Вы тут

Мясцовыя ўлады сталіцы пачалі генеральную прыборку гарадскіх тэрыторый і рамонт дарог


Былі загадзя праведзены аператыўныя нарады, складзены планы і графікі, пастаўлены задачы, дадзены адпаведныя даручэнні і г. д. Да гэтых сезонных клопатаў падключыліся і прадстаўнікі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў. Паводле слоў яго старшыні Андрэя Бугрова, народныя абраннікі імкнуцца актыўна ўдзельнічаць у гэтай шматпрофільнай рабоце.


Фактычна яшчэ першага сакавіка пачаўся вясенні месячнік па прыборцы, добраўпарадкаванні і азеляненні сталіцы. Камунальныя службы горада адразу ж, як толькі дазволіла надвор'е, заняліся навядзеннем парадку на зямлі. У прыватнасці, ачысткай ад пяску калодзежаў ліўневай каналізацыі, дарог і вылажаных пліткай пешаходных сцежак, якія зімой апрацоўваліся супрацьгалалёднымі сумесямі. Аператыўна ўзяліся за прыборку паркаў і сквераў, вызвалялі іх ад рэшткаў мінулагодняй лістоты, іншага смецця. Наперадзе чыстка прылеглых тэрыторый уздоўж МКАД і чыгункі, выдаленне зарасніку ў поймах водных аб'ектаў.

Сёлета запланавана добраўпарадкаванне і тых гарадскіх тэрыторый, да якіх з розных аб'ектыўных і суб'ектыўных прычын працяглы час проста не даходзілі рукі. Гэтыя ўчасткі зямлі заставаліся без адпаведнага догляду і асваення, адным словам, безгаспадарныя. І вось цяпер тут неўзабаве разгорнуцца работы па іх ператварэнні ў сучасныя зоны адпачынку для насельніцтва навакольных жылых масіваў. Прычым такая работа закране ўсе сталічныя раёны. А каб яна мела спаборніцкі, конкурсны характар, запланавана восенню падвесці вынікі і вызначыць раён-пераможцу, якому ўдалося дасягнуць найлепшага добраўпарадкавання тэрыторыі.

З 15 сакавіка ўжо ўсе суб'екты гаспадарання, а таксама ўстановы аховы здароўя і адукацыі паступова далучаюцца да генеральнай прыборкі. У дарожных службаў сваё адказнае заданне: засяродзіцца на ямным рамонце вулічна-дарожнай сеткі. А супрацоўнікам жыллёвава-камунальнай гаспадаркі даручана да 1 мая прывесці ў належны стан усе пандусы, якія ўстаноўлены каля пад'ездаў жылых дамоў. Асаблівая ўвага будзе аддадзена прывядзенню ў належны санітарна-тэхнічны стан кантэйнераў для бытавых адходаў. Некаторыя кантэйнеры заменяць, іншыя адрамантуюць, пафарбуюць, асвяжаць надпісы.

Генеральная прыборка мае на мэце таксама і нагляд жыхароў дамоў за выкананнем правіл паркоўкі аўтамабіляў у дварах, збор няспраўнай складанай бытавой тэхнікі, ачыстку месцаў агульнага карыстання і балконаў ад непатрэбных рэчаў.

Апошнім часам у лексіконе дэпутатаў (і не толькі іх) слова «дыялог» — у ліку самых ужываемых. Існуюць розныя формы вядзення дыялогу з мінчанамі. Яго, напрыклад, можна весці і праз інфармацыйныя дошкі аб'яваў. Так яшчэ два гады назад у пад'ездах дамоў пачалі ўсталёўваць новыя дошкі аб'яў, каб жыхары своечасова атрымлівалі актуальную і карысную інфармацыю. Але на практыцы гэтыя дошкі даволі часта не абнаўляюцца альбо нават тыднямі вісяць пустыя. Дробязь? Магчыма, але гэта няправільна. Таму мясцовыя ўлады прыкладуць намаганні для таго, каб сёлета дошкі аб'яў былі ў кожным сталічным пад'ездзе, у тым ліку і ў дамах навасёлаў.

Увогуле, трэба выкарыстоўваць усе сучасныя формы і метады інфармавання насельніцтва, весці дыялог з людзьмі праз дамавыя чаты, сустрэчы з выбаршчыкамі, удзел дэпутатаў у суботніках, іншых мерапрыемствах і нават праз аб'явы ў грамадскім транспарце, лічыць Андрэй Бугроў.

Дэпутаты добра разумеюць, што без своечасовага інфармавання мінчан, без іх актыўнай падтрымкі хутка прывесці ў належны стан велізарны горад будзе вельмі складана. Мяркуецца, што гэтай вясной у прыборцы і добраўпарадкаванні Мінска паўдзельнічае звыш 176 тысяч добраахвотнікаў, ці, як модна цяпер казаць, валанцёраў. З іх удзелам мяркуецца правесці 225 акцый, якія ў той ці іншай ступені будуць датычыцца прыняцця мер па захаванні камфортнага асяроддзя мінчан.

Вядома, чым больш грунтоўная прыборка, тым больш смецця і адходаў. Іх Мінск утварае многімі сотнямі тон. І з кожным годам гэтыя лічбы павялічваюцца. Як утылізаваць такія горы смецця без страт для прыроды і дыскамфорту для мінчан? Знаходзяцца розныя шляхі вырашэння праблемы. Андрэй Бугроў расказвае пра планы гарадскіх улад пабудаваць высокатэхналагічны з найноўшым абсталяваннем завод па спальванні смецця. Бясспрэчныя перавагі падобнага прадпрыемства ў тым, што шкодныя выкіды будуць надзейна перахоплівацца магутнымі фільтрамі і мінскае паветра не сапсуецца.

Леанід Лахманенка

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Вясновае добраўпарадкаванне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

Добры настрой — гэта падмурак высокай якасці нашага жыцця.

Грамадства

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

Многія жанчыны лічаць, што макіяж ў сталым узросце рабіць не варта, таму што гэта «дадае гадоў».

Культура

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

 У сценах установы ў межах літаратурна-музычнай імпрэзы прагучалі вершы і песні.