Вы тут

«Я пішу радасць». Зоркі Леаніда Шчамялёва


Чорны капялюш, паласаты шалік, пэндзлі з рэшткамі засохлай фарбы, старая палітра...

Асацыяцыі відавочныя: мы ў майстэрні мастака.

Гэтак выглядае фрагмент выстаўкі «Праз церні да зорак. Per aspera ad astra», якая адкрылася ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Шчамялёва. Экспазіцыя адчынілася на сорак другі дзень пасля смерці Майстра, сабраліся ягоныя сваякі, сябры, калегі... Успаміналі цёпла. Шчыра.

Гэткім жа шчырым у жыцці і творчасці быў і ён. «Ні кроплі зайздрасці ні да каго ў яго не было», — паўтаралі многія.


Чорна-белы каталог

Каля сотні работ, вядомых і невядомых, асабістыя рэчы, рэдкія фотаздымкі і дакументы. Адкрыцці ў спадчыне яшчэ чакаюцца, лічыць першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч.

— Калі разбіралі кнігі ў майстэрні Леаніда Шчамялёва, знайшлося вельмі шмат малюнкаў. Яны беглыя, хуткія, магчыма, майстар проста так мысліў — яму трэба было маляваць, каб аформіць думкі і эмоцыі. Гэта ўсё можа быць выдадзена і адкрые майстра па-новаму.

— Глядзіш на ягоныя работы — здаецца, ён побач. Бо ўсе яго карціны — гэта аўтапартрэт, — разважаў вядомы мастацтвазнаўца Барыс Крэпак. — Сёння 42 дні, як яго няма... Калі яму было 42 гады, мы з ім пазнаёміліся. Мне было 25. Розніца ва ўзросце нібыта сур'ёзная, але за гады нашага знаёмства яна ніколі не адчувалася, ніколі за 55 гадоў сяброўства сур'ёзна не пасварыліся.

Барыс Крэпак падарыў галерэі свае кнігі пра Шчамялёва, а галоўнае — рарытэт: самы ранні каталог першай персанальнай выстаўкі мастака. Сціплы, чорна-белы. Выданне такіх невялікіх брашур было эксперыментам, меркавалася зрабіць выпускі пастаяннымі, праз танныя зручныя выданні папулярызаваць творчасць беларускіх мастакоў. Але гэта аказаўся першы і апошні выпуск.

Кветкі для Аладавай

— Калі б мне зараз сказалі адным словам ахарактарызаваць творчасць Шчамялёва, я сказала б «радасць», — здзівіла прысутных вядомая мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн. — Чаму? Аднойчы Шчамялёву на сустрэчы з гледачамі задалі пытанне: «У жыцці столькі гора, чарнаты, а ў вас на палотнах усё ззяе, мігціць, як быццам у жыцці толькі радасць...» Леанід Дзмітрыевіч сказаў тады: «Вы самі адказалі на сваё пытанне. У жыцці столькі гора, чарнаты, цемры, няхай хоць бы ў мастацтве будзе радасць. Я люблю радасць, і я пішу яе». Гэта быў яго дэвіз. Але тое не значыць, што ўсё яго жыццё было ўсыпана ружамі. Ён тварыў у няпросты час. Стаяў каля вытокаў «суровага стылю», «візітоўка» гэтага стылю — палатно Шчамялёва «Маё нараджэнне».

Сапраўды, гэта пацвярджаюць словы самога мастака, што ён, хоць прайшоў усю вайну, не хоча паказваць яе жахі: «Чалавеку патрэбна прыгажосць. Калі чалавек здольны радавацца сонечнаму променю і спевам птушак, значыць, усё добра. Мастак таксама нараджаецца, калі адчувае захапленне».

Ларыса Фінкельштэйн распавяла, як ставілася да карцін Шчамялёва легендарная Аладава, дырэктар і стваральніца Нацыянальнага мастацкага музея.

— Алена Аладава была вялікім экспазітарам. Дык вось, ёсць у Шчамялёва такая работа — нацюрморт з цюльпанамі. Калі былі сур'ёзныя выстаўкі ў Палацы мастацтваў, напрыклад, да дня Перамогі, Алена Васілеўна заўсёды прыносіла гэтую работу з музея і ўпрыгожвала ёю экспазіцыю.

Колеравая чысціня майстэрні

У 2005 годзе ў серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» дзякуючы Барысу Крэпаку выйшла кніга, прысвечаная жыццю і творчасці Леаніда Шчамялёва, пра гэта нагадаў галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» паэт Віктар Шніп. А летась Віктар Анатолевіч стаў складальнікам чарговай кнігі серыі выдавецтва «100 вершаў» — паэзія Генадзя Бураўкіна, праілюстраваная рэпрадукцыямі Леаніда Шчамялёва: менавіта яго карціны абралі «кампаньёнамі» да вершаў Бураўкіна сваякі паэта.

«Сыплецца снег —

гэта белая фарба ад Бога,

Сёння яе вельмі многа на белай зямлі,

Дзе і твая стала крыжам у неба дарога,

І адляцелі твае па-над ёй жураўлі» 

— гэта радкі з балады Віктара Шніпа, прысвечанай мастаку.

Пра сваю музу, жонку Святлану Мікалаеўну, Леанід Шчамялёў казаў: «Яна не проста цудоўная жанчына, маці, гаспадыня, сябар. Але і аб'ектыўны крытык маёй творчасці. А яшчэ мая найлепшая мадэль».

Сапраўды, шмат з якіх палотнаў выстаўкі глядзеў пазнавальны прыгожы твар з тонкімі рысамі... Святлана Мікалаеўна расказала, што Леанід Дзмітрыевіч любіў выстаўляць свае карціны.

— Ён хацеў, каб тое захапленне, якое ён адчуваў перад жыццём, адчулі іншыя. Апошнія пару гадоў ужо не мог хадзіць, але прасіў унука, каб той зняў выстаўкі, дзе былі яго работы, і вельмі чакаў тых фотаздымкаў. Ён так і не стаў стары — яго цікавіла ўсё, здавалася, зусім не задумваецца пра сваю хваробу, толькі пра тое, як на наступнай выстаўцы нешта паказаць.

Яшчэ Святлана Мікалаеўна ўспомніла выпадак, калі дзяўчына-рэжысёр аднаго з фільмаў пра Шчамялёва заўважыла, што яго майстэрня ад іншых адрознівалася адчуваннем чысціні — гэта была чысціня колераў карцін.

Касмічны хляўчук на Грушаўцы

Сябар сям'і, вядомы фізік і дыпламат Ігар Малевіч, аўтар кнігі пра мінскую Грушаўку, расказаў, што калі яны са Шчамялёвым пазнаёміліся, у таго на Грушаўцы была маленькая майстэрня — фактычна, хляўчук, дзе неаднойчы сустракаліся. Потым, ужо ў вялікую майстэрню сябра, Ігар Малевіч прыводзіў многіх вядомых людзей, адзін з якіх сказаў — «Каб я ўбачыў гэта гадоў на дваццаць раней, маё жыццё было б больш шчаслівае».

— Адзін раз ішлі па праспекце, была вулічная выстаўка мастакоў, я дазволіў сабе нетактоўнасць — рэзка выказаўся пра ўзровень тых карцін. Шчамялёў адказаў: «Ты не маеш рацыі. Толькі час і лёс робяць чалавека вялікім».

Час і лёс зрабілі Леаніда Шчамялёва вялікім. Ігар Малевіч успомніў, што калі быў паслом Беларусі ў Кітаі, Паўднёвай Карэі, дарыў альбомы Леаніда Шчамялёва розным дзеячам. Пра Беларусь ведалі мала — аднойчы давялося пачуць: «А, гэта недзе ў Заходняй Афрыцы». Але калі бачылі карціны Шчамялёва, адбывалася ўзрушэнне і ўзнікала разуменне: Беларусь мае што паказаць свету.

Падчас прэзентацыі шмат гаварылася і пра Шчамялёва-настаўніка, які выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы. Дарэчы, сёння можна казаць пра дынастыю Шчамялёвых, у якой тры пакаленні мастакоў.

Наведаць выстаўку, дакладней, схадзіць у госці да мастака, пераняць ягоны захоплены погляд на свет можна да 30 мая.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».