Вы тут

​Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Валерый Бельскі правёў прыём грамадзян у Гродзенскім аграрным універсітэце


Большасць пытанняў датычылася менавіта аграрнай сферы — прэстыжу прафесіі, замацаванасці кадраў. Але не толькі. Гродзенец Сяргей Буднік прыйшоў на прыём з прапановамі па некаторых сацыяльных пытаннях. У прыватнасці, яго хвалюе дэмаграфічная сітуацыя і перспектыва пенсійнага забеспячэння.


Фота: БелТА.

Так, пенсіянер лічыць, што для паляпшэння дэмаграфіі трэба скіраваць грамадства на шматдзетныя сем'і. Пры гэтым, дзяцей павінна быць, як мінімум, пяцёра. Такіх жанчын варта забяспечваць заработнай платай. Таксама гродзенец прапанаваў сваю схему пенсійнай сістэмы, у прыватнасці, скарыстацца назапашвальным прынцыпам пенсійнага забеспячэння. Валерый Бельскі паабяцаў абмеркаваць гэтую тэму з вучонымі і Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны.

Злабадзённа прагучалі прапановы прадстаўнікоў аграрнага ўніверсітэта. У прыватнасці, Сяргей Юргель, начальнік вучэбна-метадычнага аддзела, узняў праблему прэстыжу аграрнай прафесіі. Ён лічыць, што да работы па прафарыентацыі варта далучыцца мясцовым органам улады і сельгаспрадпрыемствам. Заўвага слушная, лічыць Валерый Бельскі. Адпаведныя рэкамендацыі будуць накіраваны ў мясцовыя органы ўлады.

Дзяржавай прадугледжана нямала мер замацавання кадраў. Гэта і даплата за першыя два гады працы ад сельгаспрадпрыемства і яшчэ тры гады — ад дзяржавы. Удзяляецца ўвага і жыллёвай праблеме. Увогуле па замацаванні менавіта маладых кадраў у глыбінцы выдадзена шэсць указаў Прэзідэнта, таму гэтая работа ў дзяржаве вядзецца мэтанакіравана, падкрэсліў Валерый Бельскі. Гэтыя дакументы дазваляюць кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў знаходзіць крыніцы фінансавання для падтрымкі маладых спецыялістаў, і гэтым многія карыстаюцца. Увогуле, замацаванне кадраў — важны паказчык у рабоце сельгаспрадпрыемства. Для кіраўнікоў-аграрыяў нават у кантракце запісана аб неабходнасці вырашэння кадравых пытанняў. Гэты паказчык — адзін з найважнейшых у эканамічным стане гаспадаркі.

— Што датычыцца дапамогі мясцовых органаў улады, такая работа вядзецца — гэта мэтавыя наборы. Пачалі працаваць аграрныя класы. Гэты кірунак пад кантролем дзяржавы. І ўсё ж лепш за саміх супрацоўнікаў ВНУ гэтую работу ніхто не правядзе, — упэўнены Валерый Бельскі.

Разам з тым ёсць і рашэнні, скіраваныя на павышэнне прэстыжу аграрных прафесій, стымуляванне паступлення ў профільныя навучальныя ўстановы.

Праблему фінансавання навуковай дзейнасці ВНУ выказаў прарэктар па навуковай рабоце ўніверсітэта Валянцін Пяшко. На думку прадстаўніка аграрнай ВНУ, варта стварыць спецыяльны фонд для такога роду даследаванняў. Сапраўды, пытанне слушнае і заслугоўвае разгляду. Разам з тым, зазначалася падчас размовы памочнікам Прэзідэнта, у гэтым плане было б правільным прыцягваць да навуковай работы мясцовыя сельгаспрадпрыемствы. У рэгіёне нямала даволі моцных гаспадарак, якія могуць дазволіць сабе фінансаванне цікавых распрацовак з укараненнем іх у сябе. Для атрымання сродкаў з дзяржаўных крыніц патрэбна прайсці даволі жорсткую экспертызу.

— Асноўныя пытанні датычыліся сацыяльнай сферы, — падвёў вынікі прыёму грамадзян Валерый Бельскі. — Вядома, задавальняе тое, што людзі прыходзяць са сваімі прапановамі. Гэта дазваляе атрымаць з месцаў інфармацыю аб тым, чым жыве грамадства і што хвалюе людзей. І сапраўды, выказваюцца даволі слушныя ідэі, якія заслугоўваюць увагі. Напрыклад, пытанне змешанага пенсійнага забеспячэння ад нераўнадушнага гродзенца. Таксама нямала пытанняў паступіла і ад прадстаўнікоў аграрнага ўніверсітэта, які стаў пляцоўкай для гэтага прыёму. Вядома, заслугоўвае ўвагі прафарыентацыйная работа і замацаванне кадраў. Адміністрацыйны рэсурс у нейкай ступені садзейнічае наданню імпульсу ў гэтым кірунку. І мы дамовіліся, што задзейнічаем у гэтай справе профільныя грамадскія аб'яднанні.

Памочнік Прэзідэнта дадаў, што сёлета чакаюцца новыя рашэнні па прыёме ў аграрныя ВНУ. Увогуле, адпаведны аспект у жыцці грамадства толькі ўзрастае.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Сацыяльны пакет і аграрны прэстыж

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».