Вы тут

У абдымках «спрута». Як італьянская мафія зарабляе падчас пандэміі?


У Італіі пачаўся буйны судовы працэс над мафіяй. Злачынны «спрут», як сцвярджае бок абвінавачання, стварыў і рэалізаваў сістэму, з дапамогай якой атрымаў не менш чым 55 мільярдаў еўра ў выглядзе субсідый на фермерства, што выдзяляюцца Еўрасаюзам.


На лаве падсудных — 97 абвінавачаных, разбіральніцтва будзе доўжыцца каля года, паведаміла Polіtіco. Суду неабходна будзе заслухаць да тысячы сведкаў, частка з якіх гатовая парушыць амерту — так званы «кодэкс гонару» італьянскай мафіі, згодна з якім даносы і сведчанні ўнутры кланаў недапушчальныя. Як крымінальныя «карпарацыі» зарабляюць падчас пандэміі?

Крымінальнае трыа

Паводле даных паліцэйскай службы Еўрасаюза Europol, у цэлым на тэрыторыі ЕС дзейнічае каля пяці тысяч арганізаваных злачынных груповак. Як вынікае з даклада італьянскага даследчага цэнтра Transcrіme, прысвечанага міжнароднай злачыннасці, іх прыбытак складае каля 110 мільярдаў еўра ў год.

Паводле даных Transcrіme, найбольшую частку гэтай сумы (28 млрд еўра ў год) злачынцы зарабляюць гандлем наркотыкамі. Усё больш прыбытковым бізнесам становіцца і падатковае махлярства, у прыватнасці крымінальныя схемы з ПДВ. Да іншых відаў нелегальнай дзейнасці адносяцца гандаль людзьмі, кантрабанда і незаконны гандаль тытунёвымі вырабамі і зброяй, адзначае Deutsche Welle.

Большая частка выручаных грошай «адмываецца» праз легальныя кампаніі: такія фірмы размешчаны, у першую чаргу, на поўдні Італіі, дзе арганізаваная злачыннасць мае глыбокія карані, а таксама ў найбуйнейшых еўрапейскіх партах і прыгранічных рэгіёнах ЕС. У тройку найбуйнейшых італьянскіх мафіёзных структур уваходзяць неапалітанская «Камора», сіцылійская «Коза ностра», а таксама групоўка «Ндрангета» з рэгіёна Калабрыя. Варта адзначыць, што апошняя лічыцца адным з найбольш багатых і ўплывовых злачынных кланаў у свеце і, акрамя Еўропы, дзейнічае на тэрыторыі Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, заўважае Deutsche Welle.

Кожная з крымінальных сетак аб'ядноўвае некалькі сем'яў, у руках якіх знаходзяцца велізарныя рэсурсы. Паводле ацэнак італьянскіх праваахоўных органаў, прыбытак адной толькі «Ндрангета» складае каля 50 мільярдаў еўра. Зрэшты, значная частка гэтай сумы прыпадае на даход ад інвестыцый групоўкі ў легальны — напрыклад, будаўнічы і рэстаранны — бізнес.

Лічыцца, што мафія аказвае моцны ўплыў на рэгіянальныя ўлады ў Італіі. Заклікаць членаў груповак да адказнасці часта няпроста з-за ўплыву кланаў на мясцовых суддзяў. Акрамя таго, большасць з работнікаў сферы правасуддзя адмаўляецца працаваць у раёнах, якія кантралююцца мафіяй.

Суд у бункеры

Цяперашні гучны судовы працэс над калабрыйскай мафіяй (ндрангета) праходзіць у мястэчку Ламецыя-Тэрма. Пасяджэнне праводзіцца ў спецыяльна ўзведзеным будынку бункернага тыпу — на выпадак нападу баевікоў, якія засталіся на волі. На лаве падсудных апынуліся сябры і верхаводы двух найбуйнейшых калабрыйскіх кланаў: Батанэзі і Бантэмпа Скаві. Сярод іх меркаваны бос адной са злачынных карпарацый Себасцьяна Бантэмпа, яго падручныя Блондзі і Віта Карлеонэ.

У загадзе аб арышце гаворыцца, што кланы «характарызуюцца моцнымі сямейнымі вузамі, гвалтам і жорсткасцю». Атабарыліся і дзейнічаюць абедзве арганізацыі ў вёсцы Тартарычы. У 1980-я і 1990-я гады сем'і вялі паміж сабой вайну за тэрыторыю, у выніку якой загінула больш за 40 чалавек. Аднак пазней ім удалося заключыць мір, а затым варагуючыя кланы і ўвогуле стварылі і пачалі выкарыстоўваць агульную схему махлярства.

Абвінавачанне спадзяецца не толькі асудзіць бандытаў і іх хаўруснікаў з мясцовых адміністрацый і партый, але і паказаць, як цесна крыміналітэт на поўдні паўвострава зросся з «добрапрыстойнымі» грамадзянамі і тымі, хто павінен з ім змагацца, адзначыў еxpert.ru. У супрацоўніцтве з мафіяй абвінавачваюцца колішні сенатар, шэф паліцыі, мясцовыя чыноўнікі і бізнесмены. Іх арыштоўвалі не толькі на Апенінах, але і ў Германіі, Швейцарыі і Балгарыі. Расследаваннем кіраваў спецпракурор Нікола Гратэры, які вядомы таксама і тым, што палову сваіх 60 гадоў пражыў пад пастаяннай аховай паліцыі.

Слуханні пачаліся на мінулым тыдні. У суддзі сышла цэлая гадзіна толькі на пералічэнне імёнаў бандытаў і іх памагатых, якія абвінавачваюцца ў цэлым «букеце» злачынстваў, уключаючы гандаль наркотыкамі і жывым таварам, махлярства, рэкет, стварэнне падстаўных кампаній і многае іншае.

Раскрадальнікі фондаў

Пералічваючы ўчыненыя абвінавачанымі злачынствы, суддзя згадала і раскраданне дапамогі Бруселя, назваўшы яго «каласальным махлярствам, якое заключаецца ў раскраданні датацый Еўрасаюза ў велізарных маштабах і даведзена да дасканаласці». Сенатар Марыла Джыаруса, які шмат гадоў змагаецца з аргзлачыннасцю, выказаў надзею, што ў ходзе працэсу ўдасца выявіць механізм гэтай аферы агульнаеўрапейскага маштабу. Ён таксама звярнуў увагу на змену падыходу судовых уладаў да гэтага віду дзейнасці мафіі. Раней крадзеж еўрапейскіх датацый лічыўся звычайным махлярствам, за якое было прадугледжана адносна мяккае пакаранне. Цяпер жа такія супрацьпраўныя дзеянні кваліфікуюцца як злачынствы, учыненыя крымінальнымі арганізацыямі. Гэта значыць, што яны трапляюць у сферу дзеяння антымафіёзных законаў, вельмі жорсткіх на Апенінах. Асобным раскрадальнікам еўрапейскіх фондаў цяпер пагражае да 25 гадоў турмы.

Шмат хто ў Італіі сёння задаецца пытаннем, колькі з 13,5 мільярда еўра, якія Брусель выдзяляе ў найбліжэйшыя два гады на аднаўленне італьянскай эканомікі, трапіць у кішэні мафіі? Дакладнага адказу, натуральна, не ведае ніхто, аднак усе згодныя, што страт вельмі шмат. Усім зразумела, што на лаве падсудных аказалася далёка не ўся арганізаваная злачыннасць. Калабрыя — гэта толькі «мысок» італьянскага «бота», на паўднёвы захад ад якога знаходзіцца ўсім вядомая сваімі мафіёзнымі кланамі Сіцылія.

«Мы ў роспачы, таму што сітуацыя склалася вельмі драматычная, — заўважыў вядучы радыёстанцыі Radіo Sіanі і барацьбіт з мафіяй Джузэпэ Скогнамігліа. — Кланы дасягнулі дасканаласці ў раскраданні фондаў. Яны выдатна ведаюць, як, дзе і на каго трэба націснуць».

«Мафія выбірала кампаніі, чые пазіцыі лепш за ўсё падыходзяць для ўдзелу ў тэндарах фонду аднаўлення. Асабліва яе цікавілі сектары аховы здароўя і інфраструктуры, якія атрымаюць большую частку грошай. Яна паспрабуе забраць усё. Мы павінны паклапаціцца, каб злачынцам не дасталося ніводнага еўра», — адзначыў галоўны следчы Італіі ў сферы арганізаванай злачыннасці Маўрыцыа Валонэ ў інтэрв'ю Bloomberg.

Мафія скарысталася складанай сітуацыяй, каб захапіць малыя і сярэднія кампаніі, якім тэрмінова патрэбная ліквіднасць на фоне абвалу эканомікі. Па словах Маўрыцыа Валонэ, мафія звычайна «купляе» ўплыў на кампаніі праз акцыянерны капітал, ліхвярскае фінансаванне праблемнага бізнесу альбо выкарыстоўвае кампаніі праз схаванага партнёра. Колькасць падазроных фінансавых аперацый, паводле падлікаў Банка Італіі, вырасла ў мінулым годзе на сем працэнтаў — да 113 тысяч.

У 2014—2020 гадах Еўрасаюз пералічыў Італіі ў выглядзе датацый і дапамогі 77 мільярдаў еўра. Два гады таму сенацкі камітэт па ацэнцы наступстваў і фінансавая гвардыя правялі расследаванне і прыйшлі да высновы, што ў шасці з дзесяці выпадкаў сродкі гэтых фондаў трапляюць у кішэні бандытаў і махляроў. Прычым на долю поўдня прыпадае 85 працэнтаў усіх такіх схем у краіне.

Зямля ў заложніках

Асноўны інструмент еўрапейскай аграпалітыкі — прамыя субсідыі, прывязаныя да плошчы палеткаў, якія апрацоўваюцца. Бок абвінавачання сцвярджае, што падсудныя давалі хабар чыноўнікам, каб атрымаць інфармацыю аб тых участках зямлі, на якія ЕС не выдзеліў субсідыі. Таксама мясцовыя ўлады дапамагалі пазбегнуць запытаў ад фермераў на субсідзіраванне гэтых тэрыторый.

Абодва мафіёзныя кланы заключалі фальшывыя дагаворы арэнды, прысвойвалі сабе зямлю, не займаючыся сельскай гаспадаркай. Некаторыя заяўкі на субсідзіраванне былі пададзены на такія ўчасткі, якія не дазвалялі займацца фермерствам. У прыватнасці, сродкі былі выдзелены на тэрыторыю, якая належыць каталіцкай царкве, або на ўчастак, дзе будавалася чыгунка, адзначае gazeta.ru. Пасля серыі арыштаў трое з абвінавачаных сталі сведкамі — яны прадставілі следчым новыя доказы, якія сведчаць аб тым, што схема махлярства з субсідыямі ЕС рэалізоўвалася з 1990-х.

Упершыню ўлады краіны западозрылі, што сродкі на сельскую гаспадарку ідуць не па прызначэнні, у 2012 годзе. Тады Джузэпэ Антоцы, які ўзначальваў на той момант рэгіён Небродзі, даручыў правесці праверку і даць яму інфармацыю пра ўсіх грамадзян, якія запытвалі субсідыі. У 2016-м на Антоцы быў здзейснены замах, які стаў самым гучным нападам на палітыка ў Італіі з 1990-х гадоў. Дарэчы, з тых часоў ён па-ранейшаму знаходзіцца пад дзяржаўнай аховай.

На мінулым тыдні Антоцы наведаў судовае пасяджэнне ў Ламецыя-Тэрма. «Я хачу паглядзець у вочы тым, хто дзесяцігоддзямі трымаў гэтую зямлю ў заложніках», — сказаў ён журналістам. Па словах Антоцы, ахвярамі мафіі сталі не толькі Еўрасаюз і падаткаплацельшчыкі садружнасці, але таксама італьянскія жыхары — «фермеры, маладыя людзі, якія хочуць адкрыць сваю справу, хочуць знайсці магчымасць застацца ў сваім родным горадзе».

Судовы працэс у Італіі можа стаць толькі першай такой справай, заўважае gazeta.ru. Партыя «Зялёныя» на мінулым тыдні прадставіла даклад у Еўрапарламенце, у якім падрабязна апісваюцца схемы махлярства, звязаныя з еўрапейскімі сельскагаспадарчымі фондамі ў пяці краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Улічваючы той факт, што Італія павінна стаць найбуйнейшым бенефіцыярам фонду аднаўлення ЕС — механізму дапамогі найбольш пацярпелым ад пандэміі краінам — да гэтай справы прыкавана ўвага ўсёй садружнасці. Як адзначае Polіtіco, судовы працэс можа ў аднолькавай ступені як выклікаць апасенні ўнутры Еўрасаюза адносна размеркавання сродкаў у Італіі, так і прадэманстраваць, што Рым сур'ёзна настроены не дапусціць падобных растрат.

Паралельна з гэтым у Італіі праходзіць найбуйнейшы за 30 гадоў судовы працэс супраць мафіі. На лаве падсудных апынуўся найбольш магутны клан калабрыйскай мафіі «Ндрангета», сям'я Манчоза. Сярод іх — кіраўнік сям'і 66-гадовы Луіджы (Дзядзька) Манчоза і яго падручныя з мянушкамі Воўк, Таўстун і Бялявы. Усяго перад судом, які пачаўся ў студзені, паўсталі 355 удзельнікаў «Ндрангеты» і звязаных з імі палітыкаў, у тым ліку і некалькі мэраў, бізнесменаў і юрыстаў. Бок абвінавачання лічыць, што гэты мафіёзны клан займаўся пастаўкай какаіну ў Еўропу і ліхвярствам. Лічыцца, што «Ндрангета» кантралюе 80 працэнтаў гандлю какаінам ва ўсёй Еўропе.

Дарэчы, апошні судовы працэс падобнага маштабу праходзіў у Італіі ў 1986—1987 гадах і завяршыўся асуджэннем 338 удзельнікаў сіцылійскай банды «Коза ностра». Пракуроры Джавані Фальконэ і Паола Барселіна пасля былі забітыя мафіяй.

Захар БУРАК

Прэв’ю з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

Тэст. Блізка да зор: беларусы і космас

12 красавіка спаўняецца 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. На гэтым тыдні давядзецца сабрацца — ад вас спатрэбяцца стойкасць і цярпенне.

Культура

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Адзін з самых жорсткіх канцлагераў ХХ стагоддзя знаходзіўся ў 1930-я ў Бярозе-Картузскай

Абеліск у памяць пра вязняў канцлагера стаіць крыху наводдаль.

Грамадства

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Як засцерагчы сябе ад нітратаў?

Медыкі раяць налягаць на вясновую зеляніну.