Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Не было б шчасця...

Верасень у той год быў, як... верасень: нас, студэнтаў, зноў накіравалі ў калгас на ўборку бульбы.

Да месца, у Сенненскі раён, гэта я добра помню, мы дабраліся ў суботу, працаваць — павінны былі з панядзелка, жыць і сталавацца ў вяскоўцаў, а ім, як выглядала, толкам ніхто не растлумачыў, што гэта не дарма, што на студэнтаў будзе выдзяляцца мяса, налічвацца плата за пражыванне, гародніну...

Не дзіва, што нашу групу сустрэлі халаднавата, а нас з сяброўкай дык і зусім ледзь не пагналі з двара. Непахісная была бабуля, але ж я, вясковая, бачыла такіх. І таму схапіла пустыя вёдры, з далекаватай студні нанасіла ў бочку вады, наліла карове, качкам, курам, падмяла двор...

І назаўтра з самага ранку ўжо была на нагах: прагнала ў статак карову, насекла бацвіння, патаўкла свінням бульбу...

Неспадзеўка атрымалася ў нас і з работай, бо ехалі мы «на бульбу», а прыехалі «на лён». Падымаць яго, ставіць у бабкі, вязаць у снапы ўмела толькі адна з нашых студэнтак, астатнія проста знямелі ад аб'ёмаў работ і... хараства палёў, усцеленых бясконцымі стужкамі лёну!

Праўда, любавацца імі нам не выпадала, пакуль стаяла пагода, трэба было працаваць. І мы стараліся: гнулі спіны, калолі рукі, грузілі снапы на машыны... З работы ледзьве паўзлі, але і потым, вярнуўшыся дахаты, я капала, перабірала бульбу, сушыла атаву, насіла ваду, старалася ва ўсім дапамагаць гаспадарам — то дзеду, то бабулі. У яе, адпаведна, стаў з'яўляцца час на тое, каб нешта смачнейшае прыгатаваць, каб нагрэць нам чыгун вады...

Карацей, з бабуляй канфліктаў болей ніякіх, а вось з сяброўкай — наадварот. Міла была расіянка, гараджанка і змалку, відаць, мела звычку з пасцелі (а спалі мы на адной канапе ў зале) дапазна глядзець тэлевізар (ёй было ўсё роўна, што...), потым — устаць, каб выключыць яго (пультаў яшчэ не прыдумалі), зноў улегчыся, канчаткова пабудзіць мяне, каб расказаць аб тым, што нядаўна бачыла...

Але ж і гэта яшчэ не ўсё: перад тым як заснуць, яна зноў падымалася з канапы — ішла ў сенцы, каб папіць вады...

Я спрабавала Міле нешта казаць, злавацца на яе, нават сварыцца, але сяброўка і вухам не вяла, пакуль...

У тую ноч пачыналася ўсё, як заўжды. Адзінае, на што я крыху спадзявалася, што, можа, хоць сёння Міла не будзе ляпаць дзвярыма — неяк засне без вады?!. Але ж не...

Чую, што ўстае, што сыходзіць, вяртаецца назад... Праўда, неяк хутка? І клямка, здаецца, не ляпала? Дзверы не адчыняліся?

Думаю, чаму гэта, і міжволі пачынаю душыцца ад смеху.

— Ты чаго? — пытаецца Міла.

— Проста так, — кажу, баючыся пакрыўдзіць. Аднак сяброўку разбірае цікавасць, і я ўрэшце здаюся.

— Ты, — пытаю, — піла ваду?

— А як жа!

— З вядра ў сенцах?

— Не. Яна сёння на стале стаяла.

— У жоўтым кубку?

— Так.

— Дык у ім жа наш дзядуля свае зубы ноччу трымае.

Пасля гэтых слоў маю Мілу быццам бурай з канапы знесла: заціснуўшы далонню рот, яна куляй паляцела на двор...

Назад прыйшла не хутка.

І раніцай снедаць з намі не села: дзядулю ўбачыла і зноў сіганула з хаты... Мне прыйшлося сказаць гаспадарам, што сяброўцы зуб забалеў.

А вось ёй самой я не гаварыла болей нічога — патрэбы не было: Міла больш не будзіла мяне, каб абмеркаваць кіно ці нейкую перадачу, не ўставала і піць ваду...

Не было б шчасця, як той казаў, ды няшчасце памагло.

Ларыса Купрыянчук, Рагачоўскі раён.

Кавальская пілка

Пасля вайны ў нашай мясцовасці жыў ветэрынар і было ў яго два сыны — крыху старэйшыя за мяне, але ж мы разам гулялі ў розныя гульні, што-небудзь прыдумлялі, а найболей — шукалі патроны і зброю. Іх тады шмат заставалася.

Дык вось неяк раз, гуляючы па лесе, мы знайшлі баявую стрэльбу — цэлую, непаржавелую, з доўгай руляй... Старэйшыя хлопцы сказалі, што яе можна адпілаваць — зрабіць абрэз, але ж для гэтага патрэбна спецыяльная пілка, па метале, ёй звычайна карыстаюцца кавалі...

Мы маглі доўга думаць, дзе тую пілку ўзяць, ды на шчасце падвярнуўся выпадак: наш ветэрынар трапіў на хутар да гаспадароў Кавальскіх, палячыў карову, і тыя Кавальскія, ведаючы, што доктар яшчэ і садавод, аддзячылі яму добрай нажоўкай.

Прыехаўшы дамоў, ветэрынар адразу ж праверыў яе ў справе. Пілка і сапраўды была лёгкая, вострая, рэзала мякка... Ёй трэ было пахваліцца — дома, за вячэрай...

Пры словах «пілка» і «Кавальскія» сыны яго весела пераглянуліся: маўляў, гэта ж якраз тое, што трэба!.. А значыць, назаўтра, счакаўшы, пакуль бацька з'едзе на работу, яны зайшлі ў паветку, знялі з цвічка нажоўку і, гукнуўшы па дарозе нас з сябруком, пакіравалі ў лес.

Там мы дасталі з тайніка нашу стрэльбу, паклалі яе на вялікі сасновы пень і нажоўкай, па чарзе, сталі настойліва шмараваць па метале. Лбы і спіны ў нас макрэлі ад поту, рукі балелі, а на жалезе з'явіліся хіба маленькія драпінкі...

Такім чынам, як ні стараліся, абрэз са стрэльбы мы не зрабілі, нажоўку (дакладней тое, што ад яе засталося) браты занеслі назад у паветку і павесілі на цвічок...

Што далей было, здагадацца не цяжка: пахадзілі па нас бацькоўскія дзягі, ды так, што «кавальскую пілку» помнім і сёння.

Ігар Пракаповіч, г. Паставы.

Фокус з яйцамі, альбо Каб нешта мець, трэба... сумець

Гэтыя два хлопцы (назавём іх Міхась і Антось) разам служылі ў войску і не проста пасябравалі — можна сказаць, пабраталіся: пасля службы завядзёнку завялі не толькі перапісвацца ды сазвоньвацца, а штогод бачыцца, праведваць адзін аднаго.

Той раз госця прымаў Міхась, прычым сам (жонка ў вёску з'ехала), што сябрам на руку: ніхто  нічога не кажа, не замінае, ні перад кім не сорамна...

Адвялі душу, «пагудзелі», пакуль неяк раніцай не ўбачылі, што ўсё не толькі выпіта, але і з'едзена.

— Добра б палячыцца, — уздыхнуў Міхась.

— Ёсць чым? — насцярожыўся Антось.

Сябра абмацаў кішэні, але дастаў хіба жменьку медзякоў:

— Рублі два набярэцца...

— І што за іx купіш? Піва?.. Ідзі, мо пазыч у суседзяў?

— Яны не дадуць... Xібa да швагеркі збегаць. Там спірт ёсць.

— Ты ж не ляпні, што на кампрэс бярэш, бо не дасць, — павучыў сябрука Антось.

— Не бойся. Я ведаю, што сказаць! — пахваліўся гаспадар і падаўся «ў госці».

Па дарозе, непадалёк ад дому, зазірнуў у краму — за тыя два рублі кyпіў дзясятак яец.

— Я на хвілінку, — з парога заявіў швагерцы. — Цешча во з вёскі гасцінца перадала, дык я прынёс.

— Дзякуй, Міхаська! — узрадавалася сваячка, прымаючы латок. — Праходзь, я табе зараз чарачку налью, яешню спяку.

— Не, бронь божа! Я зранку не п'ю, ды і часу не маю. А вось з сабою — вазьму, калі дасі...

— Ну чаму ж не даць? — замітусілася сваячка, і...

Хвілін праз колькі задаволены Міхась ужо адчыняў сваю кватэру.

— Будзем лячыцца! — весела заявіў дружбаку, ставячы на стол бутэльку.

— А на закусь нічога няма? — загарэлася вока ў Антося.

— Толькі фокус! — усміхнуўся Міхась і з кішэняў пінжака дастаў па яечку...

...У той самы час, але ў іншай кватэры яго швагерка захацела спарадкаваць матулін гасцінец, адкрыла ўпакоўку і нічога не зразумела: яец толькі восем, што яшчэ не бяды: колькі ў мамы было, столькі палажыла... Іншая рэч, што яйкі ўсе як адно: белыя і дробныя... А галоўнае на кожным — па сінім штампіку...

Фокус дый толькі!

Віталь Жураўскі, г. Жодзіна.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.