Вы тут

Якія змены могуць адбыцца ў пенсійнай сістэме?


Прапановы на ўдасканаленні пенсійнага забеспячэння абмеркавалі ўчора ў штаб-кватэры нацыянальнага прафцэнтра прафсаюзныя спецыялісты і Мінпрацы і сацыяльнай абароны. У сустрэчы таксама прымалі ўдзел прадстаўнікі бізнес-колаў.


Фота: 1prof.by

Як нагадалі ў ФПБ, свае прапановы, якія агучваюцца ў працоўных калектывах, прафсаюзы накіравалі для разгляду ў профільнае міністэрства ў пачатку года. Яны датычыліся дадатковага пенсійнага страхавання, дыферэнцыраваных выплат у залежнасці ад працоўнага ўнёску кожнага работніка, парадку налічэння пенсій працуючым пенсіянерам, некаторых аспектаў прафесійнай і ільготнай пенсіі.

Зараз гэтыя прапановы знаходзяцца ў стадыі практычнай прапрацоўкі. Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына КАСЦЕВІЧ на сустрэчы ў ФПБ расказала аб магчымым механізме дадатковага пенсійнага страхавання. Гэта абсалютна новая сістэма, якая пабудавана па прынцыпе 3 + 3. Што яна прадугледжвае? Калі работнік вырашыць рабіць адлічэнні са свайго заробку 3 % на свой персанальны рахунак, столькі ж павінен будзе адлічваць на яго і наймальнік. Дарэчы, прадугледжваецца, што на гэтыя адлічэнні будзе распаўсюджвацца спадчыннае права.

Цікава і тое, што гэтая сістэма не будзе мець дадатковых выдаткаў для бізнеса. Як так? Вельмі проста: гэтыя пералічэнні прапануецца рабіць у межах тых 28 % страхавых унёскаў, якія сёння выплачвае наймальнік за кожнага работніка.

На сустрэчы адзначылі, што гэты механізм можа стаць добрым стымулам для развіцця дадатковага пенсійнага страхавання. 

Трэба сказаць, што на сённяшні дзень толькі 5 % работнікаў удзельнічаюць у такіх праграмах назапашвання дадатковай пенсіі.

Прагучала ў нацыянальным прафцэнтры і тэма дыферэнцыраванага налічэння пенсій, якая на сённяшні дзень больш нагадвае «ураўнілаўку». Профільнае міністэрства зараз прапрацоўвае варыянты таго, каб павысіць залежнасць памеру пенсіі ад узроўню заробку і працягласці працоўнага стажу работніка. Сэнс такі: чым большы працоўны ўнёсак — тым большай павінна быць пенсія.

Акрамя таго, па меркаванні прадстаўнікоў Мінпрацы, павысіць памер пенсіі можа і механізм «адкладзенай пенсіі». Дарэчы, гэта не навацыя — сістэма дзейнічае з 2012 года, але не надта вядомая ў краіне: ёй скарысталася пакуль каля 6 тысяч работнікаў. Што яна прадугледжвае? Калі чалавек дасягнуў пенсійнага ўзросту, але працягвае працаваць і адмаўляецца на гэты перыяд ад выплаты пенсій, яго памер пенсіі значна павялічваецца з таго моманту, як ён вырашыць скончыць сваю працоўную дзейнасць і скарыстацца назапашаным. Спецыялісты падлічылі, што за пяць адкладзеных гадоў магчыма павялічыць гэтыя выплаты ў 1,7–1,8 разоў.

Дарэчы, тэме працуючых пенсіянераў падчас сустрэчы было нададзена шмат увагі, што і невыпадкова: зараз да гэтай катэгорыі адносяцца больш за 400 тысяч чалавек. ФПБ настойвае на больш справядлівых падыходах у адносінах да іх:

— У краіне прынята нацыянальная стратэгія даўгалецця. Адна з мэт, закладзеных у праграме, — стымуляванне больш працяглага працоўнага жыцця, фарміраванне камфортнага ўзроўню даходу сталых людзей. Але існуючыя падыходы супярэчаць гэтаму, — звяртае ўвагу старшыня ФПБ Міхаіл ОРДА. — Зараз, калі работнік працягвае працаваць па дасягненні пенсійнага ўзроўню, памер яго пенсіі не пералічваецца, незалежна ад таго, колькі ён прапрацаваў на пенсіі. Пры гэтым чалавек працягвае адлічваць страхавыя ўнёскі. Да таго ж адпаведным каэфіцыентам абмяжоўваецца і памер яго пенсіі. Гэта не матывуе людзей далей легальна працаваць.

Лідар беларускіх прафсаюзаў агучыў адзін з магчымых варыянтаў вырашэння гэтай праблемы: вызваліць такіх работнікаў ад выплаты 1 % ад свайго заробку ў фонд сацабароны насельніцтва. Ці рабіць пераразлік заробку з улікам работы пасля дасягнення пенсійнага ўзросту. Гэта, як лічаць прафсаюзы, будзе справядліва ў адносінах да людзей, якія ўжо выпрацавалі неабходны стаж і зрабілі свой унёсак у фарміраванне салідарнай пенсійнай сістэмы.

Вольга АНУФРЫЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

​Жыхары Кобрына аднавілі бабуліну хату ў вёсцы і ствараюць аграсядзібу

Яшчэ некалькі гадоў таму Людміла і Уладзімір Жарын былі звычайнымі жыхарамі райцэнтра.

Культура

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

Крывавыя сосны і нябачная варта. ​Чаму Лідскі замак ахоўваюць загінулыя ў XІV стагоддзі ваяры

«На схіле ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве даўгалетнія сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан і навакольных жыхароў перакананню, што яны выраслі не на раслінным соку, а на крыві».