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму, які дзейнічае на дату заключэння дагавора аб даванні падтрымкі. Пры арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, аказання паслуг у сельскіх населеных пунктах субсідыя выдзяляецца ў памеры 15-кратнай велічыні.

— Сёння мы шмат увагі аддаём таму, каб як мага больш людзей заахвоціць да развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, і нам ёсць над чым працаваць. Для гэтага важна, у тым ліку, каб жыхары раёна разумелі, як развіваюцца іх тэрыторыі, якія перспектыўныя вытворчасці з'явяцца ў раёне, — падкрэслівае Галіна Віктараўна. — Мы адчуваем падтрымку рэгіёна. Сёння ў КСУП «Судкова» будуецца новы малочнатаварны комплекс на 600 галоў буйной рагатай жывёлы. Новая вялікая вытворчасць — галоўная дапамога для забеспячэння рабочымі месцамі, росту даходаў і павышэння дабрабыту ў сем'ях. Таксама гэта выдатны стымул — пашыраць рынак тавараў і паслуг, задавальняць попыт спажыўцоў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Наталлі Равякі

Загаловак у газеце: Бізнес у глыбінцы

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.