Вы тут

У нядзелю пацяплее, месцамі да плюс 12


Не здаецца сёлета зіма, а дакладней — не здавалася... Халодны шырокі антыцыклон над еўрапейскай тэрыторыяй Расіі некалькі дзён стрымліваў перамяшчэнне на ўсход атлантычных цыклонаў, і ў нашай краіне назіраўся зімовы характар надвор'я з сярэднясутачнымі тэмпературамі на 1—5 градусаў халадней, чым звычайна.


Але ў найбліжэйшыя суткі сітуацыя зменіцца. У Паўночнай Атлантыцы ўтварыўся цыкланічны віхор, названы нямецкімі метэаролагамі «Клаус». Цыклон працягвае набіраць сілу і прабіваецца на ўсход. Ён істотна зменіць надвор'е ў многіх дзяржавах Еўропы, у тым ліку і ў нашай краіне, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

Фота: znaj.ua

Сёння ўдзень атмасферны ціск пачне інтэнсіўна падаць. Павялічыцца і ўшчыльніцца воблачнасць. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі ў выглядзе снегу і мокрага снегу, які будзе пераходзіць у дождж. Месцамі прагназуецца моцны снег, завіруха, магчымы слабы галалёд. На асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Максімальная тэмпература паветра ўдзень складзе ад мінус 2 градусаў па ўсходзе да 8 цяпла па паўднёвым захадзе краіны.

У выхадныя пачнецца доўгачаканае пацяпленне. У суботу і нядзелю наша краіна апынецца ва ўладзе цёплых паветраных мас атлантычнага паходжання і франтальных раздзелаў. Установіцца адліга. На большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Уначы і раніцай месцамі чакаюцца слабыя туман і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Вецер прагназуецца паўднёва-ўсходні, паўднёвы парывісты. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 4 марозу да 4 градусаў са знакам плюс. Удзень будзе плюс 3—10 градусаў, у паўднёвых раёнах месцамі да 12 цяпла.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у панядзелак і аўторак на наступным тыдні надвор'е істотна не зменіцца. Захаваецца павышаны тэмпературны рэжым, і ў многіх рэгіёнах пройдуць ападкі, у асноўным у выглядзе дажджу. Адносна цёплы дождж ды туманы будуць «з'ядаць» астатняе снежнае покрыва, якое за тыдзень наогул сыдзе.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: «Клаус» прынясе добрыя ападкі, а потым і цяпло

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.