Вы тут

Акцёр Алег Коц: Свайго Гамлета я яшчэ не сыграў


Некаторым акцёр Алег Коц запомніўся па спектаклях «Ідэальны муж», «Гора ад розуму», «Запіскі стомленага рамантыка», а сам ён сумуе па ролях у «Карчмарцы», «Хітрыках Ханумы», якія іграе ў НАДТ імя Максіма Горкага. Вобразы, увасобленыя ім на экране і ў тэатры, налічваюцца дзясяткамі, а паралельна Алег Уладзіміравіч рэалізоўваецца ў якасці кіраўніка тэатральнай студыі і як рэжысёр «Тэатра на Нямізе». «Я не бачу сябе ні ў чым, акрамя акцёрства і рэжысуры. Нават калі б змяніў прафесію, то ўсё роўна ў душы працягваў бы іграць» — гэтыя яго словы доўга не адпускалі мяне пасля нашай сустрэчы. Мы пагаварылі пра сучасны тэатр і яго магчымасці, пра ўменне апраўдваць і любіць, а галоўнае, верыць, што ваша — вас знойдзе, калі слухаць покліч сэрца.


«Любоў здольная перамагчы і супрацьстаяць злу...»

— Нядаўна ў вашым «Тэатры на Нямізе» адбылася прэм'ера — спектакль «FouR: Rooms». Раскажыце аб канцэпцыі форум-тэатра, якая стала асновай пастаноўкі.

— У далёкім 2008 годзе нас з калегамі запрасілі ўзяць удзел у майстар-класе па метадалогіі форум-тэатру. Яго праводзілі спецыялісты са Швецыі і Галандыі. Сам па сабе форум-тэатр (як спосаб камунікацыі акцёраў і гледачоў) узнік у Лацінскай Амерыцы і Бразіліі, калі мясцовыя жанчыны збіраліся разам, каб прайграць нейкія жыццёвыя сцэны і знайсці рашэнне, як паводзіць сябе ў той ці іншай сітуацыі. Справа ў тым, што там жанчыны мелі менш правоў, і над імі чыніўся гвалт рознага характару.

А спецыялістаў, якія дазволілі б разабрацца з псіхалагічнымі, сямейнымі праблемамі, проста не было. Таму такая форма тэатру і дапамагала людзям. Пазней у канцэпцыю гэта аформіў Аўгуста Боаль, і яна пачала называцца «тэатр прыгнечаных». Там дзейнічаюць прыгнятальнік, прыгнечаны і Джокер, які, нібы вядучы, каардынуе падзеі. Кожны раз, калі прайграецца сітуацыя, глядач назірае адзін і той жа сюжэт. Напрыклад, паказваецца, што ў адносінах да жанчыны чыніцца гвалт. Форум-тэатр дазваляе разабраць сітуацыю па дэталях, даведацца, хто што адчувае, чым матываваныя яго ўчынкі і г. д. Гледачу праз паглыбленне ў такі кантэкст прапаноўваецца гульня, дзе ён можа паўплываць на сітуацыю, замяніўшы любога дзеючага персанажа. То-бок тэатр дае не толькі сутыкненне з нейкай праблематыкай, але і інструменты, як дзейнічаць у залежнасці ад абставін. Калі, напрыклад, ёсць у зале юрысты, то яны падкажуць, як і што можна тут зрабіць з юрыдычнага боку.

— Як такая форма ўзаемадзеяння з гледачом уплывае на саміх акцёраў?

— Яна цікавая для абодвух бакоў. Для артыста тут ёсць пэўная складанасць, бо трэба вельмі добра і глыбока прапрацоўваць свайго персанажа. Выбудоўваеш усе думкі, пачуцці, гісторыю, бо глядач можа спыніць дзеянне і пацікавіцца любой інфармацыяй: пра дзяцінства героя, пра яго блізкіх людзей, пра мінулае альбо будучыню... На цябе такім чынам навальваецца шмат пытанняў, плюс трэба трымаць напружанне. Той жа Джокер — таксама не проста вядучы. Яму трэба падвесці да таго, каб у цікавай і забаўляльнай форме атрымалася знайсці патрэбныя інструменты для вырашэння акрэсленай праблемы. Тут аб'ядноўваюцца ўзаемадзеянне акцёраў і публікі, спагада герою і таму, што з ім адбываецца, зварот да жыццёвага вопыту гледачоў. І дзякуючы гэтаму ў выніку адбываецца выздараўленне.

— Ці варта чакаць працягу работы вашага тэатра ў гэтым кірунку?

— Пасля прэм'еры мы атрымалі шмат водгукаў, і людзі просяць, каб з'явіліся гісторыі, якія будуць адлюстроўваць сітуацыі з розных сфер жыцця і на прыкладзе розных сацыяльных груп. Таксама са снежня мінулага года ў нас былі перагаворы з міжнароднай арганізацыяй «SOS — Дзіцячыя вёскі», і цяпер падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве. З сакавіка да чэрвеня мы будзем працаваць над стварэннем спектакляў, у якіх задзейнічаны супрацоўнікі і падапечныя «SOS — Дзіцячыя вёскі» ў Мінску. Галоўная тэма, якую будзем агучваць, гэта гвалт над непаўналетнімі. У нас быў брыфінг з псіхолагамі, якія працуюць з такімі дзецьмі. Тое, што адбываецца сёння, — проста катастрофа. Хацелася б, каб спектаклі пасля маглі ўбачыць падлеткі і моладзь, магчыма, тады ўдасца зрабіць хоць нейкую прафілактыку падобных трагедый. Хочацца, каб падлеткі навучыліся правільна рэагаваць на падобныя сітуацыі. Лозунг нашых пастановак будзе «Не маўчы». Бо сёння ў нас яшчэ многія тэмы пад забаронай, і калі здараецца бяда, то асноўная прэтэнзія да дарослых — бацькоў, настаўнікаў, якія замоўчваюць усё гэта, таму што так лягчэй. І калі пасля нашых спектакляў людзі зададуцца пытаннямі, як прадухіліць падобнае, то гэта ўжо будзе крок да рашэння праблемы. Нам, артыстам, гаварыць пра такога ўзроўню праблемы таксама няпроста. Але веру, што мы знойдзем спосаб, каб гэта было не пагружэнне ў цемру, а давала надзею. Будзем рабіць стаўку на любоў, бо толькі яна здольная перамагчы і супрацьстаяць любому злу...

«Я разумею, што здольны зрабіць больш...»

— Калі вашу ўласную біяграфію адматаць, то ў які момант вы ўбачылі сябе ў акцёрстве?

— Мой прыход у прафесію атрымаўся спецыфічны. Пасля дзявятага і дзясятага класаў двойчы паступаў у радыётэхнічны каледж, аднак кожны раз лёс мяне адтуль выштурхоўваў. Я з тэмпературай прыходзіў на іспыты і часткова іх завальваў. І толькі пасля адзінаццатага класа я падумаў: а можа, паспрабаваць пайсці ў артысты? Склад розуму ў мяне гуманітарны плюс быў вопыт гульні ў КВЗ. Запісаўся ў тэатральную студыю пры ДК МАЗ. Там сыграў Караля ў навагодняй пастаноўцы, і мне настолькі спадабалася, што вырашыў паступаць. Прыйшоў у Акадэмію мастацтваў, дзе курс тады набіраў Уладзімір Мішчанчук, і ўсё атрымалася. А пасля пачалася вучоба, і падчас зімовай сесіі мне сказалі, што я «не дацягваю». Тады прачнулася ўва мне самалюбства: як так, я ж іграў Караля ў «Папялушцы»? І вось з таго моманту прыйшло больш сур'ёзнае ўспрыманне прафесіі.

Потым у маім жыцці з'явіўся рэжысёр Барыс Луцэнка, які на той момант кіраваў Горкаўскім тэатрам. Ён вырашыў з нашым курсам паставіць «Сон на Кургане» Янкі Купалы. Але ролі не раздаваў, а сказаў, што з часам стане ясна, хто каго варты. Я зразумеў, што хачу паказаць сябе, і ў выніку сыграў галоўную ролю. З часам наш курс узялі ў тэатр і пачалі ўводзіць у спектаклі. І ўжо пасля заканчэння акадэміі я прыйшоў туды працаваць. Там знайшоў сваю сям'ю, свой дом.

— Калі з'явілася адчуванне ўласнага поспеху?

— Я не лічу сябе рэалізаваным у тэатры і ў кіно, хоць на маім творчым рахунку ўжо дзясяткі спектакляў і фільмаў. Разумею, што магу зрабіць больш. Справа ў тым, што ёсць такое паняцце, як «тыпаж». І я не адпавядаю тым тыпажам, пад якія пішуцца галоўныя ролі. Я бачу для сябе тут аналогію з лёсамі Нікуліна і Папанава, калі камедыйная харызма перамагала ўнутраны змест. І для таго, каб мне сыграць нешта большае, патрэбен рэжысёр, які паверыць у мяне і здолее дастаць тое, што ёсць унутры мяне. Калі пастаянна іграеш харызматычных чыноўнікаў, бандытаў, міліцыянераў, то ў нейкі момант прывыкаеш да гэтага. А больш глыбінныя псіхалагічныя здольнасці хаваюцца да лепшых часоў. Сваімі цікавымі праектамі з нядаўніх лічу серыял «Горад нявест» і фільм «Сляды апосталаў-2». У апошнім я быў доктарам, і рэжысёр нам напярэдадні здымак забараніў стрыгчыся і галіцца. Атрымалася цікавае ўжыванне ў ролю, бо здымкі праходзілі зімой, там сцэны баталій, мы размаўлялі па-французску... Калі вяртацца да размовы пра паспяховасць, проста ёсць мая ніша, і ў ёй я працую якасна, што дае задавальненне і мне, і гледачам. Аднак свайго Гамлета яшчэ не сыграў.

— Калі паспрабаваць уявіць зборны вобраз вашага рэжысёра, то хто гэта?

— Мой рэжысёр — Аркадзь Кац. Яму нядаўна споўнілася 90 гадоў, але ён працягвае ставіць спектаклі. Для мяне гэта мегапрафесіянал і эталон сярод рэжысёраў. Спектаклі, якія ён паставіў пятнаццаць гадоў таму, і дагэтуль ідуць у нашым тэатры з аншлагамі. Напрыклад, у пастаноўцы «Ідэальны муж» я іграю дварэцкага, і мая роля займае, можа, паўстаронкі тэксту, але па-ранейшаму я атрымліваю каласальнае задавальненне ад кожнага выхаду ў гэтым спектаклі. Вось яна, здольнасць рэжысёра ўсё выбудаваць так, каб акцёрам хацелася іграць і яны не стамляліся.

«Акцёрства — пастаянная размова з самім сабой...»

— У фільме «Янка Купала» ваш персанаж — чалавек сістэмы, які наводзіць парадак па загадзе кіраўніцтва, але пра сваю ролю вы кажаце: «Мой герой не адмоўны, ён проста свята верыць у тое, што робіць». Вы яго апраўдваеце?

— Невялікая перадгісторыя. Паваротнымі ў маім лёсе сталі здымкі ў фільме «У жніўні 41-га», дзе зняліся таксама Расціслаў Янкоўскі і Уладзімір Янкоўскі. І пасля гэтай кінастужкі ў тэатры Расціслаў Іванавіч сустрэў мяне і кажа з гумарам, маючы на ўвазе маю ролю ў фільме: «Які ж ты нягоднік, Коц. Проста жахліва!» І вось на здымках «Купалы» размаўлялі мы з Уладзімірам Янкоўскім, і ён распавядаў пра арышты, якія былі ў яго сям'і. У ходзе размовы ўзнікла пытанне: ці ёсць у тых, хто арыштоўваў, сумленне? І тут прыгадалі сіндром «посттраўматычнага стрэсавага расстройства». Вучоныя даказалі, што чалавек, які забіваў на вайне і свята верыў, што робіць гэта дзеля Радзімы, не мае гэтага сіндрому. А калі без веры, то чалавек сутыкаецца з наступствамі. І вось я пачаў думаць пра свайго персанажа: так, ён жорсткі, выконвае загады, а што ж ён адчувае і як будзе жыць у старасці з такімі ўспамінамі? І я прыняў для сябе пазіцыю, што мой персанаж не мучыцца ад згрызот сумлення, бо верыць, што дзейнічае ў імя дабра і справядлівасці. Тэатр і кіно не павінны раздзяляць нешта на чорнае і белае, бо ў чорным ёсць заўсёды белае і наадварот. І такое мастацтва нашмат цікавейшае. А глядач няхай сам робіць высновы...

— А ў вас здараюцца моманты выгарання?

— Безумоўна, але я навучыўся аднаўляцца. Найлепшы спосаб — пабыць аднаму. Бо мы ў гарадской мітусні вельмі рэдка бываем сам-насам з сабой. Для мяне, напрыклад, дзень за горадам у адзіноце — як тыдзень адпачынку. Яшчэ ёсць такая рэч, як месца сілы. Для мяне гэта мая акцёрская студыя, бо тут я акружыў сябе тымі людзьмі і рэчамі, якія хачу бачыць штодня.

— За столькі гадоў у прафесіі ці спраўдзіліся чаканні ад яе?

— Любая тэатральная ВНУ рыхтуе артыста да тэатра. Але летуценныя студэнты трапляюць у свет, які жыве па жорсткіх законах. У прафесіі выжывае мацнейшы, але вырашальныя не сіла і нават не талент, а працаздольнасць. Барыс Іванавіч Луцэнка некалі даў добрую формулу поспеху, і для мяне яна працуе: ёсць тры складнікі — талент, працаздольнасць і ўдача. На першым месцы — удача, на другім — працаздольнасць і толькі пасля — талент. Удача — гэта твой рэжысёр, добры спектакль, супадзенне з партнёрам, ролі, якія раскрыюць ваш патэнцыял. Удача — гэта і гледачы. А працаздольнасць, у сваю чаргу, развівае талент. Таму юнацкія мары і ўяўленні аб акцёрстве з гадамі ператварыліся ў рацыянальны падыход. Словы Станіслаўскага «Не любі сябе ў мастацтве, а любі мастацтва ў сабе» тут вельмі падыходзяць. Калі ты з каронай на галаве альбо з «зорнай хваробай», то ў тэатры можаш расчаравацца і ў выніку ўвогуле сысці з прафесіі.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва акцёра

Выбар рэдакцыі

Грамадства

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

10 прадуктаў-антыдэпрэсантаў, якія абавязкова павінны быць на вашым стале

Добры настрой — гэта падмурак высокай якасці нашага жыцця.

Грамадства

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

З акцэнтам на вусны. Правільны макіяж для сталых людзей

Многія жанчыны лічаць, што макіяж ў сталым узросце рабіць не варта, таму што гэта «дадае гадоў».

Культура

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

Літаратурная вандроўка на Уздзеншчыну. Што цікавага ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі

 У сценах установы ў межах літаратурна-музычнай імпрэзы прагучалі вершы і песні.