Вы тут

«Суразмоўцы» святкуюць юбілей


На тэлеканале «Беларусь 3» у праграме «Суразмоўцы» 13 сакавіка гледачы пазнаёмяцца з сотым госцем, якім стане Яўген Гарадніцкі — доктар філалагічных навук, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, установы, якая сёлета адзначае 90-годдзе.


Аўтарскі праект «Суразмоўцы» пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры Навума Гальпяровіча з пачатку свайго існавання трымаецца на тым, што да размовы тут запрашаюць цікавых асоб, якія вызначыліся ў сваёй прафесіі, зрабілі значны ўклад у культурную, навуковую сферы жыцця краіны...

— Пачыналіся гэтая праграма і пошукі герояў для яе з людзей, якіх я асабіста ведаю. А потым справа пашырылася яшчэ і на тых, каго я для сябе толькі адкрываю. І многія людзі, якіх я, здавалася б, ведаў, адкрываюцца для мяне цікавымі новымі гранямі. Бо ў размове важна не толькі, як і пра што чалавек гаворыць, а і тое, якія акцэнты ў сваім жыцці і творчасці ён расстаўляе. Больш за ўсё мне хочацца гэтых людзей прадставіць шырокаму колу нашых тэлегледачоў, — адзначае аўтар і вядучы праекта Навум Гальпяровіч. — І мне вельмі важна паказваць людзей, якія жывуць не ў сталіцы, таму што ў рэгіёнах таксама бруіць жыццё, там шмат цікавых людзей і падзей.

Сёння над праектам працуе зладжаная каманда, у склад якой уваходзяць аператар Аляксандр Ціхан, рэжысёр Дзіна Баркоўская, рэдактар Алесь Мойскі і прадзюсар Надзея Габец. Кожнага суразмоўцу яны стараюцца раскрываць з нечаканых ракурсаў, а традыцыйная апытанка дазваляе раскрыць шчырыя думкі кожнага запрошанага чалавека, закрануць тыя стрункі, якія сведчаць пра шчырую любоў да ўсяго беларускага. Так, госць праграмы найбліжэйшага выпуску Яўген Гарадніцкі раскажа, які быў яго шлях ад малодшага навуковага супрацоўніка да намесніка дырэктара, наколькі важна літаратуразнаўцу самому пісаць творы і чым жыве ўстанова-юбіляр, у якой ён працуе, а таксама што ж насамрэч значыць «любіць сваё». Не прапусціце сустрэчу двух суразмоўцаў на сацыякультурным канале ў суботу ў 20.25.

Бліц-апытанне для вядучага і аўтара праграмы «Суразмоўцы» Навума Гальпяровіча:

— Як разгаварыць самага маўклівага суразмоўцу?

— Разгаварыць яго можна толькі сваёй шчырасцю і непасрэднасцю. Чалавека варта супакоіць, расказаць яму пра нешта сваё. То-бок стварыць з ім эмацыянальную сувязь.

— Чым у наш час вымяраецца поспех для творчага чалавека?

— Для мяне ён вымяраецца колькасцю спраў. У наш час у некаторых людзей ёсць знешні поспех, калі яны на слыху, тыражуюць свой вобраз, але з часам усё гэта знікае і чалавек адыходзіць у цень, і пра яго ніхто ўжо не памятае.

— Калі б вы маглі запрасіць на праграму кагосьці з літаратурных герояў, то каго?

— Калі гаварыць пра першую кніжку майго дзяцінства, то гэта быў бы Васёк Трубачоў. Яшчэ запрасіў бы Дона Румата з кнігі «Цяжка быць Богам» братоў Стругацкіх. Таксама, напэўна, хацеў бы пагаварыць з Алесем Загорскім з рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», распытаць Андрэя Беларэцкага з «Дзікага палявання караля Стаха».

— Хто тыя людзі, якія першыя чытаюць вашы рукапісы?

— Найперш мае рукапісы трапляюць да сына. А раней свае новыя вершы я чытаў Алесю Пісьмянкову. Потым ужо іншым блізкім людзям. Пятру Васючэнку я першаму даваў чытаць свае празаічныя творы.

— Назавіце ў Полацку тры месцы вашай сілы і натхнення?

— У першую чаргу гэта цэркаўка Спаса ў Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры. Таксама Богаяўленскі манастыр і Полацкая брацкая школа Сімяона Полацкага. І Сафійскі сабор. У кожны мой прыезд у горад я гэтыя тры месцы абавязкова наведваю.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.