Вы тут

Аўтаматызацыя, электрыфікацыя, мясцовае паліва і аднаўляльная энергія


Дзяржпраграма энергазберажэння на 2021—2025 гады распрацавана з улікам скіраванасці эканамічнага развіцця Беларусі на зніжэнне залежнасці ад вуглевадароднага паліва і павышэнне энергаэфектыўнасці.


Для дасягнення дадзеных мэт плануецца стварыць 86 энергакрыніц на мясцовых відах паліва (МВП) магутнасцю каля 500 МВт. Гэта павялічыць аб'ём выкарыстання МВП на 130,7 тыс. тон умоўнага паліва (т. у. п.) і зменшыць спажыванне прыроднага газу на 113,7 млн м3. А ў 2021—2023 гадах, як мяркуецца, з'явяцца ўстаноўкі па выкарыстанні аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ) з электрамагутнасцю 129,5 МВт. На фінансаванне праграм прадугледжана 4,2 млрд рублёў. Сёлета плануецца патраціць 808,5 млн. Пра гэтыя і іншыя планы энергазберажэння ў Беларусі на пяцігодку расказалі эксперты.

Цеплапомпы, электратранспарт і мадэрнізацыя жылля

Павялічваць выкарыстанне электраэнергіі і зніжаць ужыванне прыроднага газу ў краіне на працягу найбліжэйшай пяцігодкі мяркуюць рознымі шляхамі, запэўнілі эксперты. Будуць і далей мадэрнізаваць вытворчасці, укараняць на іх перадавыя навукаёмістыя энергазберагальныя тэхналогіі, абсталяванне і матэрыялы, паглыбляць аўтаматызацыю і электрыфікацыю.

Збіраюцца максімальна выкарыстоўваць нізкапатэнцыяльныя другасныя энергетычныя рэсурсы, у тым ліку за кошт укаранення цеплапомпаў (паракампрэсійных і абструкцыйных).

Мяркуецца аптымізаваць схемы цеплазабеспячэння падчас новага будаўніцтва з павелічэннем выкарыстання электраэнергіі на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне, комплексна цепламадэрнізаваць аб'екты сацыяльнай сферы з прыцягненнем сродкаў уласнікаў жылых і нежылых памяшканняў.

У сельскай гаспадарцы будуць выкарыстоўваць электрацеплавыя ўстаноўкі. Працягнуць развівацца гарадскі электратранспарт і зарадная інфраструктура.

— Мэта дзяржпраграмы — павышэнне эфектыўнасці вытворчай сферы нацыянальнай эканомікі і ўмацаванне энергетычнай бяспекі краіны, — заўважыў Аляксандр ДАНІЛЕНКА, начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела Дэпартамента па энергаэфектыўнасці. — Стратэгічныя мэты ў сферы энергазберажэння, як і раней, — зніжэнне энергазалежнасці краіны ад імпартуемых энергарэсурсаў за кошт максімальна магчымага прыцягнення ў паліўна-энергетычны баланс рэспублікі ўласных паліўна-энергетычных рэсурсаў (ПЭР), у тым ліку АКЭ. А таксама стрымліванне росту валавога ўжывання ПЭР у працэсе эканамічнага развіцця краіны.

Паказчыкі ўстойлівага развіцця

Зніжэнне энергаёмістасці ВУП і павелічэнне долі АКЭ ў валавым спажыванні паліўна-энергетычных рэсурсаў — найважнейшыя паказчыкі ўстойлівага развіцця краіны, падкрэслілі эксперты.

Зводны мэтавы паказчык дзяржпраграмы — зніжэнне энергаёмістасці валавога ўнутранага прадукту (ВУП) да 2026 года не менш як на 7 % да леташняга ўзроўню пры тэмпах росту ВУП у гэтай пяцігодцы 121,5 %.

У Беларусі мяркуюць сэканоміць 2,5 млн тон умоўнага паліва (т. у. п.) паліўна-энергетычных рэсурсаў падчас пяцігодкі. А да 2026 года плануецца дасягнуць суадносін аб'ёмаў вытворчасці першаснай энергіі (без уліку атамнай) да валавога спажывання ПЭР не менш за 16,1 %. А суадносіны аб'ёмаў вытворчасці першаснай энергіі ад аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ) у валавым спажыванні да валавога спажывання ПЭР да 2026-га павінна павялічыцца на 7—8 %. Разам з Мінэнерга Дэпартамент зараз распрацоўвае, напрыклад, комплекс мер па эканоміі прыроднага газу.

Паказчыкі праграмы энергазберажэння на 2016—2020 гады ў цэлым былі выкананы. Гэта, у прыватнасці, зніжэнне энергаёмістасці ВУП, павелічэнне долі мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў і аднаўляльных крыніц энергіі, заўважыў Леанід ПАЛЯШЧУК, намеснік дырэктара Дэпартамента па энергаэфектыўнасці:

— У межах праграмы створана сто энергакрыніц на мясцовых відах паліва магутнасцю каля 480 МВт. Дадаткова створана яшчэ 17 энергакрыніц у розных арганізацыях, што дазволіла павялічыць долю МВП у цэлым па краіне.

Энергія адходаў і пелетаў

У планах Дэпартамента да 2025 года дасягнуць выкарыстання ў валавым спажыванні ПЭР 8 % аднаўляльных крыніц энергіі.

— Большасцю людзей аднаўляльныя крыніцы энергіі ўспрымаюцца як энергія сонца, ветра, геатэрмальная энергія. Сапраўды, мы ўкаранілі шмат падобных энергакрыніц: сонечныя і ветравыя станцыі, гелеакалектары. Аднак выкарыстоўваць энергію ад гэтых крыніц мяркуецца ў асноўным на ўласныя патрэбы арганізацый, а не пастаўляць вялікую колькасць электраэнергіі ў энергасістэму, — расказала Іна ЕЛІСЕЕВА, начальнік аддзела аналізу і прагназавання развіцця энергазберажэння Дэпартамента па энергаэфектыўнасці. — Такія важныя мясцовыя энергарэсурсы, як здабыча нафты і газу, не будуць павялічвацца ў гэтай пяцігодцы. Драйверам развіцця аднаўляльных крыніц энергіі ў Беларусі будзе біямаса (драўнянае паліва). Значнай часткай у паліўным балансе краіны стане выкарыстанне камунальных бытавых адходаў, якія будуць перапрацоўвацца ў паліва і ўжывацца на энергакрыніцах, а таксама ствараць з іх RDF-паліва для цэментных заводаў.

Пелетная вытворчасць — яшчэ адзін кірунак развіцця АКЭ ў Беларусі. Арганізацыя «Беллеспаперпрам» плануе стварыць буйное прадпрыемства такога плана, а Мінлясгас краіны — адкрыць яшчэ шэсць падобных вытворчасцяў.

Разглядаецца і такі праект, як выпрацоўка электраэнергіі на смеццеперапрацоўчым заводзе пад Мінскам.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Менш энергазалежнасці, больш эфектыўнасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».