Вы тут

​Стратэгічны аб'ект узводзіцца на Буда-Кашалёўшчыне


На Гомельшчыне рыхтуюцца да адкрыцця аднаго з самых найбуйнейшых у рэгіёне сучасных свінагадоўчых комплексаў. Значны для эканомікі вобласці сельгасаб'ект пабудаваны ў Буда-Кашалёўскім раёне.


Рэалізуецца праект на тэрыторыі сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Андрэеўка». Будаўніцтва вялося з прыцягненнем сродкаў пазабюджэтнага цэнтралізаванага інвестыцыйнага фонду Міністэрства энергетыкі Беларусі. Магутнасць новага свінагадоўчага комплексу — 24 тысячы галоў у год. Ён размясціўся на плошчы больш як 18 гектараў.

Больш за 40 гадоў на Буда-Кашалёўшчыне ў СУП «Андрэеўка» існуе адзіны ў раёне свінагадоўчы комплекс дзяржаўнай формы ўласнасці. Але за час работы яго абсталяванне знасілася. Таму рашэнне аб узвядзенні новага сучаснага комплексу на тэрыторыі гаспадаркі стала вельмі актуальным. На яго будаўніцтва было выдаткавана 52 мільёны рублёў.

Да ўзвядзення маштабнага сельгасаб'екта прыступілі вясной мінулага года. Здаць яго планавалася да канца 2021-га. Але будаўнічыя работы ўдалося правесці з апярэджаннем графіка. Цяпер узвядзенне важнага для сельскагаспадарчай галіны рэгіёна аб'екта знаходзіцца на фінальнай стадыі. Паралельна працягваецца ўстаноўка тэхналагічнага абсталявання, якую праводзіць прадпрыемства «Гомельагракамплект».

Між тым высокатэхналагічны комплекс, прызначаны для раўнамернага круглагадовага выпуску свініны, будзе ўяўляць сабой вытворчасць з замкнутым цыклам. Сучасны сельгасаб'ект складаецца з некалькіх зон. Ён будзе аснашчаны сістэмамі камп'ютарнага кіравання, мікраклімату, а таксама забяспечваць павышаную экалагічную бяспеку. Генеральны падрадчык на аб'екце ААТ «Гомельскі домабудаўнічы камбінат». На сённяшні момант свінагадоўчы комплекс у Буда-Кашалёўскім раёне — самы буйны заказ будаўнічага прадпрыемства Гомельшчыны.

— Першая зона комплексу — адміністрацыйна-гаспадарчы блок, дзе знаходзіцца кацельня і памяшканне для персаналу, наступная зона — каранцінная. Асобна размесціцца прамысловая зона, якая будзе агароджана, што перашкодзіць як праезду машын, так і з'яўленню пабочных асоб на аб'екце, — расказаў генеральны дырэктар ААТ «Гомельскі домабудаўнічы камбінат» Аляксандр Ганчароў.

Прамысловая зона складаецца з двух блокаў з хлявамі. Першы блок для асемянення, апладнення жывёлы і гадавання маладых парсючкоў. Наступны блок уключае чатыры хлявы для адкорму. Усе будынкі вытворчага прызначэння для зручнасці абслугоўвання і перагону жывёлы злучаныя паміж сабой галерэямі. Таксама ў комплексе, спраектаваным па прынцыпе заніравання, прадугледжаны ўчасткі крыніц водазабеспячэння, часовага захоўвання і ўтылізацыі адходаў, ачысткі дажджавых сцёкавых водаў, гнаясховішча.

— Калі ў структуры выручкі СУП «Андрэеўка» стары комплекс займаў 30—40 %, то з улікам уводу новай вытворчасці гэты паказчык стане — 60—65 %. У грашовым эквіваленце гаспадарка зможа атрымліваць ад вытворчасці выручкі на 800 тысяч рублёў у месяц, што амаль у чатыры разы больш чым цяпер, — адзначыў першы намеснік старшыні Буда-Кашалёўскага райвыканкама Алег Архіпенка. Ён таксама звярнуў увагу, што калі стары свінакомплекс займаў у структуры валавой вытворчасці Буда-Кашалёўскага раёна 1 %, то новы свінагадоўчы комплекс у пяць разоў больш эфектыўны. Прадукцыя новага комплексу будзе пастаўляцца на мясакамбінаты рэгіёна. Выручка сельгаспрадпрыемства ад рэалізацыі мяса, па разліках спецыялістаў, павялічыцца ў чатыры разы. Увядзенне новага комплексу таксама дасць магчымасць адкрыць 50 новых рабочых месцаў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Загаловак у газеце: Даходы і рабочыя месцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.